У Быхаўскага райсельгасхарча новы начальнік – знаёмімся

Сяргей Сыса стаў першым намеснікам старшыні Быхаўскага райвыканкама ў 28 гадоў. Ён ва ўсім згодны з Лукашэнкам і гатовы, згодна яго ўказанням, варушыцца.

Светапогляд новага начальніка Быхаўскага райсельгасхарчу Сяргея Сысы базуецца на простых, але ёмістых пастулатах Лукашэнкі і досведзе сваякоў: бацька Сяргея Пятровіча кіруе ААТ «Герой» Дубровенскага раёна, а старэйшы брат працуе генеральным дырэктарам Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў.

Падымаць быхаўскую аграрную галіну з калень малады намеснік ужо пачаў.

Ён сцвярджае, што раён у неабходны тэрмін завяршыў сяўбу азімых. Прычым, добрай падмогай у гэтай справе сталі мехатрады міжраённага аграсэрвісу «Задняпроўскі».

На практыцы гэта азначае, што ні пасеяць, ні ўбраць самастойна быхаўскія аграрыі не ў стане, і ім даводзіцца наймаць дапамогу з боку.

Усюдыісны міжраённы аграсэрвіс «Задняпроўскі», вядома, зробіць усё, за што яму заплоцяць.

Застаецца толькі зразумець функцыі ў мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, якія, падаецца, выступаюць толькі ў сціплай ролі ўладальнікаў зямель і назіральнікаў за замацаванымі за імі сялянамі.

Адказ на гэтае пытанне Сяргей Сыса таксама знайшоў у Лукашэнкі. Маўляў, той правільна сказаў: дай дрэннаму гаспадарцы тэхніку – праз год пад плот паставяць.

Ну, а паколькі добрых гаспадарак на Быхаўшчыне няма і не прадбачыцца, то і пытанне з тэхнікай закрыта.

Затое міжраённаму аграсэрвісу «Задняпроўскі» выдзелілі ў Быхаўскім раёне дзве з паловай тысячы гектараў зямлі.

Зразумець логіку і самога «вялікага кормчага», і яго вучня Сысы ў цэлым можна: рух дзеля руху. 

Што ж тычыцца Быхаўскага раёна, дык новаму намесніку зусім не абавязкова падымаць яго з калень. Пры такім запасе сувязяў Сяргею Пятровічу трэба толькі пратрымацца год-два, каб пайсці на павышэнне.

Фота: “Беларусь сегодня”.

З’ездзіць за пакупкамі жыхарам Ялізава прапануюць два разы на месяц

Жыхары мікрараёна Прыгарадны ў Ялізаве Асіповіцкага раёна засталіся зусім без магазіна, але ім зрабілі “ласку” – два разы на месяц аўтобус давязе іх да магазінаў у цэнтры пасёлка.

“У сувязі з закрыццём крамы райпо ў мікрараёне Прыгарадны прапрацавана пытанне падвозу пажылых грамадзян да гандлёвых аб’ектаў, размешчаных у цэнтры пасёлка.  Пайшло насустрач горадаўтваральнае прадпрыемства: аўтобус філіяла “Ялізава” ААТ “Гродзенскі шклозавод” прадастаўлены на перыяд з 1 лістапада па 31 сакавіка ў першы і трэці аўторак месяца. Час вызначаны 10:00-12:00” – піша раённая газета “Асіповіцкі край”, азначаючы, што першая паездка адбылася 4 лістапада.

Паводле выдання, людзі з Прыгараднага задаволены такой альтэрнатывай адзінаму магазіну, які быў каля іх. Верыцца ў гэта з цяжкасцю, але незадаволеных галасоў не чуваць. Затое “Асіповіцкі край” сцвярджае, што новая рэчаіснасць, усталяванню якой паспрыялі сельвыканкам і дэпутат райсавета па Ялізаўскай акрузе Алег Гербач, зрабіла жыццё жыхароў пасёлка лепей і камфортней.

Фотаздымак: тэлеграм-канал “Асіповіцкі край”

У Расіі забракавалі ялавічыну з “Александрыйскага”

Прадукцыя шклоўскага ААТ “Александрыйскае” можа трапіць пад узмоцнены лабараторны кантроль з-за выяўленых небяспечных бактэрый.

Згодна інфармацыі Расспажыўнагляду, у ялавічыне з каўбаснага цэха па вытворчасці мясапрадуктаў і каўбасных вырабаў “Александрыйскага” выяўлены бактэрыі групы кішачнай палачкі (БГКП). З-за гэтага Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе звярнулася ў Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі з просьбай змяніць статус “Александрыйскага” ў рэестры прадпрыемстваў Мытнага саюза на “ўзмоцнены лабараторны кантроль”.

Нагадаем, што некалькі дзён таму тыя ж самыя БГКП расійскія эпідэміёлагі знайшлі ў прадукцыі Горацкага харчовага камбіната бактэрыі групы кішачнай палачкі – кісламалочным абястлушчаным напоі “Экспанента Біа-Скір”.

Як сведчаць спецыялісты, БГКП у харчовых прадуктах сведчыць аб іх фекальным забруджванні. Дадзеныя бактэрыі могуць трапляць у прадукты з вады, з абсталявання, рук працоўнага персаналу і з іншых крыніц. БКГП выклікаюць страўнікава-кішачныя захворванні. Найгоршае ўскладненне – небяспечны для жыцця гемалітыка-ўрэмічнага сіндром з паразай нырак. Найбольш небяспечны для дзяцей.

Фотаздымак: ТГ “Сильные новости”

У Бабруйску кіроўца маршруткі пакараны за перавоз завялікай колькасці пасажыраў

Міліцыя пакарала бабруйскага кіроўцу маршруткі №40, які вёз пасажыраў больш за дапусцімую колькасць.

Як адзначаюць у міліцыі, яны звярнулі ўвагу на кіроўцу, дзякуючы відэа, якое выклаў у інтэрнэт адзін з пасажыраў марштурнага таксі. Кіроўца, паводле праваахоўнікаў, быў не прышпілены рамянём бяспекі, а ў салоне мікрааўтобуса было больш людзей, чым гэта дазволена правіламі.

Супрацоўнікі ДПС высветлілі асобу кіроўцы. Ім аказаўся 39-гадовы мясцовы жыхар. На яго склалі два адміністрацыйных пратаколы, па якім прызначаны штраф у памеры 105 рублёў.

Фотаздымак: ТГ “Милиция Могилевщины”

У шклоўскай калоніі палітвязням забаронена наведваць царкву і размаўляць па-беларуску

У шклоўскай калоніі №17 палітычныя зняволеныя па неафіцыйнай забароне пазбаўлены магчымасці наведваць месцы, дзе збіраюцца іншыя асуджаныя. Пра гэта распавёў былы палітвязень.

Былы палітвязень і журналіст Яўген Меркіс знаходзіўся  ў шклоўскай калоніі №17 з верасня 2023 года па верасень 2025 года, і быў прымусова вывезены ў Літву. Як ён распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, усім вязням з прафілактычным улікам №10, гэта значыць палітычным, было забаронена наведваць царкву, бібліятэку, спортзал і стадыён.

Забароны не былі афіцыйна зафіксаваныя, але дзейнічалі пастаянна. Адміністрацыя, па словах Меркіса, баялася кантактаў паміж палітвязнямі і іншымі зняволенымі. Вольны час яны маглі праводзіць толькі ў межах свайго атрада. Кнігі чыталі ўпотай, калі хтосьці з «белых» (звычайных вязняў) пакідаў іх у бараку.

Палітвязні былі пазбаўленыя спатканняў, а любое парушэнне, нават незашпілены гузік, магло прывесці да ШІЗА. Паводле Меркіса, асноўны прынцып жыцця ў калоніі: «зэк мусіць пакутваць і ўвесь час быць занятым». Вязні праводзілі на праверках некалькі гадзін штодня, займаліся бессэнсоўнымі працамі, напрыклад, «сеялі пясок».

Ежа ў калоніі была паўтаральнай: бульба, кашы, рыбныя катлеты з косткамі. Садавіна і малочныя прадукты адсутнічалі. Палітвязням дазвалялі траціць у краме толькі дзве базавыя велічыні на месяц.

Паводле былога зняволенага, у калоніі дзейнічае пастаянны псіхалагічны ціск: абразы, правакацыі, забарона размаўляць па-беларуску. Беларуская мова ўспрымаецца як праява грамадзянскай пазіцыі і можа прывесці да пакарання.

Меркіс правёў у штрафным ізалятары 16 сутак, з якіх 13 – у поўнай ізаляцыі. Пры гэтым у холадзе, без матраца і магчымасці адпачыць. Некаторыя вязні, па яго словах, «ледзь не вар’яцелі ад адзіноты».

Пасля вызвалення Яўген адзначае, што многія былыя палітвязні ў Беларусі сутыкаюцца з «посттурэмным ціскам»: цяжкасці з працаўладкаваннем, кантроль і праверкі. Сам ён прызнаецца, што «вучыцца нанова жыць і пазнаваць сябе».

«Ты змяняешся настолькі, што, калі выходзіш на волю, ужо не ведаеш, кім быў раней», – кажа Меркіс.

Даведка: Гомельскага журналіста Яўгена Меркіса затрымалі восенню 2022 года за яго прафесійную дзейнасць. Яўген зняў відэа для “Белсат” і напісаў некалькі артыкулаў для рэгіянальнага партала “Флагшток”. Абодва медыя беларускія ўлады прызналі “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Палітвязня асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму па “экстрэмісцкіх” артыкулах.

Фотаздымак: ПЦ “Вясна”

«Наш зубр»: як Ігар Марзалюк стаў героем TikTokу

Прафесар з Краснаполля раптам стаў папулярны сярод моладзі. Чаму часам нават хочацца з ім пагадзіцца?

Гісторык, прафесар і ураджэнец Краснаполля Ігар Маразалюк актыўна падтрымлівае Лукашэнку, але БНФ-скае мінулае не-не, ды й дае пра сябе ведаць.

Ігар Аляксандравіч нечакана стаў папулярным у TikTokу. Моладзь называе Маразалюка «наш зубр», «наш ваўкалак» і лічыць, што ён «выдаў базу».

Некаторыя выказванні Маразалюка сапраўды трапляюць у самае яблычка.

Ён, напрыклад, цалкам слушна лічыць, што масавая расійская самасвядомасць узнікла не на ўзроўні эліты. Не ў часы Пушкіна або Лермантава.

Яна сфарміравалася значна пазней – у перыяд ленінска-сталінскай мадэрнізацыі.

І калі беларусы называлі сябе «тутэйшымі», то расіяне – «скамскімі», гэта значыць «пскоўскімі».

Ёсць і іншыя выказванні, якія міжволі выклікаюць, калі не павагу да Маразалюка, дык згоду з ім.

Сярод папулярных відэа ёсць фрагмент, у якім прафесар сцвярджае, што беларусы – ніякія не малодшыя браты Расіі, а нашае Палессе – зыходная тэрыторыя, з якой славянства пачало набіраць сілу.

Фота з адкрытых крыніц.

Эра беспакаранасці ў Слаўгарадзе прайшла – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі фотапасткі

Жыхарам Слаўгарада больш не дазволяць смеціць у зоне адпачынку, а звярам і птушкам – расцягваць смецце.

За людзей і звяроў вырашыў узяцца старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Андрэй Кажамякін на чарговым пасяджэнні штаба па добраўпарадкаванню.

Ён быў да глыбіні душы абураны тым, што банер «Захаваем родны лес», усталяваны ў месцы адпачынку з паэтычнай назвай Мар’ін Уцёс, ігнаруецца і двухногімі адпачывальнікамі, і ляснымі братамі меншымі.

Райвыканкам зайшоў з козыраў – на кантэйнеры ўсталявалі накрыўкі, каб птушкі і звяры не маглі расцягваць смецце па лесе.

Адпачывальнікам таксама цяпер не атрымаецца схавацца ад усевідушчага вока штаба па добраўпарадкаванню – на Мар’іным Уцёсе ўсталявалі відэаназіранне і фотапасткі.

Раённая газета дакладна абазначыла сітуацыю ўсяго трыма словамі – эпоха беспакаранасці прайшла. Якая там ужо эпоха… Калі гаворка пра Слаўгарад, дык гэта была цэлая эра. Цяпер – усё з чыстага аркуша.

Як кажуць, любіце прыроду, маць вашу!

Фота газеты “Прысожскі край”.

Чарговы кіраўнік сельгаспрадпрыемства атрымаў турэмны тэрмін за прыпіскі

У Крычаўскім раёне кіраўнік прадпрыемства АПК асуджаны да зняволення з адтэрміноўкай з-за ўкрывання падзежу 112 кароў.

Летам 2025 года пракуратура Крычаўскага раёна разам з міліцыяй праверыла буйны жывёлагадоўчы аб’ект мясцовага прадпрыемства АПК. Падчас пераліку жывёлы высветлілася, што на ферме не хапае значнай колькасці кароў.

Далейшае расследаванне паказала, што кіраўнік у 2024 годзе даваў падначаленым указанні не складаць акты аб падзежы жывёлы і ўносіць у справаздачы фіктыўныя даныя. Такім чынам, у дакументах “жывыя” каровы існавалі, хаця ў рэальнасці яны загінулі ці былі нібыта “накіраваныя на забой”.

У выніку на прадпрыемстве былі ўтоеныя факты падзежу 112 кароў. Усе гэтыя выпадкі афіцыйна не адлюстроўваліся ў бухгалтарскіх і вытворчых дакументах, што дазваляла трымаць “прыгожыя” паказчыкі і пазбягаць адказнасці за страты.

Справа дайшла да суду, дзе кіраўнік, на той момант ужо былы, цалкам прызнаў сваю віну.

Суд Крычаўскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Ён атрымаў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, штраф у памеры 300 базавых велічынь (каля 12,6 тысячы рублёў) і пяцігадовую забарону займаць кіраўнічыя пасады.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Нагадаем, што такі самы прысуд быў вынесены ў Клічаве, дзе на лаўку падсудных трапіла былая намесніца дырэктара сельгаспрадпрыемства ў Бабруйскім раёне, якая праз прыпіскі хавала падзеж жывёлы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У вёсцы на Кругляншчыне зачыненыя школа і крама, але ФАП пашкадавалі

“Пытанне аб закрыцці ФАПа нават не стаяла” – чыноўнікі круглянскага райвыканкама праявілі высакароднасць.

У вёсцы Круча Круглянскага раёна ФАП давялося перанесці з будынка базавай сярэдняй школы – яе закрылі якраз на Дзень ведаў 1 верасня. Добра, што ў вёсцы месца хапае. Цяпер фельчарска-акушэрскі пункт будзе працаваць у пустуючых памяшканнях гандлёвага аб’екта магілёўскага райспажыўсаюза.

З школай і крамай у вёсцы разабраліся раз і назаўжды. На гэтым фоне вельмі цынічна гучыць фраза ў рэпартажы БелТА: “пытанне закрыцця ФАПа ў вёсцы, як адзначылі ў райвыканкаме, нават не разглядалася”.

Атрымліваецца, што людзі павінны яшчэ і падзякаваць чыноўнікам, якія маглі закрыць да халеры яшчэ і ФАП, але не зрабілі гэтага з гуманітарных меркаванняў?

Фота: БелТА.

У Горках п’яны мужчына атакаваў аўтамабілі

Вяртаючыся ноччу з гасцей, жыхар Горак зачымсьці пашкодзіў чатыры чужыя аўтамабілі.

Чатыры аўтамабілі пашкодзіў жыхар Горак – ён драпаў машыны ключом, ламаў люстэркі задняга віду і шклоачышчальнікі. 

Больш за ўсё не пашанцавала аўтамабілю Opel – 38-гадовы хуліган адарваў і памяў яго рэгістрацыйны знак. 

Усё гэта трапіла на камеры відэаназірання, а на нумарным знаку засталіся яшчэ і адбіткі пальцаў.

Высветлілася, што мужчына не належыў да лудзіцкага руху. Свае паводзіны ён патлумачыў тым, што быў п’яны.

Паколькі ў хулігана няма судзімасцяў, ён раскаяўся і добраахвотна пакрыў нанесеную шкоду, вырашана было не прыцягваць яго да крымінальнай адказнасці.

Фота: “Беларусь Сегодня”.