Правал у Краснаполлі: чатыры паказчыкі з адзінаццаці

На пасяджэнні Краснапольскага райвыканкама падвялі вынікі першага квартала 2026 года. Вынік сумны: з адзінаццаці паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця выканана чатыры.

Чыноўнікі Краснапольшчыны абмеркавалі вынікі сваёй дзейнасці на нарадзе. Вынік красамоўны. Поўны абзац аж па сямі напрамках:

  • інвестыцыі ў асноўны капітал;
  • увод жылля;
  • падрадныя работы ў будаўніцтве;
  • вытворчасць сельгаспрадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый;
  • вытворчасць сельгаспрадукцыі ў сельгасарганізацыях;
  • экспарт тавараў і паслуг.

Аднаго толькі правалу ў сельскай гаспадарцы хопіць для таго, каб зразумець – раёну нічога добрага не свеціць.

Зрэшты старшыня райвыканкама Аляксандр Яфімчыкаў поўны энтузіязму. Ён не не разгубіўся і заявіў, што на паказчыкі, якія не выкананыя “мы можам паўплываць”.

Фота з адкрытых крыніц.

Экспарт паслуг у Слаўгарадскім раёне вырас у 8,5 раза

Чыноўнікі Слаўгарада ўпэўнена жангліруюць прыгожымі лічбамі і прыцягваюць замежнікаў.

Васьміразовы рост экспарту паслуг, якім пахваліліся слаўгарадскія чыноўнікі, гучыць уражвальна – пакуль не ўспомніш, што гаворка пра Слаўгарадскі раён.

База маленькая, таму і каэфіцыент прыгожы. Гаворка ішла пра турыстычныя і медыцынскія паслугі – раён, паводле версіі дакладчыкаў, актыўна прыцягвае замежных грамадзян. Якіх менавіта замежнікаў і куды – не ўдакладнялася.

Астатнія лічбы на пасяджэнні райвыканкама таксама былі падабраныя з розумам. Інвестыцыі ў асноўны капітал за квартал – 197,5 працэнтаў да ўзроўню першага квартала мінулага года, амаль удвая. Прамысловасць вырасла ў 1,3 раза. Зарплата ў сакавіку пераваліла за дзве тысячы рублёў, рэальны прырост – амаль 10 працэнтаў.

Усе паказчыкі выбраныя паводле аднаго прынцыпу: браць той перыяд і тую базу, дзе рост выглядае максімальна пераканаўча. Абсалютныя лічбы пры гэтым у зале не гучалі – толькі каэфіцыенты і працэнты.

Кіраўнік раёна Максім Патапенка падвёў вынік у тым жа духу. Маўляў, вынікі ёсць, але спыняцца нельга – замежнікі будуць незадаволеныя.

Фота раённай газеты.

У Слаўгарадзе за год створана шаснаццаць працоўных месцаў

Кадры Слаўгарада схільныя да цякучасці, але курс на “ўстойлівае развіццё” нарэшце ўзяты.

Новаму старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Максіму Патапенку далажылі пра дасягненні раёна за 2025 год.

Асабліва хваліцца няма чым: пяць паказчыкаў з чатырнаццаці, даведзеных аблвыканкамам, не выкананыя. Гаварыць пра сельскую гаспадарку Слаўгарадчыны бессэнсоўна – вытворчасць прадукцыі там традыцыйна кульгае на ўсе чатыры капыты.

Няпростая сітуацыя ў раёне і з кадрамі: суадносіны прынятых і звольненых у арганізацыях раёна склалі 87,6 працэнта. Радуе толькі тое, што ў 2025 годзе ў раёне створана 16 новых працоўных месцаў.

Максім Патапенка апісаў сітуацыю ў рэгіёне фразай «тут не дайшлі, там не недарабілі», а мясцовыя журналісты, з уласцівым ім аптымізмам, вырашылі, што менавіта так выглядае «курс на ўстойлівае развіццё».

Фота раённай газеты.

У Чавусах вельмі актыўныя прыхільнікі тэорый Алега Гайдукевіча

У чавускай ячэйцы ЛДБП налічваецца семдзесят два чалавекі. Сярод іх – першы намеснік старшыні райвыканкама.

Чавускую раённую арганізацыю Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі ўзначальвае ідэолаг Чавускага лясгаса Надзея Падалякіна, якая набывала карысны досвед, працуючы ў сферы культуры рэгіёна.

Падалякіна ганарыцца тым, што ў яе партыю ўваходзіць першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Пухоўскі, створаны ТГ-канал «ЛДПБ Чавусы Надзея Падалякіна», партыйныя ўнёскі плаціць не трэба, а свой адміністрацыйны рэсурс для вярбоўкі новых адэптаў Алега Гайдукевіча яна не выкарыстоўвае.

Ліберальныя дэмакраты Чавус жывуць поўным жыццём – удзельнічаюць у акцыях «Збяром школьны партфель», «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы».

Калі ж глядзець на рэчы цвярозым позіркам, то сярод чатырох беларускіх партый, беззаветна адданых Лукашэнку, ЛДБП заслужыла імідж партыі злодзеяў і махляроў.

Не без падстаў. Многія вядомыя дзеячы гэтай структуры былі асуджаныя зусім не за прыхільнасць ліберальна-дэмакратычным каштоўнасцям:

  • у 2018 годзе за махлярства і карупцыю асудзілі намесніка старшыні партыі Уладзіміра Карунаса;
  • у 2019 годзе судзілі кіраўніка Віцебскай абласной арганізацыі ЛДПБ Сяргея Ермыкіна – за махлярства;
  • у 2021 годзе ў «зону» адправіўся бліжэйшы паплечнік Гайдукевіча Аляксандр Косач – за хабарніцтва і махлярства.

Пра тое, як ідуць партыйныя справы ў спецыялісткі па культурных і лясных угоддзях Надзеі Падалякінай, відаць па яе знакамітым тэлеграм-канале – на яго падпісаныя 40 актывістаў, гэта значыць нават не ўсе мясцовыя члены партыі.

Тым не менш, асабістыя заслугі ў Падалякінай усё ж маюцца. Яна прыйшла ў лясгас у лістападзе 2023 года, а ўжо ў сакавіку 2025-га атрымала дыплом за лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы.

Дарэчы, у сферу культуры настаўніца хіміі Падалякіна перайшла з пасады першага сакратара раённай арганізацыі ГА «БРСМ».

Такім чынам, у шэрагі ліберальных дэмакратаў актывістка ўпіса́лася вельмі гарманічна.

Цяпер для Надзеі галоўнае – не перахімічыць з «лібералізмам», бо сёння за яго ў Беларусі даюць да васьмі гадоў.

Фота раённай газеты.

На Краснапольшчыне значна вырас падзёж жывёлы

На 32% вырас падзёж жывёлы ў Краснапольскім раёне ў 2025 годзе, што прыцягнула ўвагу пракуратуры.

На пасяджэнне Краснапольскага райвыканкама, дзе абмяркоўвалі праблемы ў жывёлагадоўлі раёна прыехаў першы намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Клышэвіч. Нагода была важкая – на Краснапольшчыне не толькі на траціну вырас падзёж жывёлы, дык яшчэ і нормы тэхналагічных страт перавышаныя, больш чым у 3 разы.

Як належыць “высокаму” госцю, Клышэвіч паругаў мясцовых начальнікаў за такія нядобрыя паказчыкі і “акцэнтаваў увагу кіраўніцтва раёна і работнікаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні на неабходнасці прыняцця неадкладных мер па ліквідацыі фактараў, якія спрыяюць падзёжу жывёлы: парушэннях тэхналагічных патрабаванняў да кармлення, зместу, вакцынацыі і лячэнню жывёл, а таксама выкарыстанне кармоў нізкай якасці, незбалансаванасць рацыёнаў кармлення”.

Такія ж самыя дзяжурныя словы былі прамоўлены іншымі абласнымі пракурорскімі работнікамі, якія прыязджалі па тых жа праблемах у Клічаве, Бабруйску, Клімавічах, а таксама ў Магілёўскім райвыканкаме.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Лукашэнка змяніў кіраўнікоў Касцюковіцкага, Слаўгарадскага і Чавускага раёнаў

Беларускі правіцель прызначыў «кадры»: намесніка старшыні па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама і трох старшынь райвыканкамаў.
Лукашэнка правёў кадравыя ратацыі. Замест Генадзя Дэнгалева, які злятаў у Саудаўскую Аравію, а потым знік з гарызонту, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ стаў Ігар Клішо, які раней узначальваў абласны камітэт па архітэктуры і будаўніцтве.
Намеснік старшыні Крычаўскага раёна Наталля Асмалоўская прызначана старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама.
Галоўны «дэпутат» Горак Максім Патапенка будзе кіраваць Слаўгарадскім раёнам. Першаму намесніку старшыні Кіраўскага райвыканкама давераны Чавускі раён.

Фота БелТА.

Кіраўнік Краснапольскага раёна павывучаў гімназію

Кіраўнік Краснапольшчыны пабываў у гімназіі і даў станоўчую ацэнку ўмовам, створаным там для вучняў.

Старшыня Краснапольскага райвыканкама Аляксандр Яфімчыкаў разам з чыноўнікамі наведаў раённую дзяржаўную гімназію. Яму паказалі абмундзіраванне для ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнага клуба, аўтамат Калашнікава і манітор з клавіятурай.

Мяркуючы па рэпартажу з месца падзей, экскурсія была нуднай. 

Тым не менш Яфімчыкаў застаўся задаволены становішчам спраў у сферы адукацыі. Прынамсі, сітуацыя тут значна лепшая, чым у сельскай гаспадарцы раёна, прадстаўленай адзіным калгасам. Старшыня райвыканкама ўжо пабываў там і параіў работнікам выконваць службовыя інструкцыі. 

У гімназіі Аляксандр Яфімчыкаў ад рэкамендацый настаўнікам устрымаўся.

Фота раённай газеты.

Прагулкі ў святле ліхтароў – у Чавусах улада засяродзілася на электрычнасці

Старшыня чавускага райвыканкама вырашаў пытанні асвятлення і ўтылізацыі батарэек.

Старшыня Чавускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч падыходзіць да вырашэння надзённых задач метадычна і не звальвае ўсё ў адну кучу.

Гэтым разам ён засяродзіўся выключна на электрычнасці. Разам з «дэпутатам палаты» Аляксандрам Лук’янавым праверыў хуткасць усталявання слупоў вулічнага асвятлення для таго, каб жыхары вуліц Азарава і Івуценкі «ў навагоднюю ноч змаглі прагуляцца пад святлом ліхтароў».

Акрамя таго, Акуліч вывучыў пытанне ўтылізацыі другасных адходаў, у прыватнасці батарэек.

Логіка ў кіраўніка Чавусаў жалезная – калі на вуліцах уключаць асвятленне, ліхтарыкі больш не спатрэбяцца, і народ пачне масава пазбаўляцца ад батарэек.

Фота раённай газеты.

У Хоцімску на догляд за воінскімі пахаваннямі выдзелілі 7 000 рублёў

На сем тысяч рублёў расшчодрыўся Хоцімскі райвыканкам, каб забяспечыць належны догляд за воінскімі пахаваннямі – па 125 рублёў на кожнае.

Аб’яднанне з надзвычай доўгай назвай “раённая міжведамасная рабочая група па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны, ахвяр войнаў і генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” правяло ў Хоцімску чарговае пасяджэнне.

Гаварылі шмат і пра ўсё: пра агні-пажарышчы, пра сяброў-таварышаў. Сярод іншага пахваліліся тым, што “на фінансаванне комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы ў Хоцімскім раёне на пачатак 2025 года было выдзелена 7000 рублёў”.

На тэрыторыі Хоцімскага раёна знаходзіцца 20 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, сярод якіх 8 брацкіх магіл і 12 індывідуальных магіл, а таксама 36 памятных знакаў.

Што можна было з імі зрабіць за год на сем тысяч рублёў, застаецца загадкай – атрымліваецца роўна па 125 рублёў на кожны помнік. Уся ж сума, напэўна, не нашмат большая за месячны заробак кіраўніка групы, намесніка старшыні райвыканкама Мікалая Хучова. 

А калі ўжо суміраваць заробкі ўсёй тусоўскі, атрымаецца, даруй Госпадзі, што генацыд беларускага народа працягваецца.

Фота раённай газеты.

У Магілёўскім райвыканкаме прыдумалі “традыцыйную” страву

Нейкія асянікі, яны ж асяны і асенікі з Магілёўскага раёна цяпер прэтэндуюць на ўключэнне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Аб прэтэнзіі на сусветную каштоўнасць піша выданне “Беларусь сегодня”. Пры гэтым яно спасылаецца не на нейкіх кулінараў ці захавальнікаў кулінарных традыцый, а на загадчыцу сектара культуры Магілёўскага райвыканкама Наталлю Гоманаву.

Паводле чыноўніцы, асянікі – гэта брэнд Магілёўскага раёну. Гоманава сцвярджае, што яны нагадваюць дранікі, але акрамя бульбы ў іх дадаюць і іншую гародніну, вырашчаную на прысядзібных участках: гарбуз, моркву, цыбулю, а таксама зеляніну – кроп, пятрушку. 

Мясцовая раёнка “Прыдняпроўская ніва” ўжо амаль упэўнена, што асянікі хутка будуць ўключаны ў вышэйназваны Спіс. Праўда, адкуль сыходзіць такая ўпэўненасць, выданне не раскрывае. Хутчэй за ўсё, адтуль жа, адкуль, па ўсёй верагоднасці, і ўзніклі асянікі – з Магілёўскага райвыканкама. 

Сумнявацца, што “асянікі” маюць такое ж дачыненне да традыцыйных страў магілёўскага люду, як звычайная яешня, прымушае тое, што нідзе, ні ў якіх кнігах беларускай нацыянальнай кухні яны не ўзгадваюцца. Апытаныя пры падрыхтоўцы гэтага артыкула магілёўцы і жыхары Магілёўскага раёна нічога не змаглі распавесці пра смак асянікаў.

Хітрыкі чыноўнікаў вядомыя па ўсім свеце, але лукашэнкаўскія клеркі ў гэтым плане дадуць фору ўсім замежным калегам.

Фотаздымак: “Прыдняпроўская ніва”