У цэнтры Бабруйска знеслі стогадовы будынак дзіцячага дома. На яго месцы пабудуюць офісны цэнтр

Аднапавярховы цагляны дом на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Чырвонаармейскай, дзе да канца 1980-х гадоў працаваў дзіцячы дом, разабралі за пятнаццаць хвілін. Сцены склаліся пад ударам каўша экскаватара, як картачны домік. Ад пабудовы канца XIX – пачатку XX стагоддзя засталіся груда смецця і некалькі ацалелых цаглін з фірмовым кляймом.

Будынак пуставаў амаль чатыры дзесяцігоддзі. Напрыканцы 1980-х дзіцячы дом пераехаў у суседні двухпавярховы будынак на той жа вуліцы Пушкіна – больш новы і зручны. Старая аднапавярхоўка засталася без выкарыстання і паступова разбуралася. За апошнюю чвэрць стагоддзя ў яе змянілася не менш за трох уласнікаў. Адзін з іх яшчэ ў сярэдзіне 2010-х абяцаў адкрыць тут медыцынскі цэнтр, але так і не адкрыў. Да моманту зносу дом ужо страціў дах і вокны, а яго сцены зараслі дрэвамі і хмызняком.

Апошні ўласнік сцвярджае, што да апошняга спрабаваў захаваць будынак. Паводле яго слоў, паўнавартаснага падмурка ў будынка фактычна не было: цэгла ляжала проста на пяску, і калі пясок размыла, сцены пачалі нахіляцца. Гэта і стала прычынай рашэння пра знос.

Сярод абломкаў удалося адшукаць толькі некалькі цэлых цаглін – на іх захавалася фірмовае кляймо цагельнага завода братоў Лазінскіх, Гірша і Эвеля. Нароўні з Пружынінымі і Разенбергамі Лазінскія належалі да трох галоўных «цагельных» дынастый дарэвалюцыйнага Бабруйска.

Цікава, што радавы асабняк Лазінскіх таксама стаяў на Пушкінскай. Гэты матэрыял дазваляе датаваць знесеную аднапавярхоўку канцом XIX – пачаткам XX стагоддзя. Тым не менш статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці будынак не меў – ды і размяшчаўся ўбаку ад звыклай гістарычнай забудовы горада.

На месцы знесенага будынка прадпрымальнік плануе пабудаваць двухпавярховы офісны цэнтр. Паводле яго слоў, праект ужо ўзгоднены, дапрацоўваюцца толькі тэхнічныя дэталі. Гандлёвых плошчаў у новым будынку не прадугледжана – толькі офісы, магчыма, з ухілам у IT. Праектам таксама прадугледжаны актавая зала і стаянка на прылеглым участку плошчай 0,09 гектара. Будаўніцтва павінна пачацца найбліжэйшым часам.

Фота magilev.by.

Пад Бабруйскам прадаецца закінуты дзіцячы лагер

Былы дзіцячы аздараўленчы лагер “Змена” каля вёскі Мірадзіна Бабруйскага раёна выстаўлены на таргі за амаль 292 тыс. рублёў.

Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму там гучалі дзіцячыя галасы, праводзіліся лінейкі і распальваліся вогнішчы. Цяпер жа былы лагер «Змена» чакае не новую змену дзяцей, а новага ўладальніка. Закінуты комплекс у лесе за дзесяць кіламетраў ад Бабруйска выставілі на аўкцыён.

Прадаюць лагер праз запазычанасці яго апошняга ўласніка. Таргі арганізуе пляцоўка «БелЮрЗабеспячэнне», а пачатковая цана лота складае 291 тыс. 520 рублёў.

На продаж выставілі больш за трыццаць будынкаў на тэрыторыі амаль у два з паловай гектары. Гэта чатыры спальныя корпусы, сталовая, клуб, медпункт, лазня, адміністрацыйны будынак, а таксама склады, хлявы, навесы, гаспадарчыя пабудовы, цір і артэзіянская свідравіна. Агульная плошча будынкаў перавышае 1400 м2.

«Змена» з’явілася яшчэ ў канцы 1940-х – пачатку 1950-х гадоў як дзіцячы аздараўленчы лагер. Пасля распаду Савецкага Саюза ён яшчэ некаторы час працягваў працаваць, але паступова стаў прайграваць больш сучасным базам адпачынку. Драўляныя корпусы ўжо не адпавядалі патрабаванням пажарнай бяспекі і санітарным нормам, а бацькі ўсё радзей выбіралі адпачынак для дзяцей у састарэлым лагеры.

У 2017-2018 гадах прадпрыемства «Бабруйсктрыкатаж» перадала лагер аддзелу адукацыі. Але замест новага жыцця аб’ект атрымаў рашэнне аб закрыцці. У сакавіку 2019 года «Змена» канчаткова спыніла працу.

Пасля гэтага лагер хутка ператварыўся ў яшчэ адзін помнік заняпаду. Будынкі пачалі пакрысе разбурацца, а тэрыторыя засталася без належнага дагляду.

Праз некалькі гадоў знайшліся ахвотныя вярнуць жыццё ў былую аздараўленчую базу. Кампанія «Мірадзінскі востраў» планавала зрабіць там камерцыйны комплекс адпачынку. Але праект так і не выйшаў за межы намераў. Цяпер сама фірма ліквідуецца, а лагер прадаюць, каб разлічыцца з даўгамі.

Аўкцыён прызначаны на 4 жніўня. Заяўкі прымаюцца да 3 жніўня, а ўдзельнікам неабходна ўнесці задатак у памеры 29 152 рублёў. Пераможца таргоў павінен цалкам разлічыцца за пакупку цягам дзесяці працоўных дзён.

Фотаздымак: e-auction.by

У Бабруйску далі “хатняюю хімію” за здзекі з пасынка – біў і напісаў на лбе “ВОР”

Збіваў малалетняга хлопца, пісаў на яго галаве “вор”, апрылюдніў свае здзекі – за такія дзеянні ў бабруйскі суд патрапіў мясцовы жыхар.

Суд у Бабруйску прызнаў мясцовага жыхара вінаватым у сістэматычных здзеках з васьмігадовага пасынка. На працягу некалькіх месяцаў, з траўня па лістапад 2025 года, мужчына рэгулярна ўжываў фізічны гвалт супраць дзіцяці. Падставай для пакаранняў станавіліся розныя дзіцячыя правіны.

Найбольш жорсткі выпадак адбыўся восенню, калі хлопчык без дазволу ўзяў грошы айчыма. Мужчына некалькі разоў ударыў дзіця па галаве і твары, пасля чаго прымусова абстрыг і пагаліў яму галаву. Затым маркерам напісаў на лбе слова «ВОР».

На наступны дзень, убачыўшы, што надпіс сцёрты, ён яшчэ раз збіў хлопчыка, напісаў яго зноў і адправіў дзіця ў школу. Менавіта там усё і раскрылася. Настаўніца заўважыла надпіс на лбе вучня, і кіраўніцтва школы паведаміла пра здарэнне ў міліцыю.

Пасля праверкі хлопчыка забралі з сям’і і прызналі такім, што мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне. У судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну толькі часткова.

Нягледзячы на працяглыя здзекі з малалетняга дзіцяці і публічнае прыніжэнне яго чалавечай годнасці, суд прызначыў мужчыну пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу – так званую «хатнюю хімію» тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Сям’я з Бабруйску плануе вярнуцца з Масквы на радзіму, навучаючы дачку беларускай мове

Сям’я бабруйчанкі Ірыны Радчынскай, папрацаваўшы ў сталіцы Расіі, вырашыла вярнуцца на радзіму і вучыць дачку ў беларускай школе. 

Жанчына, якой зараз каля 37-38 гадоў, штогод прыязджае ў родны Бабруйск, “да сям’і і беларускай зямлі”. “Дзень ці то працую, па зуму заняткі праводжу, ці то з дачкой гуляю, у дзіцячы гульнявы цэнтр схадзілі. Уражаная, колькі ўсяго з’явілася ў горадзе. Шмат новых дзіцячых пляцовак, ілюмінацыя, «Этажэрка» насупраць дому – як гандлёвы цэнтр, а не доўгабуд. Надвор’е толькі падводзіць – хочацца на лецішча, а што там у дождж рабіць? Але гэта ідэальнае надвор’е, каб глядзець футбол, дома альбо ў бары”, – цытуе Ірыну komkur.info. 

Яна распавяла выданню, што шмат гадоў працуе з мужам у Маскве. У лютым 2024 года ў іх там нарадзілася дачка Міра, якая ўжо вучыць беларускую мову анлайн. “У садку выхавацелькі ўкраінкі, таму яны разумеюць, калі яна пачынае шпурляць беларускімі словамі. Раней для мяне жыццё там было добрае, хоць ніколі і не хацела заставацца. Але яшчэ ў 21-м вырашылі, што вернемся ў Беларусь, так што не з-за дронаў. Мы з імі і не сутыкаліся – Масква вельмі вялікая, я нават не бачыла жыўцом, як НПЗ гарэў, у нас зусім іншы раён. Пакуль проста дапрацоўваем, зарабляем на жыццё і на рамонт. Але зразумела, што ў школу Міра пойдзе ўжо ў беларускую”, – кажа бабруйчанка. 

Варта адзначыць, што пад паняццем “беларуская школа” жанчына, па ўсяму відаць, мае на ўвазе тэрытарыяльную прыналежнасць навучальнай установы. Беларускамоўных школ у Бабруйску няма.

Фотаздымак: wiki.bobr.by

 

У Бабруйскім раёне 63-гадовы механік сістэматычна зліваў паліва

63-гадовы механік аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Бабруйскага раёна сістэматычна зліваў афарбаванае дызельнае паліва з замацаванага за ім аўтамабіля.

Выкрадзенае паліва мужчына хаваў у каністрах у гаспадарчай пабудове ў суседа і планаваў выкарыстаць для ўласных патрэб. За некалькі месяцаў ён зліў больш за 200 літраў дызельнага паліва, прычыніўшы прадпрыемству шкоду каля 500 рублёў. Узбуджаная крымінальная справа.

Калі ўважліва ўчытацца ў гэтыя радкі, можна прасачыць тэндэнцыі беларускай сельскай гаспадаркі – там працуюць людзі пенсійнага ўзросту, а калгасны крадзеж квітнее, як і ў часы СССР.

Фота тэлеграм-канала «Міліцыя Магілёўшчыны».

У Бабруйску відэакамера хатняга пыласоса дапамагла выкрыць злодзея

Відэакамера робата-пыласоса дапамагла выкрыць 44-гадовага жыхара Бабруйска, якога цяпер падазраюць у кватэрным крадзяжы.

Падымаючыся дадому па лесвіцы, мужчына заўважыў прыадчыненыя дзверы на другім паверсе – у кватэры адпачывалі гаспадыня і яе сяброўка.

Мужчына дачакаўся, пакуль жанчыны выйшлі на лесвічную пляцоўку пакурыць, незаўважна пранік у кватэру, у пярэднім пакоі ўбачыў сумачкі, забраў з іх грошы, тэлефон, ўпрыгажэнні і схаваўся.

Грошы патраціў на спіртное, упрыгажэнні здаў у ламбард, але праз некаторы час занепакоіўся, што яго могуць вылічыць па скрадзеным тэлефоне.

Бабруйчанін вярнуўся на месца крадзяжу, каб вярнуць тэлефон. У гэты момант рух зафіксавала камера хатняга робата-пыласоса, а далейшае было справай тэхнікі.

За затрыманым ужо лічацца крадзяжы, рабаванні, крадзёж з банкаўскай карткі і ўгон транспартнага сродку. Па новым эпізодзе ўзбуджаная крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Бура ў Бабруйску: без пацярпелых, але з пашкоджанымі машынамі

Учарашні ўраган у Бабруйску нарабіў шкоды маёмасці. На шчасце, людзі не пацярпелі.

Дрэвы падалі на машыны і краму

Моцны шквалісты вецер, які ўчора абрынуўся на Бабруйск і Бабруйскі раён, пашкодзіў будынкі, аўтамабілі і гарадскую інфраструктуру. Паводле інфармацыі Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, пацярпелых няма.

Найбольш пашкоджанняў нанеслі паваленыя дрэвы. Адно з іх разбіла шкленне крамы. Яшчэ восем легкавых аўтамабіляў атрымалі пашкоджанні пасля падзення дрэў. Яшчэ адну машыну пашкодзіў сарваны ветрам ліст шыферу.

Усяго, паводле аператыўных звестак, непагадзь пашкодзіла дахі двух аб’ектаў і дзевяць транспартных сродкаў.

Спыніліся тралейбусы і перакуліла прыпынак

Пра наступствы ўрагану паведамлялі і самі бабруйчане. Так, на вуліцы Крылова ветрам знесла аўтобусны павільён, які апынуўся проста пасярод праезнай часткі. Каля «Бабруйск-Арэны» і ў мікрараёне Заходні парывамі ветру зрушыла з месца прычэп і пазадарожнік.

У раёне кальца ААТ «Белшына» часова спыніўся рух сямі тралейбусаў. Паводле паведамленняў відавочцаў, прычынай магло стаць дрэва, якое ўпала на кантактную сетку на вуліцы Шыннай.

Жыхары мікрараёна Кісялевічы таксама паведамлялі пра часовае адключэнне гарачага і халоднага водазабеспячэння. Да 16.35 падача вады была адноўлена.

Наступствы яшчэ ліквідуюць

Для ліквідацыі наступстваў непагадзі падраздзяленні МНС 26 разоў выязджалі на прыборку паваленых дрэў. Ратавальнікі распілавалі і прыбралі 52 дрэвы. Яшчэ 20 былі вывезены іншымі службамі і ўласнікамі тэрыторый.

Як паведаміла начальніца Бабруйскай метэастанцыі Святлана Запарожац, максімальная хуткасць ветру ў горадзе дасягнула 22 м/с. Гэта на адзін метр за секунду больш, чым падчас моцнай майскай навальніцы, якая таксама пакінула пасля сябе значныя пашкоджанні.

У МНС адзначылі, што службы і надалей расчышчаюць горад ад паваленых дрэў.

Фотаздымак: komkur.info

Нярвовы бабруйчанін парэзаў колы мантажнікам

Стомлены бабруйчанін вярнуўся ў інтэрнат пасля начной змены. Ён выпіў і збіраўся адпачыць, але ў інтэрнаце ў гэты час мянялі вокны.

Раздражнёны шумам 57-гадовы мужчына выйшаў на вуліцу, знайшоў аўтамабіль з тэматычнай рэкламай і нажом парэзаў усе чатыры колы.

Міліцыянеры хутка выйшлі на след вандала – адзін са сведкаў бачыў праз акно яго дзеянні.

У дачыненні да нервовага бабруйчаніна ўзбуджаная крымінальная справа за хуліганства.

Фота OS Exclusive.

Па Бабруйску пранёсся моцны ўраган

Бабруйск рыхтаваўся да рэкорднай спякоты, а атрымаў сапраўдны шторм.

Каля 14.40 Бабруйск апынуўся ў эпіцэнтры навальніцы. За некалькі хвілін спякотнае надвор’е змянілася моцным ветрам, пацямнела неба, загрымеў гром, а на горад абрынуўся моцны лівень.

Першыя паведамленні пра наступствы непагадзі з’явіліся ў сацыяльных сетках і чатах аўтамабілістаў.

Паводле паведамленняў відавочцаў, паваленыя дрэвы перакрылі асобныя ўчасткі вуліц Мінскай, Шыннай і Карла Маркса. Пра пашкоджанні таксама паведамлялася на скрыжаванні вуліц Мінскай і Урыцкага.

Жыхары горада адзначаюць, што парывамі ветру нават разгарнула часовы святлафор, усталяваны каля пуцеправода на вуліцы Крылова, дзе працягваецца рэканструкцыя.

Поўная інфармацыя пра наступствы ўрагану і магчымыя пашкоджанні стане вядомая пасля таго, як адпаведныя службы завершаць абследаванне горада.

Фотаздымак: komkur.info

У Бабруйску фіксуюць шлюбны бум

26 чэрвеня 2026 года стала рэкорднай датай па колькасці заявак на рэгістрацыю шлюбу ў Бабруйску, сцвярджаюць у мясцовым ЗАГСе.

“Распісваюцца 38 вяселляў, 39-я пакуль пад пытаннем, – цытуе начальніка аддзела загса Бабруйскага гарвыканкама Наталлю Паніну komkur.info. – 6 чэрвеня было 35. У гэтым годзе вельмі вялікі аншлаг на “прыгожыя” даты, раней такога не ўзгадаю. Многія планавалі гэтыя дні яшчэ з мінулага года. Звычайна маладыя людзі наадварот “абыходзяць” шасцёркі, а тут яны папулярныя”.

Паводле даных Бабруйскага гарвыканкама, па выніках 2025 года колькасць рэгістрацыі шлюбаў у горадзе вырасла на 4%. Абсалютных лічб яго выданне bobrlife.by не падае.

Агулам жа па Магілёўскай вобласці за мінулы год назіралася павелічэнне колькасці шлюбаў і зніжэнне колькасці разводаў у параўнанні з 2024 годам. Так, у 2022 годзе было заключана 6303 шлюбы, у 2023 – 6325, у 2024 – 5226, у 2025 – 5723. Колькасць разводаў склала ў 2022 годзе 3963 выпадкаў, у 2023 – 3917, у 2024 – 4026, у 2025 – 3876.

Фотаздымак: ru.pinterest.com