На Магілёўшчыне актыўна распаўсюджваюцца небяспечныя гатункі раслін

На Магілёўшчыне інвазіўныя небяспечныя гатункі раслін – баршчэўнік Сасноўскага і сумнік канадскі – з’яўляюцца на ўсё новых тэрыторыях.

Паводле Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, за 2025 год удалося цалкам знішчыць 29 месцаў росту баршчэўніка (на фота справа) на агульнай плошчы 41 гектар, аднак было выяўлена 90 новых месцаў яго росту.

Пры гэтым не зафіксавана папуляцыі баршчэўніка ў Бабруйскім, Глускім, Клічаўскім і Слаўгарадскім раёнах, а таксама ў Бабруйску. 

Таксама ў 2025 годзе цалкам знішчана 110 месцаў росту сумніка канадскага (на фота злева) на агульнай плошчы 88,34 га. Аднак ужо выяўлена 575 новых месцаў вырастання гэтага інвазіўнага віду. 

Сёння на ўсіх выяўленых месцах росту баршчэўніка (447 месцаў агульнай плошчай 163,77 га) і сумніка (1372 месцы агульнай плошчай 1871,27 га) праводзяцца хімапрацоўкі, сцвярджае кіраўнік камітэта Канстанцін Цеплякоў.

Асноўная небяспека ад сумніка канадскага звязана з яго здольнасцю выцясняць іншыя культуры і збядняць глебы, якія ён захапіў. Таксама можа правакаваць алергічныя рэакцыі. Сімптомы могуць ўключаць набор стандартных для паліноза рэакцый: сверб вачэй, носа, моцны насмарк.

У сваю чаргу баршчэўнік Сасноўскага валодае здольнасцю выклікаць у людзей моцныя апёкі на скуры пры ўздзеянні сонца, якія доўга не загойваюцца. Таксама ён выцясняе мясцовую расліннасць.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Глуску знайшлі рэдкі чырвонакніжны грыб

Глусчанка Таццяна знайшла на сваім прысядзібным участку рэдкі для Беларусі экзатычны грыб-сапратроф Муцінус Равенэля.

Фотаздымак грыба жанчына даслала ў тэлеграм-канал “Мястэчка Глуск”. Паводле глусчанкі, яна выпадкова зачапіла расліну і яна зламалася. 

Муцінус Равенэля быў занесены ў Еўропу з Паўночнай Амерыкі. Упершыню ў Беларусі яго выявілі ў 2001 годзе ў Віцебскім раёне, а цяпер зрэдку знаходзяць па ўсёй краіне, часцей за ўсё ў парках, садках або на дачных участках у вільготнай траве. Ён з’яўляецца з чэрвеня па верасень. 

Грыб неядомы, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі як рэдкі заносны від. 

Калі вы знайшлі гэты грыб у сябе на ўчастку, ні ў якім разе не ешце яго і паспрабуйце не пашкодзіць, каб не парушаць папуляцыю. 

Фотаздымак: ТГ “Мястэчка Глуск”

Чаму тэма мсціслаўскага могільніка так хвалюе ўлады?

Працягваючы тэму меркаванага ядзернага могільніка на Мсціслаўшчыне, міжволі заўважаеш дзіўную непаслядоўнасць у дзеяннях уладаў. Чаму лукашысты пачалі пераконваць людзей у тым, што вельмі правільна забабахаць радыеактыўную памыйніцу ў адным з найбольш пацярпелых ад радыяцыі раёнаў яшчэ да завяршэння ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе?

Бо выбар пляцоўкі для пункта пахавання радыеактыўных адходаў яшчэ працягваецца. Сярод трох фінальных варыянтаў названы Астравецкі, Хойніцкі і Мсціслаўскі раёны.

Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе яшчэ толькі рыхтуецца, грамадскія слуханні яшчэ наперадзе, канчатковае рашэнне афіцыйна не абвешчана. Аднак сустрэчы з насельніцтвам ужо пачынаюцца.

Калі бяспеку аб’екта яшчэ толькі трэба ацаніць, чаму насельніцтва пачалі пераконваць загадзя? І ці змогуць будучыя грамадскія слуханні рэальна паўплываць на рашэнне, калі грамадскую думку ўжо рыхтуюць да патрэбнага варыянту?

Выснова, і вельмі крыўдная, напрошваецца сама сабой: улады Беларусі не збіраюцца цырымоніцца з тымі, хто і так ужо напалову мутанты.

Могільнікам менш, могільнікам больш – якая розніца?

А між тым па грамадскую думку далёка хадзіць не трэба. Калі б могільнік вырашылі пабудаваць у Драздах або Александрыі, то падтрымка была б сапраўды ўсенароднай.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Пляж быў. Чаму Быхаў каля Дняпра застаўся без гарадскога месца для купання

Замест таго, каб перагружаць цэнтральную плошчу Быхава помнікамі, улады маглі б вырашыць пытанне з арганізацыяй пляжа ў горадзе, які стаіць на Дняпры.

Быхаўская раённая газета апублікавала спіс афіцыйна дазволеных месцаў для купання ў Быхаўскім раёне. Гэта навіна сама па сабе добрая: купальны сезон адкрыты, вадаёмы названыя, дно, як паведамляецца, абследавана і ачышчана. Але ў спісе зноў бачная старая праблема – у самога Быхава, горада на Дняпры, няма паўнавартаснага гарадскога пляжа на гэтай рацэ.

Згодна з публікацыяй, на тэрыторыі раёна вызначаны пяць аб’ектаў, дзе арганізавана купанне:

  • «Возера № 86», размешчанае ў 3,1 кіламетра на ўсход ад Быхава;
  • возера ва ўрочышчы «Дубкі», у 2,5 кіламетра на паўднёвы ўсход ад Быхава;
  • сажалка па вуліцы Меліяратараў у Быхаве;
  • месца адпачынку на Чыгірынскім вадасховішчы, у 0,18 кіламетра на захад ад вёскі Кароткія;
  • акваторыя ракі Дняпро, якая прымыкае да пляжа на паўночны ўсход ад аграгарадка Новы Быхаў.

Фармальна Дняпро ў пераліку ёсць. Але гэта не гарадскі пляж Быхава, а ўчасткі ў чорта на кулічках.

Для жыхароў райцэнтра розніца прынцыповая: горад стаіць каля ракі, але афіцыйнае месца для купання на Дняпры знаходзіцца не каля горада. Сто восемдзесят метраў ад вёскі Кароткія – добра. Ведаць бы толькі дзе гэтая вёска і колькі да яе піліць.

Пляж быў, але чыноўнікі яго наўмысна згубілі

Пляж у Быхаве быў. Ён знаходзіўся прыкладна ў кіламетры ад ускраіны Быхава. Там быў і белы пясок, і кабінкі для пераапранання. Потым месца для адпачынку перанеслі ў Дубкі.

Для сям’і з дзецьмі, пажылога чалавека або чалавека без аўтамабіля паездка ў Дубкі – гэта ўжо не прагулка да вады, а асобная лагістыка. Затое для начальніка з казённай машынай – усё проста. Ды і гараджан, якія будуць назіраць за купаннем чыноўніка ў Дубках менш.

Чым было матывавана жаданне быхаўскіх уладаў закрыць гарадскі пляж, можна толькі здагадвацца. Можа, у кагосьці дача была бліжэй да Дубкоў, чым да горада?

Помнікі знаходзяцца хутчэй, чым пляж

На гэтым фоне асабліва заўважныя гарадскія прыярытэты. Напрыклад,у раёне Кастрычніцкай плошчы помнікаў стала настолькі шмат, што яны ўжо пачынаюць спрачацца адзін з адным за прастору. А калі прыгледзецца, за новымі аб’ектамі бачныя разбураны замак і сінагога без даху.

Асобны прыклад – памятны знак памежнікам усіх пакаленняў, урачыста адкрыты ў Быхаве ў 2022 годзе. і гэта пры тым, што Быхаў ні з адной краінай не мяжуе. Тут усё прасцей: кіраўніцтва горада доўга займалася помнікамі на Кастрычніцкай плошчы, таму што яна знаходзіцца каля ўезду і адразу трапляецца на вочы прыезджаму начальству.

Варта было б спытаць у жыхароў

Гісторыя з пляжам як раз той выпадак, калі райвыканкаму варта было б пачаць не з чарговай справаздачы, а з адкрытай размовы. Напрыклад, правесці апытанне жыхароў Быхава: ці патрэбны гораду пляж на Дняпры, дзе ён павінен быць, якім павінен быць пад’езд, ці патрэбныя кабінкі, ратавальны пост, урны, асвятленне і нармальная дарога.

Такая размова была б карысней, чым чарговая паказушная ініцыятыва. Таму што пляж – гэта не дэкор. Гэта бяспека, даступнасць і простае права быхаўчан карыстацца ракой, побач з якой яны жывуць. Калі афіцыйнага месца няма, людзі ўсё роўна ідуць да вады, але ўжо на стыхійныя спускі, дзе няма праверанага дна, ратавальнікаў і зразумелых межаў купання.

Улады рэгулярна нагадваюць пра правілы бяспекі на вадзе, але бяспеку нельга звесці толькі да забаронаў. Яна пачынаецца з інфраструктуры: з нармальнага спуску да вады, абследаванага дна, абсталяванай зоны адпачынку і зразумелай адказнасці службаў.

Калі пляж быў, лагічна спытаць, як і чаму яго выключылі з гарадскога жыцця. Калі месца каля Дняпра нельга выкарыстоўваць па санітарных, экалагічных або іншых прычынах, гэта таксама трэба растлумачыць людзям. А калі прычына толькі ў асабістых матывах чарговага прызначэнца Лукашэнкі, то прычым тут горад? Феадальныя надзелы ў законах Беларусі пакуль не замацаваныя юрыдычна.

Фота з адкрытых крыніц.

Магілёўпрырода выявіла шкоду навакольнаму асяроддзю на 5 тыс. рублёў

За першыя чатыры месяцы 2026 года Магілёўаблкампрыроды знайшоў восем фактаў нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю на 5 тыс. рублёў.

Паводле чыноўнікаў ад прыродааховы, пры 15 праведзеных у студзені-красавіку выбарачных праверках, на кожную з іх у сярэднім прыходзілася 25 парушэнняў прародаахоўнага заканадаўства.

Асноўныя сярод іх – захоўванне адыходаў па-за санкцыянаваных месцаў захоўвання; парушэнне парадку ўліку адыходаў; незабеспячэнне збору адыходаў і іх падзел па відах; парушэнне парадку ўліку ў галіне аховы атмасфернага паветра; парушэнне парадку ўліку аб’ектаў расліннага свету; парушэнне парадку вядзення ўліку здабываюцца падземных вод і парушэнне заканадаўства пры эксплуатацыі ўнутрыгаспадарчых кар’ераў. 

Усяго за здзяйсненне правапарушэнняў, выяўленых у ходзе праверак, у дачыненні да вінаватых асоб вынесена дзве пастановы аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў у выглядзе штрафу на агульную суму 2,5 тыс. рублёў. 20 асоб, якія ўпершыню ўчынілі правапарушэнне атрымалі папярэджанне. 

Фотаздымак: Магілёўаблкампрыроды

Пячэрскае вадасховішча будуць чысціць людзі, рыбы не справіліся

У Магілёве ад сённяшняга дня пачынаецца поўная ачыстка Пячэрскага вадасховішча. Некалькі гадоў таму для яго чысціні спецыяльна запускалі рыбу.

Акунуцца ў Пячэрскае вадасховішча сёлета не ўдасца. Там пачынаецца поўная ачыстка возера са злівам вады. Пра гэта піша тэлеграм-канал “Магілёў.Галоўнае”. Работы плануецца выконваць да восені.

Адметна, што пяць з паловай гадоў таму, у лістападзе 2020 года Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў зарыбіла вадасховішча з мэтай недапушчэння яго зарастання. У вадаём засялілі шчупака, карпа і белага амура. “Спрабуем ужо біялагічнымі спосабамі змагацца. Белы амур – гэта рыба, якая есць вышэйшую расліннасць. Адпаведна, гэта прыводзіць да памяншэння зарастання возера”, – казаў у той год намеснік начальніка Магілёўскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Бародзька.

Біялагічнае абгрунтаванне зарыблення Пячэрскага возера прайшло дзяржаўную экалагічную экспертызу. Спецыялісты разлічвалі, што яно дазволіць не толькі правесці ачыстку вадаёма ад залішняй расліннасці, але і разнастаіць відавы склад рыбы, якая ў ім жыве.

Ці стане больш разнастайным відавы склад рыбы пасля зліва вады, напэўна, могуць сказаць толькі тыя ж самыя спецыялісты. З другога боку – навошта там тая рыба, якая не справілася з ўкладзенымі на яе абавязкамі па ачыстцы вадаёма, і цяпер яе працу мусяць выконваць людзі – вянцы тварэння.

Фотаздымак: ТГ “Магілёў.Галоўнае”

Вырасла імавернасць будаўніцтва ядзернага магільніка на ўсходзе Беларусі

Чыноўнікі бачаць усё больш мэтазгодным размяшчэнне ядзернага магільніка падалей ад існуючай Беларускай АЭС.

“Дапусцім, калі размясціць яго побач з атамнай станцыяй, то ў выпадку нейкай гіпатэтычнай падзеі на станцыі яна можа паўплываць на бяспеку працы пункта пахавання, дзе мы плануем у тым ліку размяшчаць і так званыя аварыйныя радыеактыўныя адкіды” – цытуе першага намесніка начальніка Дзяржатамнагляду Леаніда Дзедуля БелТА.

З гэтага вынікае, што пры сур’ёзнай аварыі на АЭС будзе небяспечным абслугоўванне магільніка, калі ён размешчаны непадалёк ад яе. Такім чынам, з трох разглядаемых патэнцыяльных пляцовак будаўніцтва вырастаюць шанцы з’яўлення ядзернага магільніка ў Мсціслаўскім раёне Магілёўшчыны і Хойнікскім раёне Гомельшчыны. Астравецкі раён, дзе знаходзіцца БелАЭС, бачыццца менш прыярытэтным для такога аб’екта.

Паводле былога дырэктара прадпрыемства БелРАА («Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі») Дзмітрыя Логвіна, каля 60% жыхароў Магілёўшчыны не супраць будаўніцтва сховішча ядзерных адходаў у сваім рэгіёне.

Канчатковы выбар пляцоўкі плануюць зрабіць да канца 2026-2027 года. Затым пачнецца праектаванне і будаўніцтва, якое можа стартаваць ужо ў 2028 годзе.

Фотаздымак: БелТА

Буйны перапрацоўшчык пластмас пакараны за забруджванне тэрыторыі

Адно з буйнейшых на Магілёўшчыне прадпрыемстваў па перапрацоўцы пластмас нанесла шкоду навакольнаму асяроддзю на 25 тыс. рублёў.

Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выявіў парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства з боку неназванага перапрацоўшчыка пластмас. Паводле абласных чыноўнікаў, гэтымі парушэннямі нанесена шкода навакольнаму асяроддзю ў памеры каля 25 тыс. рублёў. У чым менавіта заключалася гэтая шкода – не паведамляецца.

Разам з тым адзначана, што шкода кампенсавана, а прадпрыемства і яго службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Амаль траціна лясоў Магілёўшчыны дагэтуль забруджана цэзіем-137

Тэрыторыя лясоў Магілёўскай вобласці, забруджаных цэзіем-137, складае 29% ад усяго ляснога фонда рэгіёна. Аднак драўніна, паводле чыноўнікаў, цалкам адпавядае нормам бяспекі.

“Тэрыторыя ляснога фонду Магілёўскай вобласці, забруджанага цэзіем-137, займае 366 тыс.га, што складае 29% ад агульнай плошчы ляснога фонду. Але тая драўніна, якая паступае непасрэдна ў абарот, цалкам адпавядае нормам бяспекі” – цытуе БелТА начальніка упраўлення па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і надзвычайных сітуацыях Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Лазарэвіча.

Паводле яго, па стане на 1992 год на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў Магілёўскай вобласці было 1059 населеных пунктаў, з іх пяць раённых цэнтраў. Па выніках ацэнкі 2021 года колькасць населеных пунктаў, аднесеных да зон радыеактыўнага забруджвання, скарацілася на 38% і сёння складае 660 населеных пунктаў, уключаючы чатыры раённыя цэнтры. 

Радыяцыя так ці інакш закранае 14 з 21 раёна вобласці, а таксама 243 тыс.га сельскагаспадарчых зямель (каля 23%). Але, паводле Лазарэвіча, тут таксама няма прычын для хвалявання, бо дзякуючы адпрацаваным методыкам забяспечваецца вытворчасць нарматыўна чыстай прадукцыі. 

“Уся прадукцыя, якую атрымліваюць у грамадскім сектары нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сёння з’яўляецца нарматыўна чыстай. Перавышэнняў па пробах гэтай прадукцыі ў нас па Магілёўскай вобласці не рэгіструецца ўжо больш за 20 гадоў”, – рапартуе чыноўнік.

Фота: ArticCynda / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

У Бабруйску агітавалі за Радаўніцу без пластыка

Бясплатныя жывыя кветкі раздавалі валанцёры пры ўваходзе на Мінскія могілкі ў Бабруйску.

Ужо чацвёрты год запар мясцовая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам з валанцёрамі з таварыства “Экабабры” заклікае бабруйчан не несці на могілкі штучныя кветкі. Сёлета яны не толькі заклікалі, але і прапаноўвалі нешта ўзамен пластыкавых упрыгожванняў, а менавіта – жывыя кветкі для ўшанавання памяці памерлых.

Паводле профільнага абласнога камітэта, у гэтым годзе акцыю “Радаўніца без пластыка” падтрымалі не толькі магазіны кветак, камунальнае прадпрыемства “ДЭП г. Бабруйска”, але і звычайныя жыхары горада, якія прынеслі для гэтага каля 200 саджанцаў.

Надоечы стала вядома, што Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі працуе над новым Экалагічным кодэксам. Праз яго, магчыма, будзе ўведзеная забарона на вытворчасць і пастаўку тавараў, адыходы якіх складана або немагчыма перапрацаваць. Гэтая забарона можа датычыцца штучных пластыкавых кветак. Аднак, не выключана, што гэта ўсё застанецца на ўзроўні размоў, бо прыбытак ад продажу такіх кветак даволі высокі і наўрацці дзяржава будзе забараняць яго.

Фотаздымак: ТГ “Магілёўпрырода”