Нераскрытая таямніца прынесла паўкватэры ўраджэнцу Крычаўскага раёна

Паўкватэры ад памёрлай у Санкт-Пецярбургу далёкай сваячкі дасталося па судзе грамадзяніну Беларусі родам з Крычаўскага раёна.

Суд тычыўся спадчыны ў выглядзе двухпакаёвай кватэры плошчай каля 45 м2 на Ленінскім праспекце, кошт якой ацэньваецца прыкладна ў 65-70 тыс. долараў.

У чэрвені 2022 года ў гэтай кватэры знайшлі мёртвымі мужа і жонку. З-за таго, што целы былі моцна раскладзеныя, судова-медыцынскія эксперты не змаглі вызначыць, хто з іх памёр раней. Менавіта гэтая акалічнасць і стала галоўнай інтрыгай справы.

Калі б высветлілася, што муж перажыў жонку хаця б на кароткі час, ён паспеў бы атрымаць яе спадчыну. Пасля яго смерці права на кватэру перайшло б да ягонай дачкі ад іншага шлюбу. Менавіта яна першай заявіла свае прэтэнзіі на жыллё.

Аднак суд прыйшоў да высновы, што муж і жонка памерлі адначасова. Паводле расійскага заканадаўства ў такім выпадку яны не могуць наследаваць адзін пасля аднаго. Гэта азначала, што дачка мужчыны аўтаматычна страціла магчымасць атрымаць кватэру.

Тады ў справе з’явіліся іншыя спадчыннікі – грамадзянін Беларусі родам з Крычаўскага раёна і ягоны стрыечны брат, які жыве ў Расіі. Абодва сцвярджалі, што з’яўляюцца стрыечнымі пляменнікамі памерлай.

Даказаць гэта аказалася няпроста. Дакументы, якія маглі пацвердзіць роднасныя сувязі, не захаваліся. Даваенныя акты грамадзянскага стану Крычаўскага раёна былі страчаныя. Суду давялося літаральна па крупінках аднаўляць сямейнае дрэва, супастаўляючы імёны, прозвішчы, месцы нараджэння і іншыя ўскосныя звесткі.

У гэтай гісторыі быў яшчэ адзін нюанс. Стрыечныя пляменнікі ў Расіі адносяцца толькі да шостай чаргі спадчыннікаў. Гэта апошняя ступень сваякоў, якая можа атрымаць спадчыну без завяшчання, і толькі тады, калі няма нікога з больш блізкіх родзічаў.

Пасля вывучэння ўсіх матэрыялаў суд прызнаў абодвух мужчын законнымі спадчыннікамі. Кватэру падзялілі пароўну – па палове кожнаму.

Фотаздымак: Wikimedia.org

Малако, мяса і памочнік пракурора: як у Крычаве адсправаздачыліся за першае паўгоддзе

На пасяджэнні Крычаўскага райвыканкама падвялі вынікі працы жывёлагадоўлі за першае паўгоддзе 2026 года. За сталом побач са старшынёй райвыканкама Аляксеем Шараем, начальнікамі ўпраўленняў і кіраўнікамі гаспадарак сядзеў чалавек, чыя прысутнасць на размове пра надоі кажа больш, чым самі лічбы, – памочнік пракурора Крысціна Дзямешка.

Для Крычаўшчыны гэта не навіна. Яшчэ ў жніўні 2025 года на базе КСУП «Маляцічы-АГРА» кіраўніцтва раёна збірала механізатараў і кіроўцаў на «мерапрыемства прафілактычнага характару» – так гэта назваў сам райвыканкам. Тады кампанію Шараю складаў намеснік начальніка РАУС. Праз адзінаццаць месяцаў усё паўтараецца, толькі сілавіка ў крэсле змяніў прадстаўнік пракуратуры. Карацей, усё сур’ёзна.

Але даклад намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы чытаецца як святочная справаздача:

  • тэмп росту вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі – 108,8% пры заданні 103,9%;
  • валавы надой малака – 6660,3 тоны, або 104,9% да мінулага года. БРЖ – 951,8 тоны вырошчвання, 109,4% да 2025-га;
  • пагалоўе вырасла за год на 1600 галоў – 13,6%.

Апошняя лічба патрабуе тлумачэнняў. Прырост статка на 13,6 працэнта за дванаццаць месяцаў – гэта не вынік узнаўлення. Ацёл нават у ідэальных гаспадарках не дае такога скачка. Яго можна растлумачыць:

  • адміністрацыйнай перакідкай жывёл з іншых гаспадарак раёна, у тым ліку тых, што знаходзяцца пад пагрозай банкруцтва або рэарганізацыі;
  • закупкай жывёлы ў іншых раёнах.

І фінальны акорд. Прырост пагалоўя за год – 13,6 працэнта. Прырост надою – 4,9 працэнта. Іншымі словамі, на адну галаву жывёлы прадукцыйнасць падае. І падае істотна. Ці заўважыла гэта памочнік пракурора?

Фота раённай газеты.

Крычаў і Асіповічы – асноўныя кірункі адпраўкі вайсковых грузаў з Расіі

За IV квартал 2025 года з Расіі ў Беларусь было ўвезена 223 вагоны з грузамі ваеннага прызначэння. Крычаў і Асіповічы былі сярод прыярытэтных пунктаў прызначэння.

Паводле Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, з расійскага Капусціна Яру ў Крычаў быў адпраўлены за гэты перыяд 61 вагон, адтуль жа ў Асіповічы – 29.

Капусцін Яр – Крычаў I 

У складзе 61 адпраўленага ў Крычаў састава 54 былі вагоны-платформы з грузам “іншыя грузы, не пайменаваныя ў алфавіце”, шэсць крытых вагонаў з грузам “іншыя грузы, не пайменаваныя ў алфавіце” і адзін крыты вагон з грузам “выбуховыя матэрыялы”.

Прыбыццё такога састава ў раён былой авіябазы Крычаў-6 зафіксавана ў канцы снежня 2025 года, арыенціровачна ў перыяд з 20 па 29 снежня. Станцыяй прызначэння па перавозачных дакументах з’яўлялася Крычаў I. Пасля адчэпкі цягніковага лакаматыва вагоны падаваліся на тэрыторыю аб’екта манеўровым парадкам з выкарыстаннем станцыйнага лакаматыва.

Да гэтага часу былая авіябаза Крычаў-6 была падрыхтавана да прыёму воінскіх саставаў. Пад выглядам “лагістычнага цэнтра” на аб’екце пабудавалі пад’язны пуць, дадатковае пуцявое разгалінаванне і пагрузачна-разгрузачную інфраструктуру, якая дазваляе выгружаць тэхніку і маёмасць па-за станцыйных пляцовак агульнага карыстання.

Па наяўных звестках, на платформах перавозілася воінская тэхніка, у крытых вагонах – рыштунак, асобным вагонам ішлі патроны і іншыя боепрыпасы. Па стане на сярэдзіну траўня 2026 года кантынгент заставаўся на аб’екце, зваротная адпраўка тэхнікі і маёмасці не фіксавалася.

Капусцін Яр – Асіповічы I

Са станцыі Капусцін Яр на станцыю Асіповічы I ад вайсковай часці №47209 (60-ы навучальны цэнтр баявога прымянення ракетных войскаў і артылерыі) у адрас вайсковай часці №12180 (336-я рэактыўная артылерыйская брыгада УС РБ) адпраўлена 29 вагонаў.

У склад воінскага эшалона ўвайшлі 25 вагонаў-платформ з грузам “іншыя грузы, не пайменаваныя ў алфавіце”, тры крытых вагона з грузам “іншыя грузы, не пайменаваныя ў алфавіце” і адзін паўвагон з грузам “выбуховыя матэрыялы”.

Адпраўка звязана з вяртаннем падраздзяленняў 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады пасля планавых мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі на палігоне Капусцін Яр. Вайсковая частка №47209 забяспечвае падрыхтоўку і практычнае прымяненне падраздзяленняў ракетных войскаў і артылерыі, уключаючы правядзенне баявых стрэльбаў.

Падраздзяленні 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады накіроўваліся ў Капусцін Яр для выканання практычных пускаў і стрэльбаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, паколькі беларускія палігоны не дазваляюць у поўным аб’ёме адпрацоўваць прымяненне сістэм павышанай далёкасці. Перавозкі па маршруце Асіповічы I – Капусцін Яр і назад фіксуюцца перыядычна.

Лукоўскі – Асіповічы I

Са станцыі Лукоўскі (Паўночна-Каўказская чыгунка) на станцыю Асіповічы I ад вайсковай часткі №57229 (68-ы арсенал галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Мінабароны РФ, г. Маздок) у адрас вайсковай часткі №42707 (1405-я артылерыйская база боепрыпасаў МА РБ) быў адпраўлены 21 вагон.

У склад воінскага эшэлона ўвайшлі 14 паўвагонаў з грузам “выбуховыя матэрыялы”, шэсць паўвагонаў з грузам “іншыя грузы, не пайменаваныя ў алфавіце”, адзін крыты вагон з грузам “вагон для правадыроў”.

У 14 паўвагонах, аформленых як «выбуховыя матэрыялы», перавозілася ракетнае ўзбраенне, як мяркуецца прызначанае для аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр». Адпраўка была сфарміравана 68-м арсеналам  Мінабароны РФ у раёне Маздока і следавала на 1405-ю артылерыйскую базу боепрыпасаў у Вялікай Гарожы пад Асіповічамі, прызначаную для прыёму, захоўвання і выдачы ракетна-артылерыйскага ўзбраення і боепрыпасаў.

Шэсць паўвагонаў з грузам “іншыя грузы, не пайменаваныя ў алфавіце” маглі выкарыстоўвацца для перавозкі транспартнай тары, камплектуючых, маёмасці і абсталявання для захоўвання і абслугоўвання дастаўленых вырабаў. Дакладная наменклатура грузу ў перавозачных дакументах не раскрываецца.

Барнаул – Магілёў II

Са станцыі Барнаул (Заходне-Сібірская чыгунка) на станцыю Магілёў II ад АТ «Барнаульскі патронны завод» у адрас Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Рэспублікі Беларусь адпраўлена два крытыя вагоны з грузам «выбуховыя матэрыялы».

Барнаульскі патронны завод выпускае патроны для наразной, гладкаствольнай і кароткаствольнай зброі. У адкрытай наменклатуры прадпрыемствы прадстаўлены, у прыватнасці, патроны калібраў 5,45×39 мм, 5,56×45 мм, 7,62×39 мм, 7,62×51 мм і 7,62×54r, а таксама пісталетныя патроны.

Атрымальнікам выступаў Дэпартамент фінансаў і тылу МУС Беларусі, які адказвае за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў. З улікам профілю адпраўніка і афармлення грузу як выбуховых матэрыялаў у двух крытых вагонах, хутчэй за ўсё, перавозілася партыя патронаў да стралковай зброі для падраздзяленняў МУС.

***

У Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі адзначаюць, што выяўленыя перавозкі паказваюць глыбокую ўзаемасувязь беларускай і расійскай ваеннай лагістыкі. Беларуская чыгунка выкарыстоўваецца адначасова для перамяшчэння падраздзяленняў, забеспячэння ваенных аб’ектаў, вывазу боепрыпасаў, абслугоўвання расійска-беларускай прамысловай кааперацыі і арганізацыі экспартных маршрутаў праз расійскія порты. Колькасныя паказчыкі ў вагонах адлюстроўваюць агульны маштаб лагістычнай актыўнасці.

Фотаздымак: Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі

Жыхарка Крычава паказала ў TikTok, як выглядае іх жылы дом

Жыхарка Крычава паказала ў TikTok, як выглядае яе дом на вуліцы Касманаўтаў. Будынак пабудаваны ў 1949 годзе, капітальны рамонт там ні разу не праводзіўся, і цяпер дом стаіць у чарзе на бягучы рамонт.

У каментарыях пад ролікам крычаўляне спрабуюць зразумець, паводле якіх крытэрыяў камунальнікі вызначаюць, дзе патрэбны бягучы рамонт, а дзе капітальны, і ці правамерна называць старшыню райвыканкама мэрам.

Пры гэтым усе сыходзяцца ў тым, што Аляксей Шарай – дзейны чыноўнік.

Яму пяцьдзесят адзін год. Кіраўніком Крычаўскага раёна Шарай стаў у сакавіку 2025 года. Да гэтага ён працаваў на пасадзе першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва і адказваў за добраўпарадкаванне і работу ЖКГ.

У Крычаве Шарай адзначыўся разбіральніцтвамі з мясцовымі кіроўцамі маршрутных таксі і актыўным удзелам у самых нязначных мерапрыемствах.

Надзеі жыхароў Крычава на добрага і справядлівага «мэра», хутчэй за ўсё, не апраўдаюцца па некалькіх прычынах:

  • сістэма ЖКГ, створаная пры Лукашэнку, праявіла сябе толькі ў немэтавым выкарыстанні бюджэтных сродкаў;
  • Шарая атачаюць чыноўнікі з шматгадовым карупцыйным досведам;
  • сродкі, якія збіраюцца з кватэранаймальнікаў на капітальны рамонт, раскрадаюцца раней, чым дасягаюць капітальнага рамонту.

Мінулай зімой у Крычаве неаднаразова фіксаваліся праблемы з расчысткай снегу, мясцовае прадпрыемства «Камунальнік» з году ў год становіцца аб’ектам пільнай увагі КДК, а кіраўніца «дэпутатаў» Ірына Пруднікава накіроўвае лісты пра несанкцыянаваныя звалкі ў «вышэйшыя» інстанцыі.

Думаецца, што з улікам гэтых тэндэнцый бягучыя і капітальныя рамонты дамоў Крычава стануць для ўладаў непад’ёмнай задачай.

Фота: скрыншот TikTok.

У Крычаве пешаходны мост праз чыгуначныя пуці закрываюць на тры дні «для капітальнага рамонту»

Крычаўская газета паведаміла чытачам пра закрыццё пешаходнага моста праз чыгуначныя пуці на станцыі Крычаў з 13 па 15 ліпеня. Прычынай названа правядзенне работ па капітальным рамонце моста.

Абход арганізаваны праз пешаходны пераход з боку былога завода «Крычаўцэментнашыфер».

Фармулёўка «капітальны рамонт за тры дні» выклікае пытанні. У будаўнічай тэрміналогіі капітальны рамонт маставога збудавання прадугледжвае работы па аднаўленні або замене апорных канструкцый, гідраізаляцыі і пакрыцця і, як правіла, займае ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. Што менавіта магчыма выканаць за 13, 14 і 15 ліпеня, у паведамленні не ўдакладняецца.

Альбо журналісты нешта пераблыталі і рамонт зусім не капітальны, альбо ў піўным чадзе свята ў Александрыі моры здаюцца па калена, а масты ўзводзяцца імгненна.

Фота раённай газеты.

 

У Крычаўскім раёне заатэхнік папалася на фіктыўным сямейным падрадзе

Заатэхніка-брыгадзіра асудзілі на тры гады зняволення з адтэрміноўкай за фіктыўнае працаўладкаванне яе мужа і брата.

Цягам 2024 і 2025 гадоў жанчына фіктыўна складала і падпісывала ад імя сваіх брата і мужа фіктыўныя дагаворы падраду аб выкананні работ на жывёлагадоўчым аб’екце прадпрыемства АПК. Мужчыны ў той час знаходзіліся за межамі Беларусі.

Аднак гэта не перашкодзіла ў далейшым заатэхніку складаць і падпісваць акты выкананых работ, якія ў рэчаіснасці не выконваліся. Налічаныя грошы жанчына асабіста атрымлівала ў касе прадпрыемства, здымала з аформленых на імя яе сваякоў банкаўскіх пластыкавых карт, а затым распараджалася грашыма па ўласным меркаванні. Такім спосабам яна выкрала ў прадпрыемстваў звыш 10 тыс. рублёў. 

У судзе жанчына сваю віну ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам у буйным памеры прызнала часткова. Нанесены ўрон кампенсавала. 

Суд асудзіў заатэхніка на тры гады зняволення з адтэрміноўкай на два гады. Таксама жанчына мусіць сплаціць 4,5 тыс.рублёў штрафу і ёй забаронена цягам пяці гадоў займаць кіруючыя пасады. Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Суд у Крычаве пакараў экс-гендырэктара энэргапрадпрыемства васьмю гадамі зняволення

Хабар і махлярства ў асабліва буйным памеры ўмянілі былому гендырэктару энэргетычнага прадпрыемства Магілёўскай вобласці.

Паводле версіі абвінавачання, якую высунула абласная пракуратура, у 2018 годзе кіраўнік паабяцаў прадстаўнікам прыватнай кампаніі дапамагчы перамагчы ў тэндары на пастаўку абсталявання для цеплаэнергетычнай станцыі.

Пры гэтым ён не ўваходзіў у склад конкурснай камісіі і не мог уплываць на выбар пераможцы. Тым не менш пасля таго, як кампанія выйграла закупку, у 2020 годзе ён атрымаў ад яе прадстаўнікоў 80 тыс. долараў за нібыта выкананыя абавязацельствы.

Яшчэ адзін эпізод, паводле матэрыялаў справы, датычыўся 2023-2025 гадоў. Следства сцвярджала, што былы кіраўнік неаднаразова атрымліваў ад іншай камерцыйнай арганізацыі грашовыя ўзнагароды за садзейнічанне ў своечасовай аплаце пастаўленага энэргетычнага абсталявання.

Агульная сума атрыманых хабароў, паводле абвінавачання, перавысіла сем тысяч долараў.

У судзе абвінавачаны прызнаў віну толькі часткова. Ён адмаўляў, што здзейсніў махлярства пры правядзенні тэндару, а таксама не пагадзіўся з адным з эпізодаў атрымання хабару.

Крычаўскі раённы суд прызнаў былога генеральнага дырэктара аднаго з энэргетычных прадпрыемстваў Магілёўшчыны прызначыў восем гадоў пазбаўлення волі, штраф у 135 тыс. рублёў і забароны на пяць гадоў займаць кіруючыя пасады.

Акрамя асноўнага пакарання, суд пастанавіў канфіскаваць частку сродкаў, якія, паводле следства, былі атрыманыя злачынным шляхам, а таксама спагнаць з былога кіраўніка больш за 200 тыс. рублёў з улікам добраахвотна вернутай часткі грошай.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Крычаўскія міліцыянеры спрабуюць змагацца з гвалтам у семьях

У Крычаўскім раёне штодня адбываюцца здарэнні ў сферы побыту, адна з асноўных прычын – беспрабуднае п’янства.

У раёне з 8 па 30 чэрвеня праходзіць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне злачынстваў супраць жыцця і здароўя, у тым ліку ў сямейна-бытавой сферы.

Як паведаміў першы намеснік начальніка РАУС Уладзімір Аляксандраў, здарэнні на бытавой глебе ў раёне адбываюцца практычна штодня.

Паводле дадзеных міліцыі, за пяць месяцаў гэтага года ў раёне зарэгістраваныя два злачынствы ў сферы быту. Яшчэ 90 чалавек былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за нанясенне пабояў і іншыя формы гвалту ў дачыненні да блізкіх сваякоў або членаў сям’і.

Адной з галоўных прычын сямейных канфліктаў у міліцыі называюць злоўжыванне алкаголем. «Праблемы п’янства і гвалтоўнай злачыннасці цесна звязаныя паміж сабой. Сямейнае няшчасце, злоўжыванне спіртным і канфлікты нярэдка прыводзяць да цяжкіх наступстваў», – адзначыў Аляксандраў.

У РАУС заклікалі жыхароў раёна не замоўчваць выпадкі хатняга гвалту і паведамляць пра іх у міліцыю. Для гэтага дзейнічаюць кругласутачныя тэлефоны: 22-174 і 102.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Крычаве дзікі попыт на пустуючыя дамы

Свой знакаміты ўказ аб продажы развалюх за базавую велічыню Лукашэнка падпісаў у 2021 годзе. Чакалася, што народ накінецца на хаткі ў вёсках, але… Здаецца, фінт не спрацаваў. Упіхваць закінутыя хаты нават па адной базавай аказалася няпроста.

Але ў Крычаве ўпэўненыя, што ўсё ідзе як па масле.

Прыводзіцца пераможная статыстыка:

  • за 5 месяцаў бягучага года ў Беларусі прададзена 2,6 тысячы дамоў;
  • разам з дамамі 577,5 га зямель вярнуліся да добрых гаспадароў;
  • Магілёўская вобласць займае 4 месца па ўцягванні пустуючых дамоў у абарот;
  • усяго тут прададзена 402 дамы і 65,4 га зямлі;
  • больш за ўсё дамоў прададзена менавіта ў Магілёўскім раёне – 45;
  • з іх 26 праз аўкцыён;
  • 19 за адну базавую велічыню.

На думку крычаўскіх аналітыкаў народ удалося ўзяць у абарот, а рэестр пустуючых дамоў – выдатны інструмент, але… Дваццаць шэсць тысяч дамоў у краіне прададзена ўсяго, і пераважная большасць з іх ніякага дачынення да развалюх не мае.

А вось і крычаўская статыстыка:

  • за адну базавую велічыню куплена 4 дамы: 3 у горадзе і 1 у сельскай мясцовасці;
  • за ўвесь мінулы год прададзена 8 дамоў;
  • у рэестры застаюцца 72 дамы, якія нікому не патрэбныя.

То-бок, па сутнасці справы не прададзена нічагуткі. Супакойвае толькі тое, што

“грамадзяне, не выходзячы з дому анлайн могуць азнаёміцца ў рэестры з участкамі па ўсёй краіне і выбраць сабе ўчастак па душы”.

Могуць-та, могуць, але ж не выбіраюць. 

Фота з рэестра.

Уздоўж мяжы Магілёўшчыны з Расіяй ідуць два вандроўнікі

Вандроўнікі Уладзімір Пасанен і Ігар Касабуцкі выправіліся ў экспедыцыю ўздоўж беларуска-расійскай мяжы. Зараз яны праходзяць па тэрыторыі Магілёўшчыны.

Мэта падарожнікаў – пешшу пераадолець увесь маршрут ад самай паўднёвай кропкі беларуска-расійскай мяжы да Кургана Дружбы на стыку межаў Беларусі, Расіі і Латвіі. Гэта 1283 кіламетры. 

Экспедыцыя стартавала ў сакавіку і ўжо прайшла тэрыторыю Гомельскай вобласці. Цяпер вандроўнікі знаходзяцца на Магілёўшчыне, у Крычаўскім раёне. Маршрут падзелены на дзевяць тыднёвых этапаў, а завяршыць падарожжа плануюць у лістападзе.

Кіраўнік экспедыцыі – Уладзімір Пасанен, а ўласна праект арганізаваны Беларускім геаграфічным таварыствам. Пасанен – вядомы беларускі падарожнік, даследчык і краязнаўца, які за гады вандровак прайшоў дзясяткі складаных маршрутаў і вывучыў многія куткі краіны.

Нават падчас кароткага знаходжання ў Крычаўскім раёне ўдзельнікі экспедыцыі паспелі пазнаёміцца з мясцовымі славутасцямі. “Уражанні самыя лепшыя. Мы наведалі гарадзішчы, мясцовыя цэрквы, палац Пацёмкіна. Усё вельмі цікава, але, на жаль, часу на больш падрабязнае знаёмства не хапае”, – адзначыў Пасанен.

Вандроўнікі прызнаюцца, што графік экспедыцыі вельмі шчыльны. Штодня неабходна праходзіць не менш за дваццаць кіламетраў незалежна ад надвор’я. “Снег, дождж або сонца – мы ўсё адно ідзём наперад. І гэта прыносіць вялікае задавальненне”, кажа кіраўнік экспедыцыі.

Другі ўдзельнік экспедыцыі – Ігар Касабуцкі. Ён матэматык па адукацыі і аўтар шэрагу турыстычных выданняў. На працягу апошніх пятнаццаці гадоў ён займаецца турызмам, а разам з Пасаненам даследаваў найвышэйшыя пункты Беларусі і працаваў над краязнаўчымі даведнікамі.

Для ўдзельнікаў экспедыцыі гэта не толькі навуковы праект. Яны хочуць пабачыць жыццё прыгранічных тэрыторый, зафіксаваць прыродныя ландшафты і сустрэцца з людзьмі, якія жывуць удалечыні ад буйных гарадоў.

“Галоўнае ў любой экспедыцыі – гэта людзі. Мясцовыя жыхары заўсёды гатовыя дапамагчы, падказаць дарогу ці проста падтрымаць добрым словам”, – кажа Пасанен.

Такая падтрымка шмат значыць, сцвярджае ў сваю чаргу Касабуцкі, бо без яе пераадолець больш за тысячу кіламетраў было б значна цяжэй.

Увесь шлях вандроўнікі праходзяць пешшу. Начуюць у палатцы і самастойна рыхтуюць ежу. На сняданак у іх каша з тушонкай, на абед – гарачы суп, а на вячэру – зноў каша або макароны з тушонкай. Дзень праходзіць у руху, а вечары каля вогнішча становяцца часам для адпачынку і размоў.

Наперадзе ў Пасанена і Касабуцкага яшчэ сотні кіламетраў дарогі. Калі праект будзе паспяхова завершаны, падарожнікі плануюць працягнуць даследаванне межаў Беларусі і прайсці астатнія 3617 кіламетраў дзяржаўнай граніцы краіны.

Фотаздымак: krichevlive.by