КДК выявіў завышэнне цэн і пратэрміноўку амаль у кожнай – правяралі сельскія крамы Магілёўшчыны

У Быхаўскім і Крычаўскім раёне завышалі цэны і парушалі тэрміны прыдатнасці прадуктаў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці праверыў гандлёвыя аб’екты ў сельскай мясцовасці – у Быхаўскім і Крычаўскім раёнах. Парушэнні знайшлі практычна ў кожнай краме.

У дзвюх прыватных крамах кошт тавараў быў завышаны. Гандлёвыя надбаўкі на прысмакі перавышалі норму ў два разы – пад праверку трапілі імпартныя вафлі, печыва і карамель.

Акрамя таго, прадавалі яблыкі і таматы з парушэннем тэрмінаў прыдатнасці. Пакупнікам, у адпаведнасці з законам, вярнулі грошы.

У пяці крамах прадавалі хлеб, у якога тэрміны прыдатнасці скончыліся некалькі сутак таму.

Таксама, у крамах адсутнічалі абавязковыя тавары – соль, яйкі, смятана і яблыкі. Такі дэфіцыт кваліфікаваны як грубае парушэнне правілаў гандлю.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўскі КДК зноў не дазволіў пілаваць крычаўскі бюджэт

Шматлікія парушэнні выяўлены Камітэтам дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці ў працы дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Крычаўскага раёна».

Высветлілася, што ў крычаўскім цэнтры, які забяспечваў дзейнасць бюджэтных арганізацый шмат чаго не забяспечылі.

У тым ліку:

  • не забяспечана своечасовае аднаўленне ў бюджэт затрат ад аказання платных паслуг на агульную суму больш за 100 тысяч рублёў;
  • неабгрунтавана налічаны і выплачаны кіраўнікам асобных бюджэтных арганізацый прэміі ў суме 25,3 тысячы рублёў;
  • неэфектыўна расходавана на ўтрыманне гэтых арганізацый больш за 26 тысяч рублёў;
  • дапушчаны аплата завышаных аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ,
  • парушаны парадак правядзення дзяржаўных закупак, складання дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, вядзення бухгалтарскага ўліку, распараджэння дзяржаўнай маёмасцю і іншыя.

Грошы вернуцца ў бюджэт, вінаватыя службовыя асобы атрымаюць адміністрацыйныя спагнанні, а іх дзеянні ацэняць праваахоўныя органы.

Карацей кажучы, зноў нікога не пасадзяць.

Фота ілюстрацыйнага характару.

У Крычаўскім раёне брыгадзір фермы прысабечыла 8 тысяч заробку падначаленага

“Хатнюю хімію” атрымала брыгадзір у Крычаўскім раёне, якая некалькі месяцаў атрымлівала заробак і адпускныя непрацуючага работніка.

Крычаўскі райсуд вынес прысуд брыгадзіру малочна-таварнай фермы, якую прызналі вінаватай у сістэматычным прысваенні сродкаў прадпрыемства.

Паводле матэрыялаў справы, жанчына на працягу некалькіх месяцаў у 2024-2025 гадах арганізоўвала афармленне табеляў уліку працоўнага часу на імя жывёлавода, які фактычна не працаваў. Работнік у гэты перыяд знаходзіўся ў Расіі і не выконваў сваіх абавязкаў, аднак яго звальненне не ініцыявалася.

Больш за тое, брыгадзір аформіла ад імя падначаленага заяву на працоўны адпачынак. На падставе гэтага дакумента на банкаўскі рахунак работніка былі пералічаны адпускныя.

Далей жанчына здымала грошы з карты і выкарыстоўвала іх на ўласныя патрэбы. Такім чынам яна незаконна завалодала як заработнай платай, так і адпускнымі супрацоўніка.

Агульная сума шкоды, нанесенай сельскагаспадарчаму прадпрыемству, перавысіла 8 тыс. рублёў. Да суда абвінавачаная цалкам кампенсавала нанесены ўрон.

У ходзе разгляду справы яна прызнала віну і раскаялася. Суд, улічыўшы прадстаўленыя доказы, прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады і шэсць месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама штраф і пяцігадовую забарону займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю. Прысуд ужо ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Расія развівае вайсковую інфраструктуру ў Магілёўскай вобласці

У Крычаўскім і Асіповіцкім раёнах для перамяшчэння расійскіх узбраенняў развіваюць вайсковую інфраструктуру.

На бягучы момант факт увозу і размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскіх баявых ракетных комплексаў «Арэшнік», уключаючы пускавыя ўстаноўкі, дакументальна і фактычна не пацверджаны, сцвярджае “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”. Разам з тым зафіксавана прыбыццё дапаможнай тэхнікі, якая не адносіцца да баявых сродкаў комплексу.

Так, заўважаны працы на тэрыторыі былой авіябазы “Крычаў-6”. Там праводзіцца паэтапная падрыхтоўка пляцоўкі: ствараецца мінімальна неабходная чыгуначная і дапаможная інфраструктура, таемна дастаўляецца тэхніка і фармуюцца ўмовы для магчымага пастаяннага прысутнасці асабістага складу. 

“Характар і накіраванасць гэтых работ дазваляюць з высокай ступенню верагоднасці разглядаць тэрыторыю былой авіябазы як перспектыўную пляцоўку для разгортвання расійскай ваеннай базы альбо іншага пастаянна дзеючага ваеннага аб’екта, якая знаходзіцца на ранняй стадыі фарміравання, але не як месца фактычнага размяшчэння БРСД «Арэшнік» на дадзены момант”, – робяць выснову ў “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”.

У сваю чаргу на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў (в/ч 42707), што паблізу вёскі Вялікая Гарожа Асіповіцкага раён, ствараецца аб’ект вайсковай інфраструктуры, які прадугледжвае развіццё чыгуначнага забеспячэння, і будуюцца будынкі для размяшчэння асабістага складу і аўтатранспартнай тэхнікі.

Пры гэтым аналіз спадарожнікавых здымкаў па стане на 24 снежня 2025 года паказаў, што будаўніцтва чыгуначнай інфраструктуры ў раёне 1405-й базы знаходзіцца на завяршальнай стадыі.

“У цэлым аб’ект будаўніцтва ў Вялікай Гарожы дэманструе больш грунтоўны і сістэмны падыход да размяшчэння і забеспячэння вайсковай інфраструктуры ў параўнанні з шэрагам іншых пляцовак на тэрыторыі Беларусі. Тут фармуецца не часовая схема і не адаптацыя пад разавае мерапрыемства, а ўстойлівы і тэхналагічна прадуманы элемент чыгуначнай ваеннай лагістыкі, разлічаны на працяглую эксплуатацыю”, – высвятлілі ў “Супольнасці”.

Там мяркуюць, што ў сукупнасці гэтыя прыклады ўказваюць не на разрозненыя або сітуатыўныя мерапрыемствы, а на паслядоўнае і сістэмнае пашырэнне ваеннай інфраструктуры і лагістычнай прысутнасці Узброеных Сіл Расіі ў Беларусі, якое рэалізуецца як праз паскораныя падрыхтоўчыя рашэнні, так і праз капітальныя доўгатэрміновыя праекты.

Фотакалаж “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”

У Клімавіцкім і Крычаўскім раёнах з’явіліся расійскія ваенныя

Расійскія ваенныя ў Клімавіцкім і Крычаўскім раёнах займаюцца аднаўленнем былых вайсковых аб’ектаў.

Як распавяла mogilev.media дасведчаная крыніца, у цяперашні час на тэрыторыі Клімавіцкага раёна каля вёскі Барсукі ідзе аднаўленне былога вайсковага аэрадрома і ваеннага гарадка пры ім. Пасля развалу Савецкага саюза гэты аэрадром, прызначаны менавіта для вайсковай авіяцыі, был закінуты, занядбаны і нават часткова раскрадзены. 

Цэны на кватэры ў ваенным гарадку істотна знізіліся, і тыя, хто хацеў іх прадаць, па сутнасці, аддавалі за бесцань. Цяпер жа, паколькі аэрадром пачалі рамантаваць і аднаўляць, цэны на жыллё ў Барсуках пайшлі ўгору. У сваю чаргу, на аэрадроме ўжо базуюцца верталёты, усталяваны лакатары.

Па сцвярджэннях мясцовых жыхароў, аднаўленчымі працамі займаюцца расійскія ваенныя. Сярод іх афіцэры і салдаты, а тэхніка – з 21-га расійскага рэгіёна, гэта значыць, з Чувашскай рэспублікі. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што расійскія вайскоўцы – славянскай знешнасці. Беларусы робяць вывад, што такіх прыслалі ў магілёўскую глыбінку для таго, каб якая-небудзь азіяцкая ці каўказская знешнасць не кідалася ў вочы мясцоваму люду.

Акрамя таго, пад Крычавам пачалося аднаўленне месца, дзе раней таксама дыслакавалася вайсковая частка. Гэтае месца мае назву Крычаў-2. У аднаўленні гэтай ваеннай базы таксама прымаюць актыўны ўдзел расійскія вайскоўцы. 

Мясцовыя назіральнікі мяркуюць, што актыўнасць расіян ў тых мясцінах, магчыма, звязана з заявамі аб размяшчэнні ў Беларусі ракетнага комплекса “Арэшнік”. Агулам жа з’яўленне і актыўнасць расійскіх вайскоўцаў выклікае трывогу ў насельніцтва Клімавіцкага і Крычаўскага раёнаў.

Фотаздымак: o001oo.ru

Жыхар Крычаўскага раёна загінуў, адправіўшыся забіваць ўкраінцаў

Ураджэнец вёскі Зуі Крычаўскага раёна загінуў на расійска-ўкраінскай вайне, ваюючы на баку акупантаў.

У спісе загінулых наймітаў расійскай арміі, які вядзецца ўкраінскім праектам “Хачу жыць”, знайшлі імя Сяргея Клімянкова. 

Пры гэтым у Беларусі ён лічыўся зніклым без вестак ад 7 лістапада 2024 года і нібыта знаходзіўся на тэрыторыі Расіі. Яго шукаў рэсурс “ПСО-Беларусь”. 10 студзеня 2025 года там жа з’явілася паведамленне, што Клімянкоў загінуў.

Паводле праекта “Хачу жыць”, беларус загінуў 1 снежня 2024 года, ваюючы на баку расійскай арміі, забіваючы ўкраінцаў і захопліваючы іх зямлю. Яму быў 51 год.

Фота: ПСО-Беларусь