Загадкавыя вучэнні – у Чавускім раёне шукаюць людзей з сінімі павязкамі

У Чавускім раёне аб’яўлены вучэнні. Жыхароў рэгіёна просяць звярнуць увагу на адну важную дэталь. “Калі вы сустрэнеце людзей з сінімі павязкамі на рукавах, неабходна тэрмінова паведаміць у міліцыю па тэлефоне 102” – гаворыцца ў лаканічным паведамленні раённай газеты. Іншых падобных вучэнняў у раёнах Магілёўскай вобласці пакуль не аб’яўлялася.
Сінія павязкі на рукавах (а таксама жоўтыя і зялёныя) з’яўляюцца знакамі адрознення украінскіх вайскоўцаў яшчэ з часоў антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе 2014 года. Першапачаткова жоўтымі павязкамі пазначалі сябе ўкраінскія вайскоўцы, а сінімі – байцы Нацыянальнай гвардыі.

Фота з адкрытых крыніц

Вайсковы дрон трапіў у гараж у Чавускім раёне

Раніцай 3 чэрвеня 2026 года беспілотнік трапіў у гараж у вёсцы Благавічы Чавускага раёна.

Паводле тэлеграм-канала “Рэальная Беларусь”, пацярпелых ад удару дрона няма, але ў бліжэйшых дамах павыбіла вокны. У хуткім часе ў вёску прыбылі сілавікі і затрымалі мужчыну, які спрабаваў зняць здарэнне на тэлефон.

Нагадаем, што 16 верасня 2025 года расійскі дрон упаў на ўсходзе Магілёўшыны. Падзенне ваеннага беспілотніка суправаджалася грохатам. Больш дакладнае месца падзенне дрона вядома рэдакцыі, але з прычыны бяспекі крыніц інфармацыі, мы не ўказваем яго ў гэтым тэксце.

Паводле сведак, гэта быў першы такі выпадак на Магілёўшчыне. Пры гэтым, мясцовым жыхарам на тэлефоны прыходзілі СМС-паведамленні-папярэджанні “аб нераспаўсюдзе недакладнай інфармацыі”. Як казалі сведкі, гэтыя папярэджанні паступалі ад спецслужб.

Ілюстратыўны фотаздымак: “Рэальная Беларусь”

Трагедыя ў Чавусах – пад коламі аўтобуса загінула пажылая пара

На пляцоўцы аўтастанцыі ў Чавусах аўтобус без кіроўцы адвольна пачаў рух, загінулі два чалавекі.

Трагедыя адбылася раніцай 16 траўня 2026 года. 41-гадовы кіроўца не заглушыў рухавік, не прыняў мер па недапушчэнні адвольнага руху аўтобуса і пакінуў яго, пайшоўшы адзначаць пуцявы ліст. 

Тым часам транспартны сродак самаадвольна пачаў рух і наехаў на сямейную пару 70 і 66 гадоў, якія ішлі па пляцоўцы аўтастанцыі і не маглі заўважыць аўтобус, бо ён знаходзіўся за іх спінамі.

Следчыя сцвярджаюць, што папярэдне ўстаноўлена нібы кіроўца нейкім чынам спрабаваў прадухіліць рух аўтобуса. Тым не менш узбуджана крыінальная справа па артыкуле аб парушэнні дарожнага руху, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці двух асоб.

Скрыншот: ТГ Следчага камітэта

Прадаўшчыца ў Чавускім раёне крала з крамы грошы і прадукты дзеля ставак

Жыхарка Чавускага раёна захапілася гульнямі ў анлайн-казіно і стаўкамі ў букмекерскіх канторах. Калі дзіцячай дапамогі стала не хапаць, яна ўладкавалася прадаўцом і пачала прысвойваць маёмасць крамы.

Гісторыя гэта пачалася з таго, што жыхарка Чавусаў знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.

У гэты час яна заахвоцілася да імгненных інтэрнэт-латарэй і ставак у анлайн-казіно. На азартныя гульні сыходзілі значныя сумы. Тады жанчына уладкавалася прадаўшчыцай у краму раённага спажывецкага таварыства. Аднак сама праца не вырашыла праблему з гульнямі.

З верасня 2025 года па студзень 2026 года прадаўшчыца выкрадала з гандлёвага аб’екта грошы, прадукты харчавання і алкагольныя напоі.

Усяго яна прысвоіла маёмасць гандлёвага прадпрыемства на суму больш за 11 тысяч рублёў.

Падчас пасяджэння суда абвінавачаная прызнала толькі крадзеж грошай.

У выніку суд прыгаварыў іграманку да:

  • 2 гадоў абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  • штрафу ў памеры 40 базавых велічынь;
  • забароны на 3 гады займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю.

Акрамя таго жанчыне давядзецца вярнуць райпо 1,6 тысячы рублёў, каб цалкам пакрыць прычыненую шкоду.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Спартак з Чавус: як магілёўскія ўцекачы далі Галівуду вялікага бунтара

Кірк Дуглас не толькі сыграў вялікага бунтара ў кіно, ён і ў жыцці быў бунтаром. Відавочна даліся знаць магілёўскія карані.

У 1960 годзе зорка Галівуда пайшла на скандал дзеля прынцыпу – наняў забароненага сцэнарыста і запатрабаваў унесці яго імя ў тытры. Пагрозы канца кар’еры яго не спынілі. Гэтым чалавекам быў Кірк Дуглас – сын яўрэяў з Чавус Магілёўскай губерні, якія ўцяклі ад галечы і пагромаў у ЗША.

З Чавус – у трушчобы Нью-Ёрка

Бацькі Кірка Дугласа – Хершэл і Брына Данілавічы выраслі ў Чавусах Магілёўскай губерні. На пачатку XX стагоддзя адтуль уцякла большасць яўрэйскіх сем’яў: адных выціскалі пагромы, іншых – проста галеча і адсутнасць будучыні.

Данілавічы аселі ў Амстэрдаме, штат Нью-Ёрк. Бацька стаў стар’ёўшчыкам – ездзіў па вуліцах на павозцы і скупляў анучы, кавалкі металу, ламачча. Дзевятага снежня 1916 года ў яго нарадзіўся адзіны сын – Ісур Данілавіч. У сваёй аўтабіяграфіі «Сын старьевщика» Дуглас пісаў пра гэта.

Дзяцінства яго было цяжкім. Хлопчык гандляваў снекамі каля фабрычных варот, разносіў газеты, змяніў, паводле ўласных слоў, больш за сорак работ. Дома гаварылі на ідышы. Амерыку асвойваў з нуля. Праз гады ён паступіў у Амерыканскую акадэмію драматычнага мастацтва, узяў псеўданім Кірк Дуглас – і пачаў кар’еру, пра якую ў Чавусах ніхто б не марыў.

Зорка з трушчоб

Дуглас хутка стаў адным з самых запатрабаваных акцёраў Галівуда. Яго ведалі за выбухны тэмперамент на экране і ўменне іграць складаных, супярэчлівых персанажаў – баксёраў, салдат, авантурыстаў. Амерыканскі кінаінстытут уключыў яго ў спіс 17 найвялікшых акцёраў у гісторыі амерыканскага кіно.

Галоўныя ролі, якія прынеслі яму сусветную славу:

  • «Чэмпіён» (1949) – першая намінацыя на «Оскар», роля беспрынцыповага баксёра;
  • «Сцежкі славы» (1957) – антываенная драма Стэнлі Кубрыка, дзе Дуглас сыграў афіцэра, які абараняе салдат ад ваеннага трыбунала;
  • «Спартак» (1960) – гістарычны эпас пра паўстанне рабоў, які стаў не толькі касавым хітом, але і палітычным жэстам;
  • «Прага жыцця» (1956) – роля Ван Гога, за якую крытыкі называлі яго найлепшым акцёрскім пераўвасабленнем дзесяцігоддзя.

Чорны спіс і выбар, які ледзь не каштаваў кар’еры

У канцы 1940-х у Галівудзе разгарнулася сапраўднае паляванне на ведзьмаў. Камісія па расследаванні антыамерыканскай дзейнасці (КРАД) выклікала рэжысёраў, акцёраў і сцэнарыстаў на допыты – шукала «камуністаў». Дзесяць чалавек адмовіліся адказваць на пытанні і трапілі ў турму. Сярод іх – бліскучы сцэнарыст Долтан Трамба.

Пасля выхаду з турмы Трамба апынуўся ў «чорным спісе»: ніводная студыя не мела права наймаць яго адкрыта. Ён пісаў пад псеўданімамі. Два яго сцэнарыі атрымалі «Оскар» – але з чужымі імёнамі на канвертах. Адзін з іх – «Рымскія канікулы», быў прызнаны найлепшым сцэнарыем 1953 года, хаця імя сапраўднага аўтара свет не ведаў яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў.

У 1959 годзе Кірк Дуглас наняў Трамба пісаць сцэнарый «Спартака» і заключыў кантракт на сапраўднае імя аўтара.

Калі фільм выйшаў у 1960 годзе, у тытрах стаяла: сцэнарый Далтона Трамба.

Дугласу адкрыта пагражалі, папярэджвалі, што гэта канец кар’еры, называлі «аматарам камуністаў».

Кірк не адступіў. І аказаўся правы: кінатэатры былі перапоўнены. Неўзабаве абраны прэзідэнт Джон Кенэдзі перасёк пікет пратэстоўцаў і публічна паглядзеў «Спартака» – фактычна падтрымаўшы рашэнне Дугласа.

Галівудскі чорны спіс пачаў рассыпацца. У 1991 годзе Гільдыя сцэнарыстаў узнагародзіла Дугласа спецыяльнай прэміяй менавіта за гэты ўчынак.

Нашчадкі Чавус у Галівудзе

Кірк Дуглас пражыў 103 гады і памёр 5 лютага 2020 года. Яго сын Майкл Дуглас – уладальнік двух «Оскараў» – таксама стаў адной з галоўных зорак сусветнага кіно.

Што вядома пра магілёўскую галіны сям’і Дугласаў:

  • агульны продак сям’і – Ісер з Чавус, які вазіў пасажыраў паміж Чавусамі і Магілёвам. У яго было дванаццаць сыноў, дзесяць з якіх з’ехалі за акіян;
  • у Магілёве да нядаўняга часу жыў дваюрадны сваяк Кірка – Міхаіл Даніловіч. Паводле яго слоў, бацька з дзяцінства казаў яму: гэта іграе сын або ўнук Хершэла;
  • Кірк Дуглас спрабаваў аднавіць сямейнае дрэва і адшукаў магілёўскую галіны сям’і, але сустрэчы перашкодзіла хвароба. Праз пасярэдніка ён перадаў Міхаілу Даніловічу сямейную фатаграфію;

Сям’я, якая ўцякла з Магілёўскай губерні ад пагромаў і галечы, дала свету акцёра, які трапіў у спіс найвялікшых зорак Галівуда. І які, у адрозненне ад многіх, не прамаўчаў, калі гэта было вельмі небяспечна і вельмі важна. Сын старызніка з Чавус сыграў Спартака. І сам быў ім у жыцці.

Фота з адкрытых крыніц.

Жыхара Чавус будуць судзіць за паклёп на бездакорнага Лукашэнку

Жыхара Чавус судзяць за відэа – на фоне санкцый і міжнароднага расследавання супраць героя гэтага відэа.

У Чавусах 45-гадовага мясцовага жыхара будуць судзіць за «паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі. Паводле версіі пракуратуры, ён размясціў у «ВКонтакте» відэаролік, у якім утрымліваліся абвінавачанні ў яго адрас. Крымінальная справа ўжо накіравана ў суд (дарэчы ў той самы, які нядаўна хлусіў пра экстрэмізм у гербе «Пагоня»), мужчына пакінуты пад вартай. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Пра прысуд на дадзены момант не паведамляецца.

І вось тут узнікае пытанне, якое ў самой Беларусі фактычна забаронена: а чаму сумненню падлягае толькі чалавек, які апублікаваў відэа – але не той, пра каго ў гэтым відэа ідзе гаворка?

Таму што ў рэальнасці Лукашэнка – не проста «абаронены законам прэзідэнт». Ён і яго атачэнне знаходзяцца пад санкцыямі за сістэматычныя рэпрэсіі, падрыў дэмакратыі і парушэнні правоў чалавека. І гэта – афіцыйныя рашэнні, а не ацэнкі з сацыяльных сетак.

Больш за тое, сітуацыя па Беларусі перададзена ў Міжнародны крымінальны суд. Гаворка ідзе пра расследаванне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці – уключаючы палітычны пераслед. То бок абвінавачанні ў адрас беларускіх уладаў ужо разглядаюцца на міжнародным узроўні.

На гэтым фоне крымінальная справа супраць жыхара Чавус выглядае не як абарона гонару і годнасці, а як інструмент. У Беларусі чалавека судзяць за «паклёп» на Лукашэнку – у сістэме, дзе ён сам фарміруе судовую вертыкаль праз прызначэнне суддзяў.

У выніку маем цікавую канструкцыю:

  • адзін чалавек сядзіць у СІЗА за відэа ў інтэрнэце;
  • другі, знаходзячыся пад санкцыямі і ў полі міжнароднага расследавання, вызначае, хто будзе яго судзіць.

У такой сістэме пытанне «А Лукашэнка нічога не здзяйсняў?» – гэта ўжо не меркаванне. Гэта падстава для крымінальнай справы. Дагадайцеся з трох разоў: хто насамрэч павінен сядзець на лаве падсудных?

Фота БелТА.

Суд у Чавусах схлусіў наконт “экстрэмізму” герба “Пагоня”

Афіцыйная гісторыка-культурная каштоўнасць герб “Пагоня” па меркаванні Чавускага раённага суда ўжо два з паловай гады лічыцца экстрэмісцкай, але гэта хлусня.

25 сакавіка ў чавускай раёнцы “Іскра” з’явілася паведамленне, што былы беларускі дзяржаўны герб “Пагоня”, які акрамя таго, яшчэ ёсць і гісторыка-культурнай каштоўнасцю, аказваецца яшчэ ў верасні 2023 года прызнаны экстрэмісцкім. 

Жаданне вынішчыць гістарычную памяць беларусаў у правінцыйных пракурораў і суддзяў ужо выклікае толькі горкі смех. Праўда, здзіўляцца гэтаму не варта, бо па выказаных глупстах і хлусні ім ёсць на каго раўняцца – на таго, хто больш за 30 гадоў ніяк не можа адарвацца ад улады.

Вось і цяпер яны зрабілі чарговую спробу дацягнуцца да свайго куміра. Спачатку 12 сакавіка 2025 года яны прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі восем стыкераў з тэмай пратэстаў 2020 года. Аднак проста прызнаць стыкеры з заклікамі “Саня, уходи”, “Батьку” в отстойник”, “Я гуляю” ці “Жыве Беларусь” неяк трывіяльна. А калі ўбачыць у гэтых выявах праслаўленне калабарцыянісцкіх дзеячаў часоў нямецка-савецкай вайны, то тым самым адразу можна звярнуць на сябе ўвагу і паспрыяць з’яўленню пытання з зайздрасцю: “А што ж яны там кураць?”.

Але на гэтым “антыэкстрэмісцкі” ўгар чавускіх пракурораў і суддзяў не заканчваецца. 17 сакавіка 2026 года яны прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі тэлеграм-канал “Сымболіка Бытумі”. Гэта свайго роду міні-маркетплейс з 34 падпісчыкамі, дзе прадаецца беларуская і ўкраінская сімволіка на значках, біжутэрыі, цішотках, таксама могуць быць кнігі, торбы і розныя гаспадарчыя рэчы. Такі мікрабізнес, скіраваны на нацыянальна-арыентаваных беларусаў і, па магчымасці, украінцаў. І зноў жа проста прызнаць тыя цішоткі і торбы экстрэміскімі – гэта зусім блякла і нецікава. А вось калі да гэтага яшчэ заявіць, што герб “Пагоня” на гэтай прадукцыі таксама экстрэмісцкі, то тут ўвагу на чавускіх салдафонаў у пракурорскіх мундзірах і судзейскіх мантыях людзі адразу звернуць. 

А для стварэння ўражання, што рашэнне аб экстрэмізме “Пагоні” прынята даўно, можна і “прыцягнуць за вушы” нейкае ранейшае судовае рашэнне. “В указанном Telegram-канале публикуются изображения логотипа (эмблемы) «Пагоня», признанной решением суда Центрального района г.Минска 12.09.2023 экстремистским материалом” – сцвярджаюць у Чавусах і тым самым проста хлусяць. 

Каб упэўніцца ў пракурорскай хлусні варта зазірнуць у тое рашэнне мінскага суда. І там аказваецца, што экстрэмісцкімі прызнаны “Информационная продукция, символика и атрибутика “Рады БНР” и первого заместителя председателя “Рады БНР” С.Наумчика, размещенная на информационных ресурсах:  сайте “Рады БНР”(…).

Символика и атрибутика “Рады БНР”: орден Железного рыцаря; медали “Ордена Погони”, “За боевые заслуги” и медаль к 100-летию БНР, их цифровые изображения”. 

І ўсё, больш 12 верасня 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінску ніякую прадукцыю экстрэміскай не прызнаваў. Адпаведна і прызнання экстрэмісцкім герба “Пагоня” няма. 

Але пакуль у Беларусі не да законаў, то адказнасці за такую хлусню чавускія суддзі і пракуроры ніякай не панясуць.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Сказ пра тое, як у Чавусах печ рамантавалі і кралі металалом

Пераказ міліцэйскага пратакола чавуская “раёнка” ператварыла ў займальны дэтэктыў. Як казаў класік, змяркалася…

Сутнасць справы простая, як веласіпедная спіца. Жыхарка Чавус скарысталася тым, што сусед выкарыстоўваў дом пад дачу і доўгі час там не з’яўляўся.

Суседка са сваім знаёмым вывезлі з чужога прысядзібнага ўчастка металалом і здалі яго ў прыёмны пункт. Выручылі ўсяго сто рублёў. Штраф – 30 базавых велічынь.

Пры гэтым памочнік злодзейкі не ведаў пра тое, што яго ўцягнулі ў цёмную гісторыю.

Аднак журналісты Чавус, распавядаючы гэтую гісторыю, пачалі танцаваць, як кажуць, ад печкі. У літаральным сэнсе.

Высветлілася, што “раней 49-гадовы жыхар Чэрыкава выконваў работы па рамонце печы ў доме жанчыны. У адзін з дзён, падымаючыся на дах, каб дапамагчы знаёмаму з рамонтам, жанчына звярнула ўвагу на кучу металалому на ўчастку суседа. Спакуса аказалася занадта вялікай”.

Далей, як водзіцца, супрацьпраўныя дзеянні, экспертыза і суд.

Застаецца адкрытым пытанне: якім бокам да ўсёй гэтай справы няшчасны 49-гадовы печнік? Нам разабрацца не ўдалося. Можа чытачы паспрабуюць?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Склад як прахадны двор. Жыхара Чавусаў злавілі дзякуючы фотапастцы

Фотапастка дапамагла міліцыі затрымаць на месцы злачынства выкрадальнікаў камбікорму са склада сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Чавускім раёне.

Камеру на складзе аднаго з чавускіх калгасаў усталявалі толькі пасля серыі крадзяжоў, якія адбываліся на фактычна неахоўным складзе.

60-гадовы жыхар Чавусаў, які раней працаваў на гэтым прадпрыемстве, добра ведаў, дзе і як захоўваецца камбікорм для цялят.

Склад знаходзіўся на аддаленні ад іншых будынкаў фермы, тэрыторыя не была агароджаная, аховы не было, а замкі на дзвярах былі чыста сімвалічнымі. Па сутнасці памяшканне было прахадным дваром.

У лістападзе 2025 года мужчына пяць разоў уначы пранікаў унутр, адціскаючы створкі дзвярэй. Адзін раз дзейнічаў адзін, яшчэ чатыры – разам з саўдзельнікам. Кожны раз яны выносілі па два мяшкі камбікорму.

Выкрадзены корм прадавалі мясцовым жыхарам, тлумачачы, што ён нібыта атрыманы ў лік зарплаты. Грошы трацілі на прадукты і алкаголь.

Пасля чарговага крадзяжу на складзе ўсталявалі фотапастку. Дзякуючы ёй асобы падазраваных удалося ўстанавіць, а саміх мужчын затрымалі на месцы злачынства пры спробе прадаць выкрадзенае.

Суд прызнаў жыхара Чавусаў вінаватым у крадзяжы, учыненым групай асоб, і прызначыў штраф у памеры 30 базавых велічынь. Таксама задаволены пазоў аб кампенсацыі шкоды сельгаспрадпрыемству ў памеры 288 рублёў.

Акрамя таго, вынесена прыватная пастанова ў адрас раённага ўпраўлення па сельскай гаспадарцы з-за парушэнняў у працы сельгаспрадпрыемства, якія спрыялі здзяйсненню злачынства.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Жыхар Чавускага раёна выпадкова выпіў антыфрыз, упаў у кому і памёр

Пенсіянер з Чавусаў зрабіў некалькі глыткоў антыфрызу і праз пяць дзён памёр.

69-гадовы жыхар Чавускага раёна падчас рамонту аўтамабіля выпадкова зрабіў некалькі глыткоў антыфрызу. Гэта адбылося ўвечары і мужчына не стаў адразу звяртацца па медыцынскую дапамогу.

Раніцай яго стан рэзка пагоршыўся: з’явіліся болі ў жываце, дыхавіца, млоснасць і ваніты. Пенсіянера ў цяжкім стане шпіталізавалі ў бальніцу ў Магілёве. Нягледзячы на лячэнне, яго стан працягваў пагаршацца, і на пяты дзень ён памёр, знаходзячыся ў коме.

Судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што смерць наступіла ад вострай нырачнай недастатковасці, выкліканай атручваннем этыленгліколем – атрутным рэчывам, якое знаходзіцца ў складзе антыфрызаў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.