“Пацуковы кіпцюр” у брэсцкай крывянцы знайшоў магілёвец

Частуючыся крывянкай з Брэсцкага мясакамбіната магілёвец ледзьве не праглынуў частку свіной косткі, якую прыняў за кіпцюр пацука.

Беларускія мясныя вырабы, якія шмат хто лічыць ледзьве не паказчыкам якасці, насамрэч часцяком хаваюць небяспеку для здароўя. У адным з папярэдніх артыкулаў мы распавядалі пра кавалак алюмініевага дроту ў калбасе з Магілёўскага мясакамбіната. Цяпер – выпадак з магілёўцам Аляксеем, пра які ён расказаў журналістам.

Колца “Сялянскай” ад Брэсцкага мясакамбіната мужчына купіў у краме “Родны кут” на Грышына, 118. Гэта было ў суботу, 13 чэрвеня. Паводле магілёўца, ён там набыў ліверку і крывянку. 

Мужчына распавёў, што такую каўбасу ён ніколі не рэжа. У выніку “кіпцюр” папаў адразу ў рот. “Ужо даядаў, як адчуў нешта. Дастаў з рота “гэта!“ і выплюнуў. Мяне ледзь не вырвала! Рэшткі аддаў сабаку”, – пракаментаваў ён.

Прычым пакупнік не паляніўся вярнуцца ў магазін і распавесці аб здарэнні. Прадавец таксама была ў шоку. У Брэсцкі мясакамбінат тым жа днём не датэлефанаваліся.

Потым журналісты “Магілёў.Анлайн” звязаліся з аддзелам маркетынгу Брэсцкага мясакамбіната, які адказвае за скаргі. Там адразу ж запыталі ўсю інфармацыю і панеслі яе на вытворчасць. Прапанавалі вярнуць “гэты прадмет” для экспертызы.

Паводле папярэдняй ацэнкі тэхнолагаў, гэта магла быць частка свіной косткі пад’язычнай з храсткамі гартані і трахеі, якую выкарыстоўваюць у вырабе каўбасы – яна больш за ўсё падобная. Але адназначна не кіпцюр, запэўнілі ў Брэсцкім мясакамбінаце. Магчыма, спрацаваў чалавечы фактар – гэта высвятляць па камерах, якія ёсць на ўсіх этапах вытворчасці, і дэпрэмуюць вінаватага. 

Аднак каб дакладна зразумець, неабходна забраць прадмет на лабараторнае даследаванне. Яго дастаўку паабяцалі арганізаваць.

Фотаздымак: ТГ “Магілёў.Анлайн”

У балоце пад Глускам знайшлі цела пенсіянера, што знік у мінулым годзе

Цела пенсіянера, што знік без вестак у кастрычніку 2025 года, знайшоў у балоце каля вёскі Баравішча Глускага раёна мясцовы грыбнік. Як высветлілася, восенню мінулага года загінуўшы разам з жонкай адправіўся па грыбы ў лес каля вёскі Ольніца і заблукаў. Маштабныя пошукі, арганізаваныя ў той час, выніку не далі. Мужчына лічыўся зніклым без вестак.  Цяпер жа цела пенсянера 1941 года было заўважана ў балоце ў чатырох метрах ад берага. 

Фота: АСВОД

Чатырнаццатая смяротная лабавая аварыя за тры гады – што адбываецца на трасах Магілёўшчыны

Днём 13 чэрвеня ў Чэрыкаўскім раёне каля аграгарадка Рэчыца адбылося смяротнае ДТЗ. Пад кіраваннем 52-гадовага гамяльчаніна мікрааўтобус Mercedes-Benz Sprinter выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з лесавозам. Кіроўца загінуў на месцы, а яго 22-гадовы сын, што ехаў на пасажырскім сядзенні, быў дастаўлены ў лякарню з траўмамі.
Лабавыя сутыкненні на гэтай двухпалоснай трасе сталі ўжо звычайнай справай. За апошнія тры гады на Р-43, што ідзе ад мяжы з РФ праз Крычаў на Бабруйск, адбылося шэсць аварый з ахвярамі, чатыры з якіх – гэта лабавыя сутыкненні пры абгоне. 

Усяго па Магілёўскай вобласці за перыяд з 2023 па 2026 год налічваецца чатырнаццаць лабавых аварый, пры якіх загінулі альбо моцна пацярпелі людзі.

Ажыўленыя двухпалосныя дарогі, загружаныя ціхаходнай цяжкай тэхнікай, штогод гуляюць у латэрэю з магілёўскімі кіроўцамі, цана якой – жыццё.

Фота: ДАІ

У Глуску механік медустановы прадаў службовае аўто пад выглядам свайго

Механік глускай медустановы трапіў пад крыміналку за прысабечванне і продаж службовага аўтамабіля ВАЗ.

Парушэнне выявілася падчас праверкі, якую праводзілі пракуроры ў складзе міжведамаснай рабочай групы. Вывучаючы бухгалтарскія дакументы і стан захаванасці маёмасці, правяраючыя заўважылі недахоп аднаго з транспартных сродкаў.

Як высветлілася, яшчэ ў 2024 годзе механік скарыстаўся недастатковым кантролем за спісаннем і далейшай рэалізацыяй аўтатранспарту. Ён незаконна завалодаў службовым аўтамабілем ВАЗ, які належаў медыцынскай установе.

Праз некалькі месяцаў, вясной 2025 года, мужчына прадаў машыну жыхару Слуцкага раёна. Пры гэтым пакупніку аўтамабіль быў прадстаўлены як асабістая маёмасць прадаўца.

У выніку дзеянняў механіка медыцынскай установе быў нанесены матэрыяльны ўрон на суму больш за шэсць тысяч рублёў.

Пракурор Глускага раёна ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле аб завалоданні маёмасцю шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Цяпер следству належыць высветліць усе абставіны гісторыі, у якой службовы аўтамабіль нечакана ператварыўся ў «асабісты» і змяніў уладальніка без ведама сапраўднага гаспадара.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Няўдалы начны ўгон у Круглянскім раёне

Жыхар Круглянскага раёна ўгнаў аўтамабіль аднавяскоўца, але ўехаў у слуп і спаліў машыну.

Для аднаго жыхара Круглянскага раёна раніца пачалася з непрыемнага сюрпрызу. Пакуль мужчына яшчэ спаў і не ведаў, што яго Peugeot 405 знік са двара, у суседняй вёсцы ратавальнікі ўжо тушылі гэты аўтамабіль, які пасля аварыі ператварыўся ў груду абгарэлага металу.

Як высветлілася пазней, начны «аўтапрабег» арганізаваў 38-гадовы аднавясковец гаспадара машыны. Паводле матэрыялаў следства, позна ўвечары мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, вырашыў наведаць знаёмага ў суседняй вёсцы. Ісці пешшу не хацелася. Тады ён успомніў пра суседскі Peugeot, які стаяў каля дома.

Аўтамабіль аказаўся незамкнутым, а ключ заставаўся ў замку запальвання. Такую спакусу вясковец праігнараваць не змог. Аднак паездка доўжылася нядоўга. Прыкладна за чатыры кіламетры ад месца ўгону кіроўца не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў апору лініі электраперадачы. Ад удару машына загарэлася, а слуп паваліўся на яе.

Пажарныя, якія прыбылі на месца, агонь патушылі, але выратаваць аўтамабіль ужо не змаглі. Peugeot аднаўленню не падлягае.

Цікава, што ўгоншчык не атрымаў сур’ёзных траўм. Пакінуўшы разбітую і ахопленую полымем машыну, ён проста пайшоў дадому пешшу. Аднак доўга шукаць яго не давялося. Гаспадар аўтамабіля адразу западозрыў свайго аднавяскоўца. Версію пацвердзілі і сабраныя доказы. На месцы ўгону эксперты выявілі сляды абутку. Экспертыза паказала, што яны супадаюць з падэшвай красовак падазраванага.

Міліцыя затрымала ўгоншчыка па месцы яго жыхарства. Дарэчы, раней ён ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за ўгон чужога транспарту. Узбуджана крымінальная справа.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

У будынак станцыі Галынец трапіла маланка

Увечары 9 чэрвеня здарылася прамое траплянне маланкі ў дах бытавога будынка на тэрыторыі чыгуначнай станцыі Галынец у Магілёўскім раёне. Гэта прывяло да пажару,

загарэўся дах. Каб патушыць пажар, ратавальнікам давялося задзейнічаць чатыры адзінкі тэхнікі МНС. Унутры будынка на момант пажару нікога не было, ніхто не пацярпеў.

Фота ведамаснага сайта МНС.

У Бабруйску эвакуіравалі будаўнікоў, якія захраслі на вышыні 19 метраў

Ратавальнікі ў Бабруйску эвакуіравалі двух будаўнікоў на вуліцы Сацыялістычнай. 

Мужчыны захраслі ў будаўнічай люльцы паміж паверхамі дома, які будуецца, на адзнацы каля 19 метраў.

Прыбыўшыя на месца работнікі МНС задзейнічалі аўтакаленчаты пад’ёмнік.

Будаўнікоў паспяхова эвакуіравалі на зямлю. 

У медыцынскай дапамозе выратаваныя не мелі патрэбы.

Фота: скрыншот відэа тэлеграм-канала МНС Беларусі.

Бабруйчанін прыглядаў за кватэрай пенсіянеркі і абрабаваў яе

У Бабруйску мясцовы жыхар абрабаваў пакінутую на яго кватэру пакуль гаспадыня была на лячэнні.

Больш за 1800 рублёў знікла ў 81-гадовай бабруйчанкі, якая апынулася на лячэнні ў бальніцы. За кватэрай у адсутнасць пенсіянеркі прыглядалі 51-гадовы мужчына і яго сужыцелька. Паводле звестак праваахоўнікаў, бабруйчанін даведаўся, дзе гаспадыня захоўвае свае зберажэнні, і забраў грошы сабе.

Прапажу пенсіянерка выявіла пасля вяртання дадому і звярнулася ў міліцыю. Падазраванага выявілі хутка. Аказалася, што ўсе выкрадзеныя грошы мужчына паспеў прайграць у гульнявых аўтаматах.

У дачыненні да нячыстага на руку памочніка распачатая крымінальная справа.

Фотаздымак: shutterstock

Вайсковы дрон трапіў у гараж у Чавускім раёне

Раніцай 3 чэрвеня 2026 года беспілотнік трапіў у гараж у вёсцы Благавічы Чавускага раёна.

Паводле тэлеграм-канала “Рэальная Беларусь”, пацярпелых ад удару дрона няма, але ў бліжэйшых дамах павыбіла вокны. У хуткім часе ў вёску прыбылі сілавікі і затрымалі мужчыну, які спрабаваў зняць здарэнне на тэлефон.

Нагадаем, што 16 верасня 2025 года расійскі дрон упаў на ўсходзе Магілёўшыны. Падзенне ваеннага беспілотніка суправаджалася грохатам. Больш дакладнае месца падзенне дрона вядома рэдакцыі, але з прычыны бяспекі крыніц інфармацыі, мы не ўказваем яго ў гэтым тэксце.

Паводле сведак, гэта быў першы такі выпадак на Магілёўшчыне. Пры гэтым, мясцовым жыхарам на тэлефоны прыходзілі СМС-паведамленні-папярэджанні “аб нераспаўсюдзе недакладнай інфармацыі”. Як казалі сведкі, гэтыя папярэджанні паступалі ад спецслужб.

Ілюстратыўны фотаздымак: “Рэальная Беларусь”

У Магілёве загарэўся цэх завода “Электрарухавік”

Пажарныя ліквідавалі агонь у цаху завода “Электрарухавік”, дзе вечарам 2 чэрвеня адбылося ўзгаранне.

Згодна паведамленню МНС, пажар узнік на заводзе па вуліцы Каралёва, пры гэтым назва завода не паведамлялася. У той жа час на гэтай вуліцы знаходзіцца толькі адзін завод – “Электрарухавік”, які з’яўляецца філіялам “Магілёўліфтмаша”.

Задымленне было выяўлена ў вентыляцыйным корабе аднаго з цэхаў. На момант узнікнення пажару цэх працаваў, унутры знаходзіўся адзін чалавек. Мужчына самастойна пакінуў будынак.

Узгаранне было аператыўна ліквідавана. Пацярпелых няма. У выніку пажару пашкоджана сістэма мясцовай вентыляцыі. Прычына здарэння высвятляецца.

Скрыншот mogilev.mchs.gov.by