У Глуску механік медустановы прадаў службовае аўто пад выглядам свайго

Механік глускай медустановы трапіў пад крыміналку за прысабечванне і продаж службовага аўтамабіля ВАЗ.

Парушэнне выявілася падчас праверкі, якую праводзілі пракуроры ў складзе міжведамаснай рабочай групы. Вывучаючы бухгалтарскія дакументы і стан захаванасці маёмасці, правяраючыя заўважылі недахоп аднаго з транспартных сродкаў.

Як высветлілася, яшчэ ў 2024 годзе механік скарыстаўся недастатковым кантролем за спісаннем і далейшай рэалізацыяй аўтатранспарту. Ён незаконна завалодаў службовым аўтамабілем ВАЗ, які належаў медыцынскай установе.

Праз некалькі месяцаў, вясной 2025 года, мужчына прадаў машыну жыхару Слуцкага раёна. Пры гэтым пакупніку аўтамабіль быў прадстаўлены як асабістая маёмасць прадаўца.

У выніку дзеянняў механіка медыцынскай установе быў нанесены матэрыяльны ўрон на суму больш за шэсць тысяч рублёў.

Пракурор Глускага раёна ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле аб завалоданні маёмасцю шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Цяпер следству належыць высветліць усе абставіны гісторыі, у якой службовы аўтамабіль нечакана ператварыўся ў «асабісты» і змяніў уладальніка без ведама сапраўднага гаспадара.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Няўдалы начны ўгон у Круглянскім раёне

Жыхар Круглянскага раёна ўгнаў аўтамабіль аднавяскоўца, але ўехаў у слуп і спаліў машыну.

Для аднаго жыхара Круглянскага раёна раніца пачалася з непрыемнага сюрпрызу. Пакуль мужчына яшчэ спаў і не ведаў, што яго Peugeot 405 знік са двара, у суседняй вёсцы ратавальнікі ўжо тушылі гэты аўтамабіль, які пасля аварыі ператварыўся ў груду абгарэлага металу.

Як высветлілася пазней, начны «аўтапрабег» арганізаваў 38-гадовы аднавясковец гаспадара машыны. Паводле матэрыялаў следства, позна ўвечары мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, вырашыў наведаць знаёмага ў суседняй вёсцы. Ісці пешшу не хацелася. Тады ён успомніў пра суседскі Peugeot, які стаяў каля дома.

Аўтамабіль аказаўся незамкнутым, а ключ заставаўся ў замку запальвання. Такую спакусу вясковец праігнараваць не змог. Аднак паездка доўжылася нядоўга. Прыкладна за чатыры кіламетры ад месца ўгону кіроўца не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў апору лініі электраперадачы. Ад удару машына загарэлася, а слуп паваліўся на яе.

Пажарныя, якія прыбылі на месца, агонь патушылі, але выратаваць аўтамабіль ужо не змаглі. Peugeot аднаўленню не падлягае.

Цікава, што ўгоншчык не атрымаў сур’ёзных траўм. Пакінуўшы разбітую і ахопленую полымем машыну, ён проста пайшоў дадому пешшу. Аднак доўга шукаць яго не давялося. Гаспадар аўтамабіля адразу западозрыў свайго аднавяскоўца. Версію пацвердзілі і сабраныя доказы. На месцы ўгону эксперты выявілі сляды абутку. Экспертыза паказала, што яны супадаюць з падэшвай красовак падазраванага.

Міліцыя затрымала ўгоншчыка па месцы яго жыхарства. Дарэчы, раней ён ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за ўгон чужога транспарту. Узбуджана крымінальная справа.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

Жыхарка Дрыбіна брала адны прадукты, але плаціла за іншыя

На схеме крадзяжу, калі за адны прадукты расплочваюцца як за іншыя, папалася жыхарка Дрыбіна.

Трыццацігадовая дрыбінчанка вымысліла арыгінальную схему дробнага крадзяжу. У мясцовай гандлёвай кропцы на касе самаабслугоўвання яна ўзважвала тавары, прабіваючы іх як больш танныя. Напрыклад, магла аплаціць за каўбасу па вазе як за грушу. “Эканомія” такім чынам за некалькі месяцаў склала 800 рублёў.

Папалася жанчына, калі загадчык крамы звярнуў увагу, што ў электронным чэку яна прабіла памяло, а па факце выносіла каўбасу і мясную прадукцыю. Загадчык спыніў яе, а пасля прагледзеў камеры назірання. Была выяўлена злачынная схема з некалькімі такімі фактамі. Вынік “выгадных пакупак” – крымінальная справа за крадзеж. 

Скрыншот: ТГ ОС Exclusive

У Шклове дзяўчына афармляла крэдыты на калег, гуляла ў казіно і аддзелалася спалохам

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, 25-гадовая жыхарка Шклова працавала ў філіяле прадпрыемства электрасувязі і мела доступ да аўтаматызаванай сістэмы збору і апрацоўкі маркетынгавай інфармацыі.
Дзяўчына завалодала рэквізітамі пашпартных даных сваёй калегі і аформіла на яе анлайн-крэдыт.
Грошы ў суме 9,4 тысячы рублёў перавяла на сваю банкаўскую плацежную картку і зрабіла некалькі ставак у анлайн-казіно.
На другую калегу іграманка адкрыла ўжо тры рахункі і паспрабавала аформіць крэдытны дагавор на суму 13 тысяч рублёў. Аднак прадстаўнік банка своечасова звязаўся з будучай ахвярай і зафіксаваў яе адмову ад афармлення крэдыту.
Яшчэ на стадыі папярэдняга расследавання падазраваная кампенсавала прычыненую шкоду ў поўным аб’ёме.
Паводле заключэння судовай псіхіятрычнай экспертызы, яна пакутуе ад паталагічнай схільнасці да азартных гульняў.
Пасля вывучэння матэрыялаў справы намеснік пракурора Шклоўскага раёна меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах пакінуў без зменаў.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Апякун кацянатаў з Хоцімска папаўся на махлярстве

Абяцаючы даглядаць за нованароджанымі кацянятамі хацімчанін падмануў мінчанку на 1,5 тыс. рублёў.

Гісторыя пачалася з таго, што жыхарка сталіцы знайшла на вуліцы двух нованароджаных кацянятаў. Малечы патрабавалі пастаяннага догляду і спецыяльнага кармлення, але жанчына не мела неабходнага досведу. Таму яна звярнулася па дапамогу ў тэматычную інтэрнэт-супольнасць, дзе абмяркоўваюць праблемы бяздомных жывёл.

На заклік адгукнуўся 25-гадовы жыхар Хоцімска. Малады чалавек паведаміў, што вучыцца на ветэрынарнага ўрача і мае досвед выхаджвання нованароджаных жывёл. Яго словы падаліся пераканаўчымі.

Каб выратаваць кацянятаў, мінчанка асабіста прывезла іх у Магілёўскую вобласць. Яна таксама пагадзілася аплочваць усе выдаткі, звязаныя з доглядам і лячэннем жывёл.

Пэўны час усё выглядала цалкам праўдападобна. Хацімчанін рэгулярна паведамляў, што возіць кацянятаў у ветэрынарную клініку, купляе лекі, шпрыцы, корм і іншыя неабходныя рэчы. Для пацверджання сваіх слоў ён прасіў грошы, якія жанчына без ваганняў пералічвала на яго банкаўскую картку.

Паводле яго паведамленняў, значныя сумы ішлі нават на паездкі ў ветклініку. Часам ён заяўляў пра неабходнасць выклікаць таксі, якое нібыта каштавала ад 45 да 60 рублёў у адзін бок.

Так працягвалася некалькі тыдняў, пакуль у жанчыны не ўзніклі сумненні. Каб упэўніцца, што грошы сапраўды ідуць на дапамогу жывёлам, яна сама звязалася з ветэрынарнай клінікай. Там яе чакала непрыемнае адкрыццё. Высветлілася, што кацянятаў прывозілі да ветэрынараў толькі адзін раз – у першы дзень пасля іх перадачы новаму апекуну.

Пасля гэтага мінчанка звярнулася ў міліцыю. Праваахоўнікі затрымалі жыхара Хоцімска і распачалі супраць яго крымінальную справу па артыкуле аб махлярстве. Што сталася з кацянятамі і ў якім яны цяпер стане, афіцыйна не паведамляецца. 

Фотаздымак: ТГ ОС Exclusive

Магілёвец хацеў легалізаваць падробленыя расійскія правы

У супрацоўнікаў магілёўскай дзяржаўтаінспекцыі ўзніклі сумневы ў сапраўднасці дакумента, які 29-гадовы магілёвец прад’явіў у МРЭА ДАІ.

Гэта было вадзіцельскае пасведчанне Расійскай Федэрацыі катэгорый А і В, якое заяўнік хацеў абмяняць на беларускія правы.

Пасведчанне канфіскавалі і накіравалі ў Магілёўскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Паводле вынікаў судовай экспертызы было ўстаноўлена, што бланк вадзіцельскага пасведчання выраблены спосабам струменевага друку, а элементы абароны на ім імітаваныя.

Мужчына прызнаўся, што раней пражываў у Расіі, дзе набыў у невядомай асобы падробленае вадзіцельскае пасведчанне на сваё імя і карыстаўся ім пры кіраванні аўтамабілем.

Узбуджана крымінальная справа.

Фота ведамаснага сайта Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Магілёвец падпаў пад крыміналку, забраўшы памылкова выданыя яму грошы

Касір банка памылкова выдала магілёўцу большую суму грошай. Ён іх забраў і стаў фігуратнам крымінальнай справы.

Па якую непасрэдна грашовую аперацыю прыйшоў у банкаўскае аддзяленне 43-гадовы жыхар Магілёва, міліцыя не паведамляе. Пры гэтым адзначае, што ён атрымаў замест 20 тысяч расійскіх рублёў 70 тысяч. Іх яму памылкова выдала касір банка. 

Жанчына хутка зразумела сваю памылку, але кліент з грашыма ўжо пакінуў банк. У выніку банкаўская работніца звярнулася ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва, паведаміўшы, пра недастачу грошай пасля правядзення касавай аперацыі.

Праз непрацяглы час мужчыну выявілі, памылкова выданыя грошы вярнулі ў банк, а магілёвец стаў фігурантам крымінальнай справы па факце крадзяжу.

Скрыншот ТГ “Міліцыя Магілёўшчыны”

Касцюковіцкі фермер, які падстрэліў свайго сына, падпаў пад крымінальную справу

Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу на фермера, які выпадкова падстрэліў свайго 15-гадовага сына.

Трагічны выпадак адбыўся 24 мая 2026 года. 61-гадовы мужчына з ужываннем незарэгістраванай гладкаствольнай зброі забіваў свінню – пісалі mogilev.media. Пры гэтым па неасцярожнасці стрэліў у бок сына, які знаходзіўся побач. З цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі хлопец быў дастаўлены ў бальніцу, дзе ляжыць дагэтуль.

“Паколькі падлетак у сілу ўзросту не здольны самастойна абараняць свае правы, здзейсненае злачынства істотным чынам закранула інтарэсы дзяржавы і грамадства, пракурор распачаў крымінальную справу прыватна-публічнага абвінавачвання без адпаведнай заявы пацярпелага”, – гаворыцца ў паведамленні касцюковіцкай пракуратуры.

Цяпер мужчына абвінавачваецца ў прычыненні цяжкага цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці. Найбольшае пакаранне, якое яму пагражае – два гады абмежавання волі, т.зв. “хімія”.

Фотаздымак: Следчы камітэт РБ

За гібель стажора ў магілёўскім Парку атракцыёнаў пад крыміналку трапіў дырэктар

Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу ў адносінах да дырэктара арганізацыі адпачынку і забаў за няшчасны смяротны выпадак са стажорам.

52-гадовы дырэктар падазраецца ў службовай халатнасці, якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч.2 арт. 428 КК РБ). Згодна Крымінальнага кодэкса, пакаранне за такое злачынства прадугледжана ад абмежавання волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў да пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

Паводле інфармацыі на сайце ААТ “МагілёўАтракцыёны”, яго дырэктарам з’яўляецца Юрый Мышэйка.

Нагадаем, трагедыя адбылася 1 траўня 2026 года ў Парку атракцыёнаў у Магілёве, дзе з-за парушэння тэхнікі бяспекі загінуў 18-гадовы стажор аператара.

Фотаздымак: Следчы камітэт РБ

Гаспадарчы “актыў” ВНУ ў Магілёве абкрадаў студэнтаў

Крадзеж у магілёўскім універсітэце: прарэктар, бухгалтар і кастэлянша дзялілі маёмасць навучэнцаў.

Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Магілёўскага аблвыканкама раскрылі схему крадзяжоў у адной з вышэйшых навучальных устаноў абласнога цэнтра.

У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што прарэктар універсітэта і галоўны бухгалтар дзейнічалі ў злачыннай змове з кастэляншай студэнцкага інтэрната. Зламыснікі сістэматычна выкрадалі таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, якія прызначаліся для выдачы навучэнцам. Выкрадзеная маёмасць дзялілася паміж удзельнікамі схемы і выкарыстоўвалася ў асабістых мэтах.

Агульная шкода, нанесеная ўстанове адукацыі, склала звыш 40 тысяч рублёў.

Узбуджана крымінальная справа. Фігурантам пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 12 гадоў.

Фота – скрыншот відэа тэлеграм-канала «Міліцыя Магілёўшчыны».