19 ліпеня ў гісторыі. Узяцце Шыпкі. “Галоўнае – не перамога, а ўдзел”. Арарацкая анамалія. Алімпіада-80 у Мінску

1450 год. Першая згадка Узды.

Амаль 11-тысячны горад у Мінскай вобласці, цэнтр раёна, на р. Уздзянцы. Цэнтр  кальвінізму. У 1572 годзе тут жыў С. Будны ў сувязі з выданнем Бібліі. Працуюць кравецкая фабрыка, філіял Слуцкага сыраробнага камбіната.

1814 год. Памёр брытанскі мораплавацель Мэцью Фліндэрс (1774-1814).

Аўтар назвы Аўстралія.

Назва замацавалася за кантынентам пасля выхаду ягонай кнігі “A Voyage to Terra Australis” (выдадзена за дзень да смерці). Даследчык Аўстраліі.

1855 год. Памёр Тамаш Зан (1796-1855).

Беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік вызваленчага руху, прыродазнавец, музеязнавец.

Даследчык прыродных багаццяў Урала, вынаходнік золата, аўтар карты Прыўральскага краю, дакладаў для геаграфічнага таварыства. Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, філарэтаў, сябра А. Міцкевіча, Я. Чачота, І. Дамейкі.

Пахаваны на каталіцкіх могілках у Смалянах пад Оршай.

Яго імя носяць гара на Паўднёвым Урале, вуліца ў  Гродне.

1869 год. У в. Дубейкава (зараз – Мсціслаўскі раён) нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869-1940).

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, інжынер-будаўнік, паэт

Збіральнік беларускага фальклора.

Кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Свіслачы, Смальянах. Член Беларускага нацыянальнага камітэта, галоўны архітэктар БНР.

Памёр 6 лістапада 1940 года.

1877 год. Рускія і балгарскія войскі пад кіраўніцтвам М. Святаполк-Мірскага (уладальнік Мірскага замка; 1833-1898) адбілі ў турак Шыпку, адкрыўшы сабе шлях на Балканскі паўвостраў. 

Адзначыліся гераізмам на Балканах і беларускія генералы Іосіф Рамейка-Гурка (1828-1901), выхаванец магілёўскай гімназіі Міхал Чарняеў (1828-1898).

1908 год. Нарадзілася фраза “Галоўнае – не перамога, а ўдзел”.

Падчас IV летняй Алімпіяды ў Лондане біскуп Пенсільваніі Этэльберт Талбот на службе ў саборы святога Паўла вымавіў вядомую фразу “Галоўнае – не перамога, а ўдзел” у сувязі з трагедыяй італьянскага бягуна Пьетры Дорандо.

Пьетры мэтанакіравана рыхтаваўся да марафону, разлічваючы на перамогу. Марафонскі забег праходзіў у вельмі спякотны дзень, прычым старт яго быў дадзены ў самае пекла – у 14:30.

Пьетры пачаў не вельмі хутка, паступова абганяючы канкурэнтаў. Да 32-га кіламетра ён выйшаў на другое месца, на 39-м “зламаўся” ранейшы лідэр, і паміж італьянцам і залатым медалём заставалася ўсяго 3 км дыстанцыі.

Далей разгулялася адна з найвялікшых драм у гісторыі спорту. Канчаткова знясілены Пьетры дабег да стадыёна, дзе яго віталі 75 000 гледачоў. Яму заставалася да фінішу некалькі сотняў метраў, але спартовец страціў арыентацыю і пабег не ў той бок. Калі суддзям удалося растлумачыць гэта атлету, той паспрабаваў разгарнуцца, але ўпаў. Падняцца яму ўдалося толькі пры дапамозе суддзяў, але ён працягнуў бег. Далейшае ўжо было падобным на гладыятарскія баі – на апошніх 200 м дыстанцыі Пьетры падаў 4 разы, паднімаўся з дапамогай суддзяў, але ўсё ж перасёк лінію фінішу.

Узрушаны Артур Конан Дойл, які працаваў на Гульнях рэпарцёрам, напісаў: “Найвялікшыя намаганні італьянца ніколі не будуць выкрэслены з гісторыі спорту незалежна ад рашэння суддзяў”.

Дэлегацыя ЗША заявіла пратэст і пераможцам быў прызнаны амерыканец Джоні Хейс, які прыйшоў другім. Праз 10 дзён адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прызоў. Уручаць прызы павінен быў кароль Эдуард, але, раззлаваны паводзінамі амерыканскіх спартоўцаў, ён адмовіўся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Замест яго ўзнагароды ўручала ягоная жонка Аляксандра.

Каралева Аляксандра заказала для італьянца спецыяльны залаты кубак.

Лонданская трагедыя зрабіла Пьетры неверагодна папулярным. На працягу наступных 3 гадоў ён удзельнічаў у марафонскіх забегах у розных краінах свету.

1915 год. Нарадзіўся Антон Шукелойць (1915-2017).

Беларускі грамадскі дзеяч у ЗША, этнограф, педагог.

Скончыў Універсітэт С. Баторыя. Ва ўніверсітэце працаваў у этнаграфічным музеі, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі, быў сябрам розных беларускіх студэнцкіх арганізацый, спяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

Працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне, арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета, быў загадчыкам гараддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам.

23 чэрвеня 1941 года арыштаваны НКУС, вызваліўся ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.

З 1944 года – у Германіі: адшукваў сляды беларускіх музейных каштоўнасцей.

У пачатку 1950-x гадоў пераехаў у ЗША. Старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання, член рэдакцыі газеты «Беларус», член Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

1927 год. Нарадзіўся Міхась Саўка (1927-1990).

Беларускі і бельгійскі мастак-рэстаўратар. Доктар навук і мастацтва.

У 1944 годзе выехаў у Германію, у 1947 – у Бельгію, дзе вучыўся ў Мастацкай акадэміі, Лювенскім ўніверсітэце, быў членам Згуртавання беларускіх студэнтаў.

Працаваў у Каралеўскім інстытуце мастацкай спадчыны, рэстаўратарам абразоў і скульптур, спецыялізаваўся на рэстаўрацыі касцельных фрэсак.

Як практык, праводзіў з каралевай Бельгіі заняткі па маляванню.

Распрацаваў спецыяльную тэхніку рэстаўравання, пра якую пісаў у прафесійных часопісах. Асобна выдаў працы «Фіксацыя насценнага жывапісу полівінілавым спіртам: вопыт рэстаўратара», «Рэстаўрацыя насценнага пахавальнага жывапісу XIV ст. у склепе Варнятонскай царквы» і іншыя.

Памёр у Бруселі 10 верасня 1990 года. Пахаваны на могілках у Лондане побач з трагічна загінуўшым раней сынам Маркам.

1941 год. Апошні бой батальёна капітана К. Уладзімірава ў в. Гаі Магілёўскага раёна.

Зводны трохротны міліцэйскі батальён (міліцыянты, курсанты Мінскай, Гродзенскай школ міліцыі, Магілёўскай школы НКДБ) трымаў абарону з 13 ліпеня пад бесперапыннымі артылерыйскімі абстрэламі і бамбардзіроўкамі фашысцкай авіяцыі.

Падраздзяленне было спехам сфарміравана і слаба ўзброена, але яго байцы стаялі да смерці.

18 ліпеня Канстанцін Уладзіміраў быў забіты разрывам варожага снарада.

Пасля шасці дзён баёў у жывых з 250 міліцыянераў засталося ўсяго 19 чалавек.

1949 год.  Амерыканскі ваенны самалёт, які рабіў аэрафотаздымку тэрыторыі Турцыі, сфатаграфаваў на гары Арарат дзіўны аб’ект – “Арарацкая анамалія”.

Анамалія ўяўляе сабой прадмет дзіўнай формы на вышыні каля 4725 м над узроўнем мора і каля 183 м у даўжыню. Пасля 1949 года анамалію фатаграфавалі ў 1973 годзе – амерыканскі спадарожнік-шпіён Keyhole-9 і ў 1976 годзе – разведвальны спадарожнік Keyhole-11.

Мяркуюць, што “Арарацкая анамалія” – парэшткі легендарнага Ноева каўчэга, які, паводле Бібліі (Ветхі Завет), прычаліў да гары Арарат па завяршэнні Сусветнага Патопу.

У апошні час з’явілася таксама версія, што каўчэг прычаліў у гарах на тэрыторыі сучаснай Чачні. Чачэнцы называюць сябя «нохчо» – «людзі», «людзі народа Ноя».

1957 год. Памёр Мікола Засім (1908-1957).

Беларускі паэт, журналіст.

Удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, партызан. Працаваў у брэсцкіх газетах «Зара», “Зара над Бугам”, кіраваў абласным літаб’яднаннем.

Друкаваўся ў шэрагу газет і часопісаў, аўтар 5 зборнікаў паэзіі.

1980 год. У Маскве, у “Лужніках”, адкрыліся XXII летнія Алімпійскія гульні (19 ліпеня-3 жніўня).

Іх з прычыны ўводу войск СССР у Афганістан байкатавалі 30 са 111 краін-удзельніц.

Спаборніцтвы праводзіліся і ў Мінску (6 папярэдніх і чвэрцьфінальны матчы па футболу). У Мінску да Гульняў былі пабудаваны алімпійская вёска на р. Свіслач, гатэль “Планета”, мадэрнізаваны аўтадарога-«алімпійка» Масква-Брэст, чыгунка, гарадская інфраструктура.

20 ліпеня 1980 года трохразовы алімпійскі чэмпіён А. Мядведзь у моцны дождж запаліў агонь Гульняў на мінскім “Дынама” (50 067 месцаў, кошт квіткоў ад 0,90 да 2,20 тагачасных рублёў). Са 195 медалеў зборнай СССР, 31 заваявалі беларусы.

2010 год. Памёр Ігар Дабралюбаў (1933-2010).

Беларускі рэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Народны артыст БССР. Працаваў на «Беларусьфільме». Рэжысёр шмалікіх фільмаў, у тым ліку «Іван Макаравіч», «Па сакрэту ўсяму свету», «Дзіўныя прыгоды Дзяніса Караблёва», «Белыя росы», «Плач перапёлкі».

2021 год. У в. Красніца адкрыты памятны знак “Спаленым вёскам Быхаўскага раёна”.

Красніцу разам з мірным насельніцтвам дашчэнту спалілі нямецка-фашысцкія карнікі 17 ліпеня 1942 года. У агні тады жыўцом загінула 857 чалавек. У асноўным старыя, жанчыны і дзеці.

Трагедыя адлюстравана ў кнізе пісьменніка Авідыя Гарчакова «Попел Красніцы» («Аповесць пра вогненнае сяло»).

Мінск – гэта не Магілёў: таймеры на светлафорах не адключаць

Мінскія ДАІшнікі абверглі інфармацыю, што пойдуць шляхам магілёўскіх калег і пачнуць адключаць таймеры на светлафорах.

Нагадаем, што напачатку ліпеня ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама распарадзілася адключыць таймеры зваротнага адліку на ўсіх святлафорах Магілёва. Мясцовыя ДАІшнікі тлумачылі гэта тым, што, маўляў, таймеры ствараюць «эфект апошняй секунды»: кіроўцы паскараюцца, каб паспець праехаць скрыжаванне напрыканцы зялёнага сігналу, а пешаходы выбягаюць на праязную частку за 2-3 секунды да ўключэння чырвонага. На думку ДАІ, гэта павышае рызыку аварый. Праўда, ніякага статыстычнага пацвярджэння такой высновы людзі ў пагонах не прывялі.

Інфармацыя аб адключэннях светлафораў пачала гуляць па інтэрнэце, пакрысе губляючы са зместу ўзгадванне пра Магілёў, а проста распавядаючы пра Беларусь. З-за гэтага людзі пачалі меркаваць, што адключэнне таймераў тычыцца і, у прыватнасці, Мінску. Аднак там нічога падобнага рабіць не збіраліся і досвед магілёўскіх ДАІшнікаў у сталіцы захаплення не выклікаў.

“У чытачоў можа ўзнікнуць ўражанне, што дадзеныя новаўвядзенні плануюцца да рэалізацыі на тэрыторыі сталіцы”, – напісалі мінскія супрацоўнікі ДАІ ў сваім тэлеграм-канале. Яны звярнулі ўвагу чытачоў, што гэтая інфармацыя атрымала сваё распаўсюджванне пасля выхаду ў эфіры тэлеканала «Беларусь 4 Магілёў» сюжэту, у якім пазначана, што дадзеныя таймеры былі прыбраныя са святлафораў у Магілёве.

“Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя інфармуе: у Мінску адключэння святлафорных таймераў зваротнага адліку не плануюцца і рэалізоўвацца не будуць”, – катэгарычна заявілі сталічныя ДАІшнікі.

Магілёўскае адключэнне таймераў выклікала неадназначную рэакцыю. Многія карыстальнікі ў каментарах адзначалі, што яны, наадварот, дапамагалі лепш ацэньваць дарожную сітуацыю, піша “Мінская праўда”.

На думку некаторых аўтамабілістаў, зваротны адлік дазваляў загадзя зразумець, ці паспее машына праехаць скрыжаванне на дазваляльны сігнал, і адмовіцца ад лішняга паскарэння. Іншыя лічаць, што без секундамераў кіроўцам становіцца складаней арыентавацца, з-за чаго яны могуць прымаць больш рызыкоўныя рашэнні.

Таксама гучыць меркаванне, што так званы «эфект апошняй секунды» захаваецца і без таймераў, паколькі частка ўдзельнікаў руху па-ранейшаму будзе спрабаваць праскочыць на перарывісты зялёны сігнал.

Цікава, што ў Брэсце для вадзіцеляў таймеры зваротнага адліку прыбралі яшчэ ў 2019 годзе. У той жа час пакінулі таймеры на пешаходных пераходах, бо многія гараджане лічаць гэтыя лічбы зручным арыенцірам.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёве адкрылі памятны знак супрацоўнікам ДАІ, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку

У Магілёве прайшла цырымонія адкрыцця памятнага знака супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Мерапрыемства прымеркавана да 90-годдзя ДАІ. На помніку сем імёнаў – гэта магілёўскія ДАІшнікі, што загінулі з 1941 па 2002 гады. Можна заўважыць, што трое з іх аддалі сваё жыццё ў адзін дзень у 1975 годзе.

У цырымоніі ўзялі ўдзел міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, начальнік УУС Магілёўскай вобласці Ігар Шчарбачэня, начальнік ГУ ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў, дзейныя супрацоўнікі, ветэраны ведамства і родныя загінулых.

Кубракоў уручыў дзяржаўныя і ведамасныя ўзнагароды супрацоўнікам рэгіянальнай ДАІ, якія вызначыліся.

Фота тэлеграм-канала «Міліцыя Магілёўшчыны».

На трасе Крычаў – Бабруйск сутыкнуліся Volkswagen і Renault, пацярпелі 75-гадовая пасажырка і 4-гадовая дзяўчынка

На шашы Р-43 «Мяжа РФ – Крычаў – Бабруйск – Івацэвічы» адбылося ДТЗ

Каля 16:00 5 ліпеня 50-гадовая кіроўца Volkswagen выязджала з другараднай дарогі і не саступіла дарогу Renault, які рухаўся па галоўнай. Аўтамабілі сутыкнуліся. 

Траўмы атрымалі дзве пасажыркі: 75-гадовая жанчына, якая ехала ў Volkswagen, і 4-гадовая дзяўчынка ў Renault. Дзіця на момант аварыі знаходзілася ў дзіцячай ўтрымліваючай прыладзе. 

Абставіны ДТЗ высвятляе Дзяржаўтаінспекцыя. 

Фота тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

У Магілёве адключылі таймеры на ўсіх святлафорах – з-за эфекта апошняй секунды

Дзяржаўтаінспекцыя УУС Магілёўскага аблвыканкама распарадзілася адключыць таймеры зваротнага адліку на ўсіх святлафорах горада, паведаміла дзяржаўная тэлерадыёкампанія «Магілёў».

Паводле тлумачэння ведамства, таймеры стваралі «эфект апошняй секунды»: кіроўцы паскараюцца, каб паспець праехаць скрыжаванне напрыканцы зялёнага сігналу, а пешаходы выбягаюць на праязную частку за 2-3 секунды да ўключэння чырвонага. На думку ДАІ, гэта павышае рызыку аварый.

«Дзяржаўтаінспекцыя просіць удзельнікаў дарожнага руху з разуменнем паставіцца да гэтай меры, бо яна разлічана на павышэнне вашай бяспекі» – заявіла інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Таймеры ўжо адключаны ва ўсім горадзе.

Статыстыку аварый, звязаных з «эфектам апошняй секунды» менавіта ў Магілёве, ведамства не прывяло.

Фота: скрыншот відэа ТРК “Могилев”.

Пад Клічавам перакуліўся Opel: загінуў 16-гадовы пасажыр

У Клічаўскім раёне ўвечары 21 чэрвеня адбылася аварыя з удзелам непаўналетніх. Паводле папярэдняй інфармацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама, каля 21:00 на другім кіламетры дарогі Клічаў — Смолярня — Буднеў 16-гадовы юнак за рулём Opel Astra не справіўся з кіраваннем.

Аўтамабіль з’ехаў у левы па ходзе руху кювет і перакуліўся. Адзін з пасажыраў — равеснік кіроўцы — загінуў на месцы. Яшчэ адну дзяўчыну з траўмамі даставілі ў бальніцу.

Абставіны здарэння высвятляюцца. ДАІ праводзіць праверку.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

Магілёвец хацеў легалізаваць падробленыя расійскія правы

У супрацоўнікаў магілёўскай дзяржаўтаінспекцыі ўзніклі сумневы ў сапраўднасці дакумента, які 29-гадовы магілёвец прад’явіў у МРЭА ДАІ.

Гэта было вадзіцельскае пасведчанне Расійскай Федэрацыі катэгорый А і В, якое заяўнік хацеў абмяняць на беларускія правы.

Пасведчанне канфіскавалі і накіравалі ў Магілёўскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Паводле вынікаў судовай экспертызы было ўстаноўлена, што бланк вадзіцельскага пасведчання выраблены спосабам струменевага друку, а элементы абароны на ім імітаваныя.

Мужчына прызнаўся, што раней пражываў у Расіі, дзе набыў у невядомай асобы падробленае вадзіцельскае пасведчанне на сваё імя і карыстаўся ім пры кіраванні аўтамабілем.

Узбуджана крымінальная справа.

Фота ведамаснага сайта Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

На Глусчыне расце колькасць аўтааварый з удзелам дзікіх звяроў

Дзікія звяры, перш за ўсё касулі і лосі, усё часцей трапляюць пад колы аўтамабіляў у Глускім раёне.

Па даных мясцовага ДАІ, за студзень-сакавік гэтага года адбылося сем ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. У 2025 годзе было 26 такіх аварый, з іх 14 на аўтадарозе «Бабруйск – Глуск – Любань», шэсць фактаў – на трасе «Асіповічы – Глуск – Азарычы». У 2024 годзе зарэгістравана 12 выпадкаў наездаў на жывёл. З усёй колькасці ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл – у асноўным гэта выпадкі з матэрыяльнай шкодай. Амаль усе аварыі адбыліся ў цёмны час сутак.

Ад дзікіх звяроў на дарогах больш-менш эфектыўна абараняюць спецыяльныя металічныя сеткі, пастаўленыя ўздоўж магістралі. Аднак па, словах начальніка глускага ДАІ Максіма Сіліча, на трасах рэспубліканскага значэння, да якіх адносяцца і вышейпамянёныя, немэтазгодна. І гэта пры тым, што па даных ДАІ, 95% ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл у Беларусі адбываюцца якраз на трасах рэспубліканскага значэння.

Фотаздымак: glusk.by

Магілёўскія супрацоўнікі ДАІ адмовіліся ад тысячы рублёў

У Магілёўскай вобласці вадзіцель паспрабаваў адкупіцца ад інспектараў ДАІ, але ў выніку толькі дадаў сабе праблем.

Супрацоўнікі падалі сігнал спыніцца вадзіцелю ВАЗа, але той не адрэагаваў на сігнал і справакаваў пагоню. За рулём апынуўся 34-гадовы магілёвец. Высветлілася, што правоў у яго няма, і гэта ўжо трэці такі выпадак, калі ён выязджае на дарогу не маючы дакументаў.

Разумеючы, чым усё скончыцца, парушальнік прапанаваў інспектарам тысячу рублёў.

Тыя некалькі разоў папярэдзілі, што дача хабару цягне крымінальную адказнасць, але вадзіцель ігнараваў папярэджанні і пакінуў грошы ў службовай машыне.

У выніку яго затрымалі. Цяпер яму давядзецца адказваць адразу па двух артыкулах – за язду без правоў і за спробу даць хабар.

Фота скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Пенсіянер апынуўся ў ІЧУ пасля праверкі ДАІ ў Магілёве

Праверка дакументаў для 67-гадовага магілёўскага вадзіцеля скончылася ізалятарам, буйным штрафам і пазбаўленнем правоў. У мужчыны выявілі моцнае алкагольнае ап’яненне. Ён ледзь гаварыў.

У Магілёве супрацоўнікі ДАІ спынілі падазроны аўтамабіль Volvo, вадзіцель якога паводзіў сябе на дарозе дзіўна.

За рулём знаходзіўся 67-гадовы пенсіянер, які ў літаральным сэнсе “не вязаў лыка”.

Вадзіцеля накіравалі на медыцынскае асведчанне. Вынік паказаў 2,9 праміле этылавага спірту ў выдыханым паветры.

Мужчыну даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а яго аўтамабіль адправілі на ахоўваемую стаянку.

Пакаранне – штраф у памеры 200 базавых велічынь. У 2026 годзе гэта складае 9000 рублёў. Таксама парушальнік пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на 5 гадоў.

Згодна з артыкулам 18.15 КаАП, памер штрафу за кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення залежыць ад узроўню алкаголю:

  • да 0,8 праміле – штраф 100 базавых велічынь (4500 рублёў) з пазбаўленнем правоў на 3 гады;
  • больш за 0,8 праміле – штраф 200 базавых велічынь (9000 рублёў) з пазбаўленнем правоў на 5 гадоў.

Увогуле, думайце самі, ці варта садзіцца за руль п’яным.

Фота скрыншот відэа УУС Магілёўскага аблвыканкама.