Дзяржаўтаінспекцыя УУС Магілёўскага аблвыканкама распарадзілася адключыць таймеры зваротнага адліку на ўсіх святлафорах горада, паведаміла дзяржаўная тэлерадыёкампанія «Магілёў».
Паводле тлумачэння ведамства, таймеры стваралі «эфект апошняй секунды»: кіроўцы паскараюцца, каб паспець праехаць скрыжаванне напрыканцы зялёнага сігналу, а пешаходы выбягаюць на праязную частку за 2-3 секунды да ўключэння чырвонага. На думку ДАІ, гэта павышае рызыку аварый.
«Дзяржаўтаінспекцыя просіць удзельнікаў дарожнага руху з разуменнем паставіцца да гэтай меры, бо яна разлічана на павышэнне вашай бяспекі» – заявіла інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Таймеры ўжо адключаны ва ўсім горадзе.
Статыстыку аварый, звязаных з «эфектам апошняй секунды» менавіта ў Магілёве, ведамства не прывяло.
Фота: скрыншот відэа ТРК “Могилев”.
