Асіповічы і Бабруйск рыхтуюць да прыёму атамнай энергіі

Энергію з БелАЭС няма куды дзяваць, пагэтаму ў Асіповічах і Бабруйску будуюць новыя электрасеткі.

Амаль 42 кіламетры размеркавальных сетак 0,4-10 кВ пабудавалі і рэканструявалі ў мінулым годзе «Бабруйскія электрасеткі». Інтэнсіўнае будаўніцтва завязана на неабходнасці выкарыстання пакуль не вельмі патрэбнай “атамнай” энергіі з БелАЭС. 

РУП «Магілёўэнерга», паведаміла, што за мінулы год толькі па філіялу «Бабруйскія электрычныя сеткі» было пабудавана і рэканструявана амаль чатыры дзясяткі кіламетраў размеркаваных сетак. 

Асаблівая ўвага была нададзена кабельным сеткам у 10 кВ у Бабруйску і Асіповічах, дзе рэканструявана 16,36 км кабельных ліній 10 кВ. Электрычныя сеткі 10 кВ былі рэканструяваны ў паселішчах Даманава і Думаноўшчына Бобруйского района, Азярышча Асіповіцкага раёна, а таксама ў Асіповічах. Агульная даўжыня сетак склала 20,62 км, 

Паралельна будаўніцтву электрасетак было ўстаноўлена 9 камплектных трансфарматарных падстанцый. Акрамя таго, гаспадарчым спосабам былі мадэрнізаваны KРУН-10кВ на падстанцыях 35 кВ «Туркі», «Бортнікі», «Тэйкавічі», «Обча». У бягучым годзе плануецца мадэрнізацыя ПС-35 кВ «Цэль».

Чым выклікана такая ўвага да будаўніцтва новых электрычных магутнасцяў у вобласці? Развіццё электрасетак – нармальны працэс, але ўвага да іх рэканструкцыі відавочна павялічылася ў апошнія гады. І гэтаму павінны быць важкія прычыны. 

Афіцыйнае паведамленне дае наступны адказ: “Для рэалізацыі плана развіцця электраэнергетычнай прамысловасці да 2025 года з улікам нескарыстаных сёння магутнасцяў Беларускай атамнай электрастанцыі неабходна павялічваць магутнасць трансфарматарных падстанцый і развіваць электрычныя сеткі”. 

Аказваецца, амбіцыйны праект будаўніцтва БелАЭС павялічыў магутнасці электрастанцый краіны і выклікаў іх лішак. Планы па экспарту электраэнергіі ў Еўропу праваліліся з-за пазіцыі краін Балтыі, а спажыванне электраэнергіі ўнутры Беларусі амаль не расце з 2014 года з-за эканамічнага крызісу і дэпрэсіі.

Усё гэта і прывяло да распрацоўкі планаў штучнага павелічэння спажывання электрычнасці ўнутры краіны. Цяпер праектуюцца мікрараёны буйнапавярховых дамоў з электрычным абагрэвам. Найперш яны будуюцца ў Мінску, але ёсць і ў Магілёве – Міжгор’е (Саломенка-2), новы мікрараён на Першамайскай, пра які пісалі mogilev.media. 

Для павелічэння спажывання электрычнасці неабходна развіццё прапускных магчымасцяў электрасетак і павелічэнне магутнасці трансфарматарных падстанцый. 

Фота з адкрытых крыніц.

На пажарах у Бабруйску загінулі трое, у Асіповічах цягнік збіў дзяўчыну – ранішняя зводка

Два чалавекі загінулі на пажары ў прыватным доме па вуліцы Спартакаўскай у Бабруйску вечара 23 студзеня – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны ўзгарання высвятляюцца. Таксама ў Бабруйску ў гэты дзень гарэў дом па вуліцы Звязды. Гаспадар дома 1979 года нараджэння атрымаў апёкі і быў выратаваны, а яго сужыцельніца, жанчына 1981 года нараджэння, загінула.

Яшчэ адзін пажар у прыватным доме ў Бабруйску – на вуліцы Кірава – завяршыўся менш трагічна. Гаспадар дома 1958 года нараджэння спрабаваў самастойна загасіць полымя, атрымаў апёкі і быў шпіталізаваны.

Таксама гарэў дом у Чавусах па вуліцы Забалоцкай. Гаспадар дома 1951 года нараджэння выратаваўся, атрымаўшы атручэнне дымам, і быў шпіталізаваны.

У вёсцы Машавое Касцюковіцкага раёна ў сваім доме быў знойдзены мужчына 1969 года нараджэння, які атруціўся ўгарным газам – зарана закрыў дымаход у печы.

У Асіповічах на чыгунцы адбыўся наезд электрацягніка на чалавека. Пацярпела дзяўчына 1999 года нараджэння, якая з траўмамі рознай ступені цяжкасці была шпіталізаваная.

Фота ілюстрацыйнае.

Экскурсія для моладзі ў СІЗА – калядны падарунак ад пракурораў

Пракуратура Магілёўскай вобласці развівае новы від турэмна-экстрэмальнага турызму для падлеткаў.

Днямі вось так арыгінальна вырашылі павіншаваць падлеткаў з Калядамі ў Асіповічах. Як паведаміла газета «Асіповіцкі край», падлеткі з Асіповічаў, якія знаходзяцца на ўліку, сустрэліся з прадстаўнікамі пракуратуры і наведалі магілёўскі следчы ізалятар.

Напачатку школьнікі горада і раёна, якія знаходзяцца на розных відах уліку, сустрэліся з прадстаўнікамі пракуратуры і структур, якія працуюць з непаўналетнімі, а пасля наведалі СІЗА-5 Магілёва.

Сустрэча прайшла ў аддзеле па адукацыі і мела прафілактычны характар. Навучэнцам расказалі аб росце злачыннасці сярод падлеткаў, растлумачылі адказнасць за адміністрацыйныя і крымінальныя правапарушэнні і адзначылі, што пракурор раёна санкцыянаваў узяцце пад варту 5 непаўналетніх. Таксама падлеткаў падрыхтавалі да атрымання інфармацыі ў следчым ізалятары.

Практыка знаёмства з жыццём за кратамі распаўсюджаная ў дэмакратычных краінах. Але беларуская сістэма ўтрымання злачынцаў мала падобная на санаторныя ўмовы скандынаўскіх турэмных устаноў. 

Аўтару даводзілася бачыць фанабэрыстага самаўпэўненага юнака, які пасля экскурсіі ў спецыяльнае вучылішча на каленях маліў свайго класнага кіраўніка не адпраўляць яго ў калонію. Што жудаснага ён там пабачыў? Цяжка адказаць пэўна, але найхутчэй – нічога прыемнага.

Патрабуе асобнага вывучэння ўплыў на яшчэ неакрэплую псіхіку падлеткаў такіх экскурсаў. З аднаго боку гэта рэальная прафілактыка, а з іншага – не вядома як малюнак жорсткіх беларускіх умоў утрымання затрыманых скажацца на псіхіцы маладых людзей. Якія сны ім будуць сніцца? 

Нягледзячы на спрэчнасць такіх метадаў выхавання, магілёўская пракуратура пачала эксперымент па развіццю турэмнага турызму для моладзі.  

Фота: «Асіповіцкі край».

Мужчына загінуў пад Асіповічамі – курэнне ў ложку

Жыхар вёскі Забалоцце Асіповіцкага раёна быў знойдзены мёртвым ва ўласнай хаце, што пацярпела ад пажару 25 снежня каля 18 гадзін – паведамляе прэс-служба МНС. Мужчына 1976 года нараджэння, нідзе не працаваў. Меркаваная прычына трагедыі – неасцярожнасць пры курэнні.

Фота ілюстрацыйнае.

Жыхары Асіповічаў прачынаюцца пад гукі моцных выбухаў

Мірнаму жыццю жыхароў Асіповіцкага раёна замінаюць не толькі падрывы, але і баявыя стрэльбы беларускіх і расійскіх вайскоўцаў. Яны на палігоне інтэнсіўна праходзяць з красавіка бягучага года. 

Гукі падрываў на палігоне пад Асіповічамі чуе палова жыхароў раёна і нават пасажыры цягнікоў Мінск – Гомель, ці Мінск – Магілёў. Падрыўныя працы небяспечныя, нягледзячы на меры аховы.

Падрывы, як паведамляе «Асіповіцкі край», увесь снежань праводзяцца ў працоўныя дні з 7:00 да 16:00. 

За гадзіну да пачатку падрываў на палігоне паднімаюць чырвоны сцяг і выстаўляюць ачапленне, за 10 хвілін падаецца ўмоўны гукавы сігнал аўтамабіля або ўдары ў гільзу на працягу 2-3 хвілін.

Падрывы гэтыя вельмі небяспечныя. Людзям забаронена набліжацца да межаў палігона ў радыусе 2 кіламетры. Да ведама, ускраек Асіповічаў знаходзіцца ў 3-х кіламетрах, а аграгарадок Пратасевічы яшчэ бліжэй – 1,5 кіламетра.

 

Жыхары Асіповічаў прачынаюцца пад гукі моцных выбухаў

 

Знаходжанне грамадзян у межах палігона ў любы час забаронена і небяспечна, можа пагражаць штрафам у 10-30 базавых велічыняў, грамадскімі работамі або адміністрацыйным арыштам. За збор снарадаў на тэрыторыі палігона пагражае крымінальная адказнасць.

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц.

У Асіповічах можна бясплатна атрымаць 30 будынкаў былога ваеннага гарадка

Комплекс будынкаў (былое ваеннае мястэчка №4 «Цэль») размешчаны паблізу Асіповіч і выстаўлены для бязвыплатнай перадачы для рэалізацыі бізнес-планаў інвестпраектаў.

Кароткая характарыстыка аб’ектаў: усяго 30 будынкаў агульнай плошчай 28075 кв.м. Матэрыял сцен – цэгла. З іх:

10 сховішчаў тэхнікі;

3 склада;

3 сховішчы для агародніны;

2 сталовыя;

2 тэхмайстэрні;

навучальны корпус;

казарма; 

каравульнае памяшканне;

санчастка і інш.

Аб’екты размешчаны на 20 зямельных участках агульнай плошчай 14,4639 гектара.

Да ведама. Дагэтуль на Магілёўшчыне прастойвае без справы амаль 300 былых ваенных аб’ектаў, якія з 1992 года пачалі перадавацца ў камунальную ўласнасць, але не знайшлі свайго прымянення. Тым часам “адстаўныя” будынкі замест таго, каб даваць грошы, прыносяць страты. 

Праблемы з былой ваеннай маёмасцю, на жаль, ёсць не толькі ў Асіповіцкім раёне. 

Так, на балансе быхаўскага “Жылкамгаса” знаходзіцца каля 80 аб’ектаў былых ваенных гарадкоў. Больш за 50 не выкарыстоўваюцца. Прадпрыемства траціць на іх утрыманне каля 100 мільёнаў рублёў за год.

Усплёск захворванняў на ВІЧ зафіксаваны ў Асіповіцкім раёне

Усплёск захворванняў на ВІЧ зафіксаваны ў Асіповіцкім раёне

Сэкс без прэзерватыва вывеў жыхароў раёна ў лідары вобласці па захваральнасці на ВІЧ-інфекцыю. 

За 9 месяцаў гэтага года колькасць новых выпадкаў хваробы перавысіла сярэдні абласны паказчык у 3,7 раза, паведаміў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Часцей за ўсё выпадкі ВІЧ-інфекцыі выяўляюцца ва ўзроставых групах старэйшых за 30 гадоў. За 9 месяцаў 2022 на ўзрост 31-50 гадоў прыпала 80,9% выпадкаў. У адным выпадку ў бягучым годзе перадача ВІЧ ажыццявілася вертыкальным шляхам (ад ВІЧ-інфіцыраванай жанчыны да дзіцяці). 

Амаль кожны дзень жыхары Асіповіч кантактуюць з хворымі на СНІД. 

Усяго за ўвесь перыяд назірання ў Асіповіцкім раёне (на пачатак кастрычніка 2022 г.) выяўлены 423 выпадкі ВІЧ-інфекцыі. Гэта зусім не мала. Атрымоўваеца, што кожны соты жыхар раёна хворы на гэтую небяспечную хваробу. А калі не лічыць дзяцей і пенсіянераў, то сярод працаздольных хворы ўжо кожны 40-вы. Выходзіць, што амаль кожны дзень, ці праз дзень у краме альбо на працы дарослыя жыхары раёна кантактуюць з хворымі і не ведаюць пра гэта.

Шляхі захворванняў.

Большасць людзей заразіліся ВІЧ пасля сэксу без прэзерватыва – гэта 88,2% усіх выпадкаў у раёне за 9 месяцаў 2022 года. Перавага палавога шляху перадачы ВІЧ-інфекцыі на працягу шэрагу апошніх гадоў сведчыць аб тым, што людзі або не ведаюць аб мерах прафілактыкі інфекцыі, або грэбуюць імі, мяркуючы, што ВІЧ-інфекцыя мае дачыненне толькі да пэўных груп насельніцтва, да якіх чалавек сябе не адносіць. 

Аднак сацыяльная структура асоб, выяўленых з ВІЧ (за 9 мес. 2022 г., непрацуючыя – 33,3%, працоўныя – 47,6%, служачыя – 14,3%, дзеці – 4,8%), паказвае, што прыналежнасць да той ці іншай сацыяльнай групы не гарантуе абарону ад заражэння гэтым захворваннем.

Безадказныя адносіны да свайго здароўя – гэта можа здарыцца з кім заўгодна, але не са мной, “сляпы” давер да партнёра і многія іншыя стэрэатыпы ў пытаннях ВІЧ/СНІД спрыяюць росту колькасці новых выпадкаў інфікавання ВІЧ сярод насельніцтва.

Маці траіх дзяцей з Асіповічаў стала “Міс Чароўнасцю” Беларусі

Асіпаўчанка Вольга Астапоўская годна выступіла ў фінале нацыянальнага конкурсу “Прыгажосць Беларусі-2022” і заваявала сімпатыі глядачоў.

Конкурс прыгажосці “Краса Беларусі” сярод шматдзетных жанчын прайшоў другі раз і завяршыўся прыгожым фіналам 26 лістапада. Усяго ж за тытул змагаліся восем прыгажунь са сталіцы і столькі ж з рэгіёнаў. Кожная з 16 фіналістак мае досвед шматдзетнага мацярынства, добрыя вонкавыя дадзеныя, высокі інтэлект, адкрытасць, гатовасць да самапрэзентацыі.

Тым больш прыемна, што Вольга, якая з усіх удзельніц конкурсу прадстаўляла самы маленькі горад, доўгі час лідзіравала ў галасаванні гледачоў. Толькі ў апошнія гадзіны пальму першынства перахапіла віцяблянка Марыя Шандзюкова.

Як паведаміла газета “Асіповіцкі край”, Вольга – маці траіх дзяцей. Сын Даніла ў гэтым годзе чакае выпускныя экзамены, гарэзная модніца Віялета – умелая кулінарка, а маленькі Мікіта – улюбёнец сям’і, яму днямі споўнілася два гады. Быць шчаслівай шматдзетнай маці дапамагае кахаючы муж, які падтрымлівае яе ідэі.

Асіпаўчане лічаць, што “яна таленавітая, творчая і ўсебакова развітая жанчына, добрая маці, якая гарманічна спалучае ў сабе інтэлектуальныя дадзеныя з прыгажосцю і абаяннем.” Сярод карысных звычак Вольгі – спорт, які з катэгорыі хобі прывёў у прафесію фітнес-нутрыцыёлага. 

Сама яна кажа:

– Самарэалізацыя надзвычай важная для мяне. Шчыра радуюся, калі адчуваю сябе карыснай, дапамагаю людзям. Шалёна падабаецца бачыць вынікі працы: мая праграма дапамагае дзяўчынам і жанчынам разумець, кахаць, шанаваць сябе, выбудоўваць гарманічныя адносіны з партнёрам.

У конкурсе Вольга Астапоўская хацела паказаць, што “мама – выдатная жанчына, якая ў любым узросце і ў любой прафесіі можа заставацца жаноцкай”.  

Асіповічам – 150 гадоў

17 лістапада 1872 года з’яўляецца афіцыйнай датай заснавання горада Асіповічы. Спачатку назву атрымала чыгуначная станцыя, у далейшым і горад.

ekskursii.by

Некаторыя цікавыя факты.

Горад узнік у сувязі з будаўніцтвам Лібава-Роменскай чыгункі.

Пачатковая гісторыя горада шмат у чым звязана з дзейнасцю братоў Дараганаў, у тым ліку Восіпа Дарагана ― начальніка ўпраўлення Рыга-Арлоўскай чыгункі, якія ў 1896 годзе пабудавалі чыгунку Асіповічы-Радуцічы-Старыя Дарогі (39 верст). У гонар апошняга станцыя Радуцічы перайменавана ў Дараганава. У мясцовым музеі дзейнічая экспазіцыя “Сям’я Дараганаў”.

museums.by

Горад размешчаны на левым беразе ракі Сіняя – правым прытоку Свіслачы

Знаходзіцца за 136 км ад Магілёва і за 93 км ад Мінска. Бліжэйшыя гарады: Старыя дарогі (37 км), Бабруйск (41 км), Глуск (42 км), Мар’іна Горка (44 км).

За 7 км ад горада на рацэ Свіслач створана Асіповіцкае вадасховішча пры будаўніцтве ГЭС (1953). Асіповіцкая ГЭС да 2000-х гадоў была самай магутнай у краіне.

nemiga.info

 Цэнтр раёна з ліпеня 1924 года. Горадам абвешчаны ў 1935 годзе.

Пасля будаўніцтва чыгункі Асіповічы-Раслаўль (1932) стаў чыгуначным вузлом.

Да вайны ў горадзе жыло амаль 14 000 чалавек.

Максімум насельніцтва 35 500 чалавек у Асіповічах было ў 2001 годзе. Зараз крыху менш за 30 000.

З 29 на 30 ліпеня 1943 года тут адбылася Супердыверсія ўсіх часоў. Падпольшчык-чыгуначнік-электраманцёр Фёдар Крыловіч (1916–1959) аднаасобна і самастойна двума мінамі знішчыў 4 эшалоны з танкамі, у тым ліку найноўшыміі «Тыгр», цыстэрнамі, 12 вагонаў харчавання, 5 паравозаў, вугальны кран, вугальны склад. Пачаўся моцны пажар, які паспрыяў уцёкам ваеннапалонных з мясцовага лагера. Крыловіч у 1949 годзе за гераічны ўчынак быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

А. Салжаніцын даў апісанне Асіповічаў, праз якія некалі праязжаў, у «Архіпелаг ГУЛАГ».

Пабрацім балгарскага г. Траўна.

Асіповічы – горад чыгуначнікаў і вайскоўцаў. Горад – сталіца ракетных войск краіны. Тут месціцца 465-я ракетная брыгада, непадалёку дзейнічае вайсковы палігон.

Адным з горадаўтваральных прадпрыемстваў з’яўляецца ААТ “Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў”. Ён выпускае запчасткі 3000 найменняў, а таксама лодкі металічныя “Марына”, “Свіслач”, “Русалка”, “Удача”, “Хваля”,  шклапластыкавыя “Хваля 4Д”, спартовыя лодкі і байдаркі.

Тут працуе адно з чатырох прадпрыемстваў у свеце па вытворчасці тазасцёгнавых пратэзаў – ЗАТ «Алтымед».

Другое ў Беларусі і вобласці прадпрыемтсва па вырабу чыгуначных грузавых вагонаў – Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання – былы СП СЗАТ «Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод» (танк-кантэйнеры, таварныя, платформы для негабарыту).

Вытворцай усім вядомай прадукцыі – рубероіду – з’яўляецца ААТ «Дах».

На СП ТАА «БелГа» у свой час распрацавалі шакалад «Ідэал».

Каля горада знаходзіцца адно з трох у краіне газасховішчаў (360 млн. куб. м).

У горадзе  працуе ДЮСШ, з якой звязаны Залатыя прызёры (каноэ, веславанне) алімпіяды ў Пекіне (2008), сярэбраныя ў Лондане (2012) браты Аляксандр і Андрэй Багдановічы.

Да 2000-х гадоў у горадзе было больш за ўсё хворых на СНІД, наркаманію ў вобласці.

У горадзе ёсць Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1826 года, перавезена ў горад з Замошша ў 1946), музей горада ў Доме афіцэраў, Музей ваеннай тэхнікі, помнік паравозу-“эмка” машыніста Чумакова, які загінуў у 1922 (устаноўлены ў 2002 годзе).

sobory.ru

Каля Асіповічаў знаходзіцца в. Вяззе. У ёй па вул. Багдановіча да канца ХХ стагоддзя стаяў дом, дзе юны М.Багдановіч адпачываў з маці. Дом знесены, а мемарыяльная дошка перанесена на суседні дом. У Вяззі Максім пачаў размаўляць на беларускай мове. Працуе музей М.Багдановіча ў мясцовай школе. Працуюць санаторый “Вязье”, Асіповіцкая ГЭС; рыбгас.

У Ялізава месціцца СЗАТ “Шклозавод “Ялізава”, у Татарцы  – торфапрадпрыемства, у Жорнаўцы –  доследна–паказальны лясгас.

Звычка расплачвацца праз банкаўскую картку прымусіла асіповіцкага прадпрымальніка дадаткова заплаціць 13 тысяч рублёў падаткаў

Выдаткі перавысілі прыбыткі прадпрымальніка больш чым на 66 тысяч рублёў. 

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Асіповіцкім раёне правяла камеральную праверку адпаведнасці расходаў даходам мясцовага індывідуальнага прадпрымальніка – паведамляе osipinfo.by.  Падставай для праверкі сталі звесткі аб перавышэнні яго расходаў на набыццё тавараў над сумамі выручкі ад продажу тавараў.

Па выніках праверкі ўстаноўлена, што прадпрымальнік папаўняў разліковы рахунак у значных памерах наяўнымі грашыма. Сума перавышэння расходаў над даходамі склала больш за 66 тысяч рублёў. У сувязі з гэтым быў вылічаны падаходны падатак у суме 13 300 рублёў, які прыйшлося тэрмінова заплаціць. 

Як бачна, тэхналогія следчых дзеянняў падаткавікоў вельмі простая. Яны звяраюць выдаткі з картак асобы з афіцыйным прыходам грашовых сродкаў, з якіх выплачаны падаткі і выплаты. Калі сумы адрозніваюцца, то чалавека выклікаюць у падатковую службу і прапануюць патлумачыць сітуацыю. 

Найчасцей грамадзяне ў тлумачэннях пішуць, што яны для зручнасці карыстання паклалі на сваю картку грошы сваякоў, напрыклад жонкі, або паклалі раней адкладзеныя на “чорны дзень” зберажэнні. У выпадку нязначнасці сум гэта часцей за ўсё задавальняе падаткавікоў. А вось калі сумы адрозніваюцца істотна, прыйдзецца раскашэліцца. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц