Бабруйчаніна асудзілі да “хатняй хіміі” за падстрэленую рысь

Асіповіцкі райсуд прысудзіў бабруйскаму паляўнічаму два гады “хатняй хіміі” за падстрэленую чырвонакніжную рысь.

Напрыканцы студзеня 2026 года падчас загоннага палявання на кабана ў Асіповіцкім раёне мужчына заўважыў рысь. І хоць ён ведаў, што гэты звер занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, стрэліў у яго.

Як палічылі спачатку ў пракуратуры, а потым у судзе, забіўшы рысь, від якой знаходзіцца пад пагрозай знікнення, паляўнічы прычыніў урон навакольнаму асяроддзю на суму ў 13,5 тыс. рублёў, што з’яўляецца асабліва буйным памерам.

У далейшым мужчына прызнаўся ў незаконным паляванні і дабраахвотна цалкам кампенсаваў урон. 

У выніку суд прысудзіў несумленнаму паляўнічаму два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штраф у 4,5 тыс. рублёў. Таксама яму забаронена займацца паляваннем цягам двух з паловай гадоў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак: СК РБ