26 ліпеня ў гісторыі. Акупацыя Магілёва. З’езд «Бацькаўшчыны». Нарадзіліся мастак Я. Адлер, выдавец М. Кухта, мовазнавец Зм. Саўка

1701 год. Летапісец Трафім Сурта зрабіў свой апошні запіс у «Магілёўскай хроніцы». 

Першы запіс быў зроблены ім 29 мая 1693 года.

Магілёўская хроніка

1875 год. Нарадзіўся Марцін Кухта (1875-1956).

Друкар, выдавец кніг на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах.

У 1904 годзе адкрыў у Вільні першую літоўскую друкарню, у 1906 заснаваў друкарню з правам друкавання на еўрапейскіх мовах.

23 лістапада 1906 года надрукаваў першы нумар газеты «Наша ніва». Часта друкаваў яе ў крэдыт, як прыяцель і сімпатык беларускай справы.

Друкаваў творы Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Якуба Коласа, Цёткі, К. Буйло і іншых. У сваім апошнім вершы М. Багдановіч напісаў: “…Я не самотны, я кніжку маю / З друкарні пана Марціна Кухты”.

1887 год. У Варшаве была надрукавана брашура ўраджэнца Беластока акуліста Людзвіга Заменгофа (1859-1917) пад псеўданімам Эсперанта “Міжнародная мова”.

Упершыню ў свеце жыхары Зямлі даведаліся пра штучную мову “эсперанта” (“надзея”). У якасці прыкладаў у кнізе былі прыведзены тэксты на эсперанта: малітва Ойча наш, урывак з Бібліі, прыклад ліста, арыгінальныя вершы Заменгофа, пераклад верша Г. Гейнэ.

Зараз на эсперанта размаўляюць у свеце каля 2 мільёнаў чалавек.

У Беларусі валодаюць гэтай мовай лічаныя спецыялісты.

1895 год. У сям’і выхадцаў з Беларусі нарадзіўся Янкель Адлер (1895-1949).

Мастак, графік і дызайнер, паэт. Працаваў ў Сербіі, Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі. Нацыстамі яго творчасць аднесена да «Дэгенератыўнага мастацтва».

Вучыўся мастацтву гравёра, працаваў гравёрам ў Бялградзе. У Германіі вучыўся ў «Школе прыкладных мастацтваў», жыў у Лодзі, стаў адным з заснавальнікаў і вядучых жывапісцаў авангарднай групы мастакоў «Малады ідыш», пачаў публікаваць свае вершы.

У 1920 годзе адправіўся ў Германію, дзе быў членам розных колаў мастакоў, членам Рэйнскага мадэрну. Выкладаў у Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў.

У 1937 годзе стаў адным з мастакоў, чые працы былі выстаўлены ў Мюнхене на выставе «Дэгенератыўнага мастацтва». У тым жа годзе адбылася яго сустрэча з Пікасо. З таго часу стыль малявання Адлер стаў больш манументальным і насычаным колерамі.

У 1940 годзе ўступіў валанцёрам у польскую армію ў Францыі, у яе складзе быў эвакуіраваны ў Шатландыю, пазней дэмабілізаваны па хваробе.

Памёр 25 красавіка 1949 года ў Вялікабрытаніі. 

1896 год. Нарадзіўся Уладзімір Варава (1896-1929).

Беларускі пісьменнік і журналіст.

У 1920 годзе працаваў у Жухавіцкім валасным рэўкаме, пасля – у Народным камісарыяце земляробства БССР. Адначасова вучыўся ў Мінскім політэхнікуме.

З 1921 года – у Заходняй Беларусі, удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, друкаваўся ў заходнебеларускай перыёдыцы. Арыштоўваўся польскімі ўладамі.

У 1925 годзе рэдагаваў газету «Жыццё беларуса». Неўзабаве нелегальна перайшоў у БССР. Працаваў намеснікам рэдактара слуцкай акруговай газеты «Вясковы будаўнік». З 1926 года – у Мінскім акруговым зямельным аддзеле. Уваходзіў у аб’яднанне Літаратурна-мастацкая камуна, удзельнічаў у выданні яе часопіса «Росквіт».

Пісаў апавяданні, артыкулы, фельетоны.

Памёр 4 мая 1929 года.

1901 год. Нарадзіўся Дзмітрый Смірноў (1901-1975).

Генерал-лейтэнант, Герой Савецкага Саюза, ганаровы грамадзянін Магілёва (1970).

Скончыў Уладзікаўказскую пяхотную школу, Ваенную акадэмію імя М. Фрунзэ. Перад вайной служыў намеснікам начальніка штаба Забайкальскай ваеннай акругі, у аддзеле Генеральнага штаба РСЧА, у Манголіі і ў Харбіне.

Падчас вайны пайшоў шлях ад намкамбрыга да камандзіра корпуса.

Прымаў удзел у Курскай бітве, у вызваленні левабярэжнай Украіны, Беларусі.

У якасці камандзіра 121-га стралковага корпуса 50-й арміі прарываў абарону суперніка каля Чавус, фарсіраваў Проню, вызваляў Магілёў, Быхаў, Шклоў.

Памёр 17 сакавіка 1975 г. у Маскве.

1931 год. Памёр Міхал Пятроўскі (1889-1931).

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, каталіцкі святар.

Прыхільнік беларусізацыі касцёла ў Беларусі, беларускага характару школьніцтва, культурнай і грамадскай дзейнасці. Прамаўляў казанні на беларускай мове.

Пасвячоны ў святары ў 1912 годзе, служыў у Даўгінаве, Шаркаўшчыне, Вільні, Барунах.

З’яўляўся аўтарам пастановы з’езду каталіцкага духавенства Дзісенскага павета, прынятай 6 жніўня 1918 года ў мястэчку Германавічы, у якой выказвалася патрэба ўжывання беларускай мовы ў касцёле ды беларускага характару школьніцтва, культурнай і грамадскай дзейнасці.

У 1922 годзе падчас працы пробашчам у Барунах быў арыштаваны польскімі ўладамі.

Памёр 26 ліпеня 1931 года.

Удзельнікі беларускага гуртка ў Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, 1917 год. Злева направа: М. Пятроўскі, А. Матвейчык, А. Цікота, А. Неманцэвіч, К. Лупіновіч, А. Станкевіч.

1936 год. Скасавана Магілёўская акруга.

Дзейнічала з 17 ліпеня 1924 года.

Да пачатку 1938 года ўсе раёны БССР падпарадкоўваліся непасрэдна рэспубліканскім органам.

15 студзеня 1938 года створана Магілёўская вобласць.

1941 год. Прынята рашэнне аб вывадзе савецкіх войск з Магілёва.

Скончылася 23-дзённая гераічная абарона Магілёва. Магілёў акупаваны фашысцка-нямецкімі захопнікамі.

Рашэнне аб вывадзе войск з Магілёва было прынята на нарадзе камандзіраў часцей у штабе 61-га стралковага корпуса генерала Ф. Бакуніна ў в. Сухары пад Магілёвам. Акрамя Бакуніна, рашэнне прымалі камандзіры 20-мехкорпуса М. Ведзянееў, 110 дывізіі В. Хлябцоў, 210-й матарызаванай брыгады Пархоменка і 26-й танкавай брыгады Абухоў. Пастаўлена задача выводзіць астатнія сілы з акружэння Магілёва трыма маршрутамі на Мсціслаў-Рослаў.

Да 61-га корпуса далучыліся рэшткі 1 мехдывізіі, 161 стралковай і іншыя часткі 20-й арміі, якія выйшлі з катла пад Оршай. 172 стралковая дывізія Раманава прарывалася самастойна праз лес каля в. Цішоўка.

27 ліпеня камандаванне Заходняга фронту асудзіла дзеянні Ф. Бакуніна, яго абвінавацілі ў тым, што самавольна пакінуў Магілёў.

Аднак выйсці з акружэння 61-іу стралковаму корпусу не ўдалося, практычна поўнасцю была знішчана 110-я стралковая дывізія, поўнасцю разгромлена і 172-я стралковая дывізія.

Вызвалены Магілёў 28 чэрвеня 1944 года. Перад вайной у абласным цэнтры больш за 100 000 жыхароў, 28 жніўня 1941 года, па даным нямецкай адміністрацыі засталося 45 200. На 1 ліпеня 1944 г. у горадзе засталося 10 100 жыхароў. Гітлераўцы стварылі 5 лагераў смерці, уключаючы Грабянёўскі, Лупалаўскі, 341-ы перасыльны, гета на Дубравенцы.

У Магілёве і раёне загінула больш за 70 000 чалавек, каля 30 000 вывезена на працу ў Нямеччыну.

1953 год. Нарадзілася Галіна Крываблоцкая.

Беларуская мастачка. Вучаніца мастака-магілёўца П. Масленікава.

Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва, у Беларускім каледжы мастацтваў.

Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Удзельніца мастацкіх выставак.

Яе творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Літаратурным музеі Янкі Купалы, Музеі беларускай культуры ў Гайнаўцы, Палацы культуры г. Бярдзічаў (Украіна), у прыватных зборах у ЗША, Індыі, Германіі і іншых краін свету.

1965 год. Нарадзіўся Зміцер Саўка (1965-2016).

Беларускі мовазнавец. Скончыў БДУ. Браў удзел у моладзевым грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979-1984).

Выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце замежных моў, працаваў на “Белсат”.

Па запрашэнні Вітаўта Кіпеля вучыўся ў ЗША, занатоўваў успаміны амерыканскіх беларусаў. Аўтар і суаўтар прац «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія», «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы», «Беларускі клясычны правапіс».

Адзін з яго дзядоў паходзіў са Свіслачы Асіповіцкага раёна

Памёр 9 красавіка 2016 года.

1977 год. Нарадзіўся Аляксандр Сыман.

Беларускі біятланіст.

Трохразовы чэмпіён Універсіяды, двухразовы чэмпіён Еўропы, двухразовы чэмпіён свету па летнім біятлоне. Удзельнік Алімпійскіх гульняў 2002, 2006 і 2010 гадоў.

Завяршыў кар’еру вясной 2011 года.

1981 год. Нарадзілася Аксана Чарнякевіч (у дзявоцтве – Бязлепкіна).

Беларуская пісьменніца, літаратуразнаўца, крытык. Кандыдат філалагічных навук.

Скончыла філалагічны факультэт БДУ.

Кірункі навуковай дзейнасці: беларуская літаратура ХІХ-ХХ стагоддзяў, параўнальнае літаратуразнаўства. Даследчыца і аўтар беларускага дэтэктыва. Выкладае беларускую літаратуру на факультэце журналістыкі БДУ.

Лаўрэат прэміі «Залатая літара-2003» за манаграфію «Разам і паасобку: Таварыства „Тутэйшыя“».

1997 год. У Мінску адбыўся 2-гі з’езд беларусаў свету.

Працаваў 26-27 ліпеня (I з’езд праходзіў 8-10 ліпеня 1993). Арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Апошні VII з’езд беларусаў свету прайшоў 15-16 ліпеня 2017 года. У ім прынялі ўдзел беларусы з 21 краіны. Да працы з’езда далучыліся кіраўнікі дзяржаўных структур Беларусі, у тым ліку міністр замежных справаў У. Макей, прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі.

У чэрвені 2021 года павінен быў прайсці VIII з’езд, але праз распаўсюджванне COVID-19 у Беларусі ён быў перанесены.

24 верасня 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

На загалоўным фота: Янкель Адлер. Гандляр рыбай

 

У Клічаве вынеслі прысуд былому ляснічаму – чатыры гады ўзмоцненага рэжыму

Суд Клічаўскага раёна вынес прысуд былому ляснічаму, жыхару Магілёва. Яго прызналі вінаватым адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: перавышэнне службовых паўнамоцтваў, незаконная высечка лесу і крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Са снежня 2024 года па лістапад 2025 года ляснічы сістэматычна даваў падначаленым указанні высекчы дрэвы па-за межамі адведзеных лесасек або ўвогуле без дазвольных дакументаў. Так было высечана 288 дрэў розных парод, а нарыхтаваную драўніну прадавалі грамадзянам і прадпрыемствам, якія займаліся яе перапрацоўкай.

Паралельна ляснічы арганізаваў унясенне недакладных звестак у нарады-акты аб выкананых работах: на падставе гэтых дакументаў работнікам неабгрунтавана налічылі больш за 9,9 тысячы рублёў заработнай платы. Шкоду навакольнаму асяроддзю і дзяржаве суд ацаніў больш як у 54,6 тысячы рублёў, шкоду лесагаспадарчаму прадпрыемству – больш як у 9,9 тысячы рублёў.

Асобны эпізод датычыцца дызельнага паліва. У чэрвені 2025 года ляснічы неаднаразова даручаў падначаленаму адпускаць паліва пабочнай асобе, а сам атрымліваў за гэта грошы. Усяго такім чынам было выкрадзена 190 літраў паліва на 494 рублі.

Віну ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і незаконнай высечцы абвінавачаны прызнаў часткова, у крадзяжы паліва – цалкам. Змякчальнымі акалічнасцямі суд прызнаў шчырае раскаянне, наяўнасць на ўтрыманні малалетняга дзіцяці і добраахвотнае пакрыццё нанесенай шкоды.

Выніковае пакаранне – чатыры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у памеры 350 базавых велічынь і пяцігадовая забарона займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі.

Фота ілюстрацыйнага характару.

З Рабіновіча хочуць спагнаць $240 тысяч па справе Асіповіцкага вагонабудаўнічага завода

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Магілёўскай вобласці падала ў Арбітражны суд Масквы заяву аб спагнанні з расійскага бізнесмена Міхаіла Рабіновіча 697 тысяч беларускіх рублёў – каля 240 тысяч долараў у эквіваленце. Заява датычыцца дзяржаўнай пошліны па даўняй справе аб банкруцтве Асіповіцкага вагонабудаўнічага завода (АВЗ).

Міхаіл Рабіновіч быў уладальнікам кампаніі «Гранд Экспрэс», якой належалі 74% акцый АВЗ. Беларускія ўлады прыйшлі да высновы, што кампанія заключала загадзя стратныя здзелкі і нанесла дзяржаве шкоду.

Сам Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод быў створаны ў 2008 годзе па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі – на базе мясцовага вагонарамонтнага дэпо. Другі акцыянер, Беларуская чыгунка, атрымаў 26% акцый.

У 2011 годзе на прадпрыемстве запусцілі новую вытворчую пляцоўку з планамі выпускаць да 2500 грузавых вагонаў і 2000 кантэйнераў-цыстэрнаў у год, але ўжо ў 2015-м на фоне спаду грузаперавозак пачаліся праблемы, а ў лістападзе 2016 года Эканамічны суд Магілёўскай вобласці адкрыў справу аб банкруцтве. Работнікаў перавялі ў спецыяльна створанае ЗАТ «Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання» (АЗТМ), якое працуе дагэтуль і, на думку раённай газеты, «рухаецца наперад».

У красавіку 2021 года суд ужо пастанавіў спагнаць з Рабіновіча 22,6 мільёна еўра і 16,3 мільёна беларускіх рублёў у кошт пакрыцця страт. Цяперашнія 697 тысяч рублёў – дзяржаўная пошліна па гэтай жа справе; калі суд задаволіць патрабаванне, гісторыя юрыдычна будзе завершана.

Зрэшты, гэта не гарантуе, што грошы сапраўды будуць атрыманыя. Днямі Мяшчанскі раённы суд Масквы завочна арыштаваў Рабіновіча на два месяцы – па хадайніцтве ўпраўлення па расследаванні арганізаванай злачыннасці МУС Расіі. Гэта азначае, што ў самой Расіі бізнесмена цяпер няма: найбліжэйшым часам яго павінны аб’явіць у міжнародны вышук.

Да гэтага дадаецца яшчэ адна крымінальная справа: у лютым 2026 года яе ўзбудзілі супраць Рабіновіча і некалькіх топ-менеджараў. Гаворка ідзе пра выкраданне 900 мільёнаў расійскіх рублёў – больш за 11 мільёнаў долараў. Схема была пабудавана вакол куплі непрацуючага парта ва Уладзівастоку, а яе арганізатарам следства лічыць менавіта Рабіновіча.

Калі не размазваць кашу па белым стале, сутнасць гэтай афёры можна перадаць некалькімі сказамі. Рабіновіч і Лукашэнка давялі АВЗ да банкруцтва. Рабіновіч уцёк, дзед нават не хаваецца. А які сэнс? Лік прадпрыемстваў, якія давёў да ручкі «выратавальнік» беларускага народа, ідзе на сотні, а можа, і на тысячы. Адным заводам больш, адным менш… Ну а яшчэ вельмі паказальныя нападкі Лукашэнкі на расійскіх алігархаў. З імі ў дзеда сапраўды вялікія праблемы – скрадзеныя грошы ніяк не могуць падзяліць.

Фота з адкрытых крыніц.

Магілёўца асудзілі на 13 гадоў калоніі за набыццё наркотыкаў

У Кіраўску за набыццё 193 грамаў мефедрона для сябе магілёвец атрымаў 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 4500 рублёў.

27-гадовы жыхар Магілёва спрабаваў пераканаць суд, што амаль дзвесце грамаў мефедрона ён выпадкова знайшоў у лесе і пакінуў выключна для ўласнага ўжывання. Суд у гэтую гісторыю не паверыў і палічыў яго ўдзельнікам арганізаванай групы, якая займалася распаўсюджваннем псіхатропаў праз інтэрнэт.

Паводле матэрыялаў справы, мужчына далучыўся да дзейнасці наркакрамы ў якасці так званага закладчыка. Не пазней за 29 снежня 2025 года ён атрымаў больш за 193 грамы мефедрона, пасля чаго на маршрутцы выехаў з Магілёва ў Бабруйск.

У Кіраўску маршрутны аўтобус спынілі супрацоўнікі міліцыі, якія, як сцвярджаецца, загадзя валодалі інфармацыяй пра перавозку забароненых рэчываў. Падчас асабістага надгляду ў мужчыны знайшлі 41 скрутак з мефедронам.

На судзе абвінавачаны сваёй віны не прызнаў. Ён настойваў, што ніякіх адносін да інтэрнэт-крамы не меў, а пакет з псіхатропам выпадкова знайшоў у лясным масіве і пакінуў сабе толькі для асабістага ўжывання.

Аднак, паводле суда, гэтай версіі супярэчылі іншыя доказы. У мабільным тэлефоне магілёўца следчыя выявілі праграмы, якімі, паводле іх версіі, карыстаюцца ўдзельнікі наркамаркетаў, фотаздымкі тайнікоў з геаграфічнымі каардынатамі, а таксама перапіску з іншымі ўдзельнікамі арганізаванай групы. У сукупнасці са сведчаннямі іншых асоб гэта дазволіла суду зрабіць выснову, што мужчына займаўся раскладкай псіхатропаў.

Суд Кіраўскага раёна прызначыў яму 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, асуджаны павінен заплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (4500 рублёў).

У даход дзяржавы канфіскавалі і мабільны тэлефон, які следства палічыла адным з інструментаў здзяйснення злачынства.

Магілёвец паспрабаваў абскардзіць прысуд, але Магілёўскі абласны суд не знайшоў падстаў яго змяняць. Апеляцыйную скаргу пакінулі без задавальнення, і прысуд уступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Ураджэнку Асіповічаў асудзілі па палітычным артыкуле

Мінскі абласны суд асудзіў да “хатняй хіміі” медыка родам з Асіповічаў Аляксандру Чаховіч.

Аляксандры Чаховіч 24 гады. Апошнія гады дзяўчына жыла ў Мінску: з яе сацсетак вядома, што яна працавала медыкам і ўвосень 2025 года шукала пакой у арэнду.

У ліпені 2026 года Мінскі абласны суд вынес Аляксандры прысуд паводле часткі 1 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Ураджэнцы Асіповічаў прысудзілі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу.

Фотаздымак: “Наша ніва”

Жыхара Мазыра асудзілі ў Магілёве за “замах на здраду дзяржаве”

Жыхар Мазыра Аляксандр Яжэўскі стаў трэцім падсудным з Гомельшчыны, якога судзілі ў Магілёве па справе, звязанай са “здрадай дзяржаве”.

У Магілёўскім абласным судзе вынеслі прысуд 58-гадоваму Аляксандру Яжэўскаму. Яго прызналі вінаватым у «замаху на здраду дзяржаве» паводле ч. 1 арт. 356 праз ч. 1 арт. 14 Крымінальнага кодэкса. Пра гэта паведамляе “Гомельская Вясна”.

Як і ў большасці палітычных працэсаў апошніх гадоў, практычна ўсе істотныя акалічнасці гэтай справы застаюцца невядомымі. Суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма, таму ні сутнасць абвінавачання, ні прызначаны тэрмін пакарання афіцыйна не агучваліся.

Вядома толькі, што прысуд ужо ўступіў у законную сілу. Сам артыкул не прадугледжвае іншых асноўных пакаранняў, акрамя пазбаўлення волі, а яго мінімальная санкцыя – сем гадоў калоніі. Праваабаронцы спрабуюць высветліць, які менавіта тэрмін атрымаў Яжэўскі.

Трэцяя падобная справа

Яжэўскі стаў ужо трэцім жыхаром Гомельскай вобласці, якога ў апошнія месяцы судзілі ў Магілёве паводле артыкула, датычнага «здрады дзяржаве».

На пачатку траўня Магілёўскі абласны суд прысудзіў дзесяць гадоў калоніі грамадскаму актывісту з Нароўлі Міколу Віткоўскаму. Пазней такі ж тэрмін атрымаў актывіст з Калінкавічаў Аляксандр Елісееў.

Усе тры працэсы адбываліся прыкладна ў адзін і той жа час у Магілёўскім аблсудзе, хаця абвінавачаныя былі жыхарамі суседняй Гомельскай вобласці.

Ваенная таямніца

Афіцыйных тлумачэнняў няма. Аднак цяжка не заўважыць яшчэ адну акалічнасць. Мазыр, Нароўля і Калінкавічы знаходзяцца на кірунку, якім у лютым 2022 года расійскія войскі ўваходзілі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Праз Нароўлю калоны перасякалі мяжу, Калінкавічы былі важным чыгуначным вузлом для разгрузкі вайсковых эшалонаў, а Мазыр разам з аэрадромам каля вёскі Вялікі Бокаў стаў адным з месцаў размяшчэння расійскіх падраздзяленняў.

Пасля адступлення расійскай арміі менавіта ў шпіталі Мазыра, Нароўлі і Калінкавічаў звозілі параненых і загінулых вайскоўцаў. Дзеля гэтага, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, у некаторых медыцынскіх установах нават пераносілі планавыя аперацыі для цывільных пацыентаў.

Ці звязаныя крымінальныя справы з гэтымі падзеямі, невядома. Але праваабаронцы не выключаюць, што пераслед Яжэўскага таксама можа датычыць расійска-ўкраінскай вайны.

Малавядомы палітвязень

Калі Мікола Віткоўскі і Аляксандр Елісееў былі добра вядомыя сваёй грамадскай і палітычнай дзейнасцю, то пра Аляксандра Яжэўскага раней амаль не згадвалася ў публічнай прасторы.

У Мазыры ён працаваў памочнікам выхавальніка ў мясцовым філіяле Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Яго прозвішча і цяпер пазначана на сайце ўстановы.

Паводле звестак BelPol, яшчэ ў 2010 годзе Яжэўскага прызналі вінаватым у службовым падлогу і прысудзілі адзін год пазбаўлення волі ўмоўна.

Праваабаронцы заклікаюць усіх, хто валодае інфармацыяй пра затрыманне Яжэўскага, ход следства, прысуд або сутнасць абвінавачання, паведаміць гэтыя звесткі. Пакуль жа яго гісторыя застаецца яшчэ адной закрытай палітычнай справай, у якой грамадству паведамілі толькі назву артыкула, але не тое, што менавіта чалавек, паводле версіі следства, зрабіў.

Фотаздымак: BelPol

Нераскрытая таямніца прынесла паўкватэры ўраджэнцу Крычаўскага раёна

Паўкватэры ад памёрлай у Санкт-Пецярбургу далёкай сваячкі дасталося па судзе грамадзяніну Беларусі родам з Крычаўскага раёна.

Суд тычыўся спадчыны ў выглядзе двухпакаёвай кватэры плошчай каля 45 м2 на Ленінскім праспекце, кошт якой ацэньваецца прыкладна ў 65-70 тыс. долараў.

У чэрвені 2022 года ў гэтай кватэры знайшлі мёртвымі мужа і жонку. З-за таго, што целы былі моцна раскладзеныя, судова-медыцынскія эксперты не змаглі вызначыць, хто з іх памёр раней. Менавіта гэтая акалічнасць і стала галоўнай інтрыгай справы.

Калі б высветлілася, што муж перажыў жонку хаця б на кароткі час, ён паспеў бы атрымаць яе спадчыну. Пасля яго смерці права на кватэру перайшло б да ягонай дачкі ад іншага шлюбу. Менавіта яна першай заявіла свае прэтэнзіі на жыллё.

Аднак суд прыйшоў да высновы, што муж і жонка памерлі адначасова. Паводле расійскага заканадаўства ў такім выпадку яны не могуць наследаваць адзін пасля аднаго. Гэта азначала, што дачка мужчыны аўтаматычна страціла магчымасць атрымаць кватэру.

Тады ў справе з’явіліся іншыя спадчыннікі – грамадзянін Беларусі родам з Крычаўскага раёна і ягоны стрыечны брат, які жыве ў Расіі. Абодва сцвярджалі, што з’яўляюцца стрыечнымі пляменнікамі памерлай.

Даказаць гэта аказалася няпроста. Дакументы, якія маглі пацвердзіць роднасныя сувязі, не захаваліся. Даваенныя акты грамадзянскага стану Крычаўскага раёна былі страчаныя. Суду давялося літаральна па крупінках аднаўляць сямейнае дрэва, супастаўляючы імёны, прозвішчы, месцы нараджэння і іншыя ўскосныя звесткі.

У гэтай гісторыі быў яшчэ адзін нюанс. Стрыечныя пляменнікі ў Расіі адносяцца толькі да шостай чаргі спадчыннікаў. Гэта апошняя ступень сваякоў, якая можа атрымаць спадчыну без завяшчання, і толькі тады, калі няма нікога з больш блізкіх родзічаў.

Пасля вывучэння ўсіх матэрыялаў суд прызнаў абодвух мужчын законнымі спадчыннікамі. Кватэру падзялілі пароўну – па палове кожнаму.

Фотаздымак: Wikimedia.org

У Шклоўскім раёне раскрылі сямігадовую схему крадзяжоў на пастаўках запчастак

Сем гадоў пяцёра службовых асоб праводзілі махінацыі з нібыта продажам запасных частак мясцовым сельгаспрадпрыемствам.

Паводле матэрыялаў справы, з 2015 па 2021 год супрацоўнікі камерцыйнай фірмы разам з прадстаўнікамі арганізацый-пакупнікоў афармлялі дакументы так, нібыта запчасткі былі пастаўленыя. Насамрэч тавар да заказчыкаў не даязджаў. Затое грошы за яго цалкам рэальна кудысцьці пералічваліся. Такім чынам дзяржаўныя арганізацыі страцілі больш за 350 тыс. рублёў.

Асобным эпізодам суд разглядаў супрацоўніцтва прадстаўнікоў прыватнай кампаніі з двума службовымі асобамі сельгаспрадпрыемства – загадчыкам гаража і інжынерам. Паводле абвінавачання, менавіта дзякуючы гэтай «дзелавой супрацы» маёмасць гаспадаркі схуднела яшчэ больш чым на 235 тыс. рублёў.

На гэтым апетыт удзельнікаў схемы не скончыўся. Следства прыйшло да высновы, што за тыя ж сем гадоў яны паспелі правесці аналагічныя махінацыі яшчэ з чатырнаццаццю прадпрыемствамі. Схема заставалася амаль нязменнай: падробленыя таварна-транспартныя накладныя сведчылі пра пастаўку запчастак, якіх у рэчаіснасці ніхто ніколі не атрымліваў. Такім спосабам, паводле матэрыялаў справы, было прысвоена яшчэ больш за 63 тыс. рублёў.

Адзін з абвінавачаных атрымаў яшчэ адно абвінавачанне. Яму інкрымінавалі крадзеж аўтамабільных запчастак і іншых тавараў на суму звыш 42 тыс. рублёў.

Сваю віну ўдзельнікі справы прызналі толькі часткова. Яны не пагадзіліся ні з ацэнкай сваіх дзеянняў, ні з памерам шкоды, які назвалі следчыя і пракуроры.

Аднак суд Шклоўскага раёна палічыў, што прадстаўленых доказаў дастаткова. Трое супрацоўнікаў прыватнай кампаніі атрымалі ад шасці з паловай да васьмі гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штрафы ад 300 да 600 базавых велічынь і пяцігадовую забарону займаць кіроўныя і матэрыяльна адказныя пасады.

Двум супрацоўнікам сельгаспрадпрыемства прысудзілі ад пяці з паловай да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штрафы па 300 базавых велічынь і такую ж забарону на працу на адказных пасадах.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і яшчэ можа быць абскарджаны. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магіляўчанка паўторна папалася на махлярстве з вырабам помнікаў

Магіляўчанцы прысудзілі чатыры з паловай гады калоніі за шматлікія махінацыі з аказаннем рытуальных паслуг.

На падмане сваякоў нябожчыкаў зарабляла 50-гадовая індывідуальная прадпрымальніца, прапаноўваючы выраб і ўсталяванне помнікаў, а таксама добраўпарадкаванне месцаў пахавання. Схема была простая: атрымаць перадаплату, паабяцаць хуткае выкананне заказу, а пасля знаходзіць усё новыя прычыны, чаму работы адкладаюцца.

Так адбылося і з двума чарговымі кліентамі. Адзін перадаў жанчыне 1 100 рублёў, другі – 1 800. Пасля атрымання грошай пачаліся звыклыя абяцанні: ці то няма магчымасці выканаць заказ своечасова, ці то трэба яшчэ крыху пачакаць. З цягам часу тлумачэнні скончыліся разам з адказамі на тэлефонныя званкі.

Не дачакаўшыся ні помнікаў, ні сваіх грошай, людзі звярнуліся ў міліцыю.

У судзе абвінавачаная настойвала, што нікога падманваць не збіралася, а выканаць абавязацельствы ёй перашкодзілі незалежныя ад яе абставіны.

Цікава, што яшчэ летась гэтую ж жанчыну судзілі за амаль ідэнтычныя махінацыі. Тады высветлілася, што ад яе дзеянняў пацярпелі больш за паўсотні чалавек. Людзі плацілі за выраб помнікаў, а замест выкананых заказаў атрымлівалі толькі новыя абяцанні. Агульная сума стратаў перавысіла 70 тысяч рублёў.

Новая справа дадала да гэтай гісторыі яшчэ два эпізоды. І хоць самі сумы ўжо не выглядаюць такімі вялікімі, суд палічыў, што гаворка ідзе не пра выпадковасць, а пра працяг той самай схемы.

У выніку прызначаныя два гады абмежавання волі паглынуў больш жорсткі папярэдні прысуд. Канчаткова жанчыне прысудзілі чатыры з паловай гады калоніі, штраф у 4200 рублёў, а таксама абавязак пакрыць пацярпелым матэрыяльную і маральную шкоду.

14 ліпеня Магілёўскі абласны суд разгледзеў апеляцыю, але не знайшоў падстаў змяняць рашэнне суда першай інстанцыі. Так што гісторыя, якая пачыналася з абяцанняў паставіць помнікі, завяршылася для прадпрымальніцы чарговым тэрмінам за кратамі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

“Бабуліна крынка” зноў стала лепшай, а былому кіраўніцтву аб’яўлены прыгаворы

Два загалоўкі аднаго тыдня. Дзяржаўная газета «Веснік Магілёва» рапартуе: «Бабуліна крынка» зноў сярод найлепшых». «Наша Ніва» паведамляе: генеральны дырэктар «Бабулінай крынкі» Генадзь Скітаў прыгавораны да 15 гадоў пазбаўлення волі. Прадпрыемства – найлепшае. Дырэктар – у выпраўленча-працоўнай калоніі. Магілёўская стабільнасць у дзеянні.

Прысуды па «малочнай справе»

Мінскі гарадскі суд паставіў кропку ў «малочнай справе», якая цягнулася з лістапада 2023 года. Генадзь Скітаў атрымаў 15 гадоў – больш, чым прасіў пракурор (13 гадоў). Былы міністр сельскай гаспадаркі і былы памочнік Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Ігар Брыло – 12 гадоў, роўна паводле запыту абвінавачання. Усяго на лаве падсудных апынуліся 18 чалавек з 26 затрыманых, абвінавачанні прад’яўляліся па дванаццаці артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Сярод асуджаных – практычна ўсё кіраўніцтва «Бабулінай крынкі»: сын дырэктара Віктар Скітаў (кіраваў Мінскім філіялам), першы намеснік Арцём Зубель (сын былога намесніка начальніка шчучынскай міліцыі), намесніца дырэктара Галіна Ціцянкова, начальнік аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці Аляксей Драніца, дырэктар Асіповіцкага філіяла Дзяніс Ліннік – былы начальнік Барысаўскага РУУС.

Чорны менеджмент

Сутнасць справы простая, як сыраватка. На дзяржаўнай «Бабулінай крынцы» штучна стваралася затаварванне складоў. Пад выглядам іх разгрузкі прадпрыемства дамагалася зніжэння індыкатыўнай цаны. Танную прадукцыю адгружалі фірмам-пасярэднікам, тыя прадавалі яе ў Расіі па рэальнай рынкавай цане. Розніца дзялілася паміж удзельнікамі. Паводле ацэнкі КДБ, даходы пасярэдніцкай праслойкі складалі не менш за 10 мільёнаў долараў у год.

Добрае беларускае малако, масла і сыр адпраўляліся ў Расію за паўцаны. Дзяржава недаатрымлівала грошы, пасярэднікі багацелі, а расійскі пакупнік нават не здагадваўся, колькі магілёўскіх кар’ер і лёсаў растворана ў яго сырнай нарэзцы.

Хто такі Скітаў?

Фігура дырэктара заслугоўвае асобнага абзаца. Генадзь Скітаў, паводле бацькі Элькінд – спансаваў першую прэзідэнцкую кампанію Лукашэнкі ў 1994 годзе. Разам з ім на лаве падсудных апынуўся брат – Сяргей Элькінд. Паводле даных «Нашай Нівы», браты, «як былыя прадстаўнікі крымінальнага свету», на следстве не далі ніякіх паказанняў. Брыло, наадварот, «беспардонна грузіў сябе і іншых».

Узначаліўшы «Бабуліну крынку» ў верасні 2019 года, Скітаў перш за ўсё ўсталяваў відэакамеры ў кабінеце і прыёмнай, загадаў супрацоўнікам размаўляць з ім толькі праз месенджары, забараніў дзяржаўным органам наведваць завод без яго ведама і пазіцыянаваў сябе перад калектывам як «аўтарытэт з 90-х».

Ключавыя пасады занялі сваякі і былыя падначаленыя: сын – у Мінску, былы начальнік Барысаўскага РУУС – у Асіповічах, уласны кіроўца – у начальніках.

Крыніцы mogilev.media назіралі за гэтай сістэмай у рэальным часе: у кастрычніку 2023 года Скітаў наведваў Быхаўскі філіял холдынга, а супрацоўнікі «Крынкі» насілі на грудзях партыйныя білеты «Белай Русі». Праз месяц пасля быхаўскага візіту Скітава затрымалі пры атрыманні хабару.

Быхаўская галіна

Асобнай згадкі заслугоўвае Быхаўскі філіял холдынга – былы малочны завод са слаўнымі традыцыямі. У нулявыя яго прадукцыю кралі не сумкамі, а падводамі і грузавымі аўтамабілямі: злачынцы ўрэшце настолькі абнаглелі, што разабралі цагляную сцяну складскога памяшкання. Фігурантамі крымінальнай справы сталі амаль два дзясяткі чалавек, уключаючы кіраўнікоў вытворчасці і ахову. Разлікі паміж злодзеямі вяліся выключна ў доларах, а долі выкрадзенага сухога малака размяркоўваліся строга паводле займанай пасады.

Менавіта гэты філіял Скітаў ушанаваў візітам, а пасля яго арышту дырэктара-істопніка (Сяргей Жвірбля, паводле ўласнага прызнання, рабіў лазню для Скітава) ціха змяніў Валерый Хурсан – чалавек з кіраўніцтва магілёўскага вінзавода «МагНат», чый сын Ігар калісьці гандляваў дзіўным «вінцом» у быхаўскай фірмовай краме кансервавага завода, а цяпер гандлюе ў Расіі малочнай прадукцыяй.

Зрэшты, Хурсан пратрымаўся ўсяго 15 месяцаў: у сакавіку 2026 года яго ціха адправілі на пенсію – без падвядзення вынікаў і лішніх пытанняў.

Быхаўскі філіял за час «малочнай справы» перажыў ужо трох кіраўнікоў, і пра кожнага гучных аб’яў не рабілася: расхвальваць чарговага «моцнага гаспадарніка» пасля канфузу са Скітавым раённая газета не рызыкуе.

Зладзейскія традыцыі

Цяперашні прысуд – не першы і, мяркуючы па ўсім, не апошні ў гісторыі прадпрыемства. У 2021 годзе былы галоўны інжынер «Бабулінай крынкі» атрымаў 11,5 гадоў ўзмоцненага рэжыму за закупкі абсталявання па завышаных цэнах, яго жонка – 7 гадоў, саўдзельнік – 8. Яшчэ раней, у 2015-м, інжынер Бабруйскага філіяла два гады карміўся на злачыннай схеме. Цяпер – 15 гадоў дырэктару.

«Бабуліна крынка» сапраўды стабільна сярод найлепшых. Па колькасці пасаджаных кіраўнікоў ёй у вобласці роўных няма.

«Наша Ніва» нагадвае важную дэталь лукашэнкаўскай сістэмы: топ-чыноўнікі рэдка адбываюць тэрмін поўнасцю. Практыка адпрацаваная – датэрміновае вызваленне і накіраванне «кіраваць гаспадаркай». Галіна Ціцянкова, дарэчы, ужо паспела паміж следствам і прысудам узначаліць гаспадарку «Новая Друць» у Бялыніцкім раёне.

Так што не выключана: праз некалькі гадоў нехта з фігурантаў «малочнай справы» вынырне дырэктарам чарговага магілёўскага прадпрыемства. І раённая газета напіша пра яго: «моцны гаспадарнік». А прадпрыемства, зразумела, апынецца «зноў сярод найлепшых».

Фота «Веснік Магілёва».