У Мсціслаўле асудзілі былога кіраўніка сельгаспрадпрыемства да васьмі год турмы і буйнога штрафу

У Мсціслаўскім судзе адбылося паседжанне па справе крадзяжу грашовых сродкаў у асабліва буйным памеры. На судзе абвясцілі суворы прысуд былому дырэктару сельгаспрадпрыемства, што наўмысна завалодаў сродкамі адкрытага акцыянернага таварыства.

Як расказаў старшы памочнік пракурора Мсціслаўскага раёна Дзмітрый Шыпіца, падчас судовага следства было ўстаноўлена, што ў перыяд з ліпеня 2022 года па сакавік 2023 года падсудны, злоўжываючы сваім службовым становішчам, забяспечваў складанне падробленых разлікова-плацежных ведамасцей. У сваю чаргу гэта стала падставай для неабгрунтаваных выплат работнікам.

Аднак грошы, якія нібыта належалі на выплату заработнай платы, прэмій і г.д., да работнікаў не даходзілі. Кіраўнік выкарыстаў іх па сваім меркаванні паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”. 

Прычым за дзевяцімесячны перыяд былы дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства прысвоіў больш за 140 тысяч рублёў. Нягледзячы на гэта факт, віну ў судовым паседжанні ён не прызнаў.

У выніку абвінавачанаму было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 8 гадоў са штрафам у памеры 400 базавых велічыняў (амаль што 4,5 тысяч даляраў). Акрамя таго яму цягам 5 гадоў забаронена займаць кіруючыя пасады.

Фото “Святло кастрычніка”.