Палітвязень з Гродна, журналіст Дзяніс Івашын пасля трох гадоў турмы зноў апынуўся ў магілёўскай калоніі №15. Родныя асцерагаюцца, што яго зноў будуць катаваць.
Новыя старыя загрозы
Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына тры гады ўтрымлівалі ў турме №8 у Жодзіне. У турму ён трапіў праз некалькі месяцаў пасля знаходжання ў калоніі №15, куды яго этапавалі пасля вынясення прысуду. Пра вяртанне Івашына ў магілёўскую калонію паведаміла яго жонка Вольга Івашына.
Яе насцярожыла адна з фраз, у якой Дзяніс паведаміў, што пакуль не займаецца фізічнымі практыкаваннямі і «захоўвае сябе ў ашчадным рэжыме».
Жонка журналіста не лічыць перавод у калонію паляпшэннем умоў адбывання пакарання. Паводле яе, падчас першага знаходжання ў магілёўскай ПК №15 Дзяніс Івашын сутыкнуўся з сістэматычным ціскам з боку адміністрацыі. Яго збівалі, пасля чаго змяшчалі ў штрафны ізалятар, каб іншыя зняволеныя не бачылі слядоў пабояў. Незадоўга да пераводу ў турму журналіст амаль бесперапынна знаходзіўся ў ШІЗА і памяшканні камернага тыпу.
Вольга Івашына сцвярджае, што ціск быў звязаны, у тым ліку, з выкарыстаннем беларускай мовы. Паводле яе слоў, супрацоўнікі калоніі знішчалі яго лісты, пазбаўлялі тэлефонных размоў, перадач і спатканняў з бацькамі.
Ліст пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне
Разам з паведамленнем пра этапаванне маці журналіста атрымала ад адміністрацыі калоніі афіцыйны ліст, у якім таксама пазначана, што Дзяніс Івашын прыбыў у ПК №15 18 чэрвеня.
У дакуменце паведамляецца, што пасля 13 лютага 2030 года ён можа прэтэндаваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, а пасля 9 студзеня 2029 года – на замену неадбытай часткі пакарання больш мяккім. Для гэтага, як адзначаецца ў лісце, асуджаны павінен «цвёрда стаць на шлях выпраўлення», не мець спагнанняў, добрасумленна працаваць і пісьмова паабяцаць правапаслухмяныя паводзіны.
Асобна адміністрацыя прапанавала сваякам паспрыяць кампенсацыі шкоды, вызначанай прысудам суда.
Вольга Івашына адзначае, што матэрыяльная шкода была кампенсаваная яшчэ раней. Паводле яе, сям’я зрабіла гэта ў надзеі, што ў выпадку магчымага абмену ўлады не будуць выкарыстоўваць гэты аргумент супраць журналіста.
Пры гэтым яна называе атрыманы з калоніі ліст стандартным паведамленнем, якое дасылаюць усім зняволеным. На яе думку, практыка паказвае, што прадугледжаныя законам магчымасці датэрміновага вызвалення або атрымання перадач і спатканняў у дачыненні да палітвязняў часта не дзейнічаюць. «Насамрэч усё вырашаецца адміністрацыяй», – адзначае жонка журналіста.
Справа Дзяніса Івашына
Дзяніс Івашын – журналіст газеты «Новы Час» і рэдактар-валанцёр беларускай версіі міжнароднай расследавальніцкай супольнасці InformNapalm. Ён вядомы расследаваннямі пра ўплыў «рускага міру» ў Беларусі, дзейнасць былых украінскіх сілавікоў у беларускім АМАПе і забудову ў мемарыяльным урочышчы Курапаты.
Супрацоўнікі КДБ затрымалі журналіста 12 сакавіка 2021 года. Спачатку яму выставілі абвінавачанне ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, пазней дадалі абвінавачанне ў «здрадзе дзяржаве». Паводле папярэдніх ацэнак, прычынай пераследу магло стаць расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, якія служылі ў беларускім АМАПе.
14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд у закрытым рэжыме прызнаў Івашына вінаватым і асудзіў яго да 13 гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама прызначыў штраф і абавязаў выплаціць кампенсацыю дзевяці сілавікам.
Фотаздымак: baj.media
