У Кіраўску трата стыпендыі на алкаголь і цыгарэты прывяло непаўналетняга да пазбаўлення права распараджацца ўласнымі грашовымі сродкамі.
Хлопец-сірата вучыцца ў каледжы, атрымлівае стыпендыю і грашовую кампенсацыю на харчаванне і набыццё адзення і абутку. Аднак гэтыя грошы, паводле пракуратуры, выдаткоўваў не па прызначэнні – на спіртное і цыгарэты. Прычым ужываў іх пастаянна, за што з ім вялася прафілактычная праца, якая, як відаць, вялікай карысці не прынесла.
Таму дарослыя вырашылі адабраць у яго права распараджацца яго грашыма. Зрабілі гэта прылюдна праз суд, які прайшоў у будынку каледжа. На выяздное судовае пасяджэнне прывялі іншых навучэнцаў.
Пракуратура сцвярджае, што на судзе хлопец не пярэчыў патрабаванню пракурора аб пазбаўленні магчымасці самастойнага распараджэння ўласнымі сродкамі. Незалежнага пацвярджэння такой пазіцыі навучэнца няма.
У выніку суд пазбавіў хлопца права на такое распараджэння да моманту паўналецця. Рашэнне суда пакуль не ўступіла ў законную сілу.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
