Пачаўся суд над Эдуардам Бабарыка – праз тры гады пасля затрымання

Сын удзельніка выбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2020 Віктара Бабарыкі года адверг усе абвінавачванні – піша БелТА. Яну інкрымінуюцца “ўхіленне ад аплаты падаткаў, легалізацыя (адмыванне) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам”, дапамога Сяргею Ціханоўскаму.

Паводле дзяржабвінавачання, Эдуард Бабарыка аказваў садзейнічанне Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

«Эдуард Бабарыка дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады» – перадае БелТА цытаты абвінавачання, агучаныя ў судзе пракурорам.

Пры гэтым Бабарыка, паводле абвінавачання, «з дапамогай платформ «Вулей» і «Мола-мола» арганізаваў збор «сродкаў з неакрэсленага кола асоб для падтрымкі ўдзельнікаў масавых беспарадкаў».

Бацьку і сына Бабарыкаў затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. Эдуард узначальваў перадвыбарчы штаб бацькі, іх спынілі, калі яны везлі ў ЦВК подпісы, сабраныя для вылучэння Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.

За кратамі, без суда Эдуард Бабарыка правёў амаль тры гады. Цяпер яму пагражае да 20 гадоў зняволення.

Фота: БелТА

Рыгора Кастусёва перавялі ў бальніцу на абследаванне

Пра гэта паведаміў зяць беларускага палітыка, Дзмітрый Антончык у сваім Фэйсбуку. 

“Прыйшла інфармацыя пра Рыгора Кастусёва. – напісаў Антончык – Ад 27.04 знаходзіцца ў бальніцы (станам на 11.05). Абследаванне”.

Нагадаем, палітыка і Старшыню партыі “БНФ Адраджэнне” Рыгора Кастусёва затрымалі ў красавіку 2021 года, а ў верасні 2022 года асудзілі на 10 гадоў калоніі. Падчас зняволення ў яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Фота з адкрытых крыніц

Расійскія апазіцыянеры ў Берліне падпісалі дэкларацыю аб злачыннасці вайны супраць Украіны і ліквідацыі пуцінскага рэжыму

Расійскія актывісты і апазіцыянеры, якія выехалі з Расіі, падпісалі дэкларацыю, у якой абвясцілі вайну ў Украіне злачыннай, запатрабавалі ліквідацыі рэжыму Пуціна, вызвалення палітвязняў, ваеннапалонных і выплаціць Украіне кампенсацыі за прычыненую шкоду – паведамляе news.pn.

Сустрэча 68 прадстаўнікоў расійскай апазіцыі адбылася 30 красавіка ў Берліне, паводле яе вынікаў і была прынята заява, якую назвалі “Дэкларацыя расійскіх дэмакратычных сіл”. Нарада адбылася па ініцыятыве М. Хадаркоўскага і некалькіх іншых апазіцыянераў, якія жывуць за межамі Расіі.

“Расійскія войскі павінны быць выведзены з усіх акупаваных тэрыторый. Міжнародна прызнаныя межы Расіі павінны быць адноўлены, ваенныя злачынцы павінны быць прыцягнуты да суда, а ахвярам агрэсіі павінны быць выплачаны кампенсацыі” – сказана ў першым пункце Дэкларацыі.

Акрамя таго, у дэкларацыі прызнаны “нелегітымным і злачынным” рэжым У. Пуціна, які з гэтай прычыны “павінен быць ліквідаваны”.

Актывісты заклікалі расіян далучыцца да іх дэкларацыі і абавязаліся яе падтрымліваць да дасягнення названых стратэгічных мэт.

Сярод тых, хто падпісаў дакумент – палітыкі на эміграцыі Міхаіл Хадаркоўскі, Дзмітрый Гудкоў, Ілья Панамароў і Леанід Гозман, палітолагі Кірыл Рогаў і Іван Праабражэнскі, вядомыя прадпрымальнікі, эканамісты, юрысты, прадстаўнікі расійскіх антываенных рухаў у розных краінах.

Дэкларацыя таксама апублікавана на сайце Change.org. Пад ёй могуць пакінуць подпіс усе ахвочыя .

Віктар Бабарыка шпіталізаваны – верагодна, з траўмамі

Беларускія СМІ паведамляюць, што палітык і палітзняволены Віктар Бабарыка магчыма, быў моцна збіты ў Наваполацкай калоніі, дзе ён адбывае прысуд. Паводле інфармацыі, якая прасачылася да праваабаронцаў і прадстаўнікоў рабочага руху, зараз ён знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні бальніцы ў Наваполацку. Гаворыцца, што ў лякарню ён быў дастаўлены з шматлікімі слядамі збіцця, у стане сярэдняй ступені цяжкасці.

Некалькі месяцаў ад палітыка не паступала ніякай інфармацыі, да родных не даходзілі лісты. Ёсць інфармацыя, што апошнім часам ён пастаянна ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары. Ад асуджаных, што разам з ім утрымліваліся ў калоніі ў Наваполацку паступалі звесткі, што іншым зняволеным забаранялася размаўляць з Віктарам Бабарыкам. Працаваць яго паставілі на выпальванне драўнянага вугалю. Гэтая праца лічыцца адной з самых цяжкіх у калоніі.

Фота з адкрытых крыніц.

Адбываецца спроба дзяржаўнага перавароту ў Судане

У суботу раніцай, 15 красавіка, у некалькіх частках сталіцы Судана Хартума раздаліся стрэлы і выбухі – паведамляе news.pn.

Сутыкненні адбыліся пасля некалькіх тыдняў росту напружанасці паміж Суданскай арміяй, якую ўзначальвае генерал Абдэль Фаттах аль-Буран, і Сіламі аператыўнай падтрымкі, магутнай ваенізаванай групоўкай, якую ўзначальвае генерал-лейтэнант Махамед Хамдан.

Ваенныя, якія захапілі ўладу ў выніку перавароту 25 кастрычніка 2021 года, у гэтым месяцы пагадзіліся перадаць гэтую ўладу грамадзянскаму ўраду. Але ў пачатку красавіка ў чарговы раз было адкладзенае падпісанне палітпагаднення паміж пераходнай суверэннай радай Судана і прадстаўнікамі апазіцыйных арганізацый.

ААН атрымала паведамленні аб баявых дзеяннях амаль ва ўсіх раёнах Хартума.

Пасля абеда баі працягнуліся і перамясціліся ў раён аэрапорта. З-за гэтага фактычна заложнікамі сталі ўсе рэйсавыя самалёты і іх экіпажы, якія знаходзіліся ў аэрапорце, у тым ліку украінскія і расійскія, паколькі зараз вылет з’яўляецца небяспечным – дадае 24tv.ua.

Былога кандыдата ў прэзідэнты Перу асудзілі за забойства журналіста 35 гадоў таму

Былы міністр унутраных спраў і адстаўны генерал перуанскай арміі Даніэль Урэсці быў прысуджаны да 12 гадоў турэмнага зняволення як саўдзельнік забойства журналіста Уга Бустыяса ў 1988 годзе.

Уга Бусціас быў рэпарцёрам штотыднёвіка Caretas у андскім рэгіёне Аякуча, які знаходзіўся ў цэнтры ўзброенага канфлікту ў 1980-х і 90-х гадах. Журналіст паведамляў аб парушэннях правоў чалавека, учыненых як паўстанцамі, так і ўзброенымі сіламі. Гэты рэгіён найбольш пацярпеў ад палітычнага гвалту падчас жорсткага грамадзянскага канфлікта, у якім загінулі альбо зніклі без вестак амаль 70 000 чалавек.

Бусціас быў абстраляны з кулямётаў групай салдат у цывільным, калі ён ехаў на матацыкле. Яго спадарожніку, яшчэ аднаму журналісту, які ехаў на задняй панэлі, удалося ўцячы. Калі Бусціас ляжаў цяжка паранены, па словах пракуратуры, салдаты ўзарвалі выбухоўку на яго целе, забіўшы яго.

Урэсці быў абвінавачаны двума калегамі-афіцэрамі з яго ваеннай базы, яны сцвярджаюць, што Урэсці быў у той час капітанам, які адказваў за разведку, і што ён удзельнічаў у засадзе, у якой быў забіты Бусціас у лістападзе 1988 года.

У Урэсці была доўгая палітычная кар’ера, у тым ліку ён працаваў у якасці міністра ўнутраных спраў, кангрэсмена з 2020 па 2021 год, быў кандыдатам у прэзідэнты Перу ў 2016 і 2021 гадах і кандыдатам на пасаду мэра сталіцы Лімы у 2018 і 2022 гадах.

Суд прызнаў Бусціаса вінаватым і асудзіў на 12 гадоў турмы – паведамляе рэсурс quienlosabe.com.

Фота: quienlosabe.com

Трамп стаў другім у гісторыі экс-прэзідэнтам ЗША, якога арыштоўвалі

4 красавіка былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп быў арыштаваны ў зале суда для ўдзелу ў пасяджэнні, на якім яму былі зачытаныя 34 пункты афіцыйнага абвінавачвання. Пазней палітыка вызвалілі з-пад варты і абавязалі зноў з’явіцца ў суд у снежні 2023 года.

Як піша The New York Times, у цэнтры пракурорскага абвінавачвання знаходзяцца некалькі эпізодаў подкупу, якія, верагодна, былі здзейсненыя дзеля ўплыву на вынік прэзідэнцкіх выбараў у ЗША ў 2016 годзе. Акрамя выплаты порнаактрысе Стормі Дэніэлс 130 000 долараў за маўчанне пра сэксуальную сувязь у 2006 годзе, разглядаюцца яшчэ дзве выплаты. 

Заяўляецца, што швейцар будынка Trump Tower атрымаў хабар у 30 000 долараў за маўчанне пра пазашлюбнага дзіцёнка Трампа, а зорка Playboy 1998 года Карэн Макдугал нібыта атрымала ад газеты The National Enquirer 150 000 у якасці ганарару за гісторыю пра раман з Трампам. Гэтыя грошы выплочваліся па прынцыпе “злаві і забі” – то бок дзеля таго, каб гэтая гісторыя ніколі не была надрукаваная.

Дональд Трамп стаў другім экс-прэзідэнтам ЗША, які арыштоўваўся паліцыяй. Раней першым арыштаваным стаў былы прэзідэнт Уліс Грант, якога бралі пад варту за перавышэнне хуткасці пры яздзе на гужавой павозцы па Вашынгтоне ў 1872 годзе. Уліс Грант быў вымушаны выплаціць 20 долараў залогу, каб апынуцца на свабодзе.

Фота з адкрытых крыніц.

Са старшыні Саюза палякаў Анжалікі Борыс знялі абвінавачванне, яе адпусцілі з-пад арышту

Як даведаліся беларускія СМІ, старшыню Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс разам з маці выклікалі ў Мінск. Там ёй уручылі дакумент аб спыненні крымінальнай справы “ў сувязі з адсутнасцю склада злачынства”. Яна таксама была вызваленая ад хатняга арышту, пад якім жыла з сакавіка мінулага года. Да таго яна амаль год знаходзілася ў зняволенні. 

Анжаліка Борыс была затрыманая ўвесну 2021 года разам з іншымі актывістамі польскай меншасці ў Беларусі – журналістам Андрэям Пачобутам, дзяячкамі Ірынай Бярнацкай, Марыяй Цішкоўскай і Ганнай Панішавай. Зараз у турме застаецца Андрэй Пачобут, прысуджаны да 8-гадовага турэмнага тэрміну. 

Фота з адкрытых крыніц.

Больш за 80% украінцаў выступаюць за ўступленне ў НАТА і ЕС

Падтрымка ўступлення Украіны ў Паўночнаатлантычны Альянс і Еўрасаюз сярод украінцаў вырасла да рэкорднага ўзроўню – 82% і 85% адпаведна, сведчаць вынікі Усеўкраінскага апытання Міжнароднага рэспубліканскага інстытута (МРІ).

Назіраецца рост прыхільнікаў НАТА. Іх цяпер 82%. Гэта на 10% больш, чым было ў чэрвені і на 23%, чым у красавіку 2022 года. Больш за ўсё ўступленне ў НАТА падтрымліваюць на Захадзе (87%) і Цэнтры (85%) краіны. Ніжэй падтрымка на Поўдні – 80% і на Усходзе – 72% апытаных. 

Самая высокая падтрымка ўступлення ў НАТА ў старэйшай узроставай групе – сярод людзей 51+ падтрымка дасягае 86%. У групе 18-35 гадоў падтрымка найменшая – 78%.

Уступленне ў ЕС вітаюць 85% апытаных у параўнанні з 80% у чэрвені і красавіку 2022 года. Больш за ўсё ўступленне ў ЕС падтрымліваюць на Захадзе краіны – 89%, на Усходзеі – 80%.

Найбольш тых, хто за ўступленне ў ЕС, ва ўзроставых групах 18-35 і 51+.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Сейм Літвы прыняў праект закона па прыпыненні выдачы віз беларусам – у першым чытанні

У дачыненні да грамадзян краін-агрэсараў у вайне з Украінай, а да гэтага ліку літоўскія парламентарыі адносяць беларусаў і расіян, прапануецца прыняць абмежавальныя меры па атрыманні літоўскіх віз і віду на жыхарства.

“Пераважная большасьць грамадзян Расіі падтрымліваюць ваенныя дзеянні і агрэсію сваёй краіны, яны не робяць крокаў, каб спыніць агрэсію рэжыму сваёй краіны, таму адказнасьць ляжыць і на грамадзянах гэтых краін. Каб змяніць іх паводзіны, мэтазгодна ўвесці абмежавальныя меры, звязаныя з магчымасцю грамадзян Расіі і Беларусі наведваць Літву і ўязджаць на тэрыторыю Еўрасаюза – так патлумачыла законапраект намеснік міністра замежных спраў Літвы Ёвіта Нелюпшэне паведамляе афіцыйны сайт літоўскага Сейма.

Законапраект прадугледжвае прыпыненне прыёму візавых заявак грамадзян Расіі і Беларусі ў літоўскіх візавых службах за мяжой, за выключэннем выпадкаў, калі Міністэрства замежных спраў Літвы выступае пасярэднікам у падачы візавай анкеты. Таксама прыпыняецца прыём заяў на афармленне нацыянальных літоўскіх віз грамадзянамі Расіі і Беларусі праз знешняга пастаўшчыка паслуг за мяжой. 

Паводле законапраекта будзе прыпынены прыём заяў ад грамадзян Расіі і Беларусі на выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Літве. Адносна тых грамадзян Беларусі і Расіі, якія ўжо падалі заявы на дазвол, працэдура надання права часовага пражывання будзе спыненая.

Пасля абмеркавання праект у першым чытанні ухвалілі 113, супраць не прагаласаваў ніводзін, устрымаліся 9 членаў Сейма. Калі ён будзе прыняты ў другім чытанні, то атрымае сілу закона.

Фота з адкрытых крыніц.