Сына вядомага быхаўскага пісьменніка Сяргея Антонава ўнеслі ў базу асобаў, датычных да “экстрэмісцкай дзейнасці” па версіі Міністэрства ўнутраных спраў – паведамляе Тэлеграм-канал MAYDAY.team.
Нагадаем, што Арцём Антонаў, сын знакамітага пісьменніка-фантаста Сяргея Анотнава, быў затрыманы ў канцы снежня 2023 года. Яго затрыманне было звязана з пераследам бацькі – Сяргей Антонаў абвінавачваўся ў супрацоўніцтве з “экстрэмісцкім фарміраваннем” і быў вымушаны пакінуць Беларусь. Падчас затрымання Арцём Антонаў нібыта абразіў Лукашэнку ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі.
Акрамя Арцёма Антонава, у «спіс экстрэмістаў» таксама ўнеслі магіляўчанку Алену Дуброўскую. У красавіку 2024 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў яе вінаватай у “абразе Лукашэнкі” і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 1 год і 6 месяцаў.
Яшчэ адным жыхаром Магілёва, унесеным МУС у спіс “экстрэмістаў”, стаў Сяргей Сухавараў – яго на закрытым пасяджэнні судзіў Магілёўскі абласны суд. Вядома, што яму былі прад’яўленыя абвінавачанні за «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК РБ) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК РБ). Прыгавор суда па гэтай справе невядомы.
Фота з сацыяльных сетак