эфект Экзюперы

Быхаў і Чавусы далучыліся да тэмы бадзяжных сабак і адкрылі «эфект Экзюперы»

З інтэрвалам у суткі ў дзвюх раённых газетах Магілёўшчыны – быхаўскім «Маяку Прыдняпроўя» і чавускай «Іскры» – выйшлі тэксты-двайняты пра бадзяжных сабак. Жахлівая статыстыка ўкусаў, апеляцыя да безадказнасці жыхароў, пахвала жылкамунгасам. Чавуская раёнка пайшла далей – спаслалася на Антуана дэ Сент-Экзюперы.

Схема адна на два раёны:

  • у Быхаве – 42 выпадкі ўкусаў з пачатку 2026 года, 16 з іх прыпалі на дзяцей, 10 – напады бязнаглядных сабак. З пачатку года мясцовы Жылкамунгас сумесна са спецыялізаваным прадпрыемствам Магілёва адлавіў 115 жывёл: 91 сабаку і 24 каты;
  • у Чавусах – 47 зваротаў у бальніцу з-за ўкусаў, рост у параўнанні з мінулым годам у 2,2 раза.

Далей – абвінавачанні ў адрас тых, хто «прывязвае зграю» кормам каля пад’езда – добрых пенсіянерак, якія падкормліваюць сабак. Іх уяўная міласэрнасць, паводле версіі абедзвюх раёнак, і ёсць корань праблемы.

Пра тое, як працуе служба адлову, відаць на прыкладзе Краснаполля ў сакавіку 2026 года. Тады раённая газета «Чырвоны сцяг» скардзілася, што зграі «акупавалі вуліцы і двары» райцэнтра. УКВПП «Жылкамунгас» патрабаваў пісьмовую заяву і аплату выкліку спецыялізаванай службы. Служба прыязджала, «аглядала славутасці Краснаполля» і з’язджала. Сабакі «як сядзелі ў цэнтры, так і сядзяць».

А між тым, у красавіку 2026 года ў Магілёўскай вобласці быў зафіксаваны першы з 2012 года выпадак смерці чалавека ад шаленства.

З 1 студзеня 2025 года ў Беларусі дзейнічае Закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Паводле задумы ён павінен быў закрыць усе прабелы: рэгістрацыя гадаванцаў, чыпаванне, парадак адлову, прытулкі, пункты ўтрымання, адказнасць за адмову ад жывёлы.

Праз паўтара года карціна ў раёнах – тая, якую апісалі чавуская і быхаўская газеты: рост колькасці ўкусаў, рост выпадкаў шаленства, адсутнасць прытулкаў, адлоў як адзіны бачны механізм.

Прытулкаў няма, праграмы стэрылізацыі няма, рэгістрацыі як след няма. Ёсць жылкамунгас, фактычна бяздзейнае «Спецаўтапрадпрыемства» і бабулі, якія ва ўсім вінаватыя.

Можа, пара паглядзець на праблему з іншага боку і заняцца бабулямі? Не расстрэльваць, вядома. Проста паменшыць ім пенсію, каб лішняга хлеба ў хаце не вадзілася.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва