На дарозе Смаленск-Мсціслаў расійскія памежнікі не далі вывезці бензін у Беларусь

На расійска-беларускай мяжы ўпершыню не дазволілі завезці бензін з Расіі ў Беларусь. Інцыдэнт здарыўся на трасе Смаленск-Мсціслаў.

На КПП Каськова-Клюкіна на расійска-беларускай мяжы памежнікі заявілі вадзіцелю, што ў Расіі дзейнічае забарона на вываз паліва за мяжу, таму ў дадатковай каністры павінна быць не больш за 10 літраў паліва. 

Пры гэтым вываз бензіну і дызеля з Беларусі ў Расію нічым не абмежаваны, што прывяло ўжо да дэфіцыту каністраў у памежных раёнах. Зараз 20-літровыя каністры, якія вырабляюць у аршанскай Папраўчай калоніі №8 сталі каштаваць значна даражэй, чым раней. Кошт на іх на інтэрнэт-пляцоўках вырас да 60 еўра ў эквіваленце, што ў чатыры разы больш рэальнай вартасці.

Фотаздымак: www.mstislavl.gov.by

Сталі вядомыя падрабязнасці здзекаў над палітвязнем, які загінуў у шклоўскай калоніі

Былы палітвязень Антон Сотнікаў распавёў “Нашай ніве”, як здзекваліся над Валянцінам Штэрмерам, які ў траўні 2025 года загінуў у калоніі №17 Шклова.

«Яго выганялі на прамзону, а ён ледзь хадзіў, на яго пастаянна псіхалагічна ціснулі. Неяк нас з ім вялі ў ШІЗА – ён ішоў наперадзе, а мяне за ім выводзілі ластаўкай. Ён упаў, дык яму нагой далі ў грудзі – маўляў, уставай, што ты прыкідваешся. Бяскрыўдны чалавек, нікому не мог зрабіць нічога дрэннага», – успамінае былы сядзелец шклоўскай калоніі.

Валянцін Штэрмер памёр, калі яму было каля 60 гадоў. Але паводле Антона, выглядаў ён на 10 гадоў старэйшым – згорблены, знясілены і з патрэбай у шпіталізацыі. Штэрмера пастаянна падстаўлялі, нагаворвалі на яго і стваралі ўмовы, каб мужчына трапіў у ШІЗА.

Акрамя таго, Штэрмер быў мішэнню стукачоў. Напрыклад, вязня па прозвішчы Скавыш, які сядзіць за забойства, ці другога крымінальніка-стукача, Палянскага.

«Галоўнае, каб данос быў прынесены, а чалавека адпрацуюць у любым выпадку, вінаваты ён ці не, таму што мы – «экстрэмісты». Ім не важна, што зрабіць, галоўнае, каб нам было балюча, а ім – добра. Зрабіць выгляд, што яны працуюць на супрацоўнікаў, каб іх заахвоцілі», – апісвае палітвязень светапогляд тамтэйшых стукачоў.

Валянцін Штэрмер быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за тое, што каментаваў агрэсію Расіі супраць Украіны, асуджаючы расійскае ўварванне. Па звестках, Штэрмер быў вельмі слабы, пасля інсульту.

Фотаздымак: старонка Валянціна Штэрмера ў “Аднакласніках”

Расійскія сістэмы РЭБ “перанеслі” магілёўца ў Смаленскую вобласць

Расійскія сістэмы РЭБ уплываюць на праблемы з GPS у Беларусі, з-за чаго геалакацыя, напрыклад, у Магілёве, пачынае паказваць некарэктна.

Жыхар Магілёва паведаміў пра незвычайны збой у працы GPS. Знаходзячыся ў сваёй кватэры на восьмым паверсе шматкватэрнага дома, ён убачыў у мабільным дадатку карты, што нібыта знаходзіцца ў Смаленскай вобласці Расіі.

Пра гэты выпадак ён расказаў у адным з профільных тэхнічных чатаў, прыклаўшы скрыншот з экрана тэлефона. Паводле яго слоў, пасля таго як ён спусціўся на вуліцу, геалакацыя зноў пачала працаваць нармальна.

Іншыя ўдзельнікі чата адзначылі, што таксама перыядычна сутыкаюцца з падобнымі збоямі. Яны звярнулі ўвагу, што чым вышэй знаходзіцца прылада над зямлёй, тым часцей GPS вызначае няправільныя каардынаты.

Як мяркуюць спецыялісты, гаворка ідзе пра так званы GPS-спуфінг – падмену спадарожнікавага сігналу. У адрозненне ад яго глушэння, калі навігацыя проста перастае працаваць, пры спуфінгу прыёмнік атрымлівае больш магутны фальшывы сігнал і пачынае вызначаць памылковае месцазнаходжанне.

Даследчыкі ўжо неаднаразова звязвалі падобныя перашкоды са Смаленскай вобласцю. Лічыцца, што расійскія сістэмы радыёэлектроннай барацьбы выкарыстоўваюць падмену каардынат для супрацьдзеяння ўкраінскім беспілотнікам, якія рэгулярна атакуюць аб’екты на тэрыторыі Расіі.

Пры гэтым эфект ад працы сістэм РЭБ распаўсюджваецца і на памежныя беларускія рэгіёны. У выніку памылковыя каардынаты могуць атрымліваць не толькі беспілотнікі, але і звычайныя карыстальнікі мабільных тэлефонаў.

Спецыялісты адзначаюць, што такая падмена сігналу можа ствараць праблемы не толькі для аўтамабільнай навігацыі, але і для авіяцыі ды іншых сфер, дзе дакладнасць GPS мае вырашальнае значэнне.

Фотаздымак: “Наша ніва”

Магілёўская дэлегацыя не даехала да Бранску на “Славянскае адзінства”

Фестываль “Славянскае адзінства”, які меўся прайсці ў Бранску 27-29 чэрвеня 2026 года, хутчэй за ўсё, адмянілі.

Нягледзячы на тое, што сёння нібыта апошні дзень фестывалю, ніякіх паведамленняў пра правядзенне мерапрыемства не з’явілася ні ў беларускіх, ні ў расійскіх дзяржаўных медыя, піша гомельскае незалежнае выданне “Флагшток”. Удзел у чыноўніцкім свяце павінны былі ўзяць беларускія дэлегацыі з Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

Бранскія выданні абмежаваліся віншаваннямі з Днём дружбы і яднання славян, выкарыстаўшы архіўныя фотаздымкі мінулых гадоў. Пра сам фестываль яны не згадалі.

У Беларусі таксама не паведамлялася пра візіт афіцыйных дэлегацый у Бранск. Праўладныя СМІ расказалі толькі пра міжнародны анлайн-тэлемост паміж моладдзю Гомельскай і Бранскай абласцей, які быў названы мерапрыемствам у межах фестывалю.

Пра тое, што Магілёўская вобласць рыхтавалася да паездкі, сведчылі дзяржаўныя закупкі. Магілёўская абласная філармонія загадзя набыла транспартныя паслугі і страхаванне для ўдзельнікаў, якія павінны былі адправіцца ў Бранск.

Афіцыйных тлумачэнняў, чаму фестываль не адбыўся, пакуль не прагучала. Аднак адмена адбылася пасля інцыдэнту з абстрэлам аўтобуса з Гомельскай вобласці ў Бранскай вобласці. 

Акрамя сітуацыі з бяспекай у памежных раёнах, на правядзенне мерапрыемства маглі паўплываць і праблемы, якія ўзніклі ў Бранскай вобласці пасля атак на расійскую паліўную інфраструктуру. 

Фестываль узнік у 1970-х гадах, каб падкрэсліць сяброўскія адносіны паміж БССР, УССР і РСФСР. Праводзілі яго і пасля распаду Савецкага Саюза. Пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2014 годзе ўкраінскі бок перастаў удзельнічаць у мерапрыемстве. Звычайна фестываль праходзіў у апошнія выхадныя чэрвеня па чарзе ў Бранскай і Гомельскай абласцях.

Фотаздымак: ТГ “Гомельшчына афіцыйна”

Палонны расійскі найміт з Бабруйска даў новае інтэрв’ю

Бабруйчанін Сяргей Тарас, які як расійскі найміт трапіў ва ўкраінскі палон, распавёў новыя падрабязнасці пра сябе.

У сакавіку 2026 года Сяргей ужо распавядаў журналістам тэлеканалу “Вот так” пра тое, як наняўся забіваць украінцаў, а потым трапіў ва ўкраінскі палон. У тым інтэрв’ю яго прозвішча – Тарасаў. У новым, якое з ім зрабіў блогер Аляксандр Кабанаў на YouTube-канале BelPol, – Тарас. 

Згодна новых падрабязнасцяў, апошнія гады ён ездзіў на заробкі ў Смаленск. Пры гэтым адзначае, што раней вучыўся ў Кіеве. У маладосці быў асуджаны за крадзёж. Таксама ў Сяргея Тараса нібыта ёсць малодшы брат. 

Падпісаў кантракт з расійскай арміяй у 2024 годзе. Грошы, якія яму пералічылі, былі немалыя – каля 4 млн расійскіх рублёў (3 млн 700 тыс. расійскіх рублёў згодна першаму інтэрв’ю), але ён атрымаць іх не змог, бо яны знаходзяцца на банкаўскім рахунку, да якога Сяргей цяпер не мае доступу.

Цяпер Тарас сцвярджае, што першапачаткова не разумеў, што давядзецца забіваць украінцаў, але, трапіўшы на перадавую, зразумеў, «што тут трэба ваяваць». Раней пра такое неразуменне нічога не казаў.

У першым інтэрв’ю адзначаецца, што бабруйчанін прайшоў падрыхтоўку ў Варонежы, а потым – купянскі кірунак у складзе 1-й танкавай арміі. Цяпер жа, паводле яго, пасля падпісання кантракта ён два тыдні праходзіў ваенную падрыхтоўку як стралок у вучэбнай часці на Смаленшчыне, а затым яшчэ два тыдні – у Луганскай вобласці.

«Нас набіралі ў штурмавыя роты», – кажа ён і адзначае, што актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях не прымаў. «Я быў у закрэпах. У нас кантакту прамога [з праціўнікам] не было. Мы ахоўвалі», – сцвярджае Сяргей.

Пра абставіны, пры якіх ён трапіў да ўкраінцаў, мужчына не расказвае, але з папярэдняга расповяду вядома, што яго ўзялі ў палон ваяры Расійскага добраахвотніцкага корпусу.

Як і ў сакавіку, так і цяпер Сяргей спадзяецца, што яго абмяняюць на ўкраінскіх ваеннапалонных. Цяпер жа ён яшчэ звяртаецца да суайчыннікаў, якія могуць разглядаць магчымасць удзелу ў вайне.

«Няхай падумаюць, перш чым нешта рабіць. Не на п’яную галаву, а на цвярозую. Вайна – гэта смерць. Чалавек няхай рэальна думае, што ён не проста так ідзе туды, а ідзе паміраць», – кажа бабруйчанін.

Скрыншот @osbbelpol / youtube

У Асіповічах вучыліся тушыць пажар на аб’екце дзяржрэзерву «Маяк»

У Асіповіцкім раёне ратавальнікі правялі тактыка-спецыяльныя вучэнні на аб’екце «Маяк». Паводле легенды вучэнняў, загарэўся рэзервуар з керасінам, які ўваходзіць у сістэму дзяржаўных матэрыяльных рэзерваў, пасля чаго адбыўся ўмоўны выбух: дах ёмістасці сарвала, стацыянарная сістэма пажаратушэння нібыта выйшла са строю, а агонь мог перакінуцца на суседнія рэзервуары.

Як паведамляе раённае выданне, у вучэннях удзельнічалі тры пажарныя аўтацыстэрны, аўталесвіца і падраздзяленні Асіповіцкага РАНС. Ратавальнікі адпрацоўвалі падачу пены, астуджэнне суседніх ёмістасцяў, працу пераносных лафетных ствалоў і ўстаноўкі «Пурга-30». У сцэнары таксама прадугледжвалася прыцягненне сіл з суседніх раёнаў, Бабруйска і абласнога ўпраўлення МНС.

Само па сабе адпрацоўванне пажару на небяспечным аб’екце — звычайная і неабходная справа. Але цяпер падобныя вучэнні ў Асіповічах успрымаюцца ў іншым кантэксце. У траўні ў раёне праходзілі расійска-беларускія трэніроўкі з удзелам падраздзяленняў, звязаных з ядзерным забеспячэннем. 

Акрамя таго, Беларусь усё часцей згадваецца ў сувязі з рызыкай яе глыбейшага ўцягвання ў расійскую вайну супраць Украіны. На гэтым фоне асаблівае значэнне набываюць аб’екты захоўвання паліва і дзяржаўных рэзерваў: Украіна працягвае наносіць паспяховыя ўдары па расійскай нафтавай інфраструктуры, а ў чэрвені паведамлялася, у прыватнасці, пра атакі на Маскоўскі НПЗ. 

Пакуль што ў Асіповічах гарэў толькі навучальны рэзервуар, а выбух існаваў выключна ў службовай легендзе. Аднак сама неабходнасць мадэляваць аварыйныя сцэнары на «стратэгічным» аб’екце паказвае: у цяперашняй ваеннай рэальнасці такія трэніроўкі ўжо не выглядаюць абстрактнай прафілактыкай.

Крыніца ілюстрацыі: «Асіповічы Online».

Чытайце таксама: У Асіповіцкім раёне прайшлі расійска-беларускія ядзерныя вучэнні.

Круглянская раёнка: 85 гадоў таму Германія вераломна напала на Беларусь

Круглянскія ідэёлагі ўзялі новую вышыню ў фальсіфікацыі гісторыі. Паводле іх, 85 гадоў таму Германія пачала вайну з Беларуссю.

22 чэрвеня 1941 года нацысцкая Германія са сваімі саюзнікамі, парушыўшы Дамову ад дружбе і ненападзенні з СССР, напала на свайго ўжо былога саюзніка, з якім разам распачала Другую Сусветную вайну. Мэтай нападзення быў, перш за ўсё, захоп тэрыторый. Нападзенне адбылося па ўсёй заходняй савецкай мяжы, частка якой, прычым зусім невялікая, тычылася БССР. 

Гэта ўсім вядомая гісторыя, ніхто не спрачаецца, што ва ўзгаданы дзень Германія без абвяшчэння вайны нападала на СССР, у які састаўной, абсалютна несамастойнай часткай уваходзіла Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Але ў Круглым гісторыя цяпер іншая. 

“Роўна 85 гадоў таму, у 4:15 раніцы, нацысцкая Германія вераломна напала на Беларусь”, – піша яе тэлеграм-канал “PRO Круглое”. З такім падыходам у вызначэнні ваенных дзеянняў можна меркаваць, што была нейкая нямецка-беларуская вайна.

З іншага боку, па той жа логіцы круглянскіх ідэёлагаў і прапагандыстаў, варта ставіць пытанне, а калі ж закончылася нямецка-беларуская вайна, якую распачала Германія нападзеннем на Беларусь. Калі лічыць заканчэннем поўны захоп тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкімі войскамі, то недзе напачатку верасня 1941 года, пэўна, у Германіі святкавалі перамогу над Беларуссю. Праўда, аб такім святкаванні сведчанняў мы не знойдзем, як не знойдзем нічога аб нападзенні Германіі на Беларусь.

Фотаздымак: ТГ “PRO Круглае”

Дэлегацыя з Магілёва паедзе на фестываль на прыфрантавой тэрыторыі

У Бранск, які ў Беларусі цяпер лічыцца прыфрантавой зонай, паедзе дэлегацыя з Магілёва на фестываль “Славянскае адзінства”.

Фестываль «Славянскае адзінства» сёлета пройдзе ў расійскім Бранску з 27 па 29 чэрвеня. Расійскі бок паведаміў, што ўдзел у ім возьмуць дэлегацыі з Гомеля, Магілёва, а таксама прадстаўнікі самаабвешчанай ЛНР.

Пра падрыхтоўку паездкі з Магілёва сведчаць закупкі, размешчаныя Магілёўскай абласной філармоніяй, высветліў “Флагшток”. Згодна з дакументацыяй, у Бранск плануюць адправіць каля 20 артыстаў. Для ўдзельнікаў таксама закупляюцца паслугі страхавання.

Раней фестываль праводзіўся каля манумента «Дружба» на стыку межаў Беларусі, Украіны і Расіі. У ім удзельнічалі прадстаўнікі трох краін. Пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны фармат мерапрыемства быў зменены, і цяпер яго праводзяць па чарзе ў Гомелі і Бранску.

Нядаўна Бранскую вобласць наведаў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, які ўдзельнічаў у пасяджэнні аргкамітэта фестывалю. Пазней, каментуючы інцыдэнт з аўтобусам у Бранскай вобласці з беларускімі дзецьмі, куды трапіў дрон і загінула жанчына, а некалькі дзяцей аказаліся параненымі, ён назваў рэгіён «практычна прыфрантавой зонай».

Фотаздымак: ТГ “Гомельшчына афіцыйна”

У Магілёве на ваенныя зборы адправілі васьмікласнікаў

У Магілёве мілітарызацыя падлеткаў адзначылася правядзеннем ваенных збораў для 14-гадовых навучэнцаў кадэтскага вучылішча.

“З 1 па 5 чэрвеня 2026 года прайшлі планавыя ваенна-палявыя зборы для выхаванцаў Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі, якія скончылі 8-ы клас”, – паведамляецца ў Інстаграме вучылішча.

Адметна, што абавязковыя дзесяцідзённыя зборы з гэтага года ўвялі па ўсёй Беларусі. Аднак у Магілёве гэтага аказалася замала і таму на іх скіравалі 14-годкаў. “Мэтай збораў стала замацаванне на практыцы ведаў, атрыманых у ходзе навучальнага года, і пагружэнне кадэтаў у атмасферу рэальнай армейскай службы” – распавядае адміністрацыя вучылішча.

Для дзяцей была арганізавана стральба з аўтамата Калашнікава АК-74 у поўнай баявой амуніцыі. Таксама вучням трэба было здаваць нарматывы па надзяванні сродкаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны і вывучаць алгарытмы дзеянняў ва ўмовах прымянення зброі масавага паражэння. Падлеткі фактычна беглі крос у сродках РХБА (радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны).

Зборы праходзілі на базе 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады ў вёсцы Пашкава.

Фотаздымак: Інстаграм Магілёўскага абласнога кадэтскага вучылішча

Апублікаваны рэдкі здымак нямецкага прапагандысцкага аўтамабіля ў Магілёве

Ураджэнец Магілёва Алег Давід Лісоўскі падзяліўся здымкам агітацыянага нямецкага аўтацягніка, праз які падчас вайны заклікаў магілёўцаў на працу ў Германію.

“Нямецкі агітацыйны аўтацягнік, які стаяў на ратушнай плошчы 10.5.1944 і агітаваў мясцовае насельніцтва ехаць у Нямеччыну на працы – нібыта фронт не цісьне, нібыта горад не будзе вызвалены ўсяго праз некалькі тыдняў”, – напісаў Лісоўскі ў Facebook.

Гэты здымак, паводле рупліўца на карысць магілёўскай мінуўшчыны, нядаўна з аўкцыёны сышоў “налева” за вялікія грошы. Публікацыю Лісоўскі прымяркаваў да чарговай гадавіны вызвалення Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

У дыскусіі праз каментары да здымку ён адзначае, што хацеў набыць здымак за 125 еўра, але яго купілі за 126. “Фатаздымак мега каштоўны… Гэты аўтобус сустракаўся яшчэ ў Гомелі і Смаленску. Але здымкі з ім амаль не ўсплываюць. Таму і кошт адпаведны”, – тлумачыць Алег Давід Лісоўскі.

Фотаздымак: Facebook Алега Давіда Лісоўскага