У Асіповічах вучыліся тушыць пажар на аб’екце дзяржрэзерву «Маяк»

У Асіповіцкім раёне ратавальнікі правялі тактыка-спецыяльныя вучэнні на аб’екце «Маяк». Паводле легенды вучэнняў, загарэўся рэзервуар з керасінам, які ўваходзіць у сістэму дзяржаўных матэрыяльных рэзерваў, пасля чаго адбыўся ўмоўны выбух: дах ёмістасці сарвала, стацыянарная сістэма пажаратушэння нібыта выйшла са строю, а агонь мог перакінуцца на суседнія рэзервуары.

Як паведамляе раённае выданне, у вучэннях удзельнічалі тры пажарныя аўтацыстэрны, аўталесвіца і падраздзяленні Асіповіцкага РАНС. Ратавальнікі адпрацоўвалі падачу пены, астуджэнне суседніх ёмістасцяў, працу пераносных лафетных ствалоў і ўстаноўкі «Пурга-30». У сцэнары таксама прадугледжвалася прыцягненне сіл з суседніх раёнаў, Бабруйска і абласнога ўпраўлення МНС.

Само па сабе адпрацоўванне пажару на небяспечным аб’екце — звычайная і неабходная справа. Але цяпер падобныя вучэнні ў Асіповічах успрымаюцца ў іншым кантэксце. У траўні ў раёне праходзілі расійска-беларускія трэніроўкі з удзелам падраздзяленняў, звязаных з ядзерным забеспячэннем. 

Акрамя таго, Беларусь усё часцей згадваецца ў сувязі з рызыкай яе глыбейшага ўцягвання ў расійскую вайну супраць Украіны. На гэтым фоне асаблівае значэнне набываюць аб’екты захоўвання паліва і дзяржаўных рэзерваў: Украіна працягвае наносіць паспяховыя ўдары па расійскай нафтавай інфраструктуры, а ў чэрвені паведамлялася, у прыватнасці, пра атакі на Маскоўскі НПЗ. 

Пакуль што ў Асіповічах гарэў толькі навучальны рэзервуар, а выбух існаваў выключна ў службовай легендзе. Аднак сама неабходнасць мадэляваць аварыйныя сцэнары на «стратэгічным» аб’екце паказвае: у цяперашняй ваеннай рэальнасці такія трэніроўкі ўжо не выглядаюць абстрактнай прафілактыкай.

Крыніца ілюстрацыі: «Асіповічы Online».

Чытайце таксама: У Асіповіцкім раёне прайшлі расійска-беларускія ядзерныя вучэнні.

Бабруйчанін інсцэніраваў сваю смерць, каб не плаціць даўгі, а потым загінуў на вайне за Расію

У лістападзе стала вядома пра гібель 31-гадовага жыхара вёскі Шчаткава Бабруйскага раёна Леаніда Скробатава. Ён знайшоў сваю смерць на ўкраінскай зямлі, ваюючы за грошы на баку расійскіх акупантаў.

Яшчэ ў маладосці Леанід быў хлопцам шустрым – у 2014 годзе яго абвясцілі ў вышук за тое, што ён завінаваціўся дзяржаве 10 тысяч долараў. 

Лёня спрабаваў ухіліцца ад адказнасці і пісаў на старонках у сацыяльных сетках пасты «Я памёр», «Леаніда Скробатава больш не існуе». Аднак праваахоўнікі даказалі існаванне Скробатава і ён быў прыгавораны да «хіміі».

Адбыўшы пакаранне, Леанід ездзіў на заробкі ў Расію, адслужыў тэрміновую службу, а ў 2022 годзе канчаткова пераехаў у Краснадар. 

Летам 2024 года Скробатаў заключыў кантракт з Мінабароны Расіі, у снежні быў кантужаны і трапіў у шпіталь.

Потым зноў адправіўся на фронт, але на гэты раз ліміт удачы Леаніда аказаўся вычарпаным.

Фота – сацыяльная сетка Леаніда Скробатава.

Каля 100 чалавек з Магілёўшчыны – “Кіберпартызаны” выклалі базу беларускіх наёмнікаў у арміі РФ

Новае папаўненне базы даных “Чорная мапа Беларусі” адбылося сёння. На сайт, які быў створаны “Кіберпартызанамі”, былі дабаўленыя каля 630 чалавек, грамадзян Беларусі, што бяруць удзел у расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Гэты спіс падрыхтаваны на падставе ўкраінскага спісу “Хачу жыць” – паведамляе Тэлеграм-канал “Кіберпартызанаў”. 

Можна пабачыць, што прыкладна адна шостая частка наёмнікаў, даныя якіх трапілі да даследвальнікаў, паходзіць з Магілёўшчыны. Найбольшая колькасць іх, натуральна, з Магілёва – 33 чалавекі” і з Бабруйска – 26. Усяго гэта каля 97 чалавек з нашага рэгіёна. Цалкам увесь спіс можна пабачыць тут. Для прагляду, неабходна выбраць у выплываючым меню пазіцыю “Наёмнікі РФ”.
наёмнікі РБ

Фота: Чорная мапа Беларусі