Наёмнік з Клічава не вярнуўся з «мяснога» штурму пад Краматорскам

Клічаўлянін працаваў у мясцовым райпо, але вырашыў узяць удзел у захопе Украіны і прапаў без вестак пад Краматорскам.

Расіянка Алена, якая называе сябе жонкай грамадзяніна Беларусі, ураджэнца Клічава 38-гадовага Сяргея Перуноўскага, просіць дапамогі ў яго пошуках. Сяргей падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны Расіі 22 кастрычніка 2025 года, а праз месяц пайшоў на баявое заданне разам з двума іншымі беларусамі – «Сіплым» і «Малым». Ніводзін з наёмнікаў з задання не вярнуўся.

Па словах Алены, з воінскай часткі яна атрымлівае толькі адзін адказ: «Чакайце і шукайце самі».

Сяргей Перуноўскі нарадзіўся ў Клічаве. Працаваў слесарам у ЖКГ і майстрам па рамонце ў Клічаўскім райпо.

У чэрвені 2025 года на расійскім сайце «Профи.ру» з’явілася анкета Перуноўскага: ён прапаноўваў паслугі сантэхніка. Рэгіён аказання паслуг – Масква.

Паводле расійскага заканадаўства «магільныя», або «пахавальныя» выплаты сваякам загінулых у ходзе расійскай агрэсіі ва Украіне не выплачваюцца да таго часу, пакуль яны афіцыйна не прызнаныя загінулымі. Пакуль Сяргей Перуноўскі лічыцца зніклым без вестак, Алена не можа атрымаць грошы. Але, нават калі цела наёмніка знойдуць і ідэнтыфікуюць, у расійскай «жонкі» Сяргея могуць узнікнуць новыя праблемы: паводле звестак Belpol, Перуноўскі ўжо жанаты ў Беларусі.

Фота сайта «Профи.ру».

Каля 100 чалавек з Магілёўшчыны – “Кіберпартызаны” выклалі базу беларускіх наёмнікаў у арміі РФ

Новае папаўненне базы даных “Чорная мапа Беларусі” адбылося сёння. На сайт, які быў створаны “Кіберпартызанамі”, былі дабаўленыя каля 630 чалавек, грамадзян Беларусі, што бяруць удзел у расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Гэты спіс падрыхтаваны на падставе ўкраінскага спісу “Хачу жыць” – паведамляе Тэлеграм-канал “Кіберпартызанаў”. 

Можна пабачыць, што прыкладна адна шостая частка наёмнікаў, даныя якіх трапілі да даследвальнікаў, паходзіць з Магілёўшчыны. Найбольшая колькасць іх, натуральна, з Магілёва – 33 чалавекі” і з Бабруйска – 26. Усяго гэта каля 97 чалавек з нашага рэгіёна. Цалкам увесь спіс можна пабачыць тут. Для прагляду, неабходна выбраць у выплываючым меню пазіцыю “Наёмнікі РФ”.
наёмнікі РБ

Фота: Чорная мапа Беларусі