Клічаўскую школу №1 абвясцілі “Школай міру” ў атмасферы мілітарысцкага ўгару і на фоне размяшчэння расейскай вайсковай інфраструктуры.
“Ніякага мірнага часу быць не можа. Мы рыхтуемся да вайны” – заявіў 1 красавіка 2026 года Аляксандр Лукашэнка. У прынцыпе, пра гэта ён мог і не казаць, паколькі і так бачна, што Беларусь увайшла ў перыяд падрыхтоўкі да вайны, улічваючы разгортванне пад Асіповічамі і Крычавам расійскай вайсковай інфраструктуры. А калі ўспомніць, што з тэрыторыі Беларусі, насуперак Канстытуцыі, ва Украіну ўрываліся расійскія войскі, то афіцыйны Мінск ужо даўно на расійска-ўкраінскай вайне. Менавіта таму Беларусь справядліва называецца краінай-суагрэсарам.
І вось на фоне такой рэальнасці, у Клічаве ў лепшых традыцыях савецкага ашуканства і хлусні адкрываюць так званую “Школу міру”. Дакладней, такі статус быў прысвоены мясцовай школе №1.
“Многія дзесяцігоддзі наш народ рабіў усё, каб ствараць, развіваць родную краіну, рабіць яе прыгажэйшай і багацейшай. І ў такіх умовах свет як унутры Беларусі, так і вакол яе для нас асабліва каштоўны. Таму мы робім усё, каб падтрымліваць сяброўскія адносіны з усімі суседзямі, хоць не ўсе яны падзяляюць наша імкненне. У любым выпадку, наш народ будзе працягваць імкнуцца да міру, і стварэнне падобных школ пад эгідай Беларускага Фонду міру служыць сімвалам нашых імкненняў”, – заявіла на ўрачыстай лінейцы перад дзецьмі старшыня Клічаўскага раённага Савета дэпутатаў Наталля Грашылава.
Паколькі ў Беларусі няма абраных дэпутатаў, а ёсць толькі прызначэнцы, зацверджаныя ў выканаўчай уладзе, то прылюдна і голасна хлусіць гэтую дамачку вучыць не трэба. Сама каго хочаш навучыць. Менавіта такі ўрок хлусні і цынізму адбыўся 2 красавіка ў Клічаўскай школе №1. Застаецца спадзявацца, што вынік яго будзе, як і ў падобных урокаў у познесавецкі час, калі на фоне размоў пра мір у школах, адпраўлялі маладых хлопцаў на бессэнсоўную вайну ў Афганістан аддаваць прыдуманы ўладамі “інтэрнацыянальны доўг”.
“Па ўсёй краіне створана ўсяго 300 падобных школ і дзве з іх зараз афіцыйна знаходзяцца ў нашым раёне, першай такой была Дзмітрыеўская сярэдняя школа. 10 навучэнцаў школы ўступілі ў шэрагі міратворцаў” – паведамляе клічаўская раёнка.
3 красавіка–Дзень Вадзяніка ва ўсходніх славян. Дзень Мікіты Вадапола. Час абуджэння воднага свету.
У старажытных славян многія святы адзначаліся ў пачатку і сярэдзіне вясны. Гэта звязана з тым, што ў гэты перыяд абуджалася прырода, пачынаўся новы жыццёвы цыкл. Нашыя продкі верылі, што ў гэты перыяд дух вады прачынаецца ад зімовай спячкі, а разам з ім і ўсе жыхары падводнага царства.
Славяне ўшаноўвалі стыхіі вады і Вадзяніка, каб ён выратаваў іх ад моцнага разліву.
Паводле паданняў, Вадзянік мае выгляд старога з вялікім рыбіным хвастом, зялёнай барадой і вусамі. Дух вады надзелены вялікімі здольнасцямі. Ён не толькі кіруе ўсім падводным царствам, але можа абярнуцца велізарнай рыбай і нават канём або дзіцём.
Старажытныя славяне лічылі, што дух вады ў сваёй стыхіі непераможны. Ад яго капрызаў залежыць, ці будзе ўдалым шлях судна і ўлоў рыбака.
Улічваючы той момант, што жыццё ў тыя часы напрамую залежала ад стану вадаёмаў, людзі выконвалі мноства абрадаў, каб Вадзянік праявіў сваю літасць. Лічылася, што калі атрымаць прыхільнасць вадзянога, рэкі не будуць выходзіць з берагоў, а вадаёмы і студні не перасохнуць.
Сусветны дзень вечарынкі (World Party Day, с 1996 года).
Дэвіз: “Вечарынка – гэта супрацьлегласць вайне”. Стварэнне пазітыўных падзей – ідэальны спосаб зрабіць свет лепшым.
Гэты дзень быў натхнёны кнігай “Палёт: Квантавы фантастычны раман” (1995) амерыканскага аўтара Вана Бонта. Раман заканчваецца пачаткам зваротнага адліку масавай падзеі, якая аб’яднае ўсё чалавецтва. Гэтую падзею называюць сусветнай вечарынкай у супрацьлегласць сусветнай вайне.
Для таго каб узяць удзел у святкаванні не абавязкова арганізоўваць вялікую тусоўку. Досыць зладзіць сустрэчу з невялікай кампаніяй сяброў ці сваякоў, каб адцягнуцца ад клопатаў і добра правесці час.
33 год. На крыжы памёр Ісус Хрыстос (1 год да н. э. – 33 год н.э.)
Навукоўцыі даказваюць што Хрыстос памёр у 15:00 гадзін у пятніцу, 3 красавіка ў 33-м гады нашай эры, а ўваскрос а 4:00 раніцы ў нядзелю, 5 красавіка. Паводле Новага Запавету, тлумачаць астраномы, Ісус загінуў у дзень, які рушыў услед за першай ноччу поўні пасля вясновага раўнадзенства.
Выкарыстаўшы даныя, сабраныя аб зорках у 26-35 гадах нашай эры, навукоўцы ўстанавілі, што за гэтыя 9 гадоў першая поўня пасля вясновага раўнадзенства была зарэгістравана толькі двойчы – у пятніцу 7 красавіка 30 года і ў пятніцу 3 красавіка 33 года.
Уваскрасенне Хрыста. М.Груневальд, XVI стагоддзе
1829 год. Нехта Джэймс Карынгтан атрымлівае патэнт на машыну, якая перамолвае кававыя зерні. Дзень нараджэння кавамолкі.
Кава вядомая людзям ужо больш за 1000 гадоў. Кававы напой, па словах навукоўцаў, упершыню з’явіўся ў Эфіопіі. У старажытнасці кававыя зерні здрабнялі ў звычайнай ступе звычайным пестам, потым пры дапамозе маленькіх жорнаў.
У шматлікіх крыніцах гаворыцца, што аўтарам механічнай кавамолкі з’яўляецца нейкі каваль з Лондана. І вынайшаў ён яе ў 1655 годзе.
Зараз большасць каваманаў выкарыстоўваюць электракавамолку, але некаторыя гурманы давяраюць больш ручной, таму што жорны ручнога млына не перапальваюць зерне, а проста перамолваюць, захоўваючы іх водар.
1918 год. Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціў беларускую мову дзяржаўнай і абавязковай мовай краіны.
Усе акты, дакументы і ліставанне ўрадавых установаў БНР павінны былі пісацца на дзяржаўнай беларускай мове. Нацыянальным мяншыням (украінцы, палякі, літоўцы, габрэі, немцы, латышы, рускія) Беларусі дазвалялася карыстацца сваёю моваю ў афіцыйных дачыненнях з дзяржаўнымі ўстановамі.
БНР мела плошчу 300 тысяч квадратных кіламетраў і насельніцтва каля 7 мільёнаў.
1940 год. Аддзелы НКУС пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах.
Сярод расстраляных акрамя палякаў былі габрэі, беларусы, украінцы.
Усяго было забіта 7 305 чалавек, з іх 3 870 былі знішчаны на землях БССР.
23 снежня 2012 года А. Лукашэнка заявіў: «У нас ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана, расстраляна не было». Але гісторык І. Кузняцоў сцвярджае, што беларускі катынскі спіс існуе. На яго думку, найверагодней польскіх жаўнераў расстрэльвалі ў Трасцянцы.
Агульная колькасьць ураджэнцаў Беларусі сярод забітых у Катыні ацэньваецца ў 1 226 чалавек. Найбольш вядомыя з іх – генерал Браніслаў Багатырэвіч і дзеяч беларускага адраджэння Францішак Умястоўскі.
Катынскі крыж у Гродна
1942 года. Фашысты расстралялі яўрэяў мястэчка Расна Дрыбінскага раёна.
Расстрэлам займаўся атрад 8-й айнзацкаманды з Крычава. У яры за 1,5 км на ўсход ад Расна былі расстраляны каля 600 чалавек. Перш чым расстраляць, з людзей было знята адзенне і абутак, і яны засталіся ў ніжняй бялізне, пасля чаго жыўцом клалі па некалькі чалавек у раней прыгатаваныя ямы і стралялі па іх з аўтаматаў.
Мемарыяльная дошка ў Даліне абшчын у музеі Яд Вашэм.
1942 год. У Клічаўскім раёне ўтворана першая на тэрыторыі БССР партызанская зона.
20 сакавіка 1942 года раён быў вызвалены партызанамі ад акупантаў пасля разгрому апошняга тут Клічаўскага нямецкага гарнізона. Былі адноўлены органы савецкай улады на абшары ў 3 000 км². Пад абаронай 18 000 партызан зоны да 1944 года размяшчалася больш за 70 000 чалавек (да вайны ў раёне жыла 46 000).
1946 год. Нарадзіўся Рычард Смольскі.
Беларускі тэатразнавец, педагог. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.
Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Даследуе праблемы рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рускай тэатральнай культуры на Беларусі. Аўтар шэрагу кніг, п’ес і сцэнарыяў дакументальных фільмаў.
1973 год. Кампанія IBM прадставіла штрых-код.
Яго “бацькі” Бернард Сілвер і Норман Вудленд.
Сёння штрых-код – штодзённая практыка любой крамы і гандлёвага аб’екта, бо асноўнае прызначэнне яго – ідэнтыфікацыя тавару або якой-небудзь яго прыкметы (ўпакоўкі, серыйнага нумара). Гэта свайго роду ключ, які дае неабходную інфармацыю аб кожным тавары, як прафесіяналам, так і спажыўцам. І яго нанясенне на прадукцыю з’яўляецца абавязковай умовай для ўсіх вытворцаў. А раней кошты на ўсе тавары ў касу ўводзіліся ўручную, таму выкарыстанне штрыхавых кодаў палегчыла працу многіх людзей, у першую чаргу, у сферы гандлю.
1989 год. У Мінску на ўстаноўчай канферэнцыі ўтвораны Беларускі экалагічны саюз.
Добраахвотная грамадская арганізацыя, якая ставіла за мэту актывізацыю прыродаахоўнай дзейнасці грамадзян, прадпрыемстваў, устаноў, аб’яднанне іх намаганняў для захавання экалагічнай раўнавагі ў рэспубліцы і паляпшэння асяроддзя пражывання насельніцтва.
На 1-м з’ездзе (1-2 ліпеня 1989) быў прыняты статут, зацверджана эмблема, сцяг, абрана праўленне, прэзідэнтам стаў Б. Савіцкі, віцэ-прэзідэнтамі Р. Гарэцкі, Я. Пятраеў, Л. Тарасенка,
Саюз уваходзіў у перадвыбарчы Беларускі дэмакратычны блок.
У 1991 годзе у склад арганізацыі ўваходзіла каля 5 000 чалавек.
Арганізацыя распалася ў 1994 годзе. Замест яе была арганізавана партыя “Зялёныя”.
Чарнобыльскі шлях
1991 год. Пачатак Красавіцкіх страйкаў у Беларусі (3-25 красавіка).
У Мінску, Магілёве і іншых буйных гарадах распачаўся страйк працоўных з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваннямі. Ён ахапіў дзясяткі працоўных калектываў і ўвайшоў у гісторыю Беларусі як самы масавы выступ рабочых у змаганні за свае палітычныя правы.
У гэты дзень спынілі працу рабочыя Мінскага электратэхнічнага завода, разам з імі на вуліцы выйшлі працаўнікі завода аўтаматычных ліній і завода шасцерняў. Рабочыя перакрылі рух трамваяў на вуліцы Даўгабродскай.
Ужо 4 красавіка прадпрыемстваў, якія абвясцілі страйк, налічвалася дзясяткі. Калоны рушылі ў цэнтр сталіцы, да Дому ўрада.
Старшыня Савета міністраў БССР Вячаслаў Кебіч, які выйшаў да рабочых, тлумачыў, што ён не ведаў пра намер Крамля ўзняць цэны, і што рашэнне саюзнага ўрада было і для беларускага Саўміна непрыемным сюрпрызам.
У першы дзень патрабаванні былі эканамічныя (узняць заробкі, знізіць цэны, адмяніць 5% “прэзідэнцкі” падатак на продаж усіх тавараў). Аднак неўзабаве дадаліся патрабаванні палітычныя, у тым ліку: вывад парткамаў з прадпрыемстваў, адстаўка М. Гарбачова і саюзнага ўрада, роспуск з’езда народных дэпутатаў СССР, новыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР, наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР статусу канстытуцыйнай сілы.
БНФ «Адраджэньне» удзельнічаў у наданні рабочым забастоўкам палітычнага характару. Многія актывісты БНФ сталі лідарамі рабочага руху.
24 красавіка аршанскія рабочыя выставілі ўльтыматум: калі не будзе прызначаная надзвычайная сесія Вярхоўнага Савета БССР, якую патрабавалі дэпутаты Апазіцыі БНФ, яны лягуць на рэйкі. У 15:30 чыгуначны рух быў заблакаваны. У Оршу былі накіраваныя 1 500 байцоў АМАПу з Мінска, Віцебска і Магілева, увечары 25 красавіка рабочыя былі вымушаныя спыніць страйк.
Страйкоўцы перад Домам урада, Мінск, 4 красавкіа 1991 года
2007 год. У Францыі цягнік TGV устанавіў сусветы рэкорд хуткасці для цягнікоў, роўны 574,8 км/г.
Звышхуткасны цягнік TGV (train à grande vitesse – высакаскорасны цягнік), на спецыяльна пабудаваным чыгуначным пуці, які злучае Парыж і ўсход Францыі, разагнаўся да 574,8 км за гадзіну, перакрыўшы, такім чынам, папярэдняе дасягненне, устаноўленае ў 1990 годзе, амаль на 25 км/г.
Цягнікі TGV у сярэднім рухаюцца з хуткасцю да 320 км/г.
Дзяржаўныя сцягі Расіі і Беларусі, а таксама прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнер” усталяваў капыльчанін на магіле забітага наёмніка Анатоля, які, меркавана, быў з Клічава.
Відэа з ўсталяванні сцягоў на свежай магіле недзе ў Беларусі капыльчанін Міхаіл Сапешка выклаў некалькі дзён таму ў ТікТок. У каментарах карыстальнікі выказалі меркаванне, што вагнеравец Анатоль – з Клічава. Аднак даная інфармацыя патрабуе пацвярджэння.
Клічаўлянін працаваў у мясцовым райпо, але вырашыў узяць удзел у захопе Украіны і прапаў без вестак пад Краматорскам.
Расіянка Алена, якая называе сябе жонкай грамадзяніна Беларусі, ураджэнца Клічава 38-гадовага Сяргея Перуноўскага, просіць дапамогі ў яго пошуках. Сяргей падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны Расіі 22 кастрычніка 2025 года, а праз месяц пайшоў на баявое заданне разам з двума іншымі беларусамі – «Сіплым» і «Малым». Ніводзін з наёмнікаў з задання не вярнуўся.
Па словах Алены, з воінскай часткі яна атрымлівае толькі адзін адказ: «Чакайце і шукайце самі».
Сяргей Перуноўскі нарадзіўся ў Клічаве. Працаваў слесарам у ЖКГ і майстрам па рамонце ў Клічаўскім райпо.
У чэрвені 2025 года на расійскім сайце «Профи.ру» з’явілася анкета Перуноўскага: ён прапаноўваў паслугі сантэхніка. Рэгіён аказання паслуг – Масква.
Паводле расійскага заканадаўства «магільныя», або «пахавальныя» выплаты сваякам загінулых у ходзе расійскай агрэсіі ва Украіне не выплачваюцца да таго часу, пакуль яны афіцыйна не прызнаныя загінулымі. Пакуль Сяргей Перуноўскі лічыцца зніклым без вестак, Алена не можа атрымаць грошы. Але, нават калі цела наёмніка знойдуць і ідэнтыфікуюць, у расійскай «жонкі» Сяргея могуць узнікнуць новыя праблемы: паводле звестак Belpol, Перуноўскі ўжо жанаты ў Беларусі.
Жыхароў Клічава не вельмі здзівіла рысь, якая гуляла па горадзе.
Рысь шпацыравала па Клічаве – мясцовы жыхар, які выклаў ролік пра звера ў TikTok, распавёў, што, у рэшце рэшт, рысь завярнула ў двор мясцовай «Кулінарыі».
Яшчэ адзін клічаўчанін, у той жа дзень бачыў дзве дзікія кошкі, якія пераплывалі раку недалёка ад горада, і зняў адну з іх на відэа.
Чаму рысі вырашылі наведацца ў Клічаў – загадка. Магчыма, яны вырашылі папаляваць на курэй, якіх разводзяць жыхары прыватнага сектара горада.
Аднак гэта толькі здагадка, агучаная ў каментарыях да ролікаў.
Дзіўным паводзінам рысяў могуць быць і іншыя тлумачэнні. Бо чаго толькі не здараецца ў Магілёўскай вобласці.
Беларуская ініцыятыва Maldzis, што дзейнічае ў замежжы, паабяцала перадаць у будучым Клічаўскаму краязнаўчаму музею карту Беларусі, створаную Аркадзем Смолічам.
Ініцыятыва паведаміла, што яна выкупіла першую беларускамоўную карту Беларусі. Паводле інфармацыі з карты, яна была дазволеная вайсковай цэнзурай Польшчы 27 верасня 1919 года і надрукаваная ў майстэрні “N. Mac i syn” у Вільні.
Карту стварыў Аркадзь Смоліч – географ, дзеяч беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху ХХ стагоддзя. Нарадзіўся ў 1891 годзе ў вёсцы Бацэвічы, якая цяпер у межах Клічаўскага раёна. Ахвяра сталінскіх рэпрэсій.
“Гэтая карта ўнікальная тым, што на ёй адлюстраваная ўся тагачасная тэрыторыя пражывання беларусаў. Перад намі паўстае краіна, якая тэрытарыяльна пераўзыходзіць большасць еўрапейскіх дзяржаў, хоць па факце яна такой і не паўстала” – кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы Maldzis.
Да асаблівасцяў карты належыць і тое, што яна перадае спрадвечна беларускія назвы ў напісанні геаграфічных аб’ектаў: Вільня, Менск, Горадня ў выпадку гарадоў, а таксама Нямеччына і Маскоўшчына ў выпадку краін.
Карта Смоліча была набытая ў Польшчы ў прыватнага калекцыянера на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Дар’і Сліж і Іллі М. Да вяртання карты на радзіму, а менавіта ў Клічаўскі краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка, яна будзе выстаўляцца за мяжой.
“За савецкім часам мапа Смоліча была забароненая, бо паказвала Беларусь як незалежную дзяржаву. Яна захавалася ў некалькіх асобніках і нам пашчасціла набыць адзін з іх. Мы радыя, што разам з партнёрамі даем магчымасць кожнаму чалавеку набыць копію і такім чынам вярнуць мапу да жыцця” – кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы Maldzis.
Клічаўскаму раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру на аднаго дзіцёнка мясцовыя ўлады выдаткоўвалі ў 16 разоў менш грошай, чым патрабаваў закон.
Як піша каманда беларускіх журналістаў-расследавальнікаў «Бюро медыя», пра тое, як дзяржава павінна была забяспечваць выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў, прапісана ў пастанове Саўміна № 840 ад 2006 года. Дакумент устанаўліваў нормы харчавання, адзення, абутку і мяккага інвентару.
Так, дзецям на той час належала пяць пар майткаў, дзесяць пар шкарпэтак, дзве пары штаноў і два швэдры на год. І не больш. З рэчамі асабістай гігіены – нават яшчэ больш строга. На месяц: адзін рулон туалетнай паперы, 50 мілілітраў зубной пасты і 200 грамаў мыла. Адзін дэзадарант на паўгода.
На адно дзіця павінна было вылучацца 320-330 рублёў у год у залежнасці ад узросту. Прычым гэта грошы толькі на адзенне, абутак і мяккі інвентар (коўдры, падушкі, матрацы, пасцельная бялізна, пакрывалы, ручнікі, дываны, сурвэткі, шторы і гэтак далей).
Аднак нават такія сціплыя нормы чыноўнікі не заўсёды выконвалі. Пра гэта раней стала вядома выданню «Зеркало» з ліста Генпракуратуры ў Савет міністраў якое журналісты атрымалі з дапамогай BELPOL. Горш за ўсё аказалася сітуацыя ў Клічаўскім раёне.
Так, у 2022 годзе клічаўскія чыноўнікі залічылі раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру 637 рублёў. Прадугледжвалася, што на гэтыя грошы можна набыць рэчы першай неабходнасці і гігіены, навучальныя прылады, адзенне і абутак для 26 чалавек. То бок на гадавыя патрэбы аднаго дзіцяці выдаткавалі ўсяго 24 рублі. Паводле закона, які дзейнічаў на той час, трэба было амаль у 16 разоў болей сродкаў. Толькі на куплю ўсяго для вучобы дзецям павінны былі вылучыць 2426 рублёў, і яшчэ 7522 – на адзенне і абутак.
На што пайшлі грошы, якія не атрымалі сіроты, у лісце не было згадана.
У Асіповіцкім і Клічаўскім раёнах падаткавікі за першыя паўгода 2025 года знайшлі парушэнні ў 26 кіроўцаў, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі.
Як паведамляе інфармацыйны партал Асіповіцкага раёна, падаткавікі выявілі ў кіроўцаў як аўтобусаў, так і таксі ў сваім і суседнім раёне парушэнні – ў прыватнасці, пры прыёме грошай ад пасажыраў, няправільнае выкарыстанне касавых апаратаў або іх адсутнасць.
У выніку да адказнасці за гэтыя правапарушэнні было прыцягнута 26 кіроўцаў. З іх спагнана сума ў памеры 10 800 рублёў.
Нагадаем, што з лістапада мінулага года колькасць кіроўцаў таксі значна зменшылася по ўсёй Беларусі. Прычынай стала з уступленне ў сілу новых правілаў, згодна з якімі ўсе кіроўцы і дыспетчары таксі, маршрутчыкі, кіроўцы аўтобусаў павінны быць уключаны ў рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах. Гэта выклікала адток кіроўцаў з пасажырскіх перавозак і павышэнне кошту праезду.