На Глусчыне расце колькасць аўтааварый з удзелам дзікіх звяроў

Дзікія звяры, перш за ўсё касулі і лосі, усё часцей трапляюць пад колы аўтамабіляў у Глускім раёне.

Па даных мясцовага ДАІ, за студзень-сакавік гэтага года адбылося сем ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. У 2025 годзе было 26 такіх аварый, з іх 14 на аўтадарозе «Бабруйск – Глуск – Любань», шэсць фактаў – на трасе «Асіповічы – Глуск – Азарычы». У 2024 годзе зарэгістравана 12 выпадкаў наездаў на жывёл. З усёй колькасці ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл – у асноўным гэта выпадкі з матэрыяльнай шкодай. Амаль усе аварыі адбыліся ў цёмны час сутак.

Ад дзікіх звяроў на дарогах больш-менш эфектыўна абараняюць спецыяльныя металічныя сеткі, пастаўленыя ўздоўж магістралі. Аднак па, словах начальніка глускага ДАІ Максіма Сіліча, на трасах рэспубліканскага значэння, да якіх адносяцца і вышейпамянёныя, немэтазгодна. І гэта пры тым, што па даных ДАІ, 95% ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл у Беларусі адбываюцца якраз на трасах рэспубліканскага значэння.

Фотаздымак: glusk.by

У Магілёўскай вобласці зімой галадалі дзікія зверы

На Магілёўшчыне да людзей з-за недаядання выхадзілі дзікія жывёлы. Таксама ў рэгіёне павялічыліся выпадкі дарожных аварый з іх удзелам.

Зімой у Магілёўскай вобласці пачасціліся выпадкі, калі дзікія жывёлы выходзілі да людзей. Пры гэтым многія з іх былі фізічна аслабленыя і знясіленыя. У сувязі з гэтым пракуратура сумесна з прыродаахоўнымі органамі праверыла, як у паляўнічых гаспадарках арганізавана падкормка жывёл.

Кармілі бананамі і пітахаяй

Праверка паказала, што ў большасці агледжаных паляўнічых гаспадарак Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў колькасць падкормачных пляцовак і кармушак не адпавядае колькасці дзікіх жывёл, якія жывуць у гэтых угоддзях.

Напрыклад, з улікам папуляцыі жывёл у Бабруйскай паляўнічай гаспадарцы павінна быць абсталявана не менш за 62 кармушкі, аднак фактычна іх толькі 24. Акрамя таго, частка кармушак размешчана на значнай адлегласці, што ўскладняе пад’езд да іх. У выніку корм у іх своечасова не папаўняецца.

У Асіповіцкай і Слаўгарадскай паляўнічых гаспадарках былі выяўлены пашкоджаныя кармушкі, а некаторыя з іх знаходзіліся проста на зямлі.

У шэрагу раёнаў таксама не выконваліся мінімальныя нормы падкормкі дзікіх жывёл. Разлікі паказалі, што аб’ёму набытых кармоў у Бабруйскай, Глускай, Кіраўскай, Клічаўскай і Асіповіцкай паляўнічых гаспадарках хапіла б для кармлення мясцовых папуляцый толькі прыкладна на чатыры дні.

Акрамя таго, у Асіповіцкай паляўнічай гаспадарцы зафіксавалі выпадак кармлення жывёл экзатычнай садавінай – бананамі і пітахаяй, хоць правілы дазваляюць выкарыстоўваць для падкормкі толькі раслінныя кармы з відаў раслін, што растуць на тэрыторыі Беларусі.

15 тон корму высыпалі проста на зямлю

Парушэнні выявілі і ў Быхаўскай паляўнічай гаспадарцы. Восенню 2025 года там атрымалі 15 тон корму для жывёл, але яго проста высыпалі ў лесе на зямлю. Узімку, калі выпаў глыбокі снег, доступ жывёл да гэтага корму значна ўскладніўся.

Таксама высветлілася, што не ўсе паляўнічыя карыстальнікі праводзяць вакцынацыю і дэгельмінтызацыю дзікіх жывёл.

Акрамя таго, работнікі паляўнічых гаспадарак не арганізоўвалі належных мерапрыемстваў, каб адцягнуць дзікіх жывёл ад аўтамабільных дарог агульнага карыстання. Месцы, дзе адбываецца найбольшая колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з іх удзелам, не аналізаваліся, а меры па ўстаноўцы дадатковых саланцоў на такіх участках не прымаліся.

У выніку за першыя два месяцы 2026 года колькасць аварый з удзелам дзікіх жывёл у Магілёўскай вобласці вырасла з 86 да 110, што на 21,8% больш.

Пракуратура вынесла адпаведнае прадстаўленне на адрас старшыні абласной арганізацыі таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Фотаздымак: пракуратура Магілёўскай вобласці

Егеры Бялыніцкага лясгаса распавялі пра асаблівасці палявання

У Бялыніцкім лясгасе патлумачылі, чаму паляванне – гэта не толькі трафеі і адрэналін, але і карысць для лесу.

Бялыніцкі лясгас па выніках 11 месяцаў 2025 года заняў першае месца па даходнасці паляўнічай гаспадаркі сярод 98 лясгасаў Беларусі.

Здавалася б, што можа быць прасцей: запрашай у госці паляўнічых, арганізуй ім адпачынак і падлічвай даходы. Аднак, усё аказваецца не зусім так

Асобныя папуляцыі лясных жывёл маюць патрэбу ў рэгуляванні колькасці. Лічбы гавораць самі за сябе. 

Так, па стане на 20 красавіка 2025 года ў Магілёўскай вобласці налічваецца:

  • 6940 ласёў пры аптымальнай колькасці 6700;
  • 20 485 казуль замест рэкамендаваных 18 802;
  • 6662 аленяў высакародных пры аптымальнай колькасці – 9303.

Парушэнне гэтага балансу прыводзіць да пашкоджання пасеваў, росту ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл і ўразлівасці папуляцый перад хваробамі.

Практычна ўсе даходы ад паляўнічай дзейнасці ўкладаюцца назад у лес: у падкормку, аснашчэнне, заработную плату егераў і ахову ўгоддзяў. А аснашчэнне ў егераў не з танных. Напрыклад, узімку не абысціся без снегаходаў. Толькі так можна дабрацца ў цяжкадаступныя месцы, дзе жывёлы маюць патрэбу ў падкормцы – сене, зерневай сумесі з аўса з гарохам, мінеральных дадатках.

Яшчэ адзін цікавы, але мала вядомы нюанс: падкормачныя пляцоўкі размяшчаюцца не бліжэй як за паўкіламетра ад рэспубліканскіх трас.

«Мы не ствараем прыманку каля дарогі, а дапамагаем жывёлам перажыць зіму ў бяспечных месцах», – кажуць захавальнікі лесу.

Фота БелТА.

Бабруйскі «юны натураліст» скраў фотапастку

Бабруйчанін прысвоіў сабе фотапастку, маючы намер паназіраць за дзікімі жывёламі.

У міліцыю звярнуліся прадстаўнікі адной з прыватных фірм Магілёўскага раёна. Яны паскардзіліся на тое, што знікла дарагая фотапастка.

Аператыўнікі высветлілі карціну здарэння. Фотапастку, усталяваную ў лесе, зняў 30-гадовы жыхар Бабруйска. Свой учынак ён растлумачыў жаданнем вывучыць паводзіны дзікіх жывёл.

Супраць «натураліста-даследчыка» ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Клічаве рысь прыйшла ў «Кулінарыю»

Жыхароў Клічава не вельмі здзівіла рысь, якая гуляла па горадзе.

Рысь шпацыравала па Клічаве – мясцовы жыхар, які выклаў ролік пра звера ў TikTok, распавёў, што, у рэшце рэшт, рысь завярнула ў двор мясцовай «Кулінарыі».

Яшчэ адзін клічаўчанін, у той жа дзень бачыў дзве дзікія кошкі, якія пераплывалі раку недалёка ад горада, і зняў адну з іх на відэа.

Чаму рысі вырашылі наведацца ў Клічаў – загадка. Магчыма, яны вырашылі папаляваць на курэй, якіх разводзяць жыхары прыватнага сектара горада.

Аднак гэта толькі здагадка, агучаная ў каментарыях да ролікаў. 

Дзіўным паводзінам рысяў могуць быць і іншыя тлумачэнні. Бо чаго толькі не здараецца ў Магілёўскай вобласці.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.