Былы палітзняволены Павел Шпетны распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” пра здзеклівыя ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі №2 у Бабруйску.
Павел Шпетны, жыхар Брэста, быў затрыманы 2 сакавіка 2021 у межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху з Брэсцкай вобласці. 6 верасня 2022 года Мінскі гарсуд асудзіў яго на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 тысяч рублёў).
Пасля разгляду апеляцыйнай скаргі ў сакавіку 2023 года адбываць пакаранне Паўла Шпетнага накіравалі ў бабруйскую калонію №2. Паводле яго слоў, працяглы час асаблівых прэтэнзій з боку адміністрацыі да яго не было. Сітуацыя змянілася перад узбуджэннем новай крымінальнай справы за нібыта злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі.
«Я пачаў атрымліваць парушэнне за парушэннем»
Як сцвярджае былы палітвязень, за час знаходжання ў калоніі ён каля шаснаццаці разоў прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці. Частка парушэнняў заканчвалася ШІЗА або ПКТ. Таксама былі забароны на зносіны з іншымі асуджанымі і перадачу рэчаў. Усё гэта выкарыстоўвалася для ізаляцыі палітвязняў, кажа Шпетны.
“Я пачаў атрымліваць парушэнне за парушэннем. За ўвесь час у гэтай калоніі я каля шаснаццаці разоў атрымліваў розныя дысцыплінарныя парушэнні. Частка з іх заканчвалася змяшчэннем у ШІЗА або ПКТ, іншыя – пазбаўленнем перадач, кароткатэрміновых і працяглых спатканняў.
Таксама выкарыстоўваліся іншыя формы ціску: забарона на зносіны з іншымі зняволенымі, забарона перадаваць або атрымліваць рэчы ад іншых асуджаных. Усё гэта ўжывалася выбарачна і было накіравана на ізаляцыю палітвязняў.
Ціск выяўляўся і ў вусных пагрозах з боку супрацоўнікаў адміністрацыі. Мне прама казалі, што я “не павінен” рабіць ці, наадварот, што абавязаны рабіць. У якасці ціску ўжывалася ізаляцыя – напрыклад, мяне змяшчалі ў адзіночную камеру на пятнаццаць сутак.
На маю думку, гэтыя захады практычна ніколі не былі звязаныя з рэальнымі парушэннямі дысцыпліны. Гэта быў інструмент ціску і спосаб пагоршыць умовы ўтрымання для палітвязняў. Большасць парушэнняў ствараліся штучна адміністрацыяй калоніі. Палітвязняў спецыяльна змяшчаюць у ШІЗА і ПКТ, дзе ўмовы ўтрымання значна горшыя і сур’ёзна пагаршаюць як фізічны, так і псіхалагічны стан чалавека”.
«Холад пераносіўся вельмі цяжка»
Асабліва цяжкім выпрабаваннем для Паўла было ўтрыманне ў штрафным ізалятары. З яго слоў, камеры былі маленькія, сырыя і халодныя. Спаць даводзілася на драўляным насціле без матраца і коўдры. «Прыкладна кожныя сорак хвілін я прачынаўся ад холаду і быў вымушаны рабіць фізічныя практыкаванні – адцісканні або размінку, каб хоць трохі сагрэцца. Пасля гэтага ўдавалася ненадоўга зноў заснуць. У выніку сон быў пастаянна перарывістым, а арганізм знаходзіўся ў стане знясілення», – успамінае Шпетны.
Ён адзначае, што праз холад, дрэннае харчаванне і антысанітарыю людзі часта хварэлі. Памыцца можна было толькі раз на тыдзень, а высушыць вопратку было амаль немагчыма.
«Людзей з праблемамі са здароўем усё адно змяшчалі ў ШІЗА»
Шпетны распавёў, што трапіць да лекара ў калоніі было магчыма толькі праз спецыяльны запіс, а магчымасці медчасткі былі абмежаваныя. Пры гэтым, паводле яго, здараліся выпадкі, калі людзей з відавочнымі праблемамі са здароўем усё роўна накіроўвалі ў ШІЗА або ПКТ.
«Хуткая дапамога ў калоніі – частая з’ява. Але, на жаль, не ўсіх атрымоўваецца выратаваць. За два гады ў калоніі я чуў пра пяць выпадкаў смерці, у тым ліку праз суіцыд – яны таксама здараюцца. Наколькі я ведаю, апошнім часам з атрыманнем лекаў і вітамінаў у калоніях існуюць сур’ёзныя праблемы, і атрымаць неабходныя прэпараты стала вельмі складана», – кажа ён.
Статус «злоснага парушальніка»
Яшчэ ў СІЗА Шпетнага паставілі на прафілактычны ўлік як чалавека, «схільнага да экстрэмісцкай дзейнасці». Пасля пераводу ў калонію ён атрымаў статус «злоснага парушальніка рэжыму». Гэта азначала пастаянныя дадатковыя праверкі і абмежаванні.
«Атрымаць парушэнне палітвязню вельмі лёгка, а абскардзіць такія рапарты фактычна немагчыма. Сам статус цягне сур’ёзныя наступствы. Памяншаецца ліміт на куплю прадуктаў у краме, аўтаматычна знікае магчымасць умоўна-датэрміновага вызвалення, замены рэжыму на больш мяккі або іншых формаў змякчэння пакарання», – сцвярджае ён.
Праз два гады пасля этапавання ў бабруйскую калонію №2 супраць Паўла Шпетнага распачалі крымінальную справу паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд дадаў яму яшчэ два гады пазбаўлення волі. Тэрмін паводле другога прысуду Павел адбываў у папраўчай калоніі №8 у Оршы.
19 сакавіка 2026 года ў межах вызвалення 250 чалавек яго выдварылі з Беларусі.
Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”
