У Шклове дзяўчына афармляла крэдыты на калег, гуляла ў казіно і аддзелалася спалохам

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, 25-гадовая жыхарка Шклова працавала ў філіяле прадпрыемства электрасувязі і мела доступ да аўтаматызаванай сістэмы збору і апрацоўкі маркетынгавай інфармацыі.
Дзяўчына завалодала рэквізітамі пашпартных даных сваёй калегі і аформіла на яе анлайн-крэдыт.
Грошы ў суме 9,4 тысячы рублёў перавяла на сваю банкаўскую плацежную картку і зрабіла некалькі ставак у анлайн-казіно.
На другую калегу іграманка адкрыла ўжо тры рахункі і паспрабавала аформіць крэдытны дагавор на суму 13 тысяч рублёў. Аднак прадстаўнік банка своечасова звязаўся з будучай ахвярай і зафіксаваў яе адмову ад афармлення крэдыту.
Яшчэ на стадыі папярэдняга расследавання падазраваная кампенсавала прычыненую шкоду ў поўным аб’ёме.
Паводле заключэння судовай псіхіятрычнай экспертызы, яна пакутуе ад паталагічнай схільнасці да азартных гульняў.
Пасля вывучэння матэрыялаў справы намеснік пракурора Шклоўскага раёна меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах пакінуў без зменаў.

Фота ілюстрацыйнага характару.

У Слаўгарадскім раёне расце лічба рэцыдыўных злачынстваў

На Слаўгарадшчыне вырасла колькасць злачынстваў, дзейсненых раней судзімымі грамадзянамі.

Пра тое, што вырасла колькасць такіх злачынстваў, стала вядома пасля каардынацыйнай нарады, праведзенай у Слаўгарадзе пры ўдзеле намесніка пракурора Магілёўскай вобласці Андрэя Волкава. Пры гэтым у пракурорскім паведамленні не называецца ні працэнт роста, ні ўласна колькасць такіх злачынстваў, ні разглядаемы перыяд. З таго можна зрабіць выснову, што, магчыма, лічбы ўражлівыя і менавіта яны выклікалі неабходнасць прыехаць у раён намесніка абласнога пракурора. Тым больш, што, як адзначаецца ў паведамленні, агульная колькасць злачынстваў у раёне змяншаецца.

“Неабходна актывізаваць працу, накіраваную на сацыяльную і працоўную рэабілітацыю грамадзян, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі», – рэзюмаваў старшыня нарады, пракурор Слаўгарадскага раёна Аляксей Пухоўскі.

Сярод праблемных момантаў і рост крымінальных парушэнняў закона па лініі кіберзлачыннасці. Так, за студзень-красавік 2026 года колькасць злачынстваў праз інтэрнэт вырасла ў 2,5 раза – з двух да пяці выпадкаў.

Намеснік пракурора Магілёўскай вобласці акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў нарады на неабходнасць узмацніць прафілактычную работу таксама сярод непаўналетніх. «Нягледзячы на адсутнасць зарэгістраваных на тэрыторыі раёна злачынстваў, учыненых падлеткамі, адзначаецца рост колькасці грамадска небяспечных дзеянняў, учыненых да дасягнення ўзросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Суб’ектам прафілактыкі неабходна дэталёва разабрацца ў прычынах і ўмовах, якія садзейнічалі іх здзяйснення», – сказаў ён.

Фотаздымак: Генеральная прокуратура

У Бабруйску бадзяжных жывёл лавілі з парушэннямі

Пракурорская праверка выявіла сур’ёзныя парушэнні ў працы бабруйскага прадпрыемства, якое адказвае за адлоў, утрыманне і эўтаназію безнаглядных жывёл. 

Пракурорскі прэс-рэліз не называе прадпрыемства, якое займаецца бадзяжнымі жывёламі, але вядома, што ў Бабруйску такія функцыя ўскладзены на ААТ «Спецаўтапрадпрыемства». Як высветлілася, спецыялізаваная арганізацыя, доўгі час функцыянавала без ветэрынарнага лекара, а супрацоўнікі не мелі неабходнай падрыхтоўкі і абсталявання для выканання сваіх абавязкаў. Праверка паказала, што прадпрыемства на працягу працяглага часу не магло ўкамплектаваць штат ветэрынарным спецыялістам. Адсутнасць ветэрынара прывяло да таго, што жывёлы не праходзілі абавязковы першасны агляд, а нормы іх кармлення фактычна вызначаліся без прафесійнага кантролю.

Не лепш ішлі справы і з тэхнічным абсталяваннем. На прадпрыемстве адсутнічалі спецыяльныя прылады для дыстанцыйнага ўвядзення прэпаратаў, якія дазваляюць бяспечна абезрухоўліваць або ўсыпляць жывёл. Больш за тое, работнікі, якія займаюцца адловам, не праходзілі навучанне па выкарыстанні спецыяльных стрэльбаў, прызначаных для працы з сабакамі, у якіх могуць быць прыкметы шаленства.

Пракуроры звярнулі ўвагу і на праблемы з вядзеннем дакументацыі. У журнале ўліку адлоўленых жывёл рэгулярна адсутнічалі звесткі аб іх выглядзе і вазе, што ставіць пад сумнеў паўнату і дакладнасць справаздачы.

Парушэнні былі выяўлены і ў сферы абыходжання з адходамі. Правяраючыя зафіксавалі выпадкі захоўвання адходаў па-за спецыяльна абсталяваных для гэтага месцаў, што супярэчыць устаноўленым санітарным патрабаванням.

Па выніках праверкі пракурор Бабруйска ўнёс прадстаўленне кіраўніцтву прадпрыемства з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя недахопы. У надзрным ведамстве заявілі, што пасля ўмяшання пракуратуры на прадпрыемстве пачалі прымаць меры для выпраўлення сітуацыі і ўдасканалення працы службы.

Фотаздымак: instagram.com/specautobobruisk

У Касцюковіцкім раёне работнікам не выплацілі 230 000 заробку

Пракуратура выявіла запазычанасць па заробку перад 152 работнікамі сельгасарганізацыі ў Касцюковіцкім раёне.

Заробак у агульнай суме больш за 230 тыс. рублёў не быў выплачаны яшчэ за сакавік 2026 года. Пракуратура запатрабавала неадкладна выплаціць грошы.

Таксама было накіравана даручэнне ў адрас Крычаўскага міжраённага аддзела Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы аб падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт.10.12 КаАП (парушэнне заканадаўства аб працы) у адносінах да кіраўніка сельгасарганізацыі. 

Па даным даным пракуратуры, у выніку заробак работнікам быў выплачаны, а на кіраўніка быў накладзены штраф.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Глускія пракуроры накіравалі ў суд 70 заяў аб экстрэмісцкіх матэрыялах

Пракуратура Глускага раёна накіравала ў суд 70 заяў аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі і дапамагла калгаснікам атрымаць зарплату.

Пракуратура Глускага раёна з пачатку 2026 года накіравала ў суд 70 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Гэта вынік карпатлівай працы па выкараненні ў краіне іншадумства. Пракуроры патлумачылі, што ў прыватнасці:

  • у ходзе маніторынгу выяўлена старонка ў сацыяльнай сетцы Facebook з аўдыторыяй больш за 98 тысяч падпісчыкаў, дзе размяшчаліся відэаролікі пра дзейнасць прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем аб’яднання, а таксама іншыя забароненыя матэрыялы;
  • крымінальная справа распачата супраць жыхара райцэнтра, які размясціў у сацсетцы відэа з “паклёпам” у дачыненні да Лукашэнкі.

Суд, традыцыйна вынес абвінаваўчы прысуд. Мужчыне прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Махавік рэпрэсій, запушчаны ў 2020 годзе Лукашэнкам, што прайграў выбары, падобна, круціцца ўжо па інерцыі.

У краіне засталося зусім мала рэсурсаў, якія яшчэ не прызнаныя экстрэмісцкімі і грамадзян, якія пакуль не абразілі састарэлага дыктатара.

Справаздача глускай пракуратуры гаворыць не пра выкананне службовага абавязку. Па вялікім рахунку гэта проста выражэнне лаяльнасці да ўлады, якая трымаецца толькі на страху.

Вельмі паказальная ў гэтым плане іншы бок дзейнасці гэтай жа пракуратуры.

У маі 2026 года ў дзвюх сельгасарганізацыях раёна ўтварылася запазычанасць перад 322 супрацоўнікамі на суму больш за 340 тысяч рублёў.

Пракурор Глускага раёна вынес прадпісанні кіраўнікам прадпрыемстваў з патрабаваннем неадкладна пагасіць доўг. Грошы аддалі.

Аднак і гэта не сведчанне выканання закона ў Беларусі. Калі мікраскапічную зарплату аграрыям аддаюць толькі з-пад пракурорскай палкі, то падставы для абразы ўлады ў грамадзян вельмі важкія.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Купілі не тое, прадалі не тым – у Магілёве змагаліся з карупцыяй

Пракуратура Магілёўскай вобласці праверыла закупкі на двух прадпрыемствах і знайшла карупцыйныя парушэнні. Трынаццаць чалавек атрымалі дысцыплінарныя спагнанні.

Пракуратура Магілёўскай вобласці праверыла, як два рэгіянальныя прадпрыемствы трацяць уласныя грошы пры закупках. Карціна аказалася непрыгляднай: у абодвух выпадках пераможцамі таргоў выбіраліся ўдзельнікі, якія папросту не адпавядалі патрабаванням.

На першым прадпрыемстве абвясцілі конкурс на пастаўку гідраўлічнага прэса. Умова была дакладнай: пастаўшчык павінен мець не менш за пяць гадоў досведу паставак падобнага абсталявання ў Беларусь.

Пераможцам, тым не менш, выбралі кампанію, якой на той момант быў усяго год ад роду. Вынік прадказальны – пастаўлены прэс не адпавядаў тэхнічным патрабаванням.

На другім прадпрыемстве заключылі дамову на пастаўку тканіны, не папрацаваўшы вывучыць рынак. У выніку пераплацілі звыш 7,6 тысячы рублёў. Пераможца зноў не адказваў умовам конкурсу – гэта значыць яго выбралі наўмысна.

Асобная гісторыя – з галоўным інжынерам аднаго з прадпрыемстваў. На працягу некалькіх гадоў ён афармляў заяўкі на піламатэрыялы па льготнай цане для работнікаў прадпрыемства, а фактычна тавар ішоў староннім людзям.

Па выніках праверкі пракуратура накіравала прадстаўленне ў вышэйстаячую арганізацыю. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 13 супрацоўнікаў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёўскім раёне дрэнна карыстаюцца нетрамі

Пракуратура выявіла парушэнні пры эксплуатацыі кар’ераў у Магілёўскім раёне.

Пракуратура Магілёўскага раёна праверыла, як прадпрыемствы выконваюць заканадаўства аб ахове зямель пры распрацоўцы кар’ераў.

Правяраючыя ацэньвалі захаванасць знятага ўрадлівага слоя глебы, шукалі факты незаконнай здабычы карысных выкапняў, а таксама глядзелі, ці не ператвораны кар’еры ў стыхійныя звалкі.

Выяўленыя парушэнні:

  • на пад’язных шляхах да шэрагу кар’ераў не было шлагбаумаў – любы ахвотны мог прыехаць і бескантрольна вывезці пясок або жвір;
  • на тэрыторыі ўжо адпрацаваных і рэкультываваных кар’ераў выяўлена несанкцыянаванае захоўванне адходаў.

Тром прадпрыемствам вынесены прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў – і тыя іх выканалі.

Найбольш жа сур’ёзны эпізод звязаны з прамысловым кар’ерам, дзе здабыча вялася за межамі адведзенага па дакументах участка.

Аб’ём незаконна здабытых карысных выкапняў склаў амаль 997 кубічных метраў, шкода навакольнаму асяроддзю перавысіла 130 тысяч рублёў.

Па гэтым факце пракуратура ініцыявала асобную праверку.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўская пракуратура пайшла правяраць бомбасховішчы

На Магілёўшчыне праверылі аб’екты грамадзянскай абароны на фоне папярэджанняў украінскага кіраўніцтва аб ударах у адказ за яшчэ большы удзел Беларусі ў расійскай агрэсіі.

Органы пракуратуры вобласці, праверыўшы гэтыя аб’екты, сцвярджаюць, што арганізацыі, якім яны належаць, прымаюць меры па падтрыманні іх у гатоўнасці да прыёму насельніцтва. Разам з тым, на больш чым 90 такіх аб’ектах пракуроры знайшлі недахопы і запатрабавалі іх ухілення. Колькі ўсяго бомбасховішчаў і іншых аб’ектаў праверыла пракуратура, у яе паведамленні не адзначаецца.

У прыватнасці, у асобных выпадках не выконваліся патрабаванні парадку эксплуатацыі і ўтрымання ахоўных збудаванняў; забеспячэння перакрыцця, замыкання і герметызацыі праёмаў ахоўна-герметычнымі, герметычнымі варотамі, дзвярамі, аканіцамі і іх механізмамі задрайвання; функцыянавання фільтраў-паглынальнікаў, сістэм фільтра-вентыляцыі і герметычнасці ахоўных збудаванняў.

Нагадаем, што ўкраінскае кіраўніцтва ў апошнія тыдні адзначае “спецыфічную актыўнасць” на прымежнай да Украіны беларускай тэрыторыі і ўзмацненне расійскай прысутнасці ў Беларусі. А пасля апошняй масіраванай паветранай расійскай атакі па Кіеве, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што па даных разведкі Масква пераконвае беларускага дыктатара больш актыўна далучыцца да яе агрэсіі супраць Украіны.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Кіраўнік прадпрыемства пойдзе пад суд за заробкі ў канвертах

Два з паловай года выдаваў заробкі ў канвертах работнікам кіраўнік аднаго з прадпрыемстваў па вытворчасці адзення на Магілёўшчыне.

Як высветліла пракуратура, работнікі на прадпрыемстве не былі належным чынам аформлены і заробак ім выдаваўся наяўнымі грашыма без адлюстравання ў бухгалтарскай справаздачнасці.

Так адбывалася с чэрвеня 2021 года па снежань 2023-га. Агульная сума “чорнага нала” пераданага працаўнікам за гэты час склала больш за 700 тыс. рублёў. Дзяржава, у сваю чаргу, не атрымала падаткаў і страхавых складак з гэтых грошай амаль на 350 тыс. рублёў. Гэтая сума лічыцца асабліва буйным памерам.

У ходзе следства кіраўнік прадпрыемства кампенсаваў больш за 300 тыс. рублёў урона. Цяпер суд разгледзіць яго справу аб ухіленні ад выканання абавязку паатковага агента і ўплаты страхавых складак. Абвінавачаны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

У Крычаве адменена дзяржзакупка ў звыш 100 тыс. рублёў

Дзяржаўная закупка на больш чым 100 тыс. рублёў на рэканструкцыю спортпляцоўкі ў Крычаве была адменена пасля ўмяшання пракуратуры.

Мясцовае камунальнае прадпрыемства закупала за свой кошт агароджу, футбольныя вароты, наліўное пакрыццё і яго мантаж. Пры гэтым, як высветліла пракуратура, на сайце было выстаўлена для пастаўшчыка толькі абавязацельства па дастаўцы тавара на склад, прычым без мантажу. 

Надзорны орган палічыў, што з-за гэтага ўзнікае рызыка невыканання мантажных прац пастаўшчыком і далейшае павелічэнне выдаткаў. Акрамя гэтага, да прапаноў некаторай катэгорыі ўдзельнікаў былі неабгрунтавана прадастаўлены перавагі ў выглядзе прымянення прэферэнцыйнай папраўкі. 

У выніку прадпрыемства было вымушана адмяніць закупку. Пры правядзенні паўторнай агульная яе сумма зменшылася на 16 тыс. рублёў.

Фотаздымак: Генеральная прокуратура