Магілёўская пракуратура пайшла правяраць бомбасховішчы

На Магілёўшчыне праверылі аб’екты грамадзянскай абароны на фоне папярэджанняў украінскага кіраўніцтва аб ударах у адказ за яшчэ большы удзел Беларусі ў расійскай агрэсіі.

Органы пракуратуры вобласці, праверыўшы гэтыя аб’екты, сцвярджаюць, што арганізацыі, якім яны належаць, прымаюць меры па падтрыманні іх у гатоўнасці да прыёму насельніцтва. Разам з тым, на больш чым 90 такіх аб’ектах пракуроры знайшлі недахопы і запатрабавалі іх ухілення. Колькі ўсяго бомбасховішчаў і іншых аб’ектаў праверыла пракуратура, у яе паведамленні не адзначаецца.

У прыватнасці, у асобных выпадках не выконваліся патрабаванні парадку эксплуатацыі і ўтрымання ахоўных збудаванняў; забеспячэння перакрыцця, замыкання і герметызацыі праёмаў ахоўна-герметычнымі, герметычнымі варотамі, дзвярамі, аканіцамі і іх механізмамі задрайвання; функцыянавання фільтраў-паглынальнікаў, сістэм фільтра-вентыляцыі і герметычнасці ахоўных збудаванняў.

Нагадаем, што ўкраінскае кіраўніцтва ў апошнія тыдні адзначае “спецыфічную актыўнасць” на прымежнай да Украіны беларускай тэрыторыі і ўзмацненне расійскай прысутнасці ў Беларусі. А пасля апошняй масіраванай паветранай расійскай атакі па Кіеве, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што па даных разведкі Масква пераконвае беларускага дыктатара больш актыўна далучыцца да яе агрэсіі супраць Украіны.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

Шэраг аўташкол на Магілёўшчыне спынілі працу пасля пракурорскай праверкі

У пятнаццаці аўташколах Магілёўшчыны пракуратура знайшла недахопы пры навучанні вадзіцеляў аўтамабіляў.

Органы сертыфікацыі прынялі рашэнні аб спыненні дзеянняў сертыфікатаў адпаведнасці на аказанне паслуг па падрыхтоўцы вадзіцеляў у трох аўташколах Бабруйска і Магілёва, а таксама ў адной аўташколе Клімавіцкага раёна ў частцы навучання ваджэнню на грузавых аўтамабілях.

Акрамя таго, прыпынена дзеянне выдадзеных сертыфікатаў у дачыненні да 11 аўташкол вобласці да ліквідацыі імі парушэнняў заканадаўства. Гэта ўсё адбылося пасля пракурорскай праверкі і вынясення адпаведнага прадстаўлення.

Паводле пракуратуры, выяўленыя парушэнні не спрыялі належнаму навучанню грамадзян, атрыманню імі паўнавартасных ведаў і навыкаў кіравання.

Асноўнымі прычынамі прыпынення дзейнасці сталі: неадпаведнасць вучэбных планаў падрыхтоўкі вадзіцеляў; парушэнні ў арганізацыі навучальнага працэсу, звязаныя з неправядзеннем практычных заняткаў і адсутнасцю неабходнага абсталявання для тэарэтычных заняткаў; неналежны стан матэрыяльна‑тэхнічнай базы, у тым ліку аўтадромаў і транспартных сродкаў.

Так, у адной з прыватных аўташкол Магілёва пракуроры выявілі парушэнні арганізацыі навучальнага працэсу, недахоп абсталявання і неадпаведнасць грамадзянска-прававых дагавораў на аказанне паслуг па падрыхтоўцы вадзіцеляў патрабаванням заканадаўства. Пасля ліквідацыі кіраўніцтвам аўташколы недахопаў у працы дзеянне сертыфіката было адноўлена.

Аналагічным чынам пасля прывядзення ў адпаведнасць стану аўтадрома і транспартных сродкаў адноўлена дзеянне сертыфіката прыватнай аўташколы ў Бабруйску.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Два прадпрыемствы Магілёўскай вобласці выкрыты ў ўхіленні ад падаткаабкладання

Магілёўскія падаткавікі выявілі схемы ўхілення ад падаткаў і вярнулі грошы ў бюджэт.

Магілёўская прыватная ўстанова, якая аказвае медыцынскія паслугі, фінансавала набыццё абсталявання на індывідуальнага прадпрымальніка.

Затым арандавала яго ў яго ж – па цэнах, якія шматкроць перавышаюць кошт самога абсталявання. Так кампанія штучна завышала выдаткі і заніжала падатак на прыбытак.

За 3,5 года сума фіктыўных выдаткаў склала 593,5 тысячы рублёў. 

Парушэнне выявілі супрацоўнікі інспекцыі МПЗ па Ленінскім раёне Магілёва.

Установа добраахвотна пералічыла ў бюджэт недастаючыя 118,7 тысячы рублёў.

Другі выпадак выяўлены ў Касцюковіцкім раёне пры праверцы ў сувязі з ліквідацыяй таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое займалася апрацоўкай драўніны. Прадпрыемства выплачвала зарплату «ў канвертах» работнікам, з якімі не былі аформлены працоўныя адносіны, і не адлюстроўвала гэтыя выплаты ва ўліку. Мэта – пазбегнуць выплаты падаходнага падатку. Па выніках праверкі падатковая база скарэкціравана, даналічаныя падаткі і пені спагнаны ў бюджэт.

 

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Чэрыкаве дрэнна ўтрымліваюць землі і не ўлічваюць пустыя дамы

Магілёўскі КДК знайшоў парушэнні ва ўтрыманні зямель і аб’ектаў Чэрыкаўскага раёна.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці ў Чэрыкаўскім раёне выявіў шэраг недахопаў, якія датычацца навядзення парадку на зямлі.

Кантралёры знайшлі больш за 50 гектараў незадзейнічаных у гаспадарчым абароце зямель, 20 аварыйных аб’ектаў, звалкі бытавога і будаўнічага смецця, 43 пустыя дамы, не ўнесеныя ў рэестр.

Акрамя таго, кантралёрамі «ўстаноўлены недахопы ў рабоце з дзяржаўнай маёмасцю, арэндным жылым фондам, пры разглядзе зваротаў грамадзян і іншае».

Калі ўжо нават з «іншым» чыноўнікі Чэрыкава справіцца не змаглі, то чакаць ад іх перамог над «гэтым», відаць, не варта.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Асіповічах масава аштрафавалі таксістаў

Дваццаць шэсць таксістаў Асіповіч аштрафаваны за парушэнне парадку прыёму сродкаў плацяжу.

Падатковая інспекцыя па Асіповіцкім раёне сур’ёзна ўзялася за мясцовых таксістаў

Праверка ўстанавіла “парушэнні парадку прыёму сродкаў плацяжу і парушэнне парадку выкарыстання касавага абсталявання, аўтаматычных электронных апаратаў, гандлёвых аўтаматаў, плацежных тэрміналаў, выкарыстання і ўліку сродкаў кантролю, прызначаных для ўстаноўкі на касавае абсталяванне”.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 26 чалавек. Агульная сума штрафаў склала 10,8 тысячы рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У магілёўскім “Святлафоры” падманвалі пакупнікоў

У адным з магазінаў “Святлафор” у Магілёве праверка выявіла недавагу тавараў.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю правяла праверку ў магілёўскіх магазінах, і ў выніку знайшла шматлікія парушэнні гандлёвага заканадаўства. У прыватнасці, у працэсе кантрольнага ўзважвання маркіраваных у магазіне “Светлафор” тавараў была выяўлена недавага асобных каўбас і кандытарскіх вырабаў. 

Магазіну было рэкаментавана ухіліць парушэнні і прыняць меры па навядзенні парадку. Таксама міністэрства паабяцала, што да вінаватых будуць прынятыя меры – будуць складзены пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні і справы накіруюцца ў суд. Таксама паставяць у вядомасць і Магілёўскі аблвыканкам.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Больш за 30 тысяч рублёў заплаціць бабруйскі фермер за драбненне бізнесу

На незаконнай мінімізацыі падатковых абавязкаў злавілі бабруйскага фермера, які збіраўся ліквідаваць сваю сялянска-фермерскую гаспадарку.

Падаткавікі Бабруйска праверылі мясцовага фермера, які збіраўся ліквідаваць свой бізнес. Аказалася, што фермер скажаў справаздачную дакументацыю і наўмысна зарэгістраваў другую СФГ для выкарыстання падатковых ільгот.

Па выніках праверкі прад’яўлены да выплаты падаткі і пеня ў суме 28 000 рублёў. Яшчэ тры тысячы рублёў фермеру давядзецца заплаціць з-за змяншэння розніцы паміж сумай падатковых вылікаў і сумай ПДВ.

Судзячы па публікацыях у СМІ, падатковымі “гульнямі” на Магілёўшчыне часцей займаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі сферы гандлю і паслуг. 

Аказваецца, фермеры таксама не любяць плаціць падаткі. Пра чыноўнікаў, якія мухлююць са сваімі падатковымі дэкларацыямі, навін няма зусім. 

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Магілёўскаму Дзяржстандарту не спадабалася кітайская вопратка

Паветрапранікальнасць у тры разы ніжэй за норму – у Магілёве забаранілі прадаваць кітайскую вопратку для школьнікаў.

Магілёўская інспекцыя Дзяржстандарту праверыла адну з прыватных кампаній і забараніла прадаваць школьныя блузкі для дзяўчынак і штаны для хлопчыкаў кітайскай вытворчасці.

Аказалася, што яны не адпавядаюць ГОСТу таму, што:

  • паказчык гіграскапічнасці – амаль у шэсць разоў ніжэй за норму;
  • вадкапранікальнасць – у тры разы ніжэй за норму.

Не ўсё ў парадку і з вопраткай для дарослых – там таксама праблемы з вадкапранікальнасцю.

У выніку прадукцыя лёгкай прамысловасці, якая прыбыла з Паднябеснай, забароненая да рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.

Фото БелТА.