У Хоцімскім раёне з-за азартых гульняў маці галадалі яе дзеці

Суд забараніў жыхарцы Хоцімскага раёна тры гады гуляць у анлайн-казіно, дзе яна прайгравала дзіцячыя грошы.

23-гадовая жанчына жыве разам з мужам і двума малалетнімі дзецьмі. На працягу апошніх двух гадоў яна пастаянна рабіла стаўкі ў віртуальных казіно. Для ўдзелу ў гульнях у яе было сем гульнявых акаўнтаў.

На азартныя гульні маладая маці траціла не толькі ўласныя сродкі, але і дзіцячую дапамогу. Акрамя таго, яна рэгулярна пазычала грошы ў сваякоў. У выніку ў сям’і ўзніклі даўгі, у тым ліку па аплаце жыллёва-камунальных паслуг.

У красавіку 2026 года двое дзяцей жанчыны былі прызнаныя як тыя, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы з-за незабеспячэння іх асноўных жыццёвых патрэбаў, адсутнасці дастатковага харчавання і неналежнага выкарыстання дзіцячай дапамогі.

У інтарэсах дзяцей і мужа жанчыны пракурор Хоцімскага раёна звярнуўся ў суд з патрабаваннем абмежаваць яе ўдзел у азартных гульнях. Пасяджэнне суда Хоцімскага раёна, пэўна, у мэтах прафілактыкі, праходзіла ў прысутнасці навучэнцаў мясцовага каледжу. Прысуд – поўная забарона жанчыне гуляць у азартныя гульні на максімальна вызначаныя законадаўствам тры гады.

Пакуль рашэнне суда можа быць абскарджана.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У большасці раёнаў Магілёўшчыны забаронена заходзіць у лес

У 16 з 21 раёна Магілёўскай вобласці з-за засухі ўведзена поўная забарона на наведванне лясоў.

Большая частка раёнаў, дзе забаронена нават заходзіць у лес, знаходзяцца ў заходняй і ўсходняй частках рэгіёна. Пры гэтым у Шклоўкім, Чавускім і Мсціслаўскім раёнах дзейнічае абмежаванне – лясы наведваць можна, але заязджаць у іх на машынне нельга, як і распальваць вогнішчы.

Пры гэтым у Горацкім і Дрыбінскім раёнах ніякіх абмежаванняў на наведванне лясоў няма. 

Варта адзначыць, што сухая вясна працягвае пагражаць ляснымі пажарамі. Так, за мінулыя суткі з раніцы 3 красавіка па раніцу 4 красавіка 2026 года па вобласці адбыліся 25 пажараў у экасістэмах, прычым у Бабруйскім раёне быў зафіксаваны лясны пажар.

Фотаздымак: Мінлясгас

У магілёўскім СІЗА забаранілі даваць інфармацыю аб арыштаваных не іх родным

Дзяжурныя магілёўскага СІЗА, якое знаходзіцца ў складзе турмы №4, атрымалі распараджэнне не даваць інфармацыю аб арыштаваных не іх родным.

Распараджэнне было атрымана дзяжурнымі напачатку тыдня, піша Mayday. Пры гэтым сам начальнік пайшоў у адпачынак.

Па звестках праваабаронцаў, такія ж правілы сталі дзейнічаць у мінскім СІЗА-1.

Раней інфармацыю пра месцазнаходжанне арыштаванага ў чаканні апеляцыі (да ўступлення прысуду ў законную сілу) давалі без праблем любому, хто звярнуўся да дзяжурнага. Грамадзяне, якія пражываюць у іншых гарадах, карысталіся гэтым і прасілі знаёмых даведацца, ці знаходзіцца іх арыштаваны сваяк у СІЗА, ці ўжо этапаваны ў калонію.

Цяпер такую інфармацыю не даюць. Сваякі арыштаваных павінны асабіста прыбыць у СІЗА і прад’явіць дакументы. Аднак, як атрымалася даведацца выданню, у СІЗА некаторых іншых гарадоў парадак застаўся ранейшым.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Горацкай пракуратуры не спадабалася кніга па гісторыі БНР

Кніга Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспублiка 1918-1929 гг.: ля вытокаў Беларускай дзяржаўнасці», па меркаванню горацкіх пракурораў, шкодзіць нацыянальным інтарэсам.

Знайшоўшы кнігу сярод прапаноў на нейкім інтэрнэт-рэсурсе, горацкія пракуроры запыталіся ў адпаведнай Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі, ці не “экстрэмісцкае” гэтае выданне. Гэтая камісія прыйшла да высновы, што аўтарскі погляд Дароты Міхалюк, аказваецца, можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. Да такой думкі камісію падштурхнула Дырэктыва “Аб рэалізацыі асноў ідэялогіі беларускай дзяржавы” ад 9 красавіка 2025 года. 

Цяпер Мінінфармацыі ўнесла кнігу «Беларуская Народная Рэспублiка 1918-1929 гг.: ля вытокаў Беларускай дзяржаўнасці» ў адпаведны спіс, а той сайт, дзе яна прадавалася, выкрэсліў яе з асартымента.

А між тым, гэтая кніга – гэта глыбокае навуковае даследаванне, якое стала адной з найважнейшых прац пра БНР у сучаснай гістарыяграфіі. Аўтар Дарота Міхалюк з вялікай інтэлектуальнай зацікаўленасцю і прафесійнай дакладнасцю аналізуе падзеі, якія сталі пачаткам беларускай дзяржаўнасці, раскрываючы як палітычныя, так і чалавечыя аспекты гэтага перыяду. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Дзяржстандарт забараніў продаж двух магілёўскіх сродкаў для прання

Два сродкі для прання ад магілёўскага ТАА “Сэльвін-Про” брэнда Washing Tone прызнаныя неадпаведнымі сваёй маркіроўцы.

На ўпакоўцы парашку “Універсал Аўтамат” і вадкага гелю “Універсальнае Гель” указана, што сродкі можна выкарыстоўваць у пральных машынах ўсіх тыпаў, але фактычна яны не падыходзяць для мадэляў з франтальнай загрузкай, адзначаецца на старонцы Дзяржстандарту ў інтэрнэце. Лабараторныя выпрабаванні паказалі перавышэнне нормы пенаўтварэння, што можа прывесці да паломкі бытавой тэхнікі.

У ведамстве падкрэслілі, што такая маркіроўка ўводзіць пакупнікоў у зман адносна якасці і бяспечнасці прадукцыі.

У выніку ведамства забараніла з 9 студзеня 2026 года продаж гэтых сродкаў да прання брэнда Washing Tone, якія вырабленыя ў Магілёве.

Фотаздымак: Дзяржстандарт

Магілёўскаму Дзяржстандарту не спадабалася кітайская вопратка

Паветрапранікальнасць у тры разы ніжэй за норму – у Магілёве забаранілі прадаваць кітайскую вопратку для школьнікаў.

Магілёўская інспекцыя Дзяржстандарту праверыла адну з прыватных кампаній і забараніла прадаваць школьныя блузкі для дзяўчынак і штаны для хлопчыкаў кітайскай вытворчасці.

Аказалася, што яны не адпавядаюць ГОСТу таму, што:

  • паказчык гіграскапічнасці – амаль у шэсць разоў ніжэй за норму;
  • вадкапранікальнасць – у тры разы ніжэй за норму.

Не ўсё ў парадку і з вопраткай для дарослых – там таксама праблемы з вадкапранікальнасцю.

У выніку прадукцыя лёгкай прамысловасці, якая прыбыла з Паднябеснай, забароненая да рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.

Фото БелТА.

Наведваць лясы на Магілёўшчыне можна толькі ў Шклоўскім раёне

Забарона на наведванне лясоў уведзена ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці, акрамя Шклоўскага.

У большасці раёнаў Беларусі дзейнічаюць забароны і абмежаванні на наведванне лясоў. Пра гэта сведчаць даныя інтэрактыўнай карты на афіцыйным сайце Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. 

Посещение лесов могилевская область

Найбольш складаная абстаноўка склалася ва ўсходняй частцы краіны. У Гомельскай вобласці забароны на наведванне лясоў уведзены ва ўсіх раёнах, у Магілёўскай таксама – за выключэннем Шклоўскага, дзе дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў. Гэта значыць, толькі на Шклоўшчыне можна заходзіць у лес для прагулак, збору грыбоў і ягад, але пры гэтым забаронены ўезд у лясны масіў на механічных транспартных сродках і распальванне вогнішчаў.

Дарэчы, на днях адбыўся лясны пажар ва Усакінскім лясніцтве Клічаўскага раёна. Плошча ўзгарання склала 0,3 га.

Фотаздымак: Тэлеграм Мінлясгаса