Кіраўнік хоцімскага прадпрыемства пакараны за несвоечасовую выплату заробку

У Хоцімскім раёне 107 работнікаў сельгасарганізацыі не маглі своечасова атрымаць 155 тысяч рублёў заробку.

Запазычанасць па заробку ўтварылася ў траўні 2026 года. Гэта высветліла пракуратура пры праверцы выканання заканадаўства аб працы.

Пасля таго як умяшалася нагляднае ведамства, заробак быў выплачаны, а кіраўнік гэтага прадпрыемства АПК прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. 

Згодна Працоўнаму кодэксу, выплата заработнай платы ажыццяўляецца рэгулярна ў дні, вызначаныя ў калектыўным дагаворы, пагадненні або працоўным дагаворы, але не радзей двух разоў на месяц. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Хоцімскім раёне з-за азартых гульняў маці галадалі яе дзеці

Суд забараніў жыхарцы Хоцімскага раёна тры гады гуляць у анлайн-казіно, дзе яна прайгравала дзіцячыя грошы.

23-гадовая жанчына жыве разам з мужам і двума малалетнімі дзецьмі. На працягу апошніх двух гадоў яна пастаянна рабіла стаўкі ў віртуальных казіно. Для ўдзелу ў гульнях у яе было сем гульнявых акаўнтаў.

На азартныя гульні маладая маці траціла не толькі ўласныя сродкі, але і дзіцячую дапамогу. Акрамя таго, яна рэгулярна пазычала грошы ў сваякоў. У выніку ў сям’і ўзніклі даўгі, у тым ліку па аплаце жыллёва-камунальных паслуг.

У красавіку 2026 года двое дзяцей жанчыны былі прызнаныя як тыя, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы з-за незабеспячэння іх асноўных жыццёвых патрэбаў, адсутнасці дастатковага харчавання і неналежнага выкарыстання дзіцячай дапамогі.

У інтарэсах дзяцей і мужа жанчыны пракурор Хоцімскага раёна звярнуўся ў суд з патрабаваннем абмежаваць яе ўдзел у азартных гульнях. Пасяджэнне суда Хоцімскага раёна, пэўна, у мэтах прафілактыкі, праходзіла ў прысутнасці навучэнцаў мясцовага каледжу. Прысуд – поўная забарона жанчыне гуляць у азартныя гульні на максімальна вызначаныя законадаўствам тры гады.

Пакуль рашэнне суда можа быць абскарджана.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Вяха ў развіцці Хоцімска – цяпер без скразнякоў

У Хоцімскім раёне будуюць прафілакторыі для цялят. Галоўнае адкрыццё: калі няма скразнякоў і ёсць сухая падсцілка, цяля не хварэе.

У трох сельгаспрадпрыемствах Хоцімскага раёна будуюць прафілакторыі для цялят. Аб’екты аднатыпныя, але з варыяцыямі: нясучыя канструкцыі можна рабіць з металу або дрэва, ашалёўку – з дрэва або штор, у залежнасці ад фінансавых магчымасцей гаспадаркі. А яны, як вядома, у Хоцімску вельмі сціплыя.

Радуе толькі адно: ватага “моцных гаспадарнікаў” Лукашэнкі нарэшце дапёрла, што залог здароўя цяляці – адсутнасць скразнякоў і наяўнасць сухой падсцілкі.

Вядомы хоцімскі камуніст назваў гэта вяхой у развіцці. Што менавіта замінала пабудаваць сухое і непрадзьмуванае памяшканне гадоў гэтак на трыццаць раней, можна толькі здагадвацца.

Верагодна, мільярды рублёў, выдаткаваных нібыта на беларускае сяло, пайшлі на будаўніцтва сухіх і непрадзьмуваных асабнякоў для беларускіх чыноўнікаў.

Фота раённай газеты.