Казку пра сучасную стаматалогію ў Краснаполлі расказалі мясцовыя ідэолагі

29 мая раённая газета «Чырвоны сцяг» выдала ўзорна-паказальны матэрыял у жанры «ў нас усё добра». Малады зубны фельчар, якая па размеркаванні з Оршы прыехала праз Крычаў у Краснаполле, паводле версіі аўтара, «шчыра ўражана» маштабам мясцовай ЦРБ, «прыйшла ў поўнае захапленне» ад кабінетаў, акружана «надзвычай добрымі» настаўнікамі і ўжо завалена захопленымі водгукамі пацыентаў.

Цытаты ў матэрыяле падабраны так, што ад эпітэтаў у вачах мільгаціць: «маштабны, яркі комплекс», «асобны корпус», «найноўшы якасны рамонт», «па апошнім слове тэхнікі», «створаны ўсе ўмовы, каб працаваць годна». Ключы ад інтэрната выдадзены, пад’ёмныя выплачаны ў поўным аб’ёме, пацыенты тэлефануюць і просяцца «да новай дзяўчыны».

Усё было б добра, але праверыць гэта па-за межамі самой раённай газеты немагчыма.

А што насамрэч?

Водгукі пацыентаў пра Краснапольскую ЦРБ на Яндэкс Картах – рэйтынг каля 3,5 з 5 па 68 ацэнках. У свежых водгуках 2024-2025 гадоў жыхары раёна пішуць зусім не пра «маштабны, яркі комплекс»:

  • не хапае ўрачоў і вузкіх спецыялістаў;
  • бальніца хранічна недафінансаваная;
  • да стаўлення персаналу ёсць прамыя прэтэнзіі;
  • якасць медыцынскай дапамогі – асобная балючая тэма.

Гэта тая самая ЦРБ, ад якой, паводле версіі краснапольскіх прапагандыстаў, спецыялістка, што прыехала па размеркаванні, прыйшла «ў поўнае захапленне».

У адкрытых крыніцах пра гэтае захапленне і захопленых пацыентаў няма ні слова. Незалежных водгукаў менавіта пра стаматалагічнае аддзяленне Краснаполля цяпер няма ўвогуле – ні на картах, ні ў мясцовых пабліках, ні ў раённых групах у сацыяльных сетках. Хвалебная цытата «пра яе ўжо вельмі добрыя водгукі ідуць» існуе выключна ў пераказе самой раёнкі і пацвярджэння па-за ёй не мае.

Сюжэт пра маладога спецыяліста, які «шчыра ўражаны» станам раённай бальніцы, – не больш чым штатная ідэалагічная канструкцыя. Згодна з ёй, размеркаванне трэба падаваць як удачу, рамонт – як дасягненне, кадры – як поспех. Артыкул у раёнцы з разраду “ні пра што”: ён даказвае толькі тое, што краснапольскія журналісты налаўчыліся штампаваць дзяжурныя тэксты.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Вяха ў развіцці Хоцімска – цяпер без скразнякоў

У Хоцімскім раёне будуюць прафілакторыі для цялят. Галоўнае адкрыццё: калі няма скразнякоў і ёсць сухая падсцілка, цяля не хварэе.

У трох сельгаспрадпрыемствах Хоцімскага раёна будуюць прафілакторыі для цялят. Аб’екты аднатыпныя, але з варыяцыямі: нясучыя канструкцыі можна рабіць з металу або дрэва, ашалёўку – з дрэва або штор, у залежнасці ад фінансавых магчымасцей гаспадаркі. А яны, як вядома, у Хоцімску вельмі сціплыя.

Радуе толькі адно: ватага “моцных гаспадарнікаў” Лукашэнкі нарэшце дапёрла, што залог здароўя цяляці – адсутнасць скразнякоў і наяўнасць сухой падсцілкі.

Вядомы хоцімскі камуніст назваў гэта вяхой у развіцці. Што менавіта замінала пабудаваць сухое і непрадзьмуванае памяшканне гадоў гэтак на трыццаць раней, можна толькі здагадвацца.

Верагодна, мільярды рублёў, выдаткаваных нібыта на беларускае сяло, пайшлі на будаўніцтва сухіх і непрадзьмуваных асабнякоў для беларускіх чыноўнікаў.

Фота раённай газеты.

З нагоды адкрыцця пляжа ў Круглым зладзілі масавае гулянне

У Круглым закрылі грамадскую лазню, затое адкрылі пляж. Чыноўнікі рэкамендавалі карыстацца вадаёмамі – і забяспечылі жыхароў імі.

У Круглянскім раёне ўрачыста адкрылі пляж, але гэта – працяг гісторыі з мясцовай лазняй.

Аднойчы на выязны прыём да першага намесніка старшыні аблвыканкама прыйшоў усяго адзін чалавек. Ён паскардзіўся на адсутнасць грамадскай лазні.

Намеснік кіраўніка вобласці Сяргей Савіцкі выслухаў госця і даў вычарпальны адказ: карыстайцеся ваннамі і вадаёмамі.

Лазню ў Круглым сапраўды закрылі – хадзіла ў яе ад сілы пяць чалавек, стратна. Узамен пабудавалі новую, невялікую. Тая ж гісторыя. Закрылі і яе. Сацыяльны стандарт па памывачных месцах быў выключаны з дзяржаўных нарматываў яшчэ ў 2020 годзе, так што фармальна ўсё ў парадку.

Вадаём у раёне, дарэчы, цяпер маецца – Цяцерынскае вадасховішча, вёска Шупені. І ў мінулую суботу там урачыста адкрылі пляж «Водная жамчужына». Так што ўсё сыходзіцца: лазня закрыта, затое на прыродзе – мыйся, не хачу.

Цырымонія была больш чым урачыстай. Пяць раённых чыноўнікаў, чырвоная стужка, артысты Дома культуры.

Пляж на фотаздымках з цырымоніі ў кадр трапляў рэдка. У асноўным усе аб’ектывы былі нацэлены на масавае гулянне.

Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку на дарозе, якая вядзе да вадаёма, атрымалі адразу трое. Што-што, а святкаваць у Круглым умеюць.

Фота раённай газеты.

Быхаў: змова маўчання вакол брудных таямніц

Быхаў не толькі самы бедны, але і самы карумпаваны горад, чыноўнікі якога могуць перажыць і дзесяць Лукашэнак.

У Быхаве вынесены прысуд па справе аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Шэсць жанчын страцілі больш за 158 тысяч рублёў, адна з іх пазбавілася кватэры маці. Суд адбыўся, прысуд вынесены. Але ў самім горадзе пра гэта не ведае ніхто. Зрэшты, для Быхава гэта не фокус.

Абрады за чужы кошт

Суд Быхаўскага раёна разгледзеў справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Абвінавачаная прадстаўлялася «спадчыннай знахаркай» і абяцала зняць «вянец бясшлюбнасці», пазбавіць ад «родавага праклёну» або вылечыць хваробы. Здольнасцямі яна не валодала і выконваць абяцанні не збіралася – гэта ўстанавіў суд.

Гісторыя адной з шасці пацярпелых гаворыць сама за сябе. Паверыўшы ў «абрады», яна прадала кватэру маці, здала ў ламбард залатыя ўпрыгажэнні, пераканала сваякоў і знаёмых аформіць крэдыты. Знахарцы пайшло больш за 120 тысяч рублёў. Агульная шкода – больш за 158 тысяч рублёў. Прысуд – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму, штраф 9000 рублёў. Прозвішча асуджанай не агалошваецца – прысуд не ўступіў у законную сілу.

Між тым у Быхаве да варажбы ставяцца без асаблівага здзіўлення – традыцыя даўняя. У свой час гэтым займалася нават былы дырэктар хлебазавода Антаніна Хонанава – ужо пасля выхаду на пенсію. Раён невялікі, усе ведаюць адзін аднаго.

Суд быў, быхаўчане не ў курсах

Пасля таго як наш рэсурс апублікаваў матэрыял пра прысуд, у рэдакцыю напісалі чытачы. Усе паведамлялі адно: ніхто ў Быхаве нічога не чуў – ні пра справу, ні пра працэс, ні пра прысуд. Мясцовыя СМІ прамаўчалі. Але гэта не першы выпадак, калі раённая газета «Маяк Прыдняпроўя» аддае перавагу не заўважаць нязручных падзей, у якіх удзельнічаюць не рабочыя і сяляне, а тыя хто змагаецца за іх дабро.

Калі маўчанне – сістэма

У 2004 годзе «Беларусь Сегодня» напісала пра тое, што намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама, куратар чарнобыльскай праграмы Дзмітрый Ігнацьеў пяць разоў незаконна адправіў сваю дачку ў Італію па праграме для «дзяцей Чарнобыля». Раённая газета артыкул перадрукавала – але прозвішча Ігнацьева з тэксту прыбрала. Ён у той час курыраваў і газету.

У 2019 годзе гісторыя паўтарылася. На гэты раз з пераемнікам Ігнацьева. У цэнтры Быхава, на пажарнай лесвіцы Дома культуры, знайшлі павешаным 16-гадовага Мікіту М. Следчы камітэт распачаў справу па артыкуле «Давядзенне да самагубства». Гараджане гаварылі: учынак хлопца выглядае як помста камусьці – занадта публічным было месца. Дырэктар гімназіі адмовілася каментаваць самагубства, у райвыканкаме таксама маўчалі. Куратарам камісіі па справах непаўналетніх, з-за некампетэнтнасці якой загінуў юнак, тады быў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Агнетаў (на фота) – ён жа курыраваў раённую газету.

АгнетаўУсе беларускія выданні напісалі пра трагедыю. «Маяк Прыдняпроўя» абмежаваўся спачуваннямі сям’і – ні слова пра расследаванне, ні слова пра камісію.

У Быхаве ўмеюць захоўваць брудныя таямніцы. Дзесяцігоддзямі.

Фота з адкрытых крыніц.

Перыяд выпасу ў Мсціслаўскім раёне: свята, або спроба забыць пра праблемы?

На семінары ў Мсціславе гаварылі толькі пра пашавы перыяд, але маўчалі пра падзеж жывёлы і ўтойванне гэтага факта.

У Мсціслаўскім раёне прайшоў семінар-нарада па пераводзе БРЖ на пашавае ўтрыманне. Выехалі ў поле, паслухалі даклады, паабяцалі строга выконваць патрабаванні. Прыгожая карцінка. Толькі за ёй – гісторыя, якую раённая газета аддае перавагу не ўспамінаць.

Мсціслаўскі раён – антылідар Магілёўскай вобласці па падзежы жывёлы. Мінус 19,9 працэнта пагалоўя БРЖ – найгоршы паказчык у рэгіёне. Клімавіцкі і Дрыбінскі раёны з іх мінус адзінаццаццю выглядаюць на гэтым фоне амаль квітнеючымі.

Прычыны – не стыхійнае бедства. У верасні 2024 года высветлілася, што ў адной з гаспадарак раёна падзеж хавалі.

Па патрабаванні пракуратуры да матэрыяльнай адказнасці прыцягнуты 25 работнікаў АПК на агульную суму 13 602 рублі, 9 службовых асоб – да дысцыплінарнай адказнасці, 4 – да адміністрацыйнай.

Лячыць жывёлу пры гэтым няма каму. У ААТ «Знамя труда» Мсціслаўскага раёна па люты 2026 года вакантныя ўсе ветэрынарныя пасады – заатэхнік-селекцыянер не з’яўляўся больш за пяць гадоў, два ветфельчары – каля трох. Хто лечыць жывёл у гаспадарцы – пытанне адкрытае.

На семінары-нарадзе пра гэта не гаварылі. Гаварылі пра надоі, прывагі і перасоўныя даільныя ўстаноўкі. Вытворчасць малака за першы квартал – 110,5 працэнта да мінулага года. Добры паказчык. Толькі незразумела, як ён спалучаецца з найгоршым у вобласці падзежам і вакантнымі ветэрынарнымі пасадамі ўжо пяць гадоў запар.

Пашавы перыяд – час вялікага малака, сказаў старшыня райвыканкама. Магчыма. Але спачатку нядрэнна было б разабрацца, чаму жывёла ў раёне гіне хутчэй, чым дзе-небудзь у Магілёўскай вобласці, і хто за гэта адказаў па-сапраўднаму.

Фота раённай газеты.

Шклоўская раёнка паспрабавала высмеяць сістэму вяртання ПЭТ-бутэлек у Польшчы

Паколькі ў “чыстай” Беларусі збіраць пластыкавыя бутэлькі няма фінансавага сэнсу, то зайздросныя прапагандысты паспрабавалі высмяяць прагрэс у суседняй краіне.

Тэкст у шклоўскай раённай газеце пра польскую сістэму залогавага вяртання тары выглядае як класічны прыклад дробнай правінцыйнай прапаганды: фармальна аўтар нібыта прызнае, што сістэма “правильная, нужная и современная”, але ўвесь матэрыял пабудаваны так, каб унушыць чытачу, што ў Польшчы ўсё робіцца праз хаос, чэргі і “нервный тик”. Артыкул так і называецца: “Бутылочный коллапс: как система возврата тары довела поляков до нервного тика”.

Пры гэтым галоўнае пытанне аўтар старанна абыходзіць: чаму ў Польшчы людзі масава нясуць бутэлькі на перапрацоўку, а ў Беларусі – не?

Польская сістэма дэпазітнай тары сапраўды перажывае стартавыя цяжкасці. Гэта нармальна для любой маштабнай рэформы, якая закранае мільёны людзей і тысячы крам. Але шклоўскі тэкст свядома ператварае пачатковыя хваробы новай сістэмы ў нібыта доказ яе бязглуздасці. Аўтар іранізуе з чэргаў каля аўтаматаў, але пры гэтым чамусьці забываецца, што ў такім мілым сэрцу беларускіх прапагандыстаў “саўку” чэргі былі і каля пунктаў прыёму шклотары. Прычым у тых чэргах стаялі не толькі сацыяльна дэградаваныя людзі. Ды і ўвогуле чэргі сведчаць аб тым, што сістэма працуе, а людзі ўцягнуліся ў экалагічную і эканамічную мадэль.

У Беларусі нічога падобнага няма не таму, што нібыта ўсё арганізавана лепш, а таму, што дзяржава так і не стварыла паўнавартаснай сістэмы фінансавай матывацыі для насельніцтва. Пустая бутэлька амаль нічога не вартая. У выніку пластык альбо выкідваюць разам з агульным смеццем, альбо яго збіраюць сацыяльна ўразлівыя людзі за капейкі.

Асабліва камічна выглядае спроба высмеяць чалавека, які здаў 4,7 тысячы бутэлек і пералічыў грошы на дабрачыннасць. Для польскага грамадства гэта прыклад грамадзянскай адказнасці і культуры перапрацоўкі. Для шклоўскай раёнкі – нагода для жартаў пра “бутылочного Робина Гуда”. Такая рэакцыя многае кажа не пра Польшчу, а пра ўзровень самога прапагандысцкага мыслення, дзе любая грамадзянская ініцыятыва мусіць быць або абясцэненая, або высмеяная.

Яшчэ адной маніпуляцыяй з’яўляецца падача тэхнічных праблем як катастрофы. Так, бывае што аўтаматы ламаюцца, а малыя крамы не заўсёды гатовы на пастаноўку такіх апаратаў. І што цяпер? Няўжо сістэма не вартая існавання і ўдасканалення? І не выключана, што, як мараць шклоўскія прапагандысты, заклапочанныя камфортам палякаў, праз некалькі гадоў вяртанне тары стане такой жа руцінай, як аплата карткай або сартаванне смецця.

Шклоўская раёнка хацела паказаць Польшчу краінай “бутылочного коллапса”. Але між радкоў атрымалася іншае – прапагандысты паказалі ўласную зайздрасць, зайздрасць людзей, якім да слёз балюча за сваю эканамічную і экалагічную недаразвітасць.

Фотаздымак: vitrina.pl

У Быхаве нагу мужчыны заціснула ў мотакультыватары

Работнікам аддзела МНС у Быхаве давялося дапамагаць мужчыне, нага якога захрасла ў мотакультыватары.

Быхаўчанін апрацоўваў прысядзібны ўчастак мотакультыватарам. Фрэза агрэгата зачапіла адзенне і заціснула мужчыне нагу.

Ратавальнікі дэмантавалі частку механізма з дапамогай спецыяльнага абсталявання і перадалі пацярпелага медыкам.

Фота раённай газеты.

У Слаўгарадзе візуалізавалі калектыўны Захад. Атрымалася цікава

Слаўгарадская актывістка працягвае асвойваць GPT і перайшла ад тэкстаў да генерацыі выяў.

Чым больш унутраных праблем у Беларусі, тым часцей тыя, хто называе сябе патрыётамі, шукае карані бед на Захадзе замест таго, каб заняцца чысткай сваіх хлявоў ад гною.

Слаўгарадская актывістка Вікторыя Гарадзецкая, пераведзеная ў рэдактары раённай газеты з БРСМ па ўзросце, асвоіла новыя тэхналогіі і стала ўслаўляць працу вяскоўцаў з дапамогай чата GPT.

Цяпер яна пачала генераваць выявы, у якіх выразна прасочваюцца матывы апакаліпсіса, дзе ў ролі ворага роду чалавечага выступае калектыўны Захад.

Псіхадэлічныя відзежы Гарадцкай цалкам зразумелыя: змена ўлады ў Беларусі пагражае ёй тым, што прафесія “актыўны актывіст” перастане існаваць.

Звычайна ў такіх запушчаных выпадках на наступным этапе захворвання пацыент пачынае асацыяваць сябе з архангелам Міхаілам.

Фота раённай газеты.

У Касцюковічах шукаюць уладальніка кашалька з паўтара рублямі

Апублікаваны рэйтынг знаходак, зробленых у Касцюковіцкім раёне. Шукаць некаторых уладальнікаў страт – занятак бессэнсоўны.

Касцюковіцкі РАУС шукае ўладальнікаў згубленых рэчаў. У топе рэйтынгу, апублікаванага ў раённай газеце – шэрая сумка, у якой знаходзіцца кашалёк з паўтара рублямі. Яе знайшлі на прыпынку каля водаканала.

Ёсць знаходкі і больш сур’ёзныя – з чэрвеня не ўдаецца знайсці ўладальніка квадракоптара, забытага кімсьці паміж вёскамі Смолькі і Журбінская Буда.

З верасня ніяк не знаходзяць гаспадара фітнес-бранзалета, згубленага на вуліцы Камсамольскай, а з снежня – ўладальніка сумкі з адзеннем і абуткам, забытай у цягніку.

Трубка радыётэлефона была згубленая на вуліцы Бонч-Бруевіча нядаўна – ў сярэдзіне студзеня.

А вось таго, хто двойчы згубіў у сельскай мясцовасці па трыццаць літраў дызельнага паліва, разлітага па дзвюх каністрах у ліпені мінулага года, знайсці, падобна, не атрымаецца. Паліва, хутчэй за ўсё, афарбаванае, і добраахвотна ў яго крадзяжы ніхто не прызнаецца.

Фота раённай газеты.

У разгар халадоў ратавальнікі Слаўгарада заклапаціліся таўшчынёй лёду

Супрацоўнікі Слаўгарадскага раённага аддзела МНС правялі рэйд па зімовых вадаёмах. 

Займальную навіну паведаміла сваім чытачам славгарадская раённая газета.

Работнікі мясцовага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі рэйдавае мерапрыемства па зімовых вадаёмах і параілі аматарам зімовай рыбалкі выконваць меры засцярогі.

У прыватнасці, нагадалі рыбакам, што таўшчыня лёду павінна быць не менш за сем сантыметраў.

Чаму ратавальнікі выбралі для рэйду час анамальных маразоў, застаецца загадкай.

Тут адно з двух: альбо на вадаёмах Слаўгарада забілі гарачыя крыніцы, альбо планы рэйдаў складаліся з разлікам на тое, што цяперашняя зіма будзе цёплай.

Фота раённай газеты.