У Касцюковічах працягваюць працаўладкоўваць грамадзян, а тыя працягваюць адмаўляцца

У РАУС Касцюковіч прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па садзейнічанні ў працаўладкаванні падуліковых грамадзян.

З дзесяццю жыхарамі раёна правялі працу па занятасці: расказалі пра актуальныя вакансіі і магчымасці прайсці навучанне або перанавучанне.

Некаторыя прысутныя тлумачылі нежаданне працаваць нізкімі заробкамі. Аднак у большасці няма ні прафесійнай адукацыі, ні стажу працы.

За студзень-красавік 2026 года камісія правяла 12 пасяджэнняў, у тым ліку тры выязныя. Справа пайшла:

  • 839 чалавек звярнуліся ў камісію за чатыры месяцы;
  • 375 грамадзян прызнаныя занятымі ў эканоміцы;
  • 31 чалавек накіраваны да наймальнікаў для працаўладкавання;
  • 9 з іх рэальна ўладкаваліся на працу;
  • 31 чалавек ад прапаноў адмовіўся.

Рэальнасць працаўладкавання як у Касцюковічах, так і ў цэлым па краіне пастаянна зніжаецца нягледзячы на тое, што камісіі праводзяць працу па занятасці. Статыстыка ж, як мы бачым, ставіць пад пытанне неабходнасць існавання саміх камісій.

Фота раённай газеты.

У Касцюковічах падуліковых грамадзян не пакідаюць у спакоі нават на тыдзень

У Касцюковічах падуліковыя грамадзяне зноў чысцілі снег – “таму што на працу ўладкоўвацца яны не жадаюць”.

Жыццё падуліковага грамадзяніна ў Касцюковічах становіцца ўсё больш насычаным. Мясцовыя праваахоўнікі так клапоцяцца пра лёс гэтай катэгорыі насельніцтва, што не даюць ім сумаваць ні тыдня.

Учора ў актавай зале РАУС адбылося чарговае мерапрыемства з шматабяцальнай назвай «Кірмаш вакансій».

Падуліковым грамадзянам зноў расказалі пра свежыя магчымасці працаўладкавання ў арганізацыях раёна. З дакладам выступіла начальніца аддзела занятасці.

Але ў саміх падуліковых ужо сфарміраваліся ўласныя кар’ерныя перавагі. Нягледзячы на рэгулярныя прапановы вакансій, яны пастаянна выбіраюць альтэрнатыўную форму актыўнасці – добраахвотныя грамадскія работы. І ў гэтым ёсць свая рацыя – прапанаваныя вакансіі па ўзроўні зарплаты амаль не адрозніваюцца ад грамадскіх работ.

Пасля завяршэння кірмашу ўдзельнікі мерапрыемства традыцыйна адправіліся на практычную частку праграмы. На гэты раз яны аказалі добраахвотную дапамогу ў навядзенні парадку на дзіцячай пляцоўцы па вуліцы Камсамольскай.

Фота раённай газеты.

Чорная магія з наступным выкрыццём. У Магілёве пенсіянерка перавяла буйную суму аферыстам.

У Магілёве 61-гадовая жанчына стала ахвярай інтэрнэт-аферстаў, паверыўшы ў абяцанні «нетрадыцыйнага аздараўлення». Сума шкоды перавысіла 46 тысяч рублёў.

Паводле інфармацыі Кастрычніцкага РАУС  Магілёва, адна жанчына адгукнулася ў сацыяльнай сетцы на аб’яву пра альтэрнатыўныя спосабы аднаўлення самаадчування. У перапісцы невядомая прадставілася памочніцай экстрасэнса і прапанавала доступ да закрытага фармату «абрадаў». Для ўдзелу, а таксама набыцця неабходных атрыбутаў патрабавалася аплата.

Спачатку магілёўчанка перавяла больш за 38 тысяч рублёў з асабістых зберажэнняў. Калі грошы скончыліся, яна пачала пазычаць сродкі ў сваякоў і знаёмых. У выніку агульная сума пераведзеных сродкаў перавысіла 46 тысяч рублёў.

Западазрыўшы падман, 40-гадовы сын жанчыны звярнуўся ў праваахоўныя органы. Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу па факце махлярства.

 

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Касцюковічах шукаюць уладальніка кашалька з паўтара рублямі

Апублікаваны рэйтынг знаходак, зробленых у Касцюковіцкім раёне. Шукаць некаторых уладальнікаў страт – занятак бессэнсоўны.

Касцюковіцкі РАУС шукае ўладальнікаў згубленых рэчаў. У топе рэйтынгу, апублікаванага ў раённай газеце – шэрая сумка, у якой знаходзіцца кашалёк з паўтара рублямі. Яе знайшлі на прыпынку каля водаканала.

Ёсць знаходкі і больш сур’ёзныя – з чэрвеня не ўдаецца знайсці ўладальніка квадракоптара, забытага кімсьці паміж вёскамі Смолькі і Журбінская Буда.

З верасня ніяк не знаходзяць гаспадара фітнес-бранзалета, згубленага на вуліцы Камсамольскай, а з снежня – ўладальніка сумкі з адзеннем і абуткам, забытай у цягніку.

Трубка радыётэлефона была згубленая на вуліцы Бонч-Бруевіча нядаўна – ў сярэдзіне студзеня.

А вось таго, хто двойчы згубіў у сельскай мясцовасці па трыццаць літраў дызельнага паліва, разлітага па дзвюх каністрах у ліпені мінулага года, знайсці, падобна, не атрымаецца. Паліва, хутчэй за ўсё, афарбаванае, і добраахвотна ў яго крадзяжы ніхто не прызнаецца.

Фота раённай газеты.

Дрыбін: у бой ідуць штрафнікі

Дрыбінскі РАУС недальнабачна прыцягнуў да працы асоб, не занятых у эканоміцы. Ім даверылі ўборку снегу на Алеі Славы.

У разгар цыклона «Улі» праваахоўнікі з Дрыбіна заявілі, што прыцягнулі да грамадска-карыснай працы несвядомых грамадзян, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі мясцовага АУС. Не надта законапаслухмяным дрыбінцам даверылі ўборку снегу на Алеі Славы і на вуліцы Савецкай.

Тут мясцовым уладам давялося адступіць ад агульных прынцыпаў, бо на Магілёўшчыне, мяркуючы па паведамленнях дзяржаўных СМІ, да ліквідацыі наступстваў цыклона дапускаюць толькі лепшых з лепшых.

Фота раённай газеты «Савецкая вёска».

У Магілёве дырэктар скраў таксометр і відэарэгістратар з арэнднага аўто

Сур’ёзна прыціснула: у Магілёве начальнік украў таксометр і відэарэгістратар з арандаванага аўтамабіля.

Аператыўнікі Ленінскага РАУС Магілёва раскрылі крадзеж. Дырэктар прыватнай арганізацыі залез у даўгі і не прыдумаў нічога лепшага, як скрасьці сродкі кантролю з аўтамабіля нанятага ім таксіста і прадаць іх.

Пагасіць доўг не атрымалася. Уладальнік машыны своечасова заўважыў знікненне таксометра і відэарэгістратара агульным коштам на 1000 рублёў. 

Супраць 26-гадовага дырэктара распачата крымінальная справа. 

Асабліва хочацца падкрэсліць, што ў Магілёўскай вобласці крадуць не толькі прыватнікі. Пра тое, што красці нельга, не ведаюць кіраўнікі многіх дзяржаўных прадпрыемстваў. І гэтая праблема значна больш глабальная.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.