У Касцюковічах працягваюць працаўладкоўваць грамадзян, а тыя працягваюць адмаўляцца

У РАУС Касцюковіч прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па садзейнічанні ў працаўладкаванні падуліковых грамадзян.

З дзесяццю жыхарамі раёна правялі працу па занятасці: расказалі пра актуальныя вакансіі і магчымасці прайсці навучанне або перанавучанне.

Некаторыя прысутныя тлумачылі нежаданне працаваць нізкімі заробкамі. Аднак у большасці няма ні прафесійнай адукацыі, ні стажу працы.

За студзень-красавік 2026 года камісія правяла 12 пасяджэнняў, у тым ліку тры выязныя. Справа пайшла:

  • 839 чалавек звярнуліся ў камісію за чатыры месяцы;
  • 375 грамадзян прызнаныя занятымі ў эканоміцы;
  • 31 чалавек накіраваны да наймальнікаў для працаўладкавання;
  • 9 з іх рэальна ўладкаваліся на працу;
  • 31 чалавек ад прапаноў адмовіўся.

Рэальнасць працаўладкавання як у Касцюковічах, так і ў цэлым па краіне пастаянна зніжаецца нягледзячы на тое, што камісіі праводзяць працу па занятасці. Статыстыка ж, як мы бачым, ставіць пад пытанне неабходнасць існавання саміх камісій.

Фота раённай газеты.

Ценявыя дармаеды Крычава ўзяліся за дармаедаў звычайных

Крычаўскі райвыканкам адчытаўся аб выкананні Дэкрэта №3. Чыноўнікі абмяркоўвалі 925 мясцовых жыхароў, якія не працуюць больш за год, і самі пры гэтым служаць выдатнай ілюстрацыяй іншага, значна больш масавага з’явішча – ценявога дармаедства.

А суддзі хто?

Пасяджэнне Крычаўскага райвыканкама прайшло па фірмовым беларускім сцэнарыі. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне далажыла лічбы: у раёне 2605 чалавек працаздольнага ўзросту не заняты ў эканоміцы, з іх 925 не працуюць больш за год.

Далей пачалася рытуальная размова пра «прафесійных беспрацоўных». Цытата з афіцыйнага матэрыялу: «людзі, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі, жывуць за кошт сваіх састарэлых бацькоў і парушаюць грамадскі парадак». Працаваць не хочуць, а калі згаджаюцца, патрабуюць зарплату ад 5000 рублёў «хаця не маюць ні кваліфікацыі, ні досведу».

Знаёмая карціна. Раённае начальства змагаецца з бяздзельнікамі. Хочацца спытаць: а хто, уласна, змагаецца?

Ценявыя дармаеды

Вельмі паказальная ў гэтым плане глыбокая думка намесніка старшыні камітэта па працы аблвыканкама, якая прысутнічала на нарадзе «Чалавек не сыдзе з працы, калі ўсё добра». Па ўсёй бачнасці Жанна Дудкіна мела на ўвазе сябе і ўдзельнікаў нарады.

Усе яны, зразумела, працаўладкаваныя. Усе атрымліваюць зарплату. Усе на паперы ўдзельнічаюць у эканоміцы раёна. Толькі вось вынік іх удзелу – 925 чалавек выпалі з гэтай самай эканомікі на тэрмін больш за год.

Пра «ценявых дармаедаў» у Беларусі загаварылі нядаўна, і загаварылі адтуль, адкуль не чакалі. Праўладны прапагандыст Ігар Тур у сваім шоў «Прапаганда» выпадкова сфармуляваў сутнасць з’явы, якую сістэма Лукашэнкі старанна хавае.

Ценявы дармаед – гэта не чалавек без працы. Гэта чалавек, які фармальна працаўладкаваны, атрымлівае зарплату, лічыцца ў штаце, але эканоміцы ад яго нуль карысці. Раздуты бухгалтарскі аддзел. Ідэолаг, які перакладае паперы. Намеснік дырэктара па агульных пытаннях, які не ведае, чым гэтыя пытанні адрозніваюцца ад пытанняў прыватных. Цэлае ўпраўленне пры райвыканкаме, якое адсочвае тых, хто ўхіляецца ад працаўладкавання.

І вось самае цікавае: ценявых дармаедаў у Беларусі, па ацэнках незалежных эканамістаў, сотні тысяч. Не 925 на раён, як з афіцыйнымі беспрацоўнымі, а значна, значна больш.

Уся канструкцыя дзяржаўнай «занятасці» пабудавана так, каб проста трымаць людзей пры справе, на выпадак выбараў або выяўлення адданасці.

У гэтай карціне лагічна, што 925 чалавек вырашылі не ўдзельнічаць. Не таму што яны алкаголікі. Не таму што жывуць за кошт бацькоў. А таму што прапанаваныя ім працоўныя месцы не пакрываюць нават базавых затрат, а сама сістэма «працаўладкавання» ўспрымаецца як працяг таго ж бяздзельніцтва, толькі з зарплатай.

У Магілёве цікавей

Кіраўнік Крычаўскага раёна Аляксей Шарай на пасяджэнні выказаўся адкрыцей за ўсіх. Па яго словах, моладзь з’язджае ў Магілёў, таму што «там цікава». Наймальнікі, на думку Шарая, павінны думаць не толькі пра працу, але і пра вольны час. Толькі і тут нестыкоўка. Вольны час у Крычаве не развіваецца не таму што мясцовыя наймальнікі злыя. Грошай на вольны час проста няма адкуль узяць.

Круг замыкаецца:

  • людзі з’язджаюць, таму што сумна;
  • сумна, таму што бедна;
  • бедна, таму што няма каму працаваць.

І віна за ўвесь гэты замкнёны круг ускладаецца на 925 чалавек, якія, бачыце, не хочуць ісці ў гэты раён працаваць за 300 рублёў.

Калі адкінуць паперкі, справаздачы і пасяджэнні, карціна атрымліваецца нязручная. Рэальныя «ценявыя дармаеды» Крычава сядзяць не па кватэрах у састарэлых бацькоў. Яны сядзяць за сталом пасяджэння райвыканкама. І менавіта яны абмяркоўваюць, як бы прымусіць працаваць тых, хто ў іх сістэму ўпісацца не хоча.

Фота раённай газеты.

У Касцюковічах падуліковых грамадзян не пакідаюць у спакоі нават на тыдзень

У Касцюковічах падуліковыя грамадзяне зноў чысцілі снег – “таму што на працу ўладкоўвацца яны не жадаюць”.

Жыццё падуліковага грамадзяніна ў Касцюковічах становіцца ўсё больш насычаным. Мясцовыя праваахоўнікі так клапоцяцца пра лёс гэтай катэгорыі насельніцтва, што не даюць ім сумаваць ні тыдня.

Учора ў актавай зале РАУС адбылося чарговае мерапрыемства з шматабяцальнай назвай «Кірмаш вакансій».

Падуліковым грамадзянам зноў расказалі пра свежыя магчымасці працаўладкавання ў арганізацыях раёна. З дакладам выступіла начальніца аддзела занятасці.

Але ў саміх падуліковых ужо сфарміраваліся ўласныя кар’ерныя перавагі. Нягледзячы на рэгулярныя прапановы вакансій, яны пастаянна выбіраюць альтэрнатыўную форму актыўнасці – добраахвотныя грамадскія работы. І ў гэтым ёсць свая рацыя – прапанаваныя вакансіі па ўзроўні зарплаты амаль не адрозніваюцца ад грамадскіх работ.

Пасля завяршэння кірмашу ўдзельнікі мерапрыемства традыцыйна адправіліся на практычную частку праграмы. На гэты раз яны аказалі добраахвотную дапамогу ў навядзенні парадку на дзіцячай пляцоўцы па вуліцы Камсамольскай.

Фота раённай газеты.

У Бабруйску знайшлі месца, каб пагаварыць пра занятасць – прыязджала сама Качанава

Пасяджэнне савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры “парламенце” правялі на базе ААТ «Белшына». Сустрэчу ўзначаліла Наталля Качанава. Тэма была сур’ёзная: занятасць насельніцтва і роля мясцовых дэпутатаў у яе падтрымцы. 

Высветлілася: сітуацыя на рынку працы ў цэлым добрая. Колькасць занятых расце, беспрацоўе падае, эканоміка развіваецца. У доказ прагучалі нейкія самазаспакаяльныя лічбы з нейкіх “асноўных індыкатараў”.

Галоўны “дэпутат” Магілёўскай вобласці Гарошкін заявіў, што работа добра наладжана і выказаў жаданне супрацоўнічаць з калегамі з іншых рэгіёнаў, дзеля “прырастання эканомікі”.

Вось тут ёсць нюансы. Каля 15 тысяч прадпрыемстваў краіны адчуваюць недахоп работнікаў, а колькасць вакансій па рабочых прафесіях перавышае 160 тысяч. Пры гэтым забяспечанасць кадрамі ў краіне ацэньваюць у 96 працэнтаў.

На месцах з «незанятымі ў эканоміцы» працуюць спецыяльныя камісіі. Як вядома, толк ад іх нулявы – народ аддае перавагу раз на месяц чысціць снег, абы не працаўладкоўвацца ў галоўныя кузні працвітання – калгасы.

Пасля пасяджэння Качанава агледзела вытворчыя магутнасці «Белшыны». Гэта дазволіла ёй самой пераканацца, што занятасць высокая, беспрацоўе нізкае, эканоміка расце – хаця вакансій усё больш, кадраў усё менш, а абмяркоўваць дабрабыт даводзіцца ўсё часцей.

Фота БелТА.

У Касцюковічах беспрацоўных навучаць прафесіі дарожнага рабочага

Розуму многа не трэба – ў Касцюковічах будуць рыхтаваць дарожных рабочых.

У Касцюковіцкім раёне дапамогуць тым, хто шукае працу або хоча змяніць прафесію. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне запрашае грамадзян атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць – дарожны рабочы.

Прыняць удзел у “адукацыйнай” праграме могуць усе, хто знаходзіцца ў пошуку працы, а таксама тыя, хто жадае атрымаць новую кваліфікацыю для працаўладкавання ў дарожнай галіне. 

Карацей кажучы, конкурса не будзе, бо асаблівых патрабаванняў для суіскальнікаў няма.

“Пасля завяршэння курсу выпускнікі змогуць прэтэндаваць на працоўныя месцы ў дарожных арганізацыях раёна і рэгіёна” абяцае раённая газета “Голос Касцюкоўшыны”.

А самае галоўнае ў тым, што вялікага розуму не спатрэбіцца і ад супрацоўнікаў службы занятасці – прапанаваць працаўладкаванне па нізкакваліфікаванай прафесіі прасцей паранай рэпы.

Фота: “Голос Касцюкоўшыны”.