Былога гендырэктара “Белшыны” асудзілі на 14 гадоў, але ён, відаць, не сядзіць

Дзевяць службовых асоб, сярод якіх былы гендырэктар “Белшыны” Андрэй Бунакоў, асуджаны за шэраг карупцыйных злачынстваў у шыннай галіне. 

Як высветлілася ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска, з 2017 года па ліпень 2024 года ўдзельнікі карупцыйнай схемы сістэматычна атрымлівалі хабар за бесперабойную адгрузку шыннай прадукцыі прадпрыемства ў адрас партнёра ў Маскве для наступнага продажу канчатковым спажыўцам у Расіі. Агульная сума хабару, атрыманая ўсімі ўдзельнікамі арганізаванай групы, склала больш за 17 млн рублёў.

Акрамя таго, былому гендырэктару інкрымінавана перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе шкоды прадпрыемству.

Так, з 2020 года па 2023 год ён заключыў з расійскай кампаніяй дыстрыбутарскае пагадненне на пастаўку звышбуйнагабарытных шын, якія прадаваліся ніжэй за сабекошт. У сваю чаргу контрагент як пасярэднік рэалізоўваў шыны беларускай вытворчасці канчатковым спажыўцам з высокай гандлёвай надбаўкай. Сваімі дзеяннямі Бунакоў прычыніў шкоду прадпрыемству на суму больш за 9 млн рублёў.

Былы гендырэктар “Белшыны”, а таксама гендырэктар тавараправоднай сеткі, які прызнаны кіраўніком гэтай арганізаванай злачыннай групы, атрымалі па 14 гадоў зняволення са штрафам у памеры 5 000 базавых велічынь (225 тыс.рублёў) з пазбаўленнем права займаць кіраўнічыя пасады на тэрмін пяць гадоў кожнаму.

Іншыя службовыя асобы – удзельнікі злачыннай групы – атрымалі ад трох да васьмі гадоў зняволення са штрафам у памеры ад 1000 да 5000 базавых велічынь (ад 45 тыс. да 225 тыс. рублёў) і забаронай на заняццё кіраўнічых пасад на пяць гадоў.  

Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскі пазоў дзяржаўнага абвінаваўцы – з былога генеральнага дырэктара шыннай фабрыкі на карысць прадпрыемства спагнана кампенсацыя школы на суму больш за 11 млн рублёў.

Прысуд не канчатковы і можа быць абскарджаны.

Андрэй Бунакоў стаў гендырэктарам “Белшыны” ў 2020 годзе. Ён быў затрыманы напачатку 2023 года. Але ўжо ў красавіку 2024 года Андрэя Бунакова заўважылі ў Расіі. Экс-гендырэктар “Белшыны” на пасадзе гендырэктара кампаніі «Марскі тэрмінал „Вароты Арктыкі“» падпісаў з губернатарам Мурманскай вобласці Андрэем Чыбісам пагадненне аб пачатку будаўніцтва вялікага тэрмінала для перавалкі грузаў.

Такім чынам, магчыма, што суд над Бунаковым быў завочным. Ускосна аб гэтым сведчыць тое, што ў паведамленні пракуратуры не ўказаны рэжым калоніі.

Фотаздымак: 4tochki.ru

У Бабруйску знайшлі месца, каб пагаварыць пра занятасць – прыязджала сама Качанава

Пасяджэнне савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры “парламенце” правялі на базе ААТ «Белшына». Сустрэчу ўзначаліла Наталля Качанава. Тэма была сур’ёзная: занятасць насельніцтва і роля мясцовых дэпутатаў у яе падтрымцы. 

Высветлілася: сітуацыя на рынку працы ў цэлым добрая. Колькасць занятых расце, беспрацоўе падае, эканоміка развіваецца. У доказ прагучалі нейкія самазаспакаяльныя лічбы з нейкіх “асноўных індыкатараў”.

Галоўны “дэпутат” Магілёўскай вобласці Гарошкін заявіў, што работа добра наладжана і выказаў жаданне супрацоўнічаць з калегамі з іншых рэгіёнаў, дзеля “прырастання эканомікі”.

Вось тут ёсць нюансы. Каля 15 тысяч прадпрыемстваў краіны адчуваюць недахоп работнікаў, а колькасць вакансій па рабочых прафесіях перавышае 160 тысяч. Пры гэтым забяспечанасць кадрамі ў краіне ацэньваюць у 96 працэнтаў.

На месцах з «незанятымі ў эканоміцы» працуюць спецыяльныя камісіі. Як вядома, толк ад іх нулявы – народ аддае перавагу раз на месяц чысціць снег, абы не працаўладкоўвацца ў галоўныя кузні працвітання – калгасы.

Пасля пасяджэння Качанава агледзела вытворчыя магутнасці «Белшыны». Гэта дазволіла ёй самой пераканацца, што занятасць высокая, беспрацоўе нізкае, эканоміка расце – хаця вакансій усё больш, кадраў усё менш, а абмяркоўваць дабрабыт даводзіцца ўсё часцей.

Фота БелТА.

Бабруйская «Белшына» зноў пад еўрапейскімі санкцыямі

Еўразвяз працягнуў санкцыі супраць Беларусі – у спісе падсанкцыйных прадпрыемстваў у другі раз апынулася бабруйская «Белшына».

Рада Еўрапейскага звязу працягнула дзеянне санкцый супраць Беларусі яшчэ на адзін год — да 28 лютага 2027 года. У афіцыйным часопісе ЕЗ адзначаецца, што абмежаванні застаюцца ў сіле ў сувязі з рэпрэсіямі ўнутры краіны і ўцягваннем Беларусі ў расійскую агрэсію супраць Украіны.

Сярод прадпрыемстваў, якія зноў трапілі пад санкцыі, — бабруйская «Белшына». Гэта ўжо другі раз, калі завод уключаюць у санкцыйны спіс. Упершыню прадпрыемства знаходзілася пад абмежаваннямі з снежня 2021 года да сакавіка 2024-га. Тады «Белшына» стала адной з нешматлікіх беларускіх кампаній, якім удалося дамагчыся адмены санкцый праз суд. Суд палічыў недастаткова абгрунтаванымі сцвярджэнні пра фінансаванне рэжыму Лукашэнкі і падтрымку вайны супраць Украіны.

Аднак, паводле расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтру, прадпрыемства пастаўляла прадукцыю на расійскі рынак, дзе яна магла выкарыстоўвацца для патрэб арміі.

Цяпер у абгрунтаванні паўторнага ўключэння «Белшыны» ў санкцыйны пералік указваюцца падобныя прычыны. Прадпрыемства характарызуецца як буйны і прыбытковы вытворца шынаў, які прыносіць істотныя даходы дзяржаве, а таксама, паводле публікацыі «Зеркала», пастаўляе шыны расійскім вайскоўцам, задзейнічаным у баявых дзеяннях ва Украіне.

Акрамя знешнепалітычнага кантэксту, узгадваюцца і ўнутраныя фактары. Пасля электаральнай кампаніі 2020 года супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, на прадпрыемстве звальнялі або прымушалі да звальнення. Паводле праваабаронцаў, на заводзе таксама выкарыстоўвалася праца палітвязняў на небяспечных участках. Кампанія атрымлівае дзяржаўную падтрымку, у тым ліку падатковыя ільготы і доступ да дзяржаўных закупак без тэндарных працэдур, што, на думку еўрапейскага боку, сведчыць пра яе сувязь з уладамі.

Калаж Беларускага расследавальніцкага цэнтру

Як спрацавала Магілёўшчына за 9 месяцаў – Кірпічонак прапанавала зайсці з тылу

У Магілёўскім аблвыканкаме падвялі вынікі за 9 месяцаў 2025 года і прапанавалі захапіць азіяцкія рынкі, як Аляксандр Македонскі.

У гэтым годзе на падвядзенні вынікаў развіцця Магілёўскай вобласці чыноўнікі сталі асцярожней у выказваннях.

Відавочна, улічылі вопыт мінулага года, калі “губернатар” Анатоль Ісачанка, вазьмі, ды і назаві колькасць стратных арганізацый вобласці, якая “скарацілася”. Адразу ўзнік шэраг удакладняючых пытанняў, на якія ўладам не было чаго адказаць.

Цяпер фармулёўкі сталі больш абцякальныя.

Галоўны эканаміст вобласці Алена Пруднікава-Кірпічонак толькі адзначыла, што “не дапрацавалі прамысловыя флагманы рэгіёна: ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Белшына”.

Перашкодзіў, маўляў, груз мінулых памылак і агрэсіўная палітыка азіяцкіх вытворцаў, якія заходзяць на расійскі рынак, што традыцыйна лічыўся нашым.

Выхад Пруднікава-Кірпічонак убачыла ў тым, каб вобласць выходзіла на рынак усходне-азіяцкага кантынента.

То бок, пакуль вытворцы з Азіі пераключыліся на Расію, прапануецца ўдарыць з тылу і захапіць іх рынкі.

Нешта падобнае ўдалося прадзелаць Аляксандру Македонскаму ў бітве пры Гаўгамелах, а ўлічваючы тое, што ў вялікага заваёўніка не было за плячыма такой магутнай падтрымкі, як ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Белшына”, шанцы на перамогу ў Магілёўскай вобласці не жартоўныя.

Фота: БелТА.

Белшыну выключылі з вышэйшай футбольнай лігі Беларусі, але надзея засталася

На сённяшні дзень Магілёўская вобласць засталася без каманд у вышэйшай ліге па футболе Беларусі. «Белшына» за парушэнне фінансавага крытэрыя не атрымала ліцэнзію.

Камітэт па ліцэнзаванні клубаў Беларускай федэрацыі футбола не дапусціў 4 футбольных клуба да спаборніцтваў у вышэйшай ліге. У выніку вышэйшая футбольная ліга “скарацілася” да 11 клубаў. «Белшына» засталася без ліцэнзіі, але мае права на апеляцыю.  

Як паведамілі на сайце АБФФ, чатыром футбольным клубам Камітэт адмовіў у ліцэнзіі:

ФК «Слуцк» – Артыкул 40 (крытэрый персаналу),

ФК «Белшына» за парушэнне артыкула 57 (фінансавы крытэрый),

ФК «Нафтан» – артыкул 17-1 (спартыўны крытэрый),

ФК «Смаргонь» – артыкул 17, 17-1 (спартыўныя крытэрыі), 29, 42, 45, 46 (кадравыя крытэрыі).

У выніку толькі 11 клубаў вышэйшай лігі атрымалі ліцэнзіі на выступ у будучым чэмпіянаце Беларусі: «БАТЭ», «Гомель», «Дынама-Брест», «Дынама-Мінск», «Іслач», «Мінск», «Нёман», БДУ (каманда «Энергетык-БДУ), «Славія-Мазыр», «Тарпеда-БЕЛАЗ», «Шахцёр». 

Футбольны каляндар на 2023 год быў зацверджаны выканаўчым камітэтам АБФФ у сярэдзіне снежня. У Прэм’ер-лізе плануецца выступленне 16 каманд. Першы тур павінен прайсці ўжо 17-19 сакавіка.

Футбольныя клубы маюць права звярнуцца з апеляцыяй на рашэнне камітэта на працягу трох працоўных дзён. Як паведамляюць інсайды, «Белшына» напісала хадайніцтва, якое будзе разгледжана на наступным пасяджэнні выканаўчага камітэта АБФФ. Каманда настроена на станоўчы вынік. Зараз футбалісты трэніруюцца.

Фота з адкрытых крыніц