Як спрацавала Магілёўшчына за 9 месяцаў – Кірпічонак прапанавала зайсці з тылу

У Магілёўскім аблвыканкаме падвялі вынікі за 9 месяцаў 2025 года і прапанавалі захапіць азіяцкія рынкі, як Аляксандр Македонскі.

У гэтым годзе на падвядзенні вынікаў развіцця Магілёўскай вобласці чыноўнікі сталі асцярожней у выказваннях.

Відавочна, улічылі вопыт мінулага года, калі “губернатар” Анатоль Ісачанка, вазьмі, ды і назаві колькасць стратных арганізацый вобласці, якая “скарацілася”. Адразу ўзнік шэраг удакладняючых пытанняў, на якія ўладам не было чаго адказаць.

Цяпер фармулёўкі сталі больш абцякальныя.

Галоўны эканаміст вобласці Алена Пруднікава-Кірпічонак толькі адзначыла, што “не дапрацавалі прамысловыя флагманы рэгіёна: ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Белшына”.

Перашкодзіў, маўляў, груз мінулых памылак і агрэсіўная палітыка азіяцкіх вытворцаў, якія заходзяць на расійскі рынак, што традыцыйна лічыўся нашым.

Выхад Пруднікава-Кірпічонак убачыла ў тым, каб вобласць выходзіла на рынак усходне-азіяцкага кантынента.

То бок, пакуль вытворцы з Азіі пераключыліся на Расію, прапануецца ўдарыць з тылу і захапіць іх рынкі.

Нешта падобнае ўдалося прадзелаць Аляксандру Македонскаму ў бітве пры Гаўгамелах, а ўлічваючы тое, што ў вялікага заваёўніка не было за плячыма такой магутнай падтрымкі, як ААТ “Магілёўхімвалакно” і ААТ “Белшына”, шанцы на перамогу ў Магілёўскай вобласці не жартоўныя.

Фота: БелТА.

Былы дырэктар “Белшыны”, арыштаваны за карупцыю, будзе будаваць беларускі порт у Мурманску

У лютым 2023 года ў Бабруйску арыштоўвалі генеральнага дырэктара “Белшыны” Андрэя Бунакова – пісалі mogilev.media. Гісторыя з затрыманнем чыноўніка была рэзананснай – спачатку Бунакоў знік на некалькі дзён, потым яго адшукалі ў Следчым ізалятары, а потым пра чыноўніка выказаўся Лукашэнка. Пад час разбору сітуацыі з продажам бабруйскіх шын у Расію ніжэй за іх сабекошт, Лукашэнка быў абураны тым, што “бчб-шнікаў” садзяць у турму, а сваіх чыноўнікі прыкрываюць.

Учора беларускія і расійскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, што Андрэй Бунакоў сустракаўся з губернатарам Мурманскай вобласці і абмяркоўваў будаўніцтва марскога порта для патрэбаў Беларусі ў гэтым рэгіёне. У адпаведнасці з пагадненнем аб намерах, шматфункцыянальны комплекс па перавалцы мінеральных угнаенняў, нафтапрадуктаў, а таксама кантэйнерных і іншых грузаў збіраецца ўзвесці на тэрыторыі новага порта “Лаўна” ў Мурманску кампанія “Марскі тэрмінал “Вароты Арктыкі”.

Прадпрыемства «Марскі тэрмінал «Вароты Арктыкі», якім кіруе Бунакоў, мае статутны капітал у 180 млн расійскіх рублёў. Яно было зарэгістравана 1 красавіка 2024 года ў Мурманскай вобласці. Уладальнікамі расійскай кампаніі выступаюць грамадзянка Беларусі Малярова Нэлі Барысаўна (ёй належыць 1%) і ТАА «Лагістык Энэрджы» (99%) – адна з буйнейшых беларускіх лагістычных кампаній. Пры гэтым 100% «Лагістык Энэрджы» належыць усё той жа Маляровай, пра якую больш нічога невядома – піша reform.by.

Фота: БелТА

Нямецкая Continental AG закрывае бізнес у Расіі з-за вайны ва Украіне

Буйны нямецкі вытворца шын і аўтамабільнай электронікі Continental AG закрывае расійскі бізнэс. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар кампаніі Мікалай Сецер – паведамляе news.pn.

Паводле слоў Сеера, 2022 год паставіў перад яго кампаніяй шмат выклікаў з-за росту цэн на сыравіну, энергію і лагістыку. Але ж галоўная прычына такога рашэння – вайна ва Украіне.

У 2022 годзе кампанія аб’яўляла, што прыпыняе сваю дзейнасць у Расіі. У лютым The Economist пісаў, што санкцыі супраць Расіі вяртаюць расійскае прадпрымальніцкае асяроддзе ў «карумпаваны і дзікі час бандыцкага капіталізму».

Аб вяртанні расійскага бізнесу ў “ліхія 90-я” раней пісала і агенцтва Bloomberg. Яно адзначала, што расійскія прадпрымальнікі вымушаныя шукаць разнастайныя спосабы даставак тавараў у Расію ва ўмовах жорсткага санкцыйнага ціску.

Гэтая навіна, верагодна, будзе з натхненнем успрынята “Белшынай”, якая згубіла частку рынкаў, і магілёўскім “Омск-карбон”, які выпрацоўвае вуглярод для вытворчасці шын.

Прэм’ер-міністр Пётр Пархомчык разлічвае вярнуць на расійскі рынак прадукцыю «Белшыны» і «заняць месца пад сонцам»

Урадовец лічыць, што гэта магчыма пасля сыходу з Расіі сусветных лідараў вырабу пакрышак Bridgestone, Michelin.

«З расійскага рынка сышлі вядомыя кампаніі Bridgestone, Michelin. Зразумела, што нехта павінен гэтае месца заняць. І было б выдатна, калі б гэтае месца заняла наша «Белшына». Таму мы маем магчымасць вярнуцца на гэты рынак, заявіць пра сябе. Вельмі важна заняць месца ў вытворчасці і пастаўцы буйнагабарытных шын, у прыватнасці, для карʼерных самазвалаў», кажа Пётр Пархомчык у інтэрвʼю тэлеканалу «БТ».

Паводле яго, для «Белшыны» складваецца “дужа цудоўная канк’юнктура па прадукцыі, якую яна вырабляе”. Ён лічыць, што трэба “рэзка нарошчваць аб’ёмы вытворчасці” і “займаць месца пад сонцам”.

Да прызначэння на пасаду намесніка прэм’ер-міністра, Пётр Пархомчык быў міністрам прамысловасці. У адным з інтэрвʼю ён прызнаў, што ў Беларусі бракуе заходніх камплектуючых і таму «даводзіцца ствараць свой аўтамабіль».

«Мы паспадзяваліся на міжнародную кааперацыю і ўвесь свет жыве міжнароднай кааперацыяй. – казаў ён – Цяпер даводзіцца ствараць свой аўтамабіль. Мы абмяркоўваем гэтую праблему, ёсць даручэнні Лукашэнкі».

Раней прызнаваў, што беларускі вытворца аўтамабіляў Geely адчувае пэўныя цяжкасці з-за еўрапейскіх санкцый. Наракаў на кітайскіх партнёраў, якія не хочуць пастаўляць неабходныя для беларускага легкавіка машынакамплекты.