Прэм’ер-міністр Пётр Пархомчык разлічвае вярнуць на расійскі рынак прадукцыю «Белшыны» і «заняць месца пад сонцам»

Урадовец лічыць, што гэта магчыма пасля сыходу з Расіі сусветных лідараў вырабу пакрышак Bridgestone, Michelin.

«З расійскага рынка сышлі вядомыя кампаніі Bridgestone, Michelin. Зразумела, што нехта павінен гэтае месца заняць. І было б выдатна, калі б гэтае месца заняла наша «Белшына». Таму мы маем магчымасць вярнуцца на гэты рынак, заявіць пра сябе. Вельмі важна заняць месца ў вытворчасці і пастаўцы буйнагабарытных шын, у прыватнасці, для карʼерных самазвалаў», кажа Пётр Пархомчык у інтэрвʼю тэлеканалу «БТ».

Паводле яго, для «Белшыны» складваецца “дужа цудоўная канк’юнктура па прадукцыі, якую яна вырабляе”. Ён лічыць, што трэба “рэзка нарошчваць аб’ёмы вытворчасці” і “займаць месца пад сонцам”.

Да прызначэння на пасаду намесніка прэм’ер-міністра, Пётр Пархомчык быў міністрам прамысловасці. У адным з інтэрвʼю ён прызнаў, што ў Беларусі бракуе заходніх камплектуючых і таму «даводзіцца ствараць свой аўтамабіль».

«Мы паспадзяваліся на міжнародную кааперацыю і ўвесь свет жыве міжнароднай кааперацыяй. – казаў ён – Цяпер даводзіцца ствараць свой аўтамабіль. Мы абмяркоўваем гэтую праблему, ёсць даручэнні Лукашэнкі».

Раней прызнаваў, што беларускі вытворца аўтамабіляў Geely адчувае пэўныя цяжкасці з-за еўрапейскіх санкцый. Наракаў на кітайскіх партнёраў, якія не хочуць пастаўляць неабходныя для беларускага легкавіка машынакамплекты.