Працягваючы тэму меркаванага ядзернага могільніка на Мсціслаўшчыне, міжволі заўважаеш дзіўную непаслядоўнасць у дзеяннях уладаў. Чаму лукашысты пачалі пераконваць людзей у тым, што вельмі правільна забабахаць радыеактыўную памыйніцу ў адным з найбольш пацярпелых ад радыяцыі раёнаў яшчэ да завяршэння ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе?
Бо выбар пляцоўкі для пункта пахавання радыеактыўных адходаў яшчэ працягваецца. Сярод трох фінальных варыянтаў названы Астравецкі, Хойніцкі і Мсціслаўскі раёны.
Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе яшчэ толькі рыхтуецца, грамадскія слуханні яшчэ наперадзе, канчатковае рашэнне афіцыйна не абвешчана. Аднак сустрэчы з насельніцтвам ужо пачынаюцца.
Калі бяспеку аб’екта яшчэ толькі трэба ацаніць, чаму насельніцтва пачалі пераконваць загадзя? І ці змогуць будучыя грамадскія слуханні рэальна паўплываць на рашэнне, калі грамадскую думку ўжо рыхтуюць да патрэбнага варыянту?
Выснова, і вельмі крыўдная, напрошваецца сама сабой: улады Беларусі не збіраюцца цырымоніцца з тымі, хто і так ужо напалову мутанты.
Могільнікам менш, могільнікам больш – якая розніца?
А між тым па грамадскую думку далёка хадзіць не трэба. Калі б могільнік вырашылі пабудаваць у Драздах або Александрыі, то падтрымка была б сапраўды ўсенароднай.
Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.
