Твітар

Магілёўская міліцыя не сябруе з Твітарам

Ва УУС Магілёўскага аблвыканкама ёсць акаўнт у X (ранейшы Twitter) – зарэгістраваны яшчэ ў лютым 2012 года.

За чатырнаццаць гадоў ведамства нагенеравала 21,4 тысячы публікацый, набыло амаль дзве тысячы чытачоў і само падпісалася на 57 акаўнтаў. Статыстыка, паводле меркаў рэгіянальных сілавікоў, цалкам прыстойная.

Праўда, убачыць гэтыя 21 400 допісаў выпадковаму наведвальніку не атрымаецца. Профіль сустракае лаканічным надпісам: «Карыстальнік @uvdmogilev пакуль нічога не публікаваў».

Ніводнага допісу, ніводнага рэпоста, ніводнай пазнакі «Падабаецца» – роўна тое самае, што паказвае старонка любога толькі што створанага акаўнта. З той толькі розніцай, што за плячыма ў магілёўскіх міліцыянераў чатырнаццаць гадоў бесперапыннай актыўнасці.

Акаўнты ў Facebook, «УКантакце», YouTube і Instagram акуратна пазначаныя ўнізе афіцыйнага сайта і дзейнічаюць, а вось X, мяркуючы па ўсім, створаны для галачкі.

Фота афіцыйнага сайта УУС Магілёўскага аблвыканкама.

← Усе навіны Магілёва