Бабруйчанін прыглядаў за кватэрай пенсіянеркі і абрабаваў яе

У Бабруйску мясцовы жыхар абрабаваў пакінутую на яго кватэру пакуль гаспадыня была на лячэнні.

Больш за 1800 рублёў знікла ў 81-гадовай бабруйчанкі, якая апынулася на лячэнні ў бальніцы. За кватэрай у адсутнасць пенсіянеркі прыглядалі 51-гадовы мужчына і яго сужыцелька. Паводле звестак праваахоўнікаў, бабруйчанін даведаўся, дзе гаспадыня захоўвае свае зберажэнні, і забраў грошы сабе.

Прапажу пенсіянерка выявіла пасля вяртання дадому і звярнулася ў міліцыю. Падазраванага выявілі хутка. Аказалася, што ўсе выкрадзеныя грошы мужчына паспеў прайграць у гульнявых аўтаматах.

У дачыненні да нячыстага на руку памочніка распачатая крымінальная справа.

Фотаздымак: shutterstock

На прывакзальным рынку ў Магілёве бардак, а міліцыя вучыцца разганяць пратэсты

Гандаль з зямлі ў Беларусі забаронены, і штраф за яго даюць немалы – 2250 рублёў. Аднак гандлярам на рынку каля чыгуначнага вакзала ў Магілёве ўсе гэтыя забароны, здаецца, па барабане.

Стыхійны бізнес даўно выплюхнуўся за межы рынку – прадпрымальнікі ўжо перашкаджаюць грамадскаму транспарту і не даюць праходу пасажырам, якія спяшаюцца на вакзал.

Мала таго, што яны ствараюць аварыйныя сітуацыі, дык яшчэ і пагражаюць тым, хто спрабуе іх фатаграфаваць.

Ну, а магілёўскай міліцыі не да бардака на гэтым рынку. Будуць чарговыя “выбары” дзеда, і “слабавікі” старанна ўдасканальваюць свае навыкі разгону мірных дэманстрацый.

Яно і зразумела – ад прадпрымальнікаў можна атрымаць прачуханца, а лоўля ворагаў у сацыяльных сетках і больш прыбытковая, з пункту гледжання штрафаў, і бяспечнейшая для здароўя.

Фота “Могилев Онлайн”.

Пастаяльцу гасцініцы ў Глуску прымроіліся злачынцы і ён разнёс чужую машыну

Жыхар Рагачоўскага раёна прыехаў у Глуск працаўладкоўвацца. Ноччу яму не спалася. Далей – крымінальная хроніка.

Праблема працаўладкавання незанятых грамадзян у Беларусі вырашаецца па-рознаму. Жыхар Рагачоўскага раёна пайшоў правераным шляхам – сваяк параіў ехаць у Глуск, у ПМК N 249: людзі патрэбныя, аб’екты ёсць. Мужчына сабраўся і прыехаў. Засяліўся ў гасцініцу. Будаваў планы на будучыню і ад перспектыў не спалося.

Ноччу мужчына выйшаў пагуляць і ўбачыў аўтамабіль, у якім хаваліся злачынцы.

Марудзіць было нельга – і рагачоўскі госць, не губляючы ні секунды, кінуўся на абарону грамадскага парадку. Машыне добра дасталося – кулакамі, нагамі, штахетнікам ад найбліжэйшага плота.

Мужчына заскочыў на капот, разабраўся з люстэркамі, дворнікамі і нумарамі, спусціў колы. Злачынцы не сышлі – таму што іх не было. Супакоіўшыся, народны мсціўца зазірнуў у салон і забраў куртку – відавочна, як рэчавы доказ.

Раніцай гаспадар машыны чамусьці не ацаніў зробленай працы і звярнуўся ў міліцыю. Камеры відэаназірання, у адрозненне ад выдуманых злачынцаў, на месцы ўсё ж аказаліся.

Самае цікавае, што праверка на алкаголь і наркотыкі нічога не выявіла. Раней да крымінальнай адказнасці мужчына не прыцягваўся. Цяпер прыцягваецца – па артыкуле за хуліганства яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёве мужчына пакінуў бензапілу без нагляду і пазбавіўся інструмента за некалькі хвілін

У Магілёве ўладальнік бензапілы ненадоўга пакінуў інструмент каля свайго прыватнага ўчастка. Гэтага аказалася дастаткова, каб рэч скралі.

Пра знікненне бензапілы ў Ленінскі РАУС Магілёва паведаміў 50-гадовы гараджанін. Ён ацаніў інструмент прыкладна ў 1000 рублёў.

Міліцыя ўстанавіла меркаванага выкрадальніка. Ім аказаўся 54-гадовы магілёвец, які раней ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і цяпер нідзе не працуе.

Мужчына праходзіў побач, убачыў дарагі інструмент без нагляду і вырашыў яго забраць. Хаваць бензапілу ён адправіўся ў закінуты гараж. Там рэч павінна была дачакацца пакупніка.

Прадаць скрадзенае мужчына не паспеў. Аператыўнікі знайшлі інструмент раней.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёўца западозрылі ў крадзяжы ўзятых на пракат інструментаў

Узяўшы напракат інструменты, магілёвец прадаў іх. Міліцыя дае дзіўную параду.

У РУУС Ленінскага рана Магілёва звярнуўся 40-гадовы дырэктар фірмы, з памяшкання праката якой зніклі інструменты на агульную суму каля 2000 рублёў. 

Высвятлілася, што іх ўзяў у арэнду 24-гадовы магілёвец, аднак вярнуць не сваю маёмасць не збіраўся. У хуткім часе ўвогуле прадаў інструменты, а на шматлікія званкі супрацоўнікаў фірмы не адказваў. Цяпер у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа.

Пры гэтым міліцыя робіць выснову, што работнікам пракату трэба было быць больш пільнымі і вывучыць меркаванні аб пазычальніку іншых людзей. “Перш чым заключаць з кімсьці здзелкі, неабходна добра падумаць, даведацца водгукі іншых людзей, праяўляць абачлівасць”, – раяць у Ленінскім РУУС, не прыводзячы прыклад, якім чынам сэрвіс можа зрабіць гэта, калі проста здае напракат чалавеку, напрыклад, вульф ці электралобзік.

Фотаздымак: flagma.by

У Магілёве сацыяльны работнік абкрадвала падапечнага пенсіянера

Каля 4 тыс. рублёў скрала з банкаўскага рахунку падапечнага пенсіянера 18-гадовая сацыяльны работнік.

Калі мужчына заўважыў буйную нястачу грошай на рахунку, то звярнуўся ў Ленінскі РУУС Магілёва. Як аказалася, грошы былі скрадзены праз мабільнае прыкладанне, і зрабіла гэта 18-гадовая сацыяльны работнік адной з арганізацый горада. 

Паводле міліцыі, дзяўчына прыходзіла да пенсіянера дапамагаць па дому і заўважыла пароль, праз які мужчына заходзіць у інтэрнэт-банкінг. Дачакаўшыся, пакуль падапечны пакіне тэлефон, яна ўвяла пароль і перавяла з рахунку пэўную суму грошай. Упэўнішыся, што транзакцыя прайшла паспяхова, яна ў далейшым штодня паўтарала такі крадзеж. Сродкі выдатковала на таксі і пакупкі на маркетплэйсах.

Цяпер у адносінах да дзяўчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Сказ пра тое, як у Чавусах печ рамантавалі і кралі металалом

Пераказ міліцэйскага пратакола чавуская “раёнка” ператварыла ў займальны дэтэктыў. Як казаў класік, змяркалася…

Сутнасць справы простая, як веласіпедная спіца. Жыхарка Чавус скарысталася тым, што сусед выкарыстоўваў дом пад дачу і доўгі час там не з’яўляўся.

Суседка са сваім знаёмым вывезлі з чужога прысядзібнага ўчастка металалом і здалі яго ў прыёмны пункт. Выручылі ўсяго сто рублёў. Штраф – 30 базавых велічынь.

Пры гэтым памочнік злодзейкі не ведаў пра тое, што яго ўцягнулі ў цёмную гісторыю.

Аднак журналісты Чавус, распавядаючы гэтую гісторыю, пачалі танцаваць, як кажуць, ад печкі. У літаральным сэнсе.

Высветлілася, што “раней 49-гадовы жыхар Чэрыкава выконваў работы па рамонце печы ў доме жанчыны. У адзін з дзён, падымаючыся на дах, каб дапамагчы знаёмаму з рамонтам, жанчына звярнула ўвагу на кучу металалому на ўчастку суседа. Спакуса аказалася занадта вялікай”.

Далей, як водзіцца, супрацьпраўныя дзеянні, экспертыза і суд.

Застаецца адкрытым пытанне: якім бокам да ўсёй гэтай справы няшчасны 49-гадовы печнік? Нам разабрацца не ўдалося. Можа чытачы паспрабуюць?

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

У Магілёўскім раёне пакупнік мапеда абакраў прадаўца

Прадай мапед, а то пераначаваць няма дзе. У аграгарадку Сідаравічы госць абакраў гаспадара дома.

У Магілёўскім раёне адбыўся крадзёж з характэрным сцэнарыем даверу.

У міліцыю звярнуўся 62-гадовы жыхар аграгарадка Сідаравічы, які выявіў знікненне маёмасці са свайго дома.

Устаноўлена, што да здарэння датычны 36-гадовы жыхар вёскі Пална, раней судзімы за крадзяжы. Мужчына прыйшоў да пенсіянера пад выглядам пакупкі мапеда, прапанаваў выпіць і застаўся на начлег.

Пакуль гаспадар спаў, госць выкраў прадукты, бензапілу, мабільны тэлефон і грошы. Агульная шкода перавысіла 1000 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магіляўчанка падманула дзевяць чалавек, нібы здаючы кватэры

Дзевяць жыхароў Мінска і Гомеля сталі ахвярамі махлярства: жыхарка Магілёва падманвала людзей, прапаноўваючы ім нібыта ў арэнду кватэры ў розных гарадах Беларусі.

Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, 32-гадовая жанчына знаходзіла ў тэматычных супольнасцях сацыяльных сетак аб’явы людзей, якія шукалі жыллё для здыму. Яна звязвалася з імі і прапаноўвала «выгадныя» варыянты кароткатэрміновай арэнды.

Каб стварыць уражанне надзейнасці, магіляўчанка высылала патэнцыйным кліентам фатаграфію свайго пашпарта і здымкі нібыта кватэр, якія здаваліся. Умоваю браніравання быў задатак.

Пасля таго як грошы паступалі на рахунак, жанчына спыняла зносіны і не адказвала на званкі і паведамленні.

Супрацоўнікі аддзела па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Кастрычніцкага РАУС Магілёва выявілі і спынілі гэтую схему. У дачыненні да жанчыны ўзбуджана крымінальная справа. Ёй пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёвец падмяняў Apple iPhone муляжамі

Спрыт рук і ніякага махлярства. Магілёвец падмяняў дарагія гаджэты муляжамі.

Жыхар Магілёва падмяніў муляжом арыгінальны смартфон у адным з ламбардаў горада. Праз некалькі дзён у краме канфіскаваных тавараў у Мінску ён аналагічным спосабам падмяніў яшчэ тры тэлефоны – пры гэтым паспеў пераклейваць цэннікі і налепкі з кодамі.

Падмена была выяўлена, супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі дачыненне да яе 21-гадовага мужчыны, аднак тэлефонаў пры ім ужо не аказалася – яны былі прададзены.

Узбуджана крымінальная справа за махлярства. Судовая экспертыза ўстанавіла, што канфіскаваныя муляжы – гэта проста набор карпусных кампанентаў.

У ходзе расследавання ўстаноўлена, што малады чалавек падмяніў арыгінальныя смарт-гадзіннікі і навушнікі AirPods на муляжы, у тым ліку пры продажы праз інтэрнэт-пляцоўку. Крымінальная справа накіравана ў суд.

 

Фота ведамаснага сайта Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.