У Магілёве часова зменіцца рух тралейбусаў

Паводле паведамлення тралейбуснага парка №1, да 10 ліпеня ў Магілёве магчымыя перабоі ў руху тралейбусаў пяці маршрутаў. Прычына – рэканструкцыя вуліцы Габроўскай на ўчастку ад праспекта Шмідта да вуліцы Маўчанскага, дзе вядзецца ўстаноўка тралейбусных апор.

З 8 да 17 гадзін у бліжэйшыя дні плануюцца кароткачасовыя адключэнні напружання ў кантактнай сетцы працягласцю 20-30 хвілін.

Змены закрануць маршруты №3, 4, 5, 6 і 7. Удакладніць актуальны расклад можна ў цэнтральнага дыспетчара тралейбуснага парка №1 па тэлефоне 8 (0222) 76-50-29.

Фота ілюстрацыйнага характару.

На прывакзальным рынку ў Магілёве бардак, а міліцыя вучыцца разганяць пратэсты

Гандаль з зямлі ў Беларусі забаронены, і штраф за яго даюць немалы – 2250 рублёў. Аднак гандлярам на рынку каля чыгуначнага вакзала ў Магілёве ўсе гэтыя забароны, здаецца, па барабане.

Стыхійны бізнес даўно выплюхнуўся за межы рынку – прадпрымальнікі ўжо перашкаджаюць грамадскаму транспарту і не даюць праходу пасажырам, якія спяшаюцца на вакзал.

Мала таго, што яны ствараюць аварыйныя сітуацыі, дык яшчэ і пагражаюць тым, хто спрабуе іх фатаграфаваць.

Ну, а магілёўскай міліцыі не да бардака на гэтым рынку. Будуць чарговыя “выбары” дзеда, і “слабавікі” старанна ўдасканальваюць свае навыкі разгону мірных дэманстрацый.

Яно і зразумела – ад прадпрымальнікаў можна атрымаць прачуханца, а лоўля ворагаў у сацыяльных сетках і больш прыбытковая, з пункту гледжання штрафаў, і бяспечнейшая для здароўя.

Фота “Могилев Онлайн”.

З 29 мая ў Магілёве зменяцца маршруты гарадскіх аўтобусаў

З 29 мая ў Магілёве скарэктуюць схемы руху шэрагу аўтобусных маршрутаў. Прычына – будаўніцтва ўнутрыгарадской кальцавой магістралі на ўчастку ад праспекта Міра да вуліцы Касманаўтаў.

Частку маршрутаў перанакіруюць па новых вуліцах, для іншых прадугледзяць разваротныя пляцоўкі на ключавых транспартных вузлах.

Змены па маршрутах:

  • N4 – будзе ісці па вуліцах Лазарэнкі, Касманаўтаў, праспекце 17 Верасня, Пысіна і Якубоўскага;
  • N5 – пройдзе праз вуліцы Б.-Бірулі, Куляшова, Пысіна, праспект 17 Верасня, Касманаўтаў, Шміта, Астроўскага, Пушкінскі праспект і іншыя магістралі;
  • N9 – скарэктаваны з заездам на разваротную пляцоўку на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў;
  • N10, 12, 23, 28, 30, 32, 34, 38, 41 – для часткі прадугледжаны новыя схемы руху, для астатніх – праца праз разваротныя пляцоўкі.

Пасажырам рэкамендуюць улічваць змены пры планаванні паездак і загадзя ўдакладняць актуальныя схемы руху грамадскага транспарту.

У Крычаве не могуць справіцца з расчысткай дарог ад снега

У Крычаве людзі скардзяцца на адмену маршрутак з-за нечышчаных дарог, але чыноўнікі не бачаць ніякіх праблем.

У сеціве з’явілася відэа, дзе жыхар Крычава скардзіцца, што па горадзе амаль немагчыма праехаць з-за таго, што камунальныя службы не чысцяць дарогі ад снега. Аўтар відэа стаіць на грамадскім прыпынку і расказвае, што ў раёне піўзавода ўсе маршруткі адмянілі, а аўтобусы сталі хадзіць радзей – замест рэйса ў 15.00 наступны будзе толькі ў 16.00. Застаецца толькі ісці пешкі – а гэта чатыры кіламетры з малым дзіцёнкам на руках.

У адказ на гэты зварот крычаўскія чыноўнікі тут жа запісалі відэа з начальніцай мясцовага ЖКГ Святланай Сямёнавай, якая заявіла, што ніякіх праблем і скаргаў няма. “Зваротаў не паступала за перыяд выпадзення ападкаў. Да ўсіх сацыяльных сфер доступ не абмежаваны” – сцвярджае жанчына.

На нядаўняй нарадзе пры першай намесніцы старшыні райвыканкама Святлане Ярмоленка яна заявіла, што сёння ў раёне расчысткай ад снежнага покрыва займаюцца не толькі дарожныя і камунальнае прадпрыемства, але дапамогу аказваюць сельскагаспадарчыя і чыгуначныя прадпрыемствы, ААТ «Крычаўцэментнашыфер», Водаканал, Гартоп і іншыя.

Не прызнаючы праблем гараджан, чыноўніца ў той жа час паведаміла, што асноўныя праблемы па сельскай мясцовасці. “Ёсць праблемы па дарогах, якія абслугоўваюцца ДРБУ-198 і часткова “Камунальнікам” – заявіла Сямёнава, не ўказваючы, дзе менавіта тыя праблемныя дарогі.

Вынікам нарады стала тое, што Ярмоленка даручыла ўзмацніць кантроль за станам дарог ДАІ, асабліва звяртаючы ўвагу на прыпыначныя пункты, пешаходныя пераходы. “Камунальніку” варта забяспечыць расчыстку канчатковых прыпыначных пунктаў, каб аўтобусы маглі свабодна развярнуцца. У сельскай мясцовасці старшыням сельвыканкамаў кантраляваць, каб дарогі былі расчышчаны для праезду хуткай медыцынскай дапамогі, аўтамагазінаў, школьны аўтобусаў і грамадскага транспарту.”

Пра адказнасць панесеную хоць кімсьці за тое, што дапушчана праблема з нечышчанымі ад снега дарогамі і, як вынік, з курсаваннем грамадскага транспарту, не паведамляецца.

Скрыншот: “Беларусь за МКАДом”