У Бабруйску атрымліваюць новыя аўтобусы і скарачаюць аўтобусныя рэйсы

Бабруйскі аўтапарк спісаў дзевяць старых аўтобусаў, атрымаў чатыры новых і зменшыў колькасць рэйсаў.

Дзевяць спісаных аўтобусаў выпрацавалі свой рэсурс. Ім на змену прыбылі чатыры новыя – дзве “гармошкі” МАЗ-216 і два кампактныя МАЗ-206, піша komkur.info.

Гэтае абнаўленнне стала трэцім з пачатку года. Усяго за гэты час горад атрымаў 16 новых аўтобусаў.

Абнаўленне рухомага складу аўтобуснага парку адбываецца на фоне скарачэння колькасці аўтобусаў на маршрутах. Паводле прадстаўніка прадпрыемства, выклікана гэта летнім зніжэннем пасажырапатоку і маючым адбыцца сезонам адпачынкаў вадзіцеляў аўтобусаў, асабліва тых, якія, як сцвярджаюць у аўтапарку, працуюць з перапрацоўкамі. З верасня, запэўнілі на прадпрыемстве, часова знятыя рэйсы вернуцца зноў. 

Фотаздымак: komkur.info

З 29 мая ў Магілёве зменяцца маршруты гарадскіх аўтобусаў

З 29 мая ў Магілёве скарэктуюць схемы руху шэрагу аўтобусных маршрутаў. Прычына – будаўніцтва ўнутрыгарадской кальцавой магістралі на ўчастку ад праспекта Міра да вуліцы Касманаўтаў.

Частку маршрутаў перанакіруюць па новых вуліцах, для іншых прадугледзяць разваротныя пляцоўкі на ключавых транспартных вузлах.

Змены па маршрутах:

  • N4 – будзе ісці па вуліцах Лазарэнкі, Касманаўтаў, праспекце 17 Верасня, Пысіна і Якубоўскага;
  • N5 – пройдзе праз вуліцы Б.-Бірулі, Куляшова, Пысіна, праспект 17 Верасня, Касманаўтаў, Шміта, Астроўскага, Пушкінскі праспект і іншыя магістралі;
  • N9 – скарэктаваны з заездам на разваротную пляцоўку на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў;
  • N10, 12, 23, 28, 30, 32, 34, 38, 41 – для часткі прадугледжаны новыя схемы руху, для астатніх – праца праз разваротныя пляцоўкі.

Пасажырам рэкамендуюць улічваць змены пры планаванні паездак і загадзя ўдакладняць актуальныя схемы руху грамадскага транспарту.

На Магілёўшчыне стала больш новых аўтобусаў

Магілёўскі філіял “Аўтобусны парк № 1 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» атрымаў 21 новы аўтобус.

Магілёўская вобласць атрымала партыю счэпленых аўтобусаў МАЗ-216. Гэта 21 машына.

  • 13 застануцца ў абласным цэнтры;
  • 7 пойдуць у Бабруйск;
  • 1 у Асіповічы.

Васемнаццаціметровыя “гармошкі” змяшчаюць больш за 160 пасажыраў, з якіх 40 могуць ехаць седзячы і трымаць на руках яшчэ 40 чалавек.

У салоне прадугледжаны шэраг зручнасцей:

  • нізкая падлога – вышыня над дарогай усяго 34 сантыметры;
  • кандыцыянеры;
  • відэакамеры;
  • спецыяльныя зоны для маламабільных пасажыраў.

З улікам гэтай пастаўкі ў гэтым годзе парк вобласці павялічыўся на 32 адзінкі МАЗ-216, з якіх 20 працуюць на маршрутах Магілёва.

Фота: амаль “Магілёўскія ведамасці”.

Дэлегаты з Магілёва выбылі на “хурал” – з поўнымі чамаданамі і трапяткімі сэрцамі

З дэлегатамі з Магілёва, што выязджалі на лукашэнкаўскае “веча”, развітваліся так, быццам яны адляталі на Марс.

Дэпутатаў-дэлегатаў, што ехалі на ВНС з плошчы Леніна ў Магілёве, набілася ажно тры аўтобусы. Перад ад’ездам самапрызначаныя дэлегаты ўжо каторы раз распавялі пра свае надзеі на ўласнае лепшае жыццё, якое ім дасць зборышча падхалімаў Лукашэнкі.

Праслаўленне з’езда пачалося задоўга да яго пачатку. Дэлегаты з захапленнем распавядалі пра лёсавызначальныя рашэнні, якія будуць прыняты, у кожным адпаведным і неадпаведным месцы.

Сама адпраўка ў дарогу з плошчы Леніна выглядала даволі камічна. Многія дэлегаты з’явіліся з аб’ёмнымі чамаданамі: ехаць жа цэлых дзве гадзіны і вяртацца не хутка, таму без зменнай бялізны і варанай курыцы, загорнутай у прамаслены нумар “Магілёўскіх ведамасцей”, ніяк не абысціся.  

Віталіся так, быццам не сядзелі разам яшчэ днём у кабінетах аблвыканкама, а сустрэліся пасля доўгага расстання.

Фальшывая радасць у чаканні сустрэчы з Лукашэнкам магла б спаборнічаць па ўзроўні пастановачнасці са знакамітай сцэнай адыходу цеплахода “Міхаіл Святлоў”. 

Хто ведае, што за лікаванне іх яшчэ чакае, калі дэлегаты вернуцца ў Магілёў, падзарадзіўшыся энергіяй ад састарэлага кіраўніка.

хурал

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

Магілёўскі перавозчык скасаваў рэйсы ў Вільню

Магілёўскі перавозчык «АўтаСеўлад» скасаваў рэйсы з Магілёва ў Вільню праз Мінск.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Infotrans Media Belarus», скасаваны рэйс на 09:30 з Магілёва (а 12:15 з Менску). Паведамленне датаванае 17 жніўня. Таксама паведамляецца аб сказаванні рэйса з Вільні ў Магілёў а 15:40 27 жніўня, але, магчыма, ў даце абдрукоўка, і павінна быць 17 жніжня.

Пасажырам абяцаюць вярнуць поўны кошт скасаваных квіткоў. На які час скасаваныя рэйсы і з якой прычыны – не паведамляецца.

Нагадаем, што з 12 жніўня 2025 года пасажырскі перавозчык «Eurolines» скасаваў некаторыя рэйсы з Вільні ў Мінск і назад. Пра часовае скасаванне рэйсаў у Вільню з 14 жніўня паведаміў і «Мінсктранс». Прычына – абмежаванні, якія ўвёў літоўскі бок яшчэ ў 2024 годзе ў межах рэжыму надзвычайнага становішча, але толькі цяпер Літва пачала сачыць за іх выкананнем.

Фотаздымак Infotrans Media Belarus

Недахоп вадзіцеляў у Бабруйску зноў прывёў да адмены аўтобусных рэйсаў

У Бабруйску праблема недахопу вадзіцеляў аўтобусаў з вострай ператварылася ў хранічную. У чарговы раз з-за гэтага ў горадзе адмяняюць рэйсы грамадскага транспарту.

29 траўня 2025 года былі скасаваныя 17 рэйсаў аўтобусаў №14 і №25. Бабруйскі філіял Аўтобуснага парку №2 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» паведаміў на сваім сайце, што «ў сувязі з вострым недахопам вадзіцельскага складу 29 траўня былі скасаваныя асобныя рэйсы маршрутных аўтобусаў».

Для бабруйчан такія адмены — не навіна. Раней паведамлялася пра падобныя выпадкі ў горадзе на Бярэзіне 6 ліпеня 2023 года, 27 чэрвеня 2023 года і 21 чэрвеня 2023 года.

Цікава, што, паводле звестак бабруйскага выдання «Коммерческий курьер» на 8 траўня 2025 года, пасада вадзіцеля ў аўтобусным парку нават не ўваходзіць у топ-10 самых запатрабаваных вакансій для вадзіцеляў.

Фота: «Коммерческий курьер»