Крычаўскаму аўтапарку не дазволяць сядзець на бюджэтнай іголцы

Прэзідыум раённага савета “дэпутатаў” пад кіраўніцтвам Ірыны Пруднікавай разгледзеў пытанне работы пасажырскага транспарту.

Якасцю работы мясцовага аўтапарка крычаўскія “дэпутаты” не задаволеныя: пасажырапаток расце, а разам з ім не прыбытак Аўтапарка №3, а датацыя яму з бюджэту. Аўтобусы абнаўляюцца, набываюцца новыя, а выніку няма.

“Патрэбны новыя маршруты і формы работы. Проста сядзець на бюджэтнай іголцы нікому не дазволена” – заявіла Пруднікава.

Прэзідыум рэкамендаваў аўтапарку адкрыць:

  • маршрут Крычаў – Мінск;
  • маршрут у Расію;
  • рэйс на Раслаўль, альбо працягнуць яго да Смаленска.

Увогуле, бюджэтных ін’екцый у Крычаве хопіць не на ўсіх. Яны патрэбны і прызначанаму “дэпутацкаму” корпусу, і сыну Пруднікавай, якая, карыстаючыся службовым становішчам, лабіруе інтарэсы сваяка – кіраўніка раённай службы пазаведамаснай аховы.

Фота раённай газеты.

Моўны інспектар Ігар Случак атрымаў падзяку з Быхава

Галоўны быхаўскі аўтобуснік Дзмітрый Шалабодаў падзякаваў рупліўцу беларушчыны Ігару Случаку за яго дзейнасць.

“Дзякуем за актыўную грамадзянскую пазіцыю і імкненне да захавання беларускай мовы і культуры”, – напісаў дырэктар Быхаўскага філіяла Аўтапарк №6 ААТ “Магілёўабаўтатранс” ў адказе Ігару Случаку наконт мовы, якая выкарыстоўваецца на аўтобусных білетах у Быхаве.

Што ж тычыцца сутнасці пытання, то Дзмітрый Шалабодаў адзначыў, што на гарадскіх аўтобусных маршрутах выкарыстоўваюцца квіткі на праезд на беларускай мове. “На шматразовых квітках інфармацыя размешчана на рускай мове. Колькасць шматразовых квіткоў, як мяркуецца, будзе рэалізована за 5-6 гадоў, у сувязі з гэтым заказваць новую білетную прадукцыю аўтапаркам не плануецца”, – гаворыцца ў адказе дырэктара.

Ігар Случак, размясціўшы копію дакумента ў сваім тэлеграм-канале, дадаў наконт білетаў на рускай мове: “Паспрабуем пазбавіцца ад іх раней”.

Фотаздымак: mogilev.mchs.gov.by