Моўны інспектар Ігар Случак атрымаў падзяку з Быхава

Галоўны быхаўскі аўтобуснік Дзмітрый Шалабодаў падзякаваў рупліўцу беларушчыны Ігару Случаку за яго дзейнасць.

“Дзякуем за актыўную грамадзянскую пазіцыю і імкненне да захавання беларускай мовы і культуры”, – напісаў дырэктар Быхаўскага філіяла Аўтапарк №6 ААТ “Магілёўабаўтатранс” ў адказе Ігару Случаку наконт мовы, якая выкарыстоўваецца на аўтобусных білетах у Быхаве.

Што ж тычыцца сутнасці пытання, то Дзмітрый Шалабодаў адзначыў, што на гарадскіх аўтобусных маршрутах выкарыстоўваюцца квіткі на праезд на беларускай мове. “На шматразовых квітках інфармацыя размешчана на рускай мове. Колькасць шматразовых квіткоў, як мяркуецца, будзе рэалізована за 5-6 гадоў, у сувязі з гэтым заказваць новую білетную прадукцыю аўтапаркам не плануецца”, – гаворыцца ў адказе дырэктара.

Ігар Случак, размясціўшы копію дакумента ў сваім тэлеграм-канале, дадаў наконт білетаў на рускай мове: “Паспрабуем пазбавіцца ад іх раней”.

Фотаздымак: mogilev.mchs.gov.by

На Магілёўшчыне ўсе аднаразовыя білеты на грамадскі транспарт – па-беларуску

Амаль усе аднаразовыя білеты, якія прадаюцца для праезду ў грамадскім транспарце Магілёўскай вобласці, надрукаваны на беларускай мове.

Пра такую акалічнасць стала вядома з адказа грамадскаму моўнаму інспектару Ігару Случаку ад ААТ “Магілёўаблаўтатранс” за подпісам намесніка гендырэктара МІкалая Антусава. 

“У філіялах акцыянернага таварыства ўжываецца друкаваная білетная прадукцыя: шматразовыя білеты, білеты на адну паездку (рулонныя), талоны на адну паездку, выкананая на беларускай мове. У некалькіх філіялах засталіся рэшткі білетнай прадукцыі (шматразовы праязныя білеты), вырабленыя на рускай мове. Філіялы будуць абнаўляць білетную прадукцыю паэтапна па меры расходвання запасаў. Акрамя таго, білеты на адну паездку ў філіялах рэалізуюцца праз інфармацыйныя сістэмы продажу білетаў, у якіх заводам-вытворцам не прадугледжана магчымасць афармлення інфармацыі на беларускай мове” – гаворыцца ў адказе Н.П. Антусава, які чамусьці не пераклаў свае ініцыялы з рускай мовы.

“Такім чынам, Магілёўскую вобласць можна дадаць да Гомельскай і Брэсцкай, дзе моўнае пытанне вырашана на карысць беларускай мовы. Гарадзенская вобласць застаецца прынцыпова рускамоўнай на квітках” – зазначае Ігар Случак.

Фотаздымак: mogilove.by

У некаторых раёнах Магілёўшчыны расце колькасць зваротаў па-беларуску

Нягледзячы на мізэрную колькасць зваротаў у органы ўлады на беларускай мове, там-сям на Магілёўшчыне расце іх доля.

Як высветліў “моўны інспектар” Ігар Случак, звяртаючыся па статыстыку ў розныя раёны Магілёўскай вобласці, сітуацыя з беларускай мовай дзіўным чынам мае тэндэнцыю да паляпшэння. Праўда, наколькі трывалай будзе такая тэндэнцыя, прадказаць немагчыма.

Згодна адказам Случаку з розных райвыканкамаў, вымалёўваецца наступная карціна. У 2025 годзе ў Асіповіцкі райвыканкам было пададзена 1,34% зваротаў па-беларуску. У 2024 годзе іх было 0,67%, а ў 2023 – 0,3%. Рост даволі заўважны.

Нешта падобнае адбылося і ў Крычаўскім раёне. Там, у 2025 годзе ў мясцовы райвыканакам па-беларуску былі напісаныя 1,94% зваротаў. Годам раней – 1,13%, а ў 2023 годзе 0,55%. Пры тым што ў 2011 годзе на беларускай мове было пададзена 0,39% зваротаў.

Сярод Асіповіцкага, Крычаўскага і Дрыбінскага раёнаў у сітуацыі са зваротамі па-беларуску найлепшым выглядае апошні. Там летась іх было 7,37%. Аднак не ўсё так гладка, бо ў 2024 годзе беларускамоўнымі было 7,46%, то бок заўважана невялікае змяншэнне. Радуе толькі тое, што ў параўнанні з 2023 годам рост быў шматкротны, бо тады па-беларуску было напісана толькі 1,05% ад усіх зваротаў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Асіповіцкая фабрыка “Сонца” абяцае падумаць пра беларускую мову

Парфумерна-касметычная фабрыка “Сонца” разглядае магчымасць абавязковага размяшчэння беларускай мовы на этыкетцы.

“ТАА “Парфумерна-касметычная фабрыка “Сонца” паведамляе, што разглядае магчымасць выкарыстання беларускай мовы на этыкетцы/упакоўцы сваёй прадукцыі ў выглядзе размяшчэння на ёй абавязковай інфармацыі на беларускай мове. На жаль, дакладных тэрмінаў пакуль не вызначана”, – гаворыцца ў лісце “моўнаму інспектару” Ігару Случаку за подпісам дырэктара прадпрыемства Вадзіма Варкова. Гэты адказ Случак размясціў у сваім Фэйсбуку.

Разам з тым Варкоў нагадвае, што “Сонца” выкарыстоўвае беларускую мову ў рэкламе і “плануе працягваць гэта рабіць у мэтах пашырэння ўжывання беларускай мовы”.

Варта адзначыць, што нягледзячы на выкарыстанне беларускай мовы ў назвах розных вырабаў, фабрыка “Сонца” за ўсе гады свайго існавання не займела беларускамоўнай версіі ўласнага сайту.

Фотаздымак: “Асіповіцкі край”

На ўвесь Быхаўскі раён толькі 13 дзетсадаўцаў выхоўваюцца па-беларуску

У Быхаўскім раёне працуе толькі адзін беларускамоўны дзіцячы садок. Яго наведчаюць 13 дзецей.

Як адказалі абаронцы беларускай мовы, юрысту і праваабаронцу Ігару Случаку з Быхаўскага райвыканкама, у раёне ўсяго восем дзіцячых садкоў. Сярод іх толькі адзін беларускамоўны. У ім выхоўваюцца 13 дзяцей.

Семь дзіцячых садкоў рускамоўныя. Іх наведваюць 737 выхаванцаў. То бок колькасная розніца на карысць рускамоўных дзетсадаўцаў – амаль 57 разоў.

Пры гэтым па выніках перапісу насельніцтва 2019 года ў Быхаўскім раёне пражывала 91,53% беларусаў, 4,85% рускіх, 1,1% украінцаў, 0,13% палякаў.

Адзіны дзіцячы садок, дзе адукацыя вядзецца па-беларуску, знаходзіцца ў аграгарадку Дуброва.

Рускамоўных дзіцячых садкоў з беларускімі групамі ў іх у Быхаўскім раёне няма.

Фотаздымак: Вікіпедыя

Менш 20% дзяцей у садках Чавускага раёна навучаюцца па-беларуску

Спачатку можа скласціся ўражанне, што ў беларускамоўных групах дашкольнікаў у Чавускім раёне больш, чым у рускамоўных, але гэтае ўражанне падманлівае.

Як высветліў абаронца беларускай мовы, юрыст і праваабаронца Ігар Случак, атрымаўшы інфармацыю (на 1.09.2025) ад улад Чавушчыны, у раёне ўсяго 12 дзіцячых садкоў. З іх сем – з беларускай мовай навучання, а пяць – з рускай. 

Чавускія дзіцячыя садкі агулам наведвае 481 дзіцёнак. Пры гэтым у беларускамоўных навучаецца 89 дзяцей, а ў рускамоўных – 392. Беларускамоўных груп у раёне – 9, а рускамоўных у тры разы болей – 27. 

Такім чынам, згодна статыстыкі, перавышэнне колькасці садкоў з беларускай мовай навучання над колькасцю садкоў з рускай не павінна ствараць уражанне аб колькаснай перавазе беларускамоўнага дашкольнага навучання ў раёне. 

Фотаздымак: chausynews.by

На Краснапольшчыне беларускамоўнае дашкольнае навучанне цалкам вынішчана

Сёлета ні адзін дзіцёнак не навучаецца ў садках Краснапольскага раёну па-беларуску.

У Краснапольскім раёне тры дзіцячых садкі. Усё яны з рускай мовай навучання. У раёне не існуе нават беларускамоўных груп у садках. Пра гэта сведчыць адказ начальніка аддзела па адукацыі Краснапольскага райвыканкама Алесі Шапавалавай на зварот ад абаронцы беларускай мовы Ігара Случака. Такая сітуацыя адпавядае пачатку 2025-2026 навучальнага года.

У той жа час, у трох дзіцячых садках раёна навучаецца 246 выхаванцаў у 18 групах.

“Спіс і адрасы дзіцячых садкоў з беларускай мовай навучання і беларускамоўных груп у дзіцячых садках не прадстаўляецца магчымасці даць па прычыне іх адсутнасці” – адказала чыноўніца грамадскаму дзеячу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц