Вайсковы дрон трапіў у гараж у Чавускім раёне

Раніцай 3 чэрвеня 2026 года беспілотнік трапіў у гараж у вёсцы Благавічы Чавускага раёна.

Паводле тэлеграм-канала “Рэальная Беларусь”, пацярпелых ад удару дрона няма, але ў бліжэйшых дамах павыбіла вокны. У хуткім часе ў вёску прыбылі сілавікі і затрымалі мужчыну, які спрабаваў зняць здарэнне на тэлефон.

Нагадаем, што 16 верасня 2025 года расійскі дрон упаў на ўсходзе Магілёўшыны. Падзенне ваеннага беспілотніка суправаджалася грохатам. Больш дакладнае месца падзенне дрона вядома рэдакцыі, але з прычыны бяспекі крыніц інфармацыі, мы не ўказваем яго ў гэтым тэксце.

Паводле сведак, гэта быў першы такі выпадак на Магілёўшчыне. Пры гэтым, мясцовым жыхарам на тэлефоны прыходзілі СМС-паведамленні-папярэджанні “аб нераспаўсюдзе недакладнай інфармацыі”. Як казалі сведкі, гэтыя папярэджанні паступалі ад спецслужб.

Ілюстратыўны фотаздымак: “Рэальная Беларусь”

Прадаўшчыца ў Чавускім раёне крала з крамы грошы і прадукты дзеля ставак

Жыхарка Чавускага раёна захапілася гульнямі ў анлайн-казіно і стаўкамі ў букмекерскіх канторах. Калі дзіцячай дапамогі стала не хапаць, яна ўладкавалася прадаўцом і пачала прысвойваць маёмасць крамы.

Гісторыя гэта пачалася з таго, што жыхарка Чавусаў знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.

У гэты час яна заахвоцілася да імгненных інтэрнэт-латарэй і ставак у анлайн-казіно. На азартныя гульні сыходзілі значныя сумы. Тады жанчына уладкавалася прадаўшчыцай у краму раённага спажывецкага таварыства. Аднак сама праца не вырашыла праблему з гульнямі.

З верасня 2025 года па студзень 2026 года прадаўшчыца выкрадала з гандлёвага аб’екта грошы, прадукты харчавання і алкагольныя напоі.

Усяго яна прысвоіла маёмасць гандлёвага прадпрыемства на суму больш за 11 тысяч рублёў.

Падчас пасяджэння суда абвінавачаная прызнала толькі крадзеж грошай.

У выніку суд прыгаварыў іграманку да:

  • 2 гадоў абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  • штрафу ў памеры 40 базавых велічынь;
  • забароны на 3 гады займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю.

Акрамя таго жанчыне давядзецца вярнуць райпо 1,6 тысячы рублёў, каб цалкам пакрыць прычыненую шкоду.

Фота ілюстрацыйнага характару.

Чавускія школьнікі дапамагаюць выжыць азёрнай рыбе

Выратаваць рыбу ад магчымага замора дапамагаюць вучні чавускай сярэдняй школы №1. 

На лёд на возеры ў аграгарадку Каменка з бурамі школьнікі прыйшлі разам з начальнікам Чавускай раённай прыродаахоўнай інспекцыі і кіраўнком раённага АСВОДа. У межах традыцыйнай экалагчнай акцыі “Зробім лункі – выратуем рыбу ад замора” яны прабурвалі лёд, тым самым дазваляючы паветру даходзіць да вады.

Такая акцыя сапраўды мае вялікае значэнне ў маразы, калі вадаёмы скаваныя лёдам і колькасць паветра ў вадзе значна змяншаецца. Гэта ўскладняе жыццё рыбе і іншым насельнікам рэк і азёр. Калі лёд будзе скоўваць ваду доўгі час, гэта можа прывесці да іх гібелі.

Акрамя таго, уплыў такога заняцця для дзяцей значна лепшы, чым мілітарысцкія гульні, у якія дарослыя ўцягваюць беларускіх дзяцей.

Фотаздымак: ТГ “Магілёўпрырода”

Лукашэнка змяніў кіраўнікоў Касцюковіцкага, Слаўгарадскага і Чавускага раёнаў

Беларускі правіцель прызначыў «кадры»: намесніка старшыні па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама і трох старшынь райвыканкамаў.
Лукашэнка правёў кадравыя ратацыі. Замест Генадзя Дэнгалева, які злятаў у Саудаўскую Аравію, а потым знік з гарызонту, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ стаў Ігар Клішо, які раней узначальваў абласны камітэт па архітэктуры і будаўніцтве.
Намеснік старшыні Крычаўскага раёна Наталля Асмалоўская прызначана старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама.
Галоўны «дэпутат» Горак Максім Патапенка будзе кіраваць Слаўгарадскім раёнам. Першаму намесніку старшыні Кіраўскага райвыканкама давераны Чавускі раён.

Фота БелТА.

Менш 20% дзяцей у садках Чавускага раёна навучаюцца па-беларуску

Спачатку можа скласціся ўражанне, што ў беларускамоўных групах дашкольнікаў у Чавускім раёне больш, чым у рускамоўных, але гэтае ўражанне падманлівае.

Як высветліў абаронца беларускай мовы, юрыст і праваабаронца Ігар Случак, атрымаўшы інфармацыю (на 1.09.2025) ад улад Чавушчыны, у раёне ўсяго 12 дзіцячых садкоў. З іх сем – з беларускай мовай навучання, а пяць – з рускай. 

Чавускія дзіцячыя садкі агулам наведвае 481 дзіцёнак. Пры гэтым у беларускамоўных навучаецца 89 дзяцей, а ў рускамоўных – 392. Беларускамоўных груп у раёне – 9, а рускамоўных у тры разы болей – 27. 

Такім чынам, згодна статыстыкі, перавышэнне колькасці садкоў з беларускай мовай навучання над колькасцю садкоў з рускай не павінна ствараць уражанне аб колькаснай перавазе беларускамоўнага дашкольнага навучання ў раёне. 

Фотаздымак: chausynews.by

Пад Чавусамі з помпай адкрылі ачышчальныя збудаванні

У вёсцы Гарбавічы Чавускага раёна ўрачыста адкрылі новыя ачышчальныя збудаванні. Іх будаўніцтва і запуск – вынік супольных намаганняў мясцовых уладаў, дзяржаўных праграм і міжнародных грантаў на развіццё інфраструктуры, паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. Але, мяркуем, што гэты спіс датычных чытаць трэба ззаду наперад – міжнародныя арганізацыі далі грошы пад дзяржаўныя праграмы, каб на гэтым прапіярыліся чыноўнікі.

– Новыя тэхналогіі ачышчэння – гэта крок да чыстай прыроды, паляпшэння якасці жыцця і экалагічнай бяспекі рэгіёна, – сцвярджае старшыня Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Канстанцін Цеплякоў.

А старшыня Чаускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч паведаміў, што кошт аб’екта склаў 760 тысяч беларускіх рублёў, а будаўніцтва было завершана за два з паловай месяцы.

Генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Магілёўаблвадаканал» Мікалай Краўцоў адзначыў, што новыя збудаванні будуць мець доўгатэрміновы станоўчы ўплыў на экалагічны стан рэгіёна.

Мясцовыя жыхары, калі верыць газеце “Магілёскія ведамасці”, выказалі падзяку за праведзеную працу і надзею, што падобныя ініцыятывы будуць працягвацца і ў іншых населеных пунктах раёна.

Чыноўнікі любяць атрымліваць падзякі і рэзаць чырвоныя стужачкі. Пры гэтым, не варта забываць, што будаўніцтва ачышчальных збудаванняў не подзвіг. Вядома ж, доля гераізму тут прысутнічае – трэба ж неяк налаўчыцца і не адрэзаць сабе палец –  але перш за ўсё гэта проста службовы абавязак.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”