На пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ЖКГ Магілёўшчыны абмеркавалі ідэалогію

У Магілёве адбылося пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння, нібыта былі вынікі працы ў мінулым ацяпляльным перыядзе і задачы па падрыхтоўцы галіны да працы ў асенне-зімовы перыяд 2026/2027 гадоў.

Але асноўны ўпор кіраўнік прафсаюза работнікаў ЖКГ Павел Жуйкоў зрабіў на “вынікі выканання арганізацыямі ЖКГ вобласці патрабаванняў дырэктывы Лукашэнкі №12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”.

Жуйкоў заявіў, што “праца ў гэтым кірунку будуецца праз інфармацыйную, выхаваўчую і сацыяльна-культурную дзейнасць”.

І гэта пры тым, што “TikTok ” завалены скаргамі беларусаў на бардак у ЖКГ.

Замест таго, каб абмеркаваць тое, як лепш абслугоўваць насельніцтва, магілёўскія чыноўнікі прымяняюць “план Качанавай” па закрыцці ратоў тым, хто скардзіцца.

Фота ведамаснага сайта аблвыканкама.

Юныя журналісты на форуме ў Магілёве ўручылі Ісачанку і Жуку іх фотапартрэты

На медыяфоруме юных журналістаў і блогераў «Голас пакалення: новы кантэнт» у Магілёве гаварылі пра праўду і шчырасць.

На форуме юных журналістаў у Магілёве ў цэнтры ўвагі былі

старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка і міністр інфармацыі Дзмітрый Жук.

З трыбуны яны гаварылі правільныя рэчы. Ісачанка заклікаў паказваць жыццё такім, якое яно ёсць і быць шчырымі.

Жук пераконваў дзяцей, што журналістыка – класная прафесія, і прызнаўся, што нават крыху ім зайздросціць: сам прыйшоў у яе толькі ў дваццаць пяць гадоў.

Форум завяршыўся ўручэннем падарункаў.

Юныя журналісты, якіх вучылі шчырасці, паднеслі гасцям загадзя падрыхтаваныя фотапартрэты. Ісачанка атрымаў партрэт Ісачанкі. Жук – партрэт Жука.

Фота ведамаснага сайта Магілёўскага аблвыканкама.

У Магілёве старыя кіраўнікі запусцілі школу маладога кіраўніка

Старыя кадры АПК Магілёўшчыны дзяліліся досведам “росквіту” з маладымі кіраўнікамі.

У аблвыканкаме прайшоў семінар на тэму “Псіхалагічныя аспекты лідарства і эфектыўнага кіравання ў дзейнасці кіраўніка”. 

На ім сабралася шмат чыноўнікаў, уключаючы памочніка Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці Сяргея Налівайку.

Перад 48 маладымі спецыялістамі выступілі “лідары” мясцовага АПК, які, паводле статыстыкі, з’яўляецца найгоршым у краіне.

Галоўным псіхалагічным аспектам лідарства магілёўскіх чыноўнікаў, якія безвынікова спрабуюць кіраваць сельскай гаспадаркай, былі і застаюцца сумнеўныя дырэктывы Лукашэнкі.

Таму ўсе спікеры семінара паўтаралі фразу “Кадры вырашаюць усё”, нібы чыталі заклінанне, здольнае перавярнуць з ног на галаву рэальнасць, у якой кадры нічога не вырашаюць, а семінары праводзяцца для самазаспакаення.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Кіраўнік СЭЗ “Магілёў” адкрыў спосаб эфектыўнай вытворчасці – гэта беражлівасць

Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Павел Марыненка расказаў, як павысіць прадукцыйнасць працы, не ўкладваючы вялікія сродкі. Прасвятленне прыйшло да Марыненкі на дваццаць трэцім годзе існавання структуры.
У аблвыканкаме прайшоў семінар па беражлівай вытворчасці для рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў».
Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Павел Марыненка адзначыў, што “цікавасць рэзідэнтаў да тэмы беражлівай вытворчасці ёсць, таму на працягу двух гадоў вялася работа з нацыянальнымі экспертамі, і з’явілася свайго роду школа практыкаў беражлівай вытворчасці ў рэгіёне”.
Дасягненне ўражвае сваёй маштабнасцю, асабліва калі ўлічваць тое, што
СЭЗ «Магілёў» створана яшчэ 31 студзеня 2002 года.
Галоўная мэта свабоднай эканамічнай зоны – прыцягненне замежных і нацыянальных інвестыцый. Аднак карысць ад структуры, якую ўзначальвае Марыненка, можна вымераць не мільярдамі прыцягнутых інвестыцый, а колькасцю праведзеных ёю семінараў і іншых свецкіх раўтаў.
Укладацца у вытворчасць, размешчаную на тэрыторыі канцлагера, ахвотных няма.
Таму беражлівасць – апошні канёк Марыненкі.
Фота “Магілёўскія ведамасці”.

На Магілёўшчыне ўдарылі па падзяжы жывёлы рабочымі групамі

Змянілі падыходы і персанал. Апублікаваны пакрокавы план выратавання кароў у Магілёўскай вобласці – на фермы прыедуць чыноўнікі.

У Магілёўскай вобласці фіксуецца істотны рост падзяжу падзеж буйной рагатай жывёлы у студзені ў параўнанні з мінулым годам. 

У адказ на гэта аблвыканкам стварыў мабільныя рабочыя групы, якія выязджаюць у гаспадаркі і кансультуюць спецыялістаў па пытаннях утрымання, кармлення і вакцынацыі жывёлы.

І вось асобныя гаспадаркі ўжо справаздачацца пра паляпшэнні – у «АСБ-Агра Цяцерына» падзеж цялят скараціўся з 14 да 3 галоў у месяц у параўнанні са студзенем мінулага года. 

Пасля рэканструкцыі памяшканняў і змены моцна п’ючага персаналу на ўмерана п’ючы персанал у іншых комплексах арганізаваны кругласутачныя дзяжурствы, закуплены цеплавыя гарматы, павялічана кратнасць выпойвання. 

Ужыта іншыя хітрыкі.

Але вось пытанне: для каго напісаны гэты справаздачны тэкст? Сэнсавую нагрузку ён нясе толькі для начальства. Гэта – чыноўніцкая страхоўка на выпадак, калі падзеж не спыніцца. 

Паглядзіце, мы не сядзелі склаўшы рукі – стваралі групы, выязджалі, кансультавалі, аналізавалі, распрацоўвалі праграмы.

Калі заўтра жывёла працягне дохнуць, у аблвыканкама будзе гатовы адказ для Лукашэнкі: меры прымаліся, пратаколы складаліся, рэкамендацыі даваліся.

Зноў не атрымалася. Нічога, у наступны раз зайдзем з іншага боку! І так трыццаць гадоў.

І пакуль рабочыя групы ствараюць бачнасць бурнай дзейнасці, пракуратура паказвае, што на фермах нічога не мяняецца.

 

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Калі ж Магілёўшчыну заваляць чырвонай ікрой і вясёлкавай фарэллю?

Пра чарговыя «поспехі» КПП «Форелевое хозяйство «Лахва»» распавёў старшыня камітэта па эканоміцы аблвыканкама Аляксандр Варапаеў.

У эфіры тэлеканала «Магілёў-4» старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Варапаеў распавёў пра запуск вытворчасці таварнай чырвонай ікры ў гаспадарцы «Фарэлевая гаспадарка «Лахва» і папярэдзіў, што людзі гэтую ікру есці не будуць – яе плануюць выкарыстоўваць не ў харчовых мэтах, а для развядзення фарэлі.

Што адбываецца з фарэллю і яе вытворнымі на Магілёўшчыне – без шклянкі не разабрацца:

  • у 2023 годзе анансавалі стварэнне рыбакомплексу ў Чэрыкаве;
  • у канцы 2025 года планавалася запусціць фермы па развядзенні каштоўных парод рыбы ў Хоцімскім, Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах Магілёўскай вобласці.

Запусцілі, не запусцілі, развялі ці не развялі – незразумела.

Праектам займаецца УП «Рыбгас Палуж» – «даччынная» структура гаспадаркі «Фарэлевая гаспадарка «Лахва».

На поўную магутнасць новыя фермы павінны выйсці да 2027 года, але першыя ўловы чакаюць ужо ў 2026-м.

Варапаеў так і не змог выразна растлумачыць, хто ў рыбных справах Магілёўшчыны ўсё ж «дачка», а хто – «маці». Пра «бацьку» ўвогуле нічога не вядома. Магчыма, ён адправіўся за ўловам гэтага года.

Яснасці ў сітуацыю не дадае і паездка Лукашэнкі ў Бялыніцкі раён у верасні 2023 года. Там ён наведаў участак па вырошчванні рыбы гаспадаркі «Фарэлевая гаспадарка «Лахва», выслухаў даклад пра развіццё рыбаводчай галіны ў Магілёўскай вобласці, нарошчванне вытворчасці каштоўных парод рыбы і паеў юшкі.

А яшчэ ў 2018 годзе быхаўская «раёнка» пісала, што вясёлкавая фарэль аказалася незапатрабаванай быхаўскімі гандлёвымі сеткамі. Падобна, нейкія ўловы былі ўжо і тады.

Калі падсумаваць усе гэтыя супярэчлівыя звесткі, можна прыйсці да несуцяшальных высноў – ікра толькі таварная, уловы ці то былі, ці то яшчэ будуць, затое юшку Лукашэнка паеў даўно.

Сярод мноства тэорый пра жыццё вясёлкавай фарэлі ў Магілёўскай вобласці ёсць і зусім радыкальная – гэтую рыбу праблематычна вырасціць у балоце.

Нагадаем, што рака Лахва, у гонар якой названа прадпрыемства, працякае не сярод маляўнічых альпійскіх лугоў, а па землях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.

Фота ведамаснага сайта гаспадаркі «Фарэлевая гаспадарка «Лахва».

Няхай і не сямімільнымі крокамі, але Магілёўшчына ідзе ў светлую будучыню

Час канкрэтных спраў і пустой гаварыльні – у Магілёве ўлады рабілі справаздачу за зробленую працу і будавалі планы на будучыню.

Мінулі тыя баявыя часы, калі «губернатар» Анатоль Ісачанка рубіў з пляча і называў хоць нейкія лічбы, якія сведчылі пра рэальны стан спраў у эканоміцы вобласці, а яго адразу лавілі на слове і патрабавалі тлумачэнняў, якія даводзілася даваць былому галоўнаму эканамісту вобласці Руслану Страхару.

Цяпер выступленні Ісачанкі сталі асцярожнымі, а паказчыкі, агучаныя на ўсю публіку – максімальна абцякальнымі.

На чарговай дваццатай сесіі абласнога савета «дэпутатаў» у пашыраным складзе, якая прайшла ў Магілёве, даклад старшыні аблвыканкама, які хоць і называўся «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці за 2025 год», канкрэтнасцю не вызначаўся.

Мабыць, адзінай канкрэтнай лічбай была колькасць медалёў магілёўскіх спартсменаў, заваяваных на чэмпіянатах і першынствах свету і Еўропы.

Пра стратныя прадпрыемствы і правальную сельскую гаспадарку кіраўнік Магілёўшчыны амаль не казаў, а сітуацыю чамусьці параўноўваў з 2020 годам.

Калі шчыра, канспект справаздачы Анатоля Міхайлавіча можна змясціць у некалькіх словах: нешта пабудавана, дзесьці адрамантавана і пра кагосьці паклапаціліся.

А светлую будучыню, якая надыйдзе дзесьці ў 2030-м і прынясе вобласці мільён тон малака і 300 тысяч тон мяса, на хлеб, на жаль, не намажаш.

З вялікай ступенню верагоднасці рабіць справаздачу за гэтую светлую будучыню тады ўжо будзе пераемнік Анатоля Ісачанкі. І, паводле лукашэнкаўскай традыцыі, узяткі з яго будуць гладкія. Як і з кіраўніка «дэпутацкага» корпуса Аляксандра Гарошкіна, які, выслухаўшы даклад старшыні аблвыканкама, заўважыў, што ў будучыню мы ідзём, але ж не сямімільнымі крокамі.

Фота афіцыйнага сайта Магілёўскага аблвыканкама.

Лукашэнка змяніў кіраўнікоў Касцюковіцкага, Слаўгарадскага і Чавускага раёнаў

Беларускі правіцель прызначыў «кадры»: намесніка старшыні па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама і трох старшынь райвыканкамаў.
Лукашэнка правёў кадравыя ратацыі. Замест Генадзя Дэнгалева, які злятаў у Саудаўскую Аравію, а потым знік з гарызонту, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ стаў Ігар Клішо, які раней узначальваў абласны камітэт па архітэктуры і будаўніцтве.
Намеснік старшыні Крычаўскага раёна Наталля Асмалоўская прызначана старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама.
Галоўны «дэпутат» Горак Максім Патапенка будзе кіраваць Слаўгарадскім раёнам. Першаму намесніку старшыні Кіраўскага райвыканкама давераны Чавускі раён.

Фота БелТА.

Магілёўскія чыноўнікі ўзнагародзілі самі сябе медалямі, а «дэпутаты» – граматамі

За ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё Магілёўшчыны – медалі, і граматы за правалы атрымалі чыноўнікі і «дэпутаты».

Бездакорнай службай вызначыліся чыноўнікі Магілёўшчыны. Указам галоўнага чыноўніка краіны Лукашэнкі медалі атрымалі:

  • кіраўнік спраў аблвыканкама;
  • начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама;
  • начальнік аддзела інвестыцыйных праграм і аховы працы камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама;
  • намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага аблвыканкама.

У прэс-рэлізе пра ўзнагароджанне пра дасягненні чыноўнікаў пісалі выключна ў найвышэйшых ступенях. Узгадвалася пра

  • шматгадовую плённую працу;
  • эфектыўнае кіраўніцтва;
  • неацэнны асабісты ўклад.

«Дэпутаты», на сваім сходзе, абмежаваліся ўручэннем адзін аднаму грамат. Яны, як высвятляецца, таксама з усіх сіл спрыялі «росквіту Магілёўскай вобласці і павышэнню якасці жыцця яе жыхароў».

Праблема ў тым, што адзінкі вымярэння росквіту і павышэння якасці, выкарыстаныя для ацэнкі працы «слуг народа», прыдуманыя імі самімі і ніяк не звязаныя з рэальнымі эканамічнымі паказчыкамі, якімі Магілёўшчына ніколі не блістала.

Бо, калі ацэньваць заслугі чыноўнікаў і «дэпутатаў» вобласці ў рублях і працэнтах, то гаворка ішла б ужо не пра медалі і граматы, а пра крымінальныя справы.

Фотa “Магілёўскія ведамасці”.

Новая намесніца старшыні Магілёўскага аблвыканкама па эканоміцы – што пра яе вядома?

Алена Пруднікава-Кірпічонак – эканамістка з Полаччыны, яна аднойчы ўваходзіла ў топ самых прыгожых чыноўніц Беларусі. А таксама, выказвалася, што “людзі павінны разумець, на што трацяцца іх сродкі, якія мы адлічаем як падаткаплацельшчыкі”.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка прызначыў на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама па пытаннях эканомікі Алену Пруднікаву-Кірпічонак. Яна замяніла на гэтай пасадзе Руслана Страхара, кар’ерны ліфт якога спусціўся на ўзровень ніжэй.

Пра Алену Пруднікаву-Кірпічонак вядома, што яна пачала сваю працоўную кар’еру як эканаміст “Полацкага камбіната хлебапрадуктаў” у 1998 годзе. Вышэйшую адукацыю атрымала ў недзяржаўным ВНУ – у Беларускім камерцыйным універсітэце кіравання. У 2011 годзе яна скончыла магістратуру Полацкага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай”, а ў 2017 годзе прайшла перападрыхтоўку ў тым жа Полацкім універсітэце па спецыяльнасці “Фінансы”. З 2013 года яна пачала працаваць у Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь.

У сваю бытнасць супрацоўніцай міністэрства яна часта наведвала Полаччыну, і падчас адной з такіх паездак, у 2015 годзе, выступаючы перад студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, выказалася наступным чынам, :

– Людзі павінны разумець, на што марнуюцца іх сродкі, якія мы адлічаем як падаткаплацельшчыкі, наколькі эфектыўна яны выдаткоўваюцца, хто нясе адказнасць за наш неэфектыўна выдаткаваны рубель.

кірпічонак
Алена Пруднікава-Кірпічонак у Полацкім універсітэце, 2015 год. Фота: psu.by

З 2017 года Алена Пруднікава-Кірпічонак працавала на пасадзе начальніка галоўнага ўпраўлення метадалогіі і каардынацыі дзяржаўных праграм міністэрства эканомікі. У 2019 годзе незалежнае выданне UDF.by нават уключыла прывабную эканамістку ў Топ-13 самых прыгожых беларускіх чыноўніц.

Фота з адкрытых крыніц.