Юныя журналісты на форуме ў Магілёве ўручылі Ісачанку і Жуку іх фотапартрэты

На медыяфоруме юных журналістаў і блогераў «Голас пакалення: новы кантэнт» у Магілёве гаварылі пра праўду і шчырасць.

На форуме юных журналістаў у Магілёве ў цэнтры ўвагі былі

старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка і міністр інфармацыі Дзмітрый Жук.

З трыбуны яны гаварылі правільныя рэчы. Ісачанка заклікаў паказваць жыццё такім, якое яно ёсць і быць шчырымі.

Жук пераконваў дзяцей, што журналістыка – класная прафесія, і прызнаўся, што нават крыху ім зайздросціць: сам прыйшоў у яе толькі ў дваццаць пяць гадоў.

Форум завяршыўся ўручэннем падарункаў.

Юныя журналісты, якіх вучылі шчырасці, паднеслі гасцям загадзя падрыхтаваныя фотапартрэты. Ісачанка атрымаў партрэт Ісачанкі. Жук – партрэт Жука.

Фота ведамаснага сайта Магілёўскага аблвыканкама.

Дрыбінскі раён павялічаць на 10 тысяч гектараў

Дрыбінскаму раёну перададуць частку тэрыторыі Магілёўскага, Шклоўскага і Горацкага раёнаў.

Пра змену адміністрацыйных межаў унутры вобласці журналістам распавёў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Паводле яго, разам з тэрыторыямі Дрыбіну будуць перадавацца і прадпрыемствы, што на іх знаходзяцца. 

У выніку ўзбуйнення Дрыбінскі раён атрымае да існуючых трох яшчэ тры сельгасгаспадаркі, і, паводле Ісачанкі, стане сярэднім па памерах і вытворчым патэнцыяле раёнам Магілёўшчыны.

Зараз плошча Дрыбінскага раёна 76,6 тыс.га. Ён з’яўляецца самым малым па тэрыторыі раёнам Беларусі. На 1 студзеня 2025 года ў ім пражывала 9 190 чалавек.

Гісторыя Дрыбінскага раёна – гэта гісторыя ўзнікненняў і скасаванняў. Першапачаткова Дрыбінскі раён быў утвораны як адміністрацыйная адзінка 17 ліпеня 1924 года ў складзе Аршанскай акругі Беларускай ССР. 8 ліпеня 1931 года яго скасавалі. 12 лютага 1935 года раён утвораны зноў. 20 лютага 1938 года ўключаны у склад Магілёўскай вобласці. А 16 верасня 1959 года яго зноў скасаваны. 

29 снежня 1989 года Дрыбінскі раён зноў узнік на карце Магілёўскай вобласці ў сувязі з масавым перасяленнем жыхароў Краснапольскага раёна, тэрыторыя якога была забруджана радыёнуклідамі пасля Чарнобыльскай катастрофы. 

Фотаздымак: Вікіпедыя

Выкрыты фейк аб Магілёўскім аблвыканкаме – сцвярджае праўладны тэлеграм-канал

“Народны антыфейк” сцвярджае, што дыпфейк аб накіраванні жыхароў Магілёўшчыны на расійска-ўкраінскую вайну з’явіўся ў інтэрнэце. Праўда, знайсці яго аказалася немагчыма.

“Па СМІ рассылаюць дыпфейк з удзелам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. У роліку яму прыпісваюць нейкае “гістарычнае рашэнне” – мабілізацыю 5 тысяч мужчын для адпраўкі на СВО” – піша тэлеграм-канал “Народны антыфейк” у сваім паведамленні, датаваным 27 снежня 2025 года.

Пры гэтым не прыводзіцца ніякі доказ таго, што такі дыпфэйк сапраўды раскідваецца кімсьці па СМІ, бо ніякое больш-менш заўважнае СМІ ў сябе нічога падобнага не размясціла. З чаго ствараецца ўражанне, што дыпфейк, які нібыта выкрыў “Народны антыфейк”, з’яўляецца насамрэч яго ж уласным вырабам альбо вырабам нейкіх прыўладных структур.

Скрыншот: ТГ “Народны антыфейк”

Чамадан, вакзал… – на што намякаюць у Магілёўскім аблвыканкаме?

Чыгуначны вакзал Магілёва – гэта, аказваецца, самае пазнавальнае месца, якое можа прэзентаваць горад, мяркуючы па пазіцыянаванні ў аблвыканкаме.

Пару дзён таму старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка прымаў двух каталіцкіх святароў – Мітрапаліта Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Іосіфа Станеўскага і генеральнага вікарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага.

Усё нібыта добра і прыгожа. Прынамсі, тэлеграм-канал Ісачанкі, акрамя фотаздымкаў з гэтай сустрэчы, нейкіх падрабязнасцяў не месціць. Будзем спадзявацца, што яна прайшла, як раней казалі, “у цёплай, дзелавой і добразычлівай атмасферы”, бо знайсці якую-кольвечы інфармацыю аб выніках гэтай сустрэчы аказалася немагчыма. Яе няма ні ў тэлеграм-канале Ісачанкі, ні на сайце Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ні ў рэсурсах Магілёўскіх ведамасцей”.

Таму ўвагу прыцягвае пано з картай Магілёўшчыны, на фоне якога спаткаліся свецкія і рэлігійныя ўлады. Калі паглядзець на Магілёў, то яго сімвалізуе чыгуначны вакзал. Ні Ратуша, ні гарадскі тэатр, ні Станіславаўскі касцёл, а месца, дзе людзі звычайна знаходзяцца вельмі нядоўга. 

Як заўважае тэлеграм-канал “Спадчына”, “горад быццам сам нямакае, што найлепшае, што можна зрабіць – сесці на цягнік і з’ехаць адтуль назаўжды”.

Фотаздымак: тэлеграм-канал А.Ісачанкі

Горацкі прадпрымальнік хоча развіваць ягадаводства, але чыноўнікі не даюць яму зямлі

Дырэктар ТАА “Палісад” з Горак Пётр Пугачоў папрасіў у абласных уладаў 100 гектараў зямлі, але пакуль яму распавялі толькі аб магчымай падтрымцы.

Са сваёй просьбай прадпрымальнік прыйшоў на нядаўні асабісты прыём да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Пугачоў вельмі прасіў даць яму 100 га з зямель РУП “Вучгас БДСГА”, якія прымыкаюць да ўжо арандаванага зямельнага участку 72 га з мэтай закладкі прамысловай плантацыі ягадных і пладовых культур. Пра гэта паведамляе сайт аблвыканкама. 

Пугачоў запэўніваў, што бізнэс у яго ідзе добра, і трэба далей развівацца. Паводле яго слоў, у “Палісада” ёсць высокакваліфікаваны персанал і грошы для ўсіх неабходных работ. Замала, маўляў, толькі зямлі. А калі ён яе атрымае, то ягаднік не толькі прынясе яму дадатковы прыбытак, але яшчэ і павялічыць экспартны патэнцыял Горацкага раёна, а таксама свае практычныя навыкі на ім змогуць набываць студэнты сельгасакадэміі.

Ісачанка ж заявіў, што тую зямлю, на якую Пугачоў паклаў вока, яму не відаць – там ужо вырашана пабудаваць ферму. І прапанаваў прадпрымальніку пашукаць іншую тэрыторыю. Пры гэтым кіраўнік абласной вертыкалі сказаў, што ў ягаднага праекта ёсць усе шанцы нават атрымаць бюджэтнае фінансаванне. Пугачову заставалася толькі пагадзіцца.

“Мы хочам больш інтэнсіўна займацца ягадамі. Назіраючы абстаноўку, якая складваецца ў свеце, сёння мы бачым магчымасць вельмі эфектыўна займацца гэтым напрамкам. Таму што патэнцыйна ў цяперашні час рынак ягад пусты і гэтым трэба карыстацца. У Беларусі, у Магілёўскай вобласці і, у прыватнасці, у Горацкім раёне, спрыяльныя ўмовы для вырошчвання ягад” – заявіў Пётр Пугачоў журналістам па выніках паходу ў высокі кабінет.

Паводле інфармацыі на сайце” Палісада”, у цяперашні час яго асноўная спецыялізацыя – вытворчасць пасадачнага матэрыялу чорнай парэчкі.

Фотаздымак ТАА “Палісад”

Пенсіянер з Крычава папрасіў у старшыні аблвыканкама лядовы палац

Казка пра рыбака і рыбку па-крычаўску:  Анатоль Ісачанка выканаў ролю рыбкі.

Анатоль Ісачанка правёў прыём грамадзян ў Крычаве. Мясцовыя ідэолагі, якія рыхтавалі сустрэчу, занадта перастараліся, дэманструючы адсутнасць праблем – да “губернатара” звярнуўся толькі адзін жыхар раёна.

Пажылы крычаўлянін (на здымку) выказаў старшыні аблвыканкама падзяку за новую паліклініку, падкрэсліў яе важнасць для пенсіянераў і ўсіх жыхароў рэгіёна.

Таксама ён падзякаваў начальству за рамонт дарогі Магілёў – Чавусы. 

Анатоль Ісачанка на ўсялікі выпадак сціпла заўважыў, што за ўсё гэта дзякаваць патрэбна Лукашэнку, які здароўя свайго не шкадуе дзеля развіцця сацыяльнай інфраструктуры ў Беларусі, а ўжо за раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, гатовы і жыццё аддаць.

Пасля падзяк партыі і ўраду пенсіянер заявіў, што для поўнага шчасця яму ў прыватнасці, і Крычаву ў цэлым, тэрмінова неабходны лядовы палац. 

“Губернатар” згадзіўся з тым, што без палаца Крычаў не будзе выглядаць Крычавам, але, па-чалавечы кажучы, нагадаў аб неабходнасці жыць па сродках.

Камедыйны прыём, які нагадвае казку пра рыбака і рыбку, скончыўся абяцаннем таго, што пытанне будаўніцтва палацаў і зносу хацін у Крычаве вывучаць і адкажуць просьбіту ў пісьмовым выглядзе.

Ну, а стары, як водзіцца, пайшоў да сваёй старой…

Фота раённай газеты “Крычаўскае жыццё”.