Горкі чорная парэчка ягады

Горацкі прадпрымальнік хоча развіваць ягадаводства, але чыноўнікі не даюць яму зямлі

Дырэктар ТАА “Палісад” з Горак Пётр Пугачоў папрасіў у абласных уладаў 100 гектараў зямлі, але пакуль яму распавялі толькі аб магчымай падтрымцы.

Са сваёй просьбай прадпрымальнік прыйшоў на нядаўні асабісты прыём да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Пугачоў вельмі прасіў даць яму 100 га з зямель РУП “Вучгас БДСГА”, якія прымыкаюць да ўжо арандаванага зямельнага участку 72 га з мэтай закладкі прамысловай плантацыі ягадных і пладовых культур. Пра гэта паведамляе сайт аблвыканкама. 

Пугачоў запэўніваў, што бізнэс у яго ідзе добра, і трэба далей развівацца. Паводле яго слоў, у “Палісада” ёсць высокакваліфікаваны персанал і грошы для ўсіх неабходных работ. Замала, маўляў, толькі зямлі. А калі ён яе атрымае, то ягаднік не толькі прынясе яму дадатковы прыбытак, але яшчэ і павялічыць экспартны патэнцыял Горацкага раёна, а таксама свае практычныя навыкі на ім змогуць набываць студэнты сельгасакадэміі.

Ісачанка ж заявіў, што тую зямлю, на якую Пугачоў паклаў вока, яму не відаць – там ужо вырашана пабудаваць ферму. І прапанаваў прадпрымальніку пашукаць іншую тэрыторыю. Пры гэтым кіраўнік абласной вертыкалі сказаў, што ў ягаднага праекта ёсць усе шанцы нават атрымаць бюджэтнае фінансаванне. Пугачову заставалася толькі пагадзіцца.

“Мы хочам больш інтэнсіўна займацца ягадамі. Назіраючы абстаноўку, якая складваецца ў свеце, сёння мы бачым магчымасць вельмі эфектыўна займацца гэтым напрамкам. Таму што патэнцыйна ў цяперашні час рынак ягад пусты і гэтым трэба карыстацца. У Беларусі, у Магілёўскай вобласці і, у прыватнасці, у Горацкім раёне, спрыяльныя ўмовы для вырошчвання ягад” – заявіў Пётр Пугачоў журналістам па выніках паходу ў высокі кабінет.

Паводле інфармацыі на сайце” Палісада”, у цяперашні час яго асноўная спецыялізацыя – вытворчасць пасадачнага матэрыялу чорнай парэчкі.

Фотаздымак ТАА “Палісад”

← Усе навіны Магілёва