Дрыбінскі раён павялічаць на 10 тысяч гектараў

Дрыбінскаму раёну перададуць частку тэрыторыі Магілёўскага, Шклоўскага і Горацкага раёнаў.

Пра змену адміністрацыйных межаў унутры вобласці журналістам распавёў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Паводле яго, разам з тэрыторыямі Дрыбіну будуць перадавацца і прадпрыемствы, што на іх знаходзяцца. 

У выніку ўзбуйнення Дрыбінскі раён атрымае да існуючых трох яшчэ тры сельгасгаспадаркі, і, паводле Ісачанкі, стане сярэднім па памерах і вытворчым патэнцыяле раёнам Магілёўшчыны.

Зараз плошча Дрыбінскага раёна 76,6 тыс.га. Ён з’яўляецца самым малым па тэрыторыі раёнам Беларусі. На 1 студзеня 2025 года ў ім пражывала 9 190 чалавек.

Гісторыя Дрыбінскага раёна – гэта гісторыя ўзнікненняў і скасаванняў. Першапачаткова Дрыбінскі раён быў утвораны як адміністрацыйная адзінка 17 ліпеня 1924 года ў складзе Аршанскай акругі Беларускай ССР. 8 ліпеня 1931 года яго скасавалі. 12 лютага 1935 года раён утвораны зноў. 20 лютага 1938 года ўключаны у склад Магілёўскай вобласці. А 16 верасня 1959 года яго зноў скасаваны. 

29 снежня 1989 года Дрыбінскі раён зноў узнік на карце Магілёўскай вобласці ў сувязі з масавым перасяленнем жыхароў Краснапольскага раёна, тэрыторыя якога была забруджана радыёнуклідамі пасля Чарнобыльскай катастрофы. 

Фотаздымак: Вікіпедыя

На Дрыбіншчыне прадаюць сенажную траншэю

У Магілёўскай вобласці выстаўлена на аўкцыён сенажная траншэя – пакупнікі могуць убачыць тавар паблізу вёскі Слабодка Дрыбінскага раёна.

На Дрыбіншчыне прадаюць аб’ект нерухомасці, які цяжка пераблытаць з чымсьці іншым: гэта сенажная траншэя плошчай 1052 квадратныя метры каля вёскі Слабодка. Траншэя спісана за даўгі ў ААТ «Трылесіна-Агра» – відаць, прадпрыемства ўжо не мае патрэбы ў сенажы.

Пачатковая цана – 19 900 рублёў, задатак – 1 990 рублёў.

У апісанні асобна ўдакладняецца дэталь, якая дадае аб’екту шарму: капітальнае збудаванне не зарэгістравана ў рэестры нерухомасці. Гэта значыць, юрыдычна траншэя амаль філасофская катэгорыя –  яна нібыта ёсць, а нібы і няма.

Таргі пройдуць 24 сакавіка. Удзельнікам рэкамендуюць загадзя агледзець аб’ект – у траншэі могуць быць свае пікантныя асаблівасці.

Пры ўсім гэтым дрыбінская раённая газета паведамляе пра ААТ «Трылесіна-Агра», што “вынік працы, які дэманструюць жывёлаводы – стабільны. Малако рэалізуюць гатункам «Экстра». Калектыў ставіць перад сабой задачу прырасці і па валу, не апускаць планку па якасці малака, вырабляючы прадукцыю толькі высокай якасці”.

Тут ужо сапраўды сенажная траншэя становіцца лішнім баластам.

Фота БелЮрЗабеспячэнне.

Фігурантку справы аб зрыве сцяга ў Дрыбіне прызналі асобай са “зменшанай наяўнасцю свядомасці”

Пракуратура распавяла некаторыя падрабязнасці справы аб сарванні ЧЗ-сцяга і замазванні дарожных знакаў.

Паводле пракуратуры, гэтыя злачынствы 17-гадовы юнак здзяйсняў дзеля 20-гадовай дзяўчыны. Падзеі адбываліся ў нейкім сельскім населеным пункце Дрыбінскага раёна. Падбухтораны ёю, хлопец сарваў сцяг з фасаду аддзялення банку, адначасова пашкодзіўшы кранштэйн, дрэўка і ўласна тканіну. Дзяўчына пры гэтым знаходзілася побач. Далей яна падбухторыла яго зафарбаваць чорнай фарбай два дарожныя знакі “Пешаходны пераход”.

Падчас разбіральніцтва хлопец цалкам прызнаў сваю віну і кампенсаваў ўрон. Яго сяброўка ж сваю віну ніяк не прызнала, і сцвярджала, што яе прыяцель дзейнічаў самастойна.

Паводле пракуратуры, дзяўчына была раней судзімая. “Паколькі яна здзейсніла злачынствы ў стане паменшанай наяўнасці свядомасці, суд ужыў да яе прымусовыя меры бяспекі і лячэння”, – гаворыцца ў пракурорскім паведамленні.

Нагадаем, што суд Дрыбінскага раёна прысудзіў хлопцу па абвінавачванні ў хуліганстве і “здзеку з дзяржсцягу” адзін год калоніі з адтэрміноўкай на адзін год. А дзяўчыне – тры гады і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” за падбухторванне да такіх дзеянняў заведама непаўналетняга. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак ілюстрацыйны

На Дрыбіншчыне студатрад ледзьве не застаўся без заробку

Толькі з дапамогай пракуратуры 15 студатрадаўцам удалося атрымаць заробак пасля працы на адну сельгасарганізацыю ў Дрыбінскім раёне.

Як распавядаецца на сайце Генеральнай пракуратуры, сельгасарганізацыя заключыла з 15 непаўналетнімі студэнтамі працоўныя дамовы. Аднак пры заканчэнні іх сельгаспрац і натуральным звальненні выплочваць заробак адмовілася. У выніку студэнты аказаліся без 4,2 тыс. рублёў заробленых грошай.

На сайце не распавядаецца, якім чынам звесткі аб нявыплаце дайшлі да пракуратуры. Верагодна, да яе звярнуліся бацькі пакрыўджаных сельгасарганізацыяй студэнтаў. Так ці інакш, але тая выявіла парушэнні патрабаванняў працоўнага заканадаўства і працоўных працоў непаўналетніх.

Пракуратура вынесла прадпісанне кіраўніку сельгасарганізацыі і студэнтам выплацілі заробкі.

Дарэчы, паводле даных нагляднага ведамства, у Дрыбінскім раёне за летні перыяд было восем студэнцкіх атрадаў, у якіх працавалі 96 чалавек, з іх 88 непаўналетніх.

Фотаздымак: Генпракуратура

Дрыбінскі ўвайшоў у пяцёрку самых бедных раёнаў Беларусі

У пяцёрку самых багатых раёнаў краіны ніводны раён Магілёўскай вобласці не трапіў.

Старшыня Белстата Іна Мядзведзева дала інтэрв’ю агенцтву БелТА, у якім распавяла пра самыя бедныя і самыя багатыя рэгіёны Беларусі. На першым месцы з самай высокай сярэдняй зарплатай чакана аказаўся Астравецкі раён. Яго даганяюць Мінскі, Салігорскі, Дзяржынскі і Рэчыцкі. “Сярэдні заробак у гэтых раёнах вар’іруецца ад 2,9 тыс. да 3,4 тыс. рублёў” – паведаміла чыноўніца.

Пяцёрка раёнаў з самай нізкай сярэдняй зарплатай выглядае так:

  • Шаркаўшчынскі
  • Расонскі
  • Міорскі
  • Брагінскі
  • Дрыбінскі

Тут сярэдняя зарплата не перавышае 2 000 рублёў у месяц.

Чытаць яшчэ: Дрыбін адзначае юбілей – знаемімся з горадам