Фігурантку справы аб зрыве сцяга ў Дрыбіне прызналі асобай са “зменшанай наяўнасцю свядомасці”

Пракуратура распавяла некаторыя падрабязнасці справы аб сарванні ЧЗ-сцяга і замазванні дарожных знакаў.

Паводле пракуратуры, гэтыя злачынствы 17-гадовы юнак здзяйсняў дзеля 20-гадовай дзяўчыны. Падзеі адбываліся ў нейкім сельскім населеным пункце Дрыбінскага раёна. Падбухтораны ёю, хлопец сарваў сцяг з фасаду аддзялення банку, адначасова пашкодзіўшы кранштэйн, дрэўка і ўласна тканіну. Дзяўчына пры гэтым знаходзілася побач. Далей яна падбухторыла яго зафарбаваць чорнай фарбай два дарожныя знакі “Пешаходны пераход”.

Падчас разбіральніцтва хлопец цалкам прызнаў сваю віну і кампенсаваў ўрон. Яго сяброўка ж сваю віну ніяк не прызнала, і сцвярджала, што яе прыяцель дзейнічаў самастойна.

Паводле пракуратуры, дзяўчына была раней судзімая. “Паколькі яна здзейсніла злачынствы ў стане паменшанай наяўнасці свядомасці, суд ужыў да яе прымусовыя меры бяспекі і лячэння”, – гаворыцца ў пракурорскім паведамленні.

Нагадаем, што суд Дрыбінскага раёна прысудзіў хлопцу па абвінавачванні ў хуліганстве і “здзеку з дзяржсцягу” адзін год калоніі з адтэрміноўкай на адзін год. А дзяўчыне – тры гады і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” за падбухторванне да такіх дзеянняў заведама непаўналетняга. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак ілюстрацыйны

У Магілёве пашылі 500-метровы ЧЗ-сцяг для акцыі ў Мінску

Касплэй па-беларуску – у процівагу бел-чырвона-беламу палотнішчу, з якім выходзяць беларусы Варшывы, прапагандысты прыдумалі яшчэ большы чырвона-зялёны сцяг. Цікава, ці будуць яны называць яго “глістом”?

Агромністае бел-чырвона-белае палотнішча стала прыкметнай з’явай беларускіх святочных мерапрыемстваў у Варшаве. У гэтым годзе яго ўжо двойчы выносілі на вуліцы польскай сталіцы прадстаўнікі беларускай дыяспары – на акцыі “Не мой выбар!” у дзень імітацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня і на “Дні Волі”. Крэатыўныя беларускія акцыі ў Варшаве прыводзілі ў шаленства беларускіх прапагандыстаў, якія называлі 330-метровае бел-чырвона-белае палотнішча “глістом”.

А цяпер яны самі пашылі такога ж самага, толькі 500-метровага чырвона-зялёнага “гліста”. “Дзяржаўны флаг даўжынёй 500 м і вагой больш за 400 кг пранясуць 11 мая ў Мінску” – паведаміў намеснік старшыні РГА “Белая Русь” Андрэй Басак. Сцяг быў пашыты на магілёўскім прадпрыемстве “Магатэкс”, а несці на мерапрыемстве ў Мінску яго будуць 700 чалавек.

Фота: mogilev.media