Фігурантку справы аб зрыве сцяга ў Дрыбіне прызналі асобай са “зменшанай наяўнасцю свядомасці”

Пракуратура распавяла некаторыя падрабязнасці справы аб сарванні ЧЗ-сцяга і замазванні дарожных знакаў.

Паводле пракуратуры, гэтыя злачынствы 17-гадовы юнак здзяйсняў дзеля 20-гадовай дзяўчыны. Падзеі адбываліся ў нейкім сельскім населеным пункце Дрыбінскага раёна. Падбухтораны ёю, хлопец сарваў сцяг з фасаду аддзялення банку, адначасова пашкодзіўшы кранштэйн, дрэўка і ўласна тканіну. Дзяўчына пры гэтым знаходзілася побач. Далей яна падбухторыла яго зафарбаваць чорнай фарбай два дарожныя знакі “Пешаходны пераход”.

Падчас разбіральніцтва хлопец цалкам прызнаў сваю віну і кампенсаваў ўрон. Яго сяброўка ж сваю віну ніяк не прызнала, і сцвярджала, што яе прыяцель дзейнічаў самастойна.

Паводле пракуратуры, дзяўчына была раней судзімая. “Паколькі яна здзейсніла злачынствы ў стане паменшанай наяўнасці свядомасці, суд ужыў да яе прымусовыя меры бяспекі і лячэння”, – гаворыцца ў пракурорскім паведамленні.

Нагадаем, што суд Дрыбінскага раёна прысудзіў хлопцу па абвінавачванні ў хуліганстве і “здзеку з дзяржсцягу” адзін год калоніі з адтэрміноўкай на адзін год. А дзяўчыне – тры гады і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” за падбухторванне да такіх дзеянняў заведама непаўналетняга. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак ілюстрацыйны

Праца, забавы, алкаголь – жыццё ў Касцюковічах б’е ключом

У прычынах сямейных праблем спрабавалі разабрацца на пасяджэнні КДН у Касцюковічах.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, якое прайшло ў Касцюковіцкім райвыканкаме, разгледзелі справы 13 сем’яў. Чатыры з іх знялі з уліку за «правільныя паводзіны і выкананне ўсіх прадугледжаных мерапрыемстваў».

З астатнімі ёсць праблемы – дзецям не хапае кантролю з боку бацькоў. У тых іншыя клопаты – «праца, забавы, алкаголь».

Адзін з падуўліковых скраў у краме дзве шакаладкі і энергетык. Іншы вучыцца ў касцюковіцкім каледжы і паводзіць сябе добра. Аднак дома, у Гомельскай вобласці, распівае алкаголь у грамадскіх месцах.

У трэцім выпадку ў сям’і буяніць бацька, які, прыязджаючы з заробкаў з Расіі, ламае мэблю і выбівае вокны. Камісія хутка знайшла выйсце – мужчыну накіруюць у ЛПП.

Яшчэ ў адной сям’і бацькі чамусьці не водзяць дзіця ў дзіцячы сад. За гэта ім зрабілі заўвагу.

Чытаючы пра ўсю гэтую мітусню, проста дзіву даешся. Улады так пільна сочаць за жыццём беларусаў, што хутка ім пачнуць указваць, як правільна карыстацца ўнітазам. Крок управа, крок улева – або на ўлік у КДН, або проста ў ЛПП.

Вось толькі пры такім татальным кантролі піць у Касцюковічах менш не сталі і колькасць цэлых вокнаў у дамах не павялічылася.

Можа, Лукашэнка меў рацыю, і для дынамічнага развіцця раёна трэба было ўсяго толькі змяніць старшыню райвыканкама?

Фота раённай газеты.

Магілёўскі адвакат: закон не забараняе дзецям купляць цукеркі з алкаголем унутры

Прадаўцы не могуць адмовіць непаўналетнім у пакупцы цукерак з алкагольным начыннем, сцвярджае адвакат Магілёўскай абласной калегіі адвакатаў Уладзімір Гарбачоў.

Раней у Інтэрнэце з’явілася інфармацыя, нібыта падлеткі ў Расіі купляюць беларускія шакаладныя цукеркі ў форме маленькіх бутэлек з лікёрам ці каньяком унутры. Хтосьці ўбачыў у гэтым парушэнне заканадаўства ў выглядзе продажу алкагольнай прадукцыі непаўнагадовым.

Насамрэч, гэта не так. Як патлумачыў магілёўскі адвакат, у беларускім заканадаўстве няма норм, якія абмяжоўваюць продаж цукерак з алкагольным начыннем, таму забараніць прадаваць непаўналетнім такія цукеркі не атрымаецца.

Забарона на продаж алкаголю непаўналетнім прымяняецца толькі да сапраўднай алкагольнай прадукцыі, а не да кандытарскіх вырабаў.

“Шакалад горкі з начыннем “Шакаладныя бутэлечкі з каньяком” і “Шакаладныя бутэлечкі з лікёрам” выпускаецца па рэцэптурах, узгодненым Міністэрствам аховы здароўя РБ. Дадзеная прадукцыя адносіцца да групы “кандытарскія вырабы” і не адносіцца да алкагольнай прадукцыі, у дачыненні да якой ўсталёўваюцца ўзроставыя абмежаванні” – заявілі ў сваю чаргу на кандытарскай фабрыцы “Камунарка”. Там таксама адзначылі, што пытанне ўжывання дзецьмі кандытарскіх вырабаў з алкагольным начынннем адносіцца да зоны адказнасці бацькоў.

Фотаздымак: ТГ “Камунарка”

Бабруйскія падлеткі-неанацысты зарэзалі наркамана, трэніруючы нажавы бой пад мастом

Сталі вядомыя шакуючыя падрабязнасці жорсткага забойства, што адбылося ў Бабруйску ў сакавіку гэтага года. Як паведамляе “Следчы камітэт”, двое бабруйскіх шаснаццацігадовых падлеткаў вечарам 31 сакавіка трэніравалі нажавы бой пад адным з мастоў праз Бярэзіну. Недалёка ад месца трэніроўкі яны заўважылі незнаёмага мужчыну, паводзіны якога выдавалі ў ім чалавека пад таксічным ап’яненнем. 

Падлеткі вырашылі “разабрацца” з незнаёмцам і перанеслі на яго сваю трэніроўку, якая стала смяротнай. 51-гадоваму жыхару бабруйска былі нанесеныя шматлікія нажавыя раненні, ад якіх мужчына памёр на месцы. Яго залітае крывёй цела толькі праз два дні знайшлі мясцовыя школьнікі. 

Падлеткаў-забойцаў, якія аказаліся навучэнцымі бабруйскіх каледжаў, знайшлі па камерах відэаназірання. Ведамства падкрэслівае, што прынамсі адзін з іх, ініцыятар трэніровак на нажах, цікавіўся нацысцкай ідэалогіяй. 

Абодвух 16-гадовых бабруйчан асудзілі да выхаваўчай калоніі, на тэрмін 9 і 10 гадоў.

Фота: “Следчы камітэт”

Рулетка без выйгрышу: як магілёўцы сталі статыстамі ў чужым шоу

У Беларусі рыхтуюць новыя абмежаванні для гульнявога бізнесу — з прапановай Лукашэнкі аб мараторыі на гульню ў пазыку і правам сям’і блакаваць доступ для лудамана. Але пакуль дзяржаўныя мужы разважаюць пра «этычнасць», у маім родным Магілёве расце пакаленне дзяцей, якія вучацца падлічваць шанцы не на матэматыцы, а на слотах.

Мае суседзі — звычайная сям’я: бацька працуе на будоўлі, маці — санітаркай, трое дзяцей. Яны ніколі не сядзелі ў «Гранд Казіно» і не гулялі ў покер па выходных. Аднак іх старэйшы сын, падлетак з гарачымі вачыма і моднымі красоўкамі, апошні год уцякае з заняткаў, каб круціць слоты на тэлефоне. Гуляе на грошы з-пад бацькоўскага матраца.

У чым тут праблема? У тым, што хтосьці страціў меру? Ці ў тым, што «меру» ўжо даўно страцілі тыя, хто вырашыў ператварыць нашу краіну ў казіно пад адкрытым небам?

На нядаўняй нарадзе Лукашэнка загаварыў пра неабходнасць жорсткага кантролю: маўляў, гульня — для заможных, не для дзяцей, і наогул — сям’я павінна мець магчымасць выцягнуць залежнага родзіча з лудаманскага кола. Усё гэта выглядае, як спроба навесці парадак. Але парадку не будзе, калі ты пачынаеш з канца, забыўшыся, як гэта ўсё пачалося.

Гульнявы бізнес у Беларусі — не вынік нашай эканамічнай палітыкі, а следства расійскай забароны. Як толькі ў Расіі закрылі казіно, у нас з’явіліся «вітрыны», што гатовыя сустрэць кожнага госця — галоўнае, каб ён прыехаў з поўным кашальком. Беларусы ж — толькі фон, статысты і ахвяры, калі што. Бо асноўныя грошы круцяцца вакол замежнікаў, якія шукаюць аддушыну ў нашай юрысдыкцыі.

У Магілёве ўсё пачалося з некалькіх залаў. Цяпер — можна сустрэць казіно на кожным кроку. Мы называем гэта «бізнесам», хоць ведаем: ствараецца не дабаўленая вартасць, а дабаўленыя праблемы — сямейныя, псіхалагічныя, маральныя.

Я не супраць свабоды выбару — дарослы чалавек мае права распараджацца сваімі грашыма. Але калі казіно пачынаюць цынічна паляваць на залежных, на падлеткаў, на тых, хто ўжо «на дне» — гэта ўжо не бізнес, а эксплуатацыя чалавечай слабасці.

Мой сябар, які працуе псіхолагам у гарадской паліклініцы, кажа: запытаў на тэрапію ад лудаманіі стала болей. Але ўсё роўна гэта — адзінкі. Большасць маўчыць, сароміцца, гарыць унутры. Іх сем’і маўчаць. Суседзі — таксама.

Увядзенне мараторыя на гульню ў доўг — слушна. Але гэта як абмяркоўваць эстэтыку пажару, пакуль гарыць дом. Сам факт, што ў Беларусі дагэтуль не існуе якаснай сістэмы дзяржаўнай псіхалагічнай падтрымкі для залежных ад азартных гульняў — ганьба для «сацыяльна арыентаванай дзяржавы».

Таксама застаецца адкрытым пытанне, чаму беларускія банкі дагэтуль праводзяць транзакцыі для замежных платформ. Праз гэтыя «дзіркі» кожны школьнік можа за 10 хвілін «падключыцца» да гульні, якая скончыцца дрэнна. А кантроль, пра які гаворыць Лукашэнка — гэта ўжо пасля трагедыі, як заўсёды.

Вось што думаецца. Калі вы прынялі гэты бізнес у дом, калі дазволілі яму пусціць карані на нашай зямлі, то будзьце гатовыя адказваць. А не рабіць выгляд, што тут усё «этычна» і «пад кантролем». Бо пакуль дарослыя гуляюць у цені, дзеці — губляюць будучыню. 

Якуб Ясінскі

Фота: Tripadvisor